Пагарда
Альберта Маравія
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 237с.
Мінск 1989
нападала. I хоць я разумеў, што яна робіць гэта, каб схаваць іншыя думкі, якія вунь як непакоілі мяне, я ўсё ж адчуў у яе голасе шчырыя ноткі, хоць гэтая шчырасць, прызнацца, была абразлівай і зневажала. Я хацеў быць спакойным, але, пачуўшы, якім тонам яна размаўляе са мной, мімаволі абурыўся:
— Але ж гэта праўда. Такая работа мне зусім не па душы, і яе я ніколі не любіў... I наогул, адкуль ты ўзяла, што я буду гэтым займацца вечна?
— Будзеш, будзеш, можаш не сумнявацца.— Ніколі раней яна не гаварыла з такой злосцю.
Я сцяў зубы, каб стрымацца.
— Хто ведае, можа, і не буду,— сказаў я спакойна.— Яшчэ сёння раніцай я хацеў пісаць сцэнарый... Але днём адбылося нешта такое, пасля чаго, відаць, я заўтра ж аб’яўлю Бацісту, што адмаўляюся працаваць над сцэнарыем.
Я сказаў гэта знарок, хочучы ёй адпомсціць. Яна гэтак доўга мяне мучыла, цяпер мне хацелася памучыць яе, намякнуўшы на тое, што я ўбачыў праз акно,— га-
варыць ёй пра ўсё адкрыта я не хацеў. Яна паглядзела на мяне ўважліва, пасля спакойна спытала:
— А што такое адбылося?
— Шмат чаго.
— А іменна?
Яна настойвала і, здавалася, шчыра хацела, каб я пачаў абвіняць і папракаць здрадай. Але я ўсё ж ухіліўся:
— Гэта датычыць толькі фільма... мяне і Бацісты... He варта пра гэта гаварыць.
— Чаму ж ты не хочаш мне сказаць, што ж здарылася?
— Таму, што табе гэта не цікава.
— He хочаш гаварыць, не трэба, толькі ў цябе ўсё роўна не хопіць духу адмовіцца ад сцэнарыя. Ты яго напішаш.
Я не зусім зразумеў, была ў гэтай фразе толькі адна пагарда ці, можа, трымцела яшчэ сякая-такая надзея. Я асцярожна спытаўся:
— Чаму ты так думаеш?
— Таму, што я цябе ведаю.— Крыху памаўчаўшы, яна дадала мякчэй: — Між іншым, са сцэнарыем у цябе заўсёды так... Колькі разоў ты мне гаварыў, што не будзеш пісаць то той, то гэты сцэнарый, а пасля ўсё ж пісаў... Варта табе пачаць работу, як усе твае сумненні адразу знікаюць.
— Так, але гэты раз прычына зусім не у сцэнарыі.
— А ў чым жа?
— Я сам — прычына.
— Што ты хочаш гэтым сказаць?
«Тое, што цябе цалаваў Баціста»,— хацелася адказаць ёй. Але я стрымаўся: мы ніколі не былі настолькі шчырымі, каб высвятляць нашы адносіны да канца, мы заўсёды абмяжоўваліся намёкамі. Перш чым выкласці ўсю праўду, мы павінны былі яшчэ шмат ча-
го сказаць адно аднаму. Я нахіліўся да яе і сур’ёзным тонам сказаў:
— Эмілія, ты ж ведаеш, у чым справа, я ўсё сказаў за сталом. Проста мне надакучыла рабіць на другіх, мне хочацца нарэшце папрацаваць на сябе.
— А хто табе не дае?
— Ты,— сказаў я з пафасам, але, убачыўшы, што яна падняла руку, каб стрымаць мяне, адразу ж дадаў: — Вядома, не ты сама, а тая роля, якую ты іграеш у маім жыцці... He сакрэт, якімі сталі нашы адносіны... лепш пра іх і не гаварыць... Але ўсё ж ты мая жонка, і я — каторы ўжо раз паўтараю — згадзіўся на такую работу толькі дзеля цябе... Калі б цябе не было, я не стаў бы гэтым займацца... Карацей кажучы, ты добра ведаеш, што ў нас многа доўгу, мы павінны выплаціць процьму грошай за кватэру, ды і машына наша яшчэ поўнасцю не аплачана... Таму я і nimv сцэнарыі... Але цяпер я хачу зрабіць табе адну прапанову...
— А іменна?
Мне здавалася, што я вельмі спакойны, разважаю зусім цвяроза, нават разумна. У той жа час нейкае няўлоўнае пачуццё падказвала мне, што мой спакой, мая разважлівасць, мая разумнасць — усё гэта напускное і, яшчэ горш,— абсалютна недарэчнае. Бо я бачыў Эмілію ў абдымках Бацісты! Толькі адно гэта і было важна. Тым не менш я сказаў:
— Прапанова, якую я хачу табе зрабіць, заключаецца ў наступным: ты сама павінна рашыць, пісаць мне гэты сцэнарый ці не... Калі ты не раіш за яго брацца, то заўтра ж раніцай я паведамлю Бацісту, што адмаўляюся... і мы адразу ж пакінем Капры.
Яна ўсё яшчэ сядзела, апусціўшы галаву, здавалася, агорнутая роздумам.
— Хітры ты ўсё ж,— нарэшце сказала яна.
— Чаму?
— А таму, што калі ты потым пашкадуеш аб гэтым, то зможаш абвініць ва ўсім мяне.
— Мне і ў галаву не прыйдзе гаварыць табе штонебудзь падобнае... Тым больш што цяпер я сам прашу цябе прыняць рашэнне.
Я бачыў, што яна абдумвае, як адказаць. I я зразумеў, што яе адказ будзе, безумоўна, сведчыць пра яе пачуцці да мяне, якія б яны ні былі. Калі яна скажа, што я павінен пісаць сцэнарый, значыць, яна мной і сапраўды пагарджае, і пагарджае настолькі, што, нягледзячы на адносіны, якія склаліся між намі, лічыць магчымым, каб я працягваў работу; калі ж яе адказ будзе адмоўны, значыць, у яе засталася яшчэ да мяне хоць невялікая павага і яна, Эмілія, не хоча, каб я працаваў у падначаленні ў яе палюбоўніка. Зноў перада мной паўстала ўсё тое ж пытанне: на самай справе яна мной пагарджае? Калі так — то за што? Нарэшце яна сказала:
— Такія рэчы нельга рашаць за другіх.
— Але ж я цябе аб гэтым прашу.
— Запомні, ты сам настойваў,— раптам сказала яна нечакана ўрачыстым тонам.
— Добра, запомню.
— Дык вось, я лічу, што калі ты ўжо ўсклаў на сябе абавязак, не трэба ад яго адмаўляцца. Між іншым, ты ж мне сам не раз гаварыў... гэта можа раззлаваць Бацісту і ён ніколі болын не дасць табе работу... Думаю, ты павінен напісаць гэты сцэнарый.
Значыць, яна мне раіла не пакідаць работы над сцэнарыем; значыць, як я і меркаваў, яна мной страшэнна пагарджала. He верачы сваім вушам, я перапытаў:
— Ты на самай справе так лічыш?
— Безумоўна.
Я не ведаў, што сказаць. Пасля мяне схапіла злосць, і я толькі папярэдзіў:
— Цудоўна... але не гавары пасля, што дала мне такую параду, зразумеўшы, што я, маўляў, сам хачу пісаць такі сцэнарый... Як ты гаварыла тады, калі трэба было заключыць кантракт... Я заяўляю табе з усёй яснасцю, што не хачу пісаць сцэнарый.
— Ах, як ты мне абрыдаў! — сказала яна са злосцю, устала з пасцелі і падышла да шафы.— Я дала табе параду... А ты можаш рабіць, як захочаш...
У яе тоне была пагарда; значыць, мае меркаванні пацвердзіліся. I раптам я адчуў, як сэрца маё зноў працяў востры боль, як і тады ў Рыме, калі яна крыкнула мне ў вочы, што не любіць мяне. Я сказаў мімаволі:
— Эмілія, што ж гэта такое? Хіба мы ворагі?
Расчыніўшы шафу і гледзячы ў люстэрка на ўнутраным баку дзвярэй, яна абыякава сказала:
— Што зробіш, жыццё такое!
У мяне перахапіла дыханне, я аслупянеў і не мог сказаць ні слова. Ніколі яшчэ Эмілія не размаўляла са мной так, з такой абыякавасцю, з такой апатыяй, такімі збітымі словамі. Я разумеў, што магу яшчэ даць нашай размове зусім іншы накірунак, сказаўшы, што бачыў яе, Эмілію, з Бацістам (між іншым, яна і сама добра гэта ведала); што, папрасіўшы ў яе парады, працаваць мне над сцэнарыем ці не, я толькі выпрабоўваў яе, і гэта была праўда; і што, карацей кажучы, цяпер, як і перш, уся справа толькі ў нашых адносінах. Але ў мяне не хапіла духу ці, дакладней, сілы так зрабіць; я адчуваў сябе бясконца змораным. I я нясмела спытаў:
— А што ты будзеш рабіць тут, на Капры, пакуль я буду працаваць над сцэнарыем?
— Нічога асаблівага... Буду гуляць... купацца... загараць... Буду жыць, як усе.
— Адна?
— Адна.
— I табе не будзе сумна?
— Мне ніколі не бывае сумна... Мне многа пра што трэба падумаць...
— Ты думаеш калі-нікалі і пра мяне?
— Вядома, і пра цябе.
— I што ж ты пра мяне думаеш?
Я ўстаў, падышоў да яе і ўзяў за руку.
— Мы ўжо шмат разоў гаварылі пра гэта.
Яна вырывала руку, але не вельмі рашуча.
— Ты па-ранейшаму думаеш пра мяне тое, што і перш?
Яна сказала і адступіла назад, пасля аж закрычала:
— Слухай, ішоў бы ты лепш спаць!.. Ёсць рэчы, якія табе непрыемна слухаць, і гэта зусім зразумела... Але, нічога не зробіш, я магу табе іх толькі паўтараць... Што за асалода ў такіх размовах?
— He, давай урэшце пагаворым.
— Але навошта?.. Мне давядзецца яшчэ раз паўтарыць табе тое, што я ўжо шмат разоў гаварыла... Ці, можа, ты думаеш, што я перамяніла сваю думку пасля прыезду на Капры? Наадварот!
— Што значыць «наадварот»?
— Наадварот...— растлумачыла яна, крыху збянтэжыўшыся,— гэтым я хацела сказаць, што зусім не перамяніла сваёй думкі. Вось і ўсё.
— Значыць, ты ўсё яшчэ адчуваеш да мяне тое самае... Ці не так?
Нечакана для мяне яна абурылася, ледзь не заплакаўшы:
— Ну нашто ты мяне так мучаеш?.. Можа, ты думаеш, мне прыемна гаварыць табе такое?.. Мне гэта яшчэ цяжэй, чым табе!
Яна сказала гэта шчыра, з болем, і гэта мяне кранула. Я сказаў, зноў узяўшы яе за руку:
— А я думаю пра цябе толькі добрае... I заўсёды
так буду думаць.— Пасля, каб даць ёй зразумець, што я дарую здраду (а я і сапраўды дараваў ёй), дадаў: — Што б ні здарылася!
Эмілія нічога не адказала. Яна глядзела некуды ўбок і, здавалася, нечага чакала. I ў той жа час непрыкметна, але з упартай варожасцю старалася вызваліць сваю далонь. Тады я рэзка адпусціў яе руку і, пажадаўшы добрай ночы, хуценька выйшаў. I амаль адразу я пачуў, як у замку яе дзвярэй шчоўкнуў ключ, і гэты гук зноў разануў мне па сэрцы вострым болем.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
Назаўтра раніцай я ўстаў на світанку і, не пытаючыся, дзе Баціста і Эмілія, пайшоў, дакладней, збег з дому. Я выспаўся і адпачыў, падзеі мінулага дня, і перш за ўсё мае ўласныя падзеі, паўсталі цяпер перада мной у даволі непрывабным святле, як нешта зусім недарэчнае, супраць чаго я спрабаваў бунтаваць самым недарэчным чынам. Цяпер мне хацелася спакойна абдумаць, што трэба рабіць, пакідаючы за сабой права дзейнічаць свабодна, не абмяжоўваючы сябе якім-небудзь паспешным рашэннем, якое часта бывае памылковым. Выйшаўшы з дому, я пайшоў той жа дарогай, што і ўчора вечарам, і накіраваўся ў гасцініцу, дзе жыў Рэйнгольд. Я спытаўся, як знайсці рэжысёра,— мне адказалі, што ён у садзе. Я пайшоў у сад, дзе ў глыбіні алеі скрозь лісце дрэў была відаць лёгкая балюстрада, ярка-белая ад асляпляльнага ззяння спакойных, залітьіх сонцам мора і неба. На невялікай пляцоўцы перад балюстрадай стаяла некалькі крэслаў і столік; згледзеўшы мяне, чалавек, які сядзеў там, устаў і прывітальна памахаў мне рукой. Гэта быў Рэйнгольд, апрануты, як капітан далёкага плавання: ярка-сіняя фуражка з залатым якарам, такога ж коле-
ру пінжак і белыя штаны. На століку стаяў паднос з рэшткамі сняданку, тут жа ляжалі папка і пісьмовыя прылады.
Рэйнгольд здаваўся вельмі вясёлым. Ён адразу спытаўся ў мяне:
— Ну, Мальтэні... як вам пада