Пагарда
Альберта Маравія
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1989
ўважліва паглядзела на мяне, нібыта хацела сказаць: «Я тут... Але нічога нікому не гавары... Рабі так, нібы ты наперад ведаў, што сустрэнеш мяне тут».
Я паслухаў яе, маўклівую, і сам, не сказаўшы ні слова, ні жывы ні мёртвы машынальна апёрся на працягнутую мне руку служкі і апынуўся ў лодцы. Служка зайшоў у ваду па калена, уставіў вёслы ва ўключыны і адпіхнуў лодку. Я сеў за вёслы і, апусціўшы галаву, пачаў веславаць пад гарачым сонцам, трымаючы курс на мыс, які адгароджваў невялічкую бухту. Я веславаў моцна, рытмічна і маўчаў, не гледзячы на Эмілію, і мінут праз дзесяць дасягнуў мыса. Я адчуваў, што не змагу загаварыць з Эміліяй, пакуль не схаваецца з вачэй пляж з яго кабінамі і людзьмі, што купаліся і загаралі. Мне хацелася, каб мы былі зусім адны, толькі яна і я, як раней на віле, калі мне трэба было сказаць ёй што-небудзь важнае.
Я веславаў і веславаў, і мяне ахапіў раптам страшэнны сум, да якога дамешвалася нейкая новая, невядомая радасць. Я адчуў, што плачу. Цяпер я веславаў, адчуваючы, што слёзы шчыплюць мне вочы, кожная слязінка, якая цякла з вачэй, паліла мне твар. Параўнаўшыся з мысам, я пачаў веславаць яшчэ шпарчэй, каб справіцца з цячэннем — гэтым месцам вада бурліла і пенілася. Справа ад мяне тырчаў з вады вялікі камень, злева падымалася высокая стромая скала. Я накіраваў лодку паміж імі, налёг на вёслы ў тым месцы, дзе вельмі ўжо бурліла вада, і аб’ехаў мыс. Камень быў увесь белы ад солі, і кожны раз, калі на яго набягалі хвалі, на сонцы ззяла зялёная барада з водарасцей. За мысам, на другі бок стромай скалы, адкрываўся вялізны амфітэатр з белага камення. Паміж камення відаць былі маленькія, усыпаныя белай галысай, зусім пустыя пляжы. Мора таксама было пустэльнае — ні лодак, ні плыўцоў. Вада тут здавалася
масляністай, густа-сіняга колеру — як заўсёды, дзе вялікая глыбіня. Удалечыні былі відаць другія мысы, якія ўразаліся, нібы кулісы дзівоснага тэатра, у спакойнае, залітае сонцам мора.
Я пачаў веславаць цішэй і зірнуў на Эмілію. Пакуль мы не аб’ехалі мыс, яна ўвесь час маўчала, але тут усміхнулася мне і спытала:
— А чаму ты плачаш?
— Я плачу ад радасці, што бачу цябе.
— Ты рады мяне бачыць?
— Вельмі... А я быў упэўнены, што ты паехала... Але ты не паехала.
— Я вырашыла ехаць... Сёння раніцай я ўжо накіравалася з Бацістам на прыстань... Але ў апошні момант перадумала і засталася.
— А што ты рабіла дагэтуль?
— Пахадзіла па прыстані... Пасядзела ў кафэ... Пасля на фунікулёры паднялася ў Капры і пазваніла на вілу... Мне сказалі, што ты пайшоў... Тады я падумала, што ты, відаць, падаўся на пляж Пікола Марына, і пайшла туды... Распранулася і пачала чакаць... Убачыла цябе, калі ты прасіў, каб табе далі лодку... Я ляжала на сонцы, а ты прайшоў міма і мяне не заўважыў... Тады, пакуль ты распранаўся, я села ў лодку.
Нейкі час я маўчаў. Мы былі на паўдарозе паміж мысам, які аб’ехалі, і скалой, якая моцна ўдавалася ў мора. Я ведаў, што за ёю Зялёны грот, і мне раптам захацелася пакупацца. Пасля я ціха спытаў у Эміліі:
— А чаму ты не паехала з Бацістам? Чаму ты засталася?
— Таму што сёння, падумаўшы, я зразумела, што памылялася... I ўсё, што адбылося паміж намі, проста непаразуменне.
— А што змусіла цябе так падумаць?
— He ведаю... Можа, інтанацыя твайго голасу ўчора вечарам...
— I цяпер ты сапраўды верыш, што я не зрабіў нічога ганебнага, нічога, у чым ты мяне абвінавачвала?
— Нічога, я ў гэтым упэўнена.
Мне заставалася толькі задаць ёй яшчэ адно, апошняе, пытанне і, відаць, самае важнае.
— Але ж ты,— сказаў я,— ты ж не лічыш, што я нягоднік... па сваёй натуры... Скажы, ты так не лічыш, Эмілія?
— Я так ніколі не лічыла... Мне проста здалося, што ты павёў сябе не так, і я перастала цябе паважаць... Але цяпер ведаю: усё гэта бьіло толькі непаразуменнем. He будзем больш гаварыць пра гэта, добра?
Я нічога не адказаў, і яна маўчала. Я пачаў веславаць з большай сілай і, як мне здалося, з яшчэ большай радасцю, якая, нібы ранішняе сонца, узнімалася ўва мне і адагравала маю застылую і акалелую душу. Тым часам мы даплылі да Зялёнага грота, і я скіраваў лодку да яго ўвахода. Ён быў ужо відаць — узнімаўся цёмнай аркай над люстранай паверхняй халоднай зялёнай вады.
— I ты мяне кахаеш?
Эмілія завагалася, пасля адказала:
— Я заўсёды цябе кахала... I буду кахаць заўсёды.
Мяне здзівіў сум, з якім яна гэта сказала.
Занепакоены, я зноў спытаўся:
— Чаму ты гаворыш пра гэта з такім сумам?
— He ведаю... Можа, таму, што было б намнога лепш, калі б ніякае непаразуменне не разлучала нас і калі б мы заўсёды любілі адно аднаго, як і раней...
— Вядома,— адказаў я.— Але цяпер ужо ўсё гэта прайшло... Мы не павінны думаць пра тое... Цяпер мы будзем заўсёды кахаць адно аднаго.
Мне здалося, што яна кіўнула ў знак згоды. Але вачэй яна не падымала і была ўвесь час крыху сум-
ная. Я на імгненне адпусціў вёслы і, нахіліўшыся ўперад,сказаў:
— Зараз мы папльівём у Чырвоны грот... Гэта вельмі маленькі і глыбокі грот, ён знаходзіцца за Зялёным гротам. У глыбіні яго ёсць маленькі пляж... Там, у цемені, мы будзем кахаць адно аднаго... Эмілія, хочаш?
Яна падняла галаву і моўчкі кіўнула, глянуўшы на мяне сарамліва — яна ўсё разумела. Я зноў налёг на вёслы.
I вось мы ўжо ў гроце, пад камяністым скляпеннем, на якім густа пераліваюцца ізумрудныя водбліскі ад вады і сонца. Далей, углыбіні, там, дзе ад роўных удараў хваль гулка гудзіць скляпенне, вада зусім цёмная, і чорныя бліскучыя камяні вытыркаюцца з яе, як спіны марскіх жывёл. А вось і праход між дзвюх скал, які вядзе да Чырвонага грота.
Эмілія сядзела нерухома, гледзячы на мяне, і сачыла за маім рухам у падатлівай позе, як жанчына, якая толькі і чакае намёку, каб аддацца. Адпіхваючыся то адным, то другім вяслом ад скал, я правёў лодку пад сталактытавым скляпеннем, вывеў на адкрытую водную прастору і накіраваў да цёмнага ўвахода ў Чырвоны грот. Крыкнуў Эміліі: «Нагніся!» — узмахнуў вяслом, і лодка лёгка праслізнула ў грот.
Чырвоны грот складаецца з дзвюх частак: першая, нібы прыхожая, адгароджана ад другой вялікім уступам; за ім грот выгінаецца і цягнецца да пляжа, які размешчаны ў глыбіні яго. Гэтая другая частка грота ахутана амаль суцэльным моракам, і вочы павінны прывыкнуць да цемнаты, каб можна было ўгледзець маленькі пляж, падсвечапы дзіўпым чырванаватым святлом, які і даў назву ўсяму гроту.
— Гэта вельмі цёмны грот,— сказаў я Эміліі.— Але хутка нашы вочы прывыкнуць, і мы ўсё зможам убачыць.
Лодка ўсё яшчэ па інерцыі плыла пад нізкім цёмным скляпеннем. Я больш нічога не бачыў. Нарэшце нос лодкі са скрыпам урэзаўся ў гравій. Тады я кінуў вёслы і, прыўзняўшыся, выцягнуў руку туды, дзе была карма.
— Дай руку,— сказаў я,— я памагу табе ўстаць.
Эмілія не адказала. Я паўтарыў, нічога не разумеючы:
— Дай руку, Эмілія,— і зноў нахіліўся да яе з выцягнутай рукой. Яна і цяпер не адказала; я нахіліўся япічэ ніжэй і асцярожна, каб не лучыць ёй рукой у твар, пачаў вобмацкам шукаць яе на карме. Але на карме нікога не было. На тым месцы, дзе, як мне здавалася, павінна была сядзець Эмілія, пальцы мае намацалі толькі гладкую дошку ад сядзення. Я спачатку здзівіўся, тады мяне ахапіў жах.
— Эмілія! — закрычаў я.— Эмілія!
Толькі ціхае рэха пачулася мне ў адказ. Ва ўсякім выпадку, так мне здалося. Тым часам вочы мае прывыклі да цемнаты, і ў густым мораку я змог нарэшце разгледзець лодку, якая ўрэзалася ў бераг, пляж, усыпаны дробным цёмным гравіем, і бліскучае вільготнае скляпенне, якое выгнулася над маёй галавой. Я ўбачыў, што лодка пустая, што на карме нікога няма, пляж таксама пусты, і вакол мяне — ні душы; я быў зусім адзін.
Гледзячы на карму, я разгублена прашаптаў: «Эмілія...» Пасля паўтарыў чуць мацней: «Эмілія, дзе ты?» I ў тую хвіліну зразумеў усё. Я выйшаў з лодкі і кінуўся на зямлю, уткнуўшыся тварам у хрусткі гравій. Мусіць, я страціў прытомнасць і доўга пралежаў, не рухаючыся і нічога не адчуваючы.
Пасля я ўстаў, машынальна сеў у лодку і вывеў яе з грота. Мяне асляпіла зыркае сонечнае святло, якое адбівалася ад паверхні мора. Я глянуў на свой гадзіннік: дзве гадзіны дня. У гроце я прабыў крыху больш
за гадзіну. Мне ўспомнілася, піто поўдзень — час зданяў; і я зразумеў, што Эмілія, з якой я гаварыў, была ўсяго толькі зданню.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Назад я плыў вельмі доўга. Я часта пераставаў веславаць, сядзеў нерухома, падняўшы вёслы і ўтаропіўшыся абыякавым позіркам у зыркую паверхню лазурнага мора. Было ясна — я стаў ахвярай галюцынацыі гэтаксама, як два дні назад, калі ўбачыў распранутую Эмілію,— тады мне таксама здалося, што я нагнуўся і пацалаваў яе, на самай жа справе я да яе нават не падышоў. Гэты раз галюцынацыя была мацнейшай і болып выразнай; тым не менш, гэта была ўсяго толькі галюцынацыя: аб гэтым сведчыла хоць бы мая ўяўная размова са зданню Эміліі. Я змусіў Эмілію сказаць усё, што мне хацелася ад яе пачуць, і паводзіла яна сябе менавіта так, як мне хацелася б. Тут усё ішло ад аднаго мяне. Я не толькі ўявіў сабе ўсё так, як мне хацелася, каб гэта адбылося, але дзякуючы сіле пачуцця, якое мяне захліснула, уявіў, што на самай справе так і адбылося. Дзіўна, але мяне нават не здзівіла мая галюцынацыя, надзвычай рэдкая, бадай, нават своеасаблівая. Нібыта яшчэ пад яе ўладай, я ўзнаўляў у сваёй памяці асобныя дэталі і амаль з асалодай спыняўся на тых, якія цешылі мяне больш за іншыя. Якая прыгожая была Эмілія, што сядзела на карме маёй лодкі... Гэта Эмілія не пагарджала мною, а кахала мяне... Як яна пяшчотна са мной размаўляла; якая гарачая ўзрушанасць авалодала мной, калі я сказаў, што жадаю яе, а яна адказала мне, што згодна, злёгку кіўнуўшы галавой. Як чалавек, які, убачыўшы салодкі і вельмі яркі сон, прачынаецца і доўга смакуе выкліканыя ім вобразы і адчуванні, я быў
яшчэ ўвесь пад уладай галюцынацыі; мне было ўсё роўна, што гэта галюцынацыя, бо я зведаў такія пачуцці, з якімі звычайна ўспамінаеш рэальную з’яву.
Я з асалодай успамінаў асобныя падрабязнасці нрывіду, як раптам мне прыйшло ў галаву яшчэ раз параўнаць той час, калі я адплыў на лодцы ад Пікола Марына, і час, калі я выплыў з Чырвонага грота. I зноў я аж здзівіўся: так доўга мне давялося прабыць на падземным пляжы. Калі лічыць, што я плыў ад Пікола Марына да грота сорак пяць мінут, то я прабыў там больш за гадзіну. Як я ўжо сказаў, я звязваю гэта са своеасаблівым станам, вельмі блізкім да страты прытомнасці. Але цяпер, падумаўшы над сваёй галюцынацыяй, якая была вельмі не простай і ў той жа час адпавядала ўсім маім патаемным жаданням, я спытаў у сябе: а можа, мне прыснілася ўсё гэта? Інакш кажучы, можа, я сеў у лодку ў купальні толькі адзін, адзін заплыў у грот, улёгся там на пляжы і заснуў. Там я і сасніў, што ад’ехаў ад купальні з Эміліяй, паразмаўляў з ёй, папрасіў яе быць маёй і паплыў у грот. А потым мне памроілася, што я падаў ёй руку, каб памагчы ўстаць, і, нідзе не знайшоўшы Эміліі, спалохаўся, падумаў, што прагульваўся па моры са зданню — упаў на бераг і страціў прытомнасць.
Такое меркаванне здалося мн