Памінкі
Бена Зупанчыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 1983
На сцяне вісела прышпіленая кнопкамі карта Еўропы, утыканая рознакаляровымі сцяжкамі. Асабліва густа сцяжкоў было там, дзе праходзіў фронт ад Ленінграда да Чорнага мора. Найбольшы чырвоны сцяжок быў на тым месцы, дзе знаходзіцца Любляна. Цвыркун з незразумелым пачуццём няёмкасці падумаў, што, каб гэта была карта Любляны, такі сцяжок Тыгр паставіў бы на месцы свайго падстрэшша.
Тыгр ляжаў, накрыўшыся коўдрай па шыю, і чытаў. Калі ўвайшоў Цвыркун, ён зняў акуляры. Цвыркуна вельмі здзівіў выраз яго твару — такім ён Тыгра ніколі яшчэ не бачыў. Як быццам нехта правёў па гэтым твары рукою, сцёр усе рысы, усялякі адбітак розуму, паменшыў вочы. Тыгр паказаў на крэсла, надзеў акуляры і сказаў:
— Холадна, таму я залез пад коўдру.
Цвыркун агледзеўся.
— А печы ў цябе няма?
— Няма, ды каб і была, усё роўна паліць няма чым. Толькі расслабіла б, а потым я прастудзіўся б.
— Я прыйшоў наконт Нікі,— пачаў Цвыркун і падумаў, чаму гэта ў яго такое адчуванне, быццам ён просіць міласціну.
— Я не люблю цацкацца з такімі анархічна настроенымі хлапчукамі з дробнабуржуазных сем’яў,— спакойна адказаў Тыгр.— Калі ўжо ты маеш такое, барані божа, паходжанне, дык будзь хоць дысцыплінаваны.
Цвыркун сцепануўся. Холадна было.
— Справа ў тым,— сказаў ён,— што я Ніку ведаю. Ён зрабіў гэта, каб праверыць, на што здольны. Вясной яго можна будзе пераправіць у другое месца, а пакуль што трэба знайсці яму разумны занятак.
— Знайсці, абавязкова знайсці! — нецярпліва выгукнуў Тыгр.— Спраў у нас хапае. Думаю, што і яму шукаць не трэба.
— Тут галоўнае не ў справах увогуле, а ў тым, каб не пакідаць яго аднаго. Калі пакінуць, ён можа зноў што-небудзь вытварыць. Я быў у яго. Качаецца ў чужым доме і чытае нейкія марскія прыгоды.
— I не можа знайсці нічога разумнейшага? Чаму не дасі яму Сігму ці Беера? Вось што яму трэба чытаць.
— Ды ён гэта ўжо чытаў,— з прыкрасцю адказаў Цвыркун.— Яго трэба заняць справай, а не шпігаваць філасофіяй. У яго ў галаве і так многа блытаніны.
— Дзіўна,— сказаў Тыгр, прыўстаючы, і Цвыркун убачыў, што ён апрануты,— дзіўна, што ты гэтак разважаеш. Ідэалагічнае выхаванне і выхаванне справай павінны ісці паралельпа.
Ён памаўчаў, паляпаў па вокладцы кнігі, якую трымаў у руках, і дадаў:
— Добра. Дай яму справу. He будзе часу думаць пра глупствы. Гэта старая салдацкая мудрасць. Але чым ён можа заняцца? Паліцыя яго не шукала? Шу-
кала? Тады няхай спярша зменіць выгляд — пафар.буе валасы ці што-небудзь яшчэ прыдумае. I не дазваляй яму быць на сходах, дзе многа людзей.
Цвыркун адвёў погляд ад Тыгравага твару. За тоўстымі акулярамі блішчалі, як дзве іскры, халодныя, няўмольныя вочы чалавека, які ведае ўсё, а найлепш тое, што яму трэба. Над заснежанымі дахамі пранёсся вецер, і заскрыгаталі кепска забітыя цвічкі, якія трымалі шыбы. Па суседнім даху зладзеявата прапоўз рыжы паласаты кот.
— Добра, Тыгр, што ты не пярэчыш. Астатняе ўладзім з Мефістофелем. He турбуйся. Па-мойму, занадта суровае пакаранне — пакінуць яго аднаго ў гэты час.
— Смеласць,— бурчаў Тыгр,— трэба паказваць у адпаведнасці з загадамі. Дзеля карысці рэвалюцыі. He супраць яе волі, не без яе ведама, не па сваім, заўсёды абмежаваным, разуменні. Якая карысць, калі яго зловяць і падвесяць на дыбу ў Бельгійскай казарме? Што тады будзе?
— А што будзе,— запярэчыў Цвыркун,— калі мяне або цябе зловяць і пацягнуць на дыбу? Чаму мы павінны яму верыць менш, як сабе?
Тыгр маўчаў. Над дамамі ўжо шарэла. Тыгр уключыў святло — цьмяную пятнаццацісвечкавую лямпачку без абажура. Пакой запоўніла мутнае жоўтае святло, ад якога стала яшчэ больш няўтульна.
Цвыркуну стала няёмка.
— Калі табе трэба грошы, скажы,— вымавіў ён, крыху павагаўшыся.
Усе ведалі, што Тыгр атрымлівае ад арганізацыі некалькі лір на дзень і так жыве — есць звычайна фасолю.
— He,— адказаў ён, заўважыўшы Цвыркуноў погляд,— мне нічога не трэба. Я ўжо прывык. Пра выгоды не думаю. Мяне цікавіць не вонкавая абалонка — яна нічога не значыць,— а сутнасць рэчаў. I таму не
люблю людзей, якія ў душы засталіся дробнымі ўласнікамі.
— Дробнымі ўласнікамі... — прамармытаў Цвыркун, быццам праглынаючы папрок,— аб гэтым можна было б паспрачацца. У Любляне мала такіх, хто не дробны ўласнік. У Любляне няма буйной прамысловасці, у ёй куды больш студэнтаў, як рабочых.
— Каб Ніку сказалі: «Хлопча, ідзі спалі свой дом — гэтак трэба», ён найперш спытаўся б, нашто гэта, чаму трэба. А каб растлумачылі, як ты думаеш, спаліў бы?
— Прыемнейшага задання яму і не знойдзеш,— засмяяўся Цвыркун.
— А потым да смерці шкадаваў бы.
— Гэта не важна.
— Ён не мае права шкадаваць.
— Замнога патрабуеш ад людзей, Тыгр.
— He больш, як ад сябе самога.
Вочы Цвыркуна бліснулі цьмяным, сумным святлом. Ён адкінуў назад валасы і ўстаў.
— Да пабачэння, Тыгр. Значыць, дамовіліся? Дзякуй. Мне трэба яшчэ зайсці да Мефістофеля, калі знайду яго.
Тыгр правёў Цвыркуна да дзвярэй поглядам. А калі дзверы з рыпеннем зачыніліся, разгарнуў кнігу і пачаў чытаць.
Чытаў ён тоўстую кнігу пра Парыжскую камуяу, пра 1871 год.
Праз нейкі час ён ускочыў з ложка. Кінуў на столік кнігу, патушыў святло і, накінуўшы коўдру на плечы, падышоў да ^кна. Працёр рукою шыбу. Цемра ахапіла дамы тысячай халодных шчупальцаў. Гарбатыя дахі пакорліва ўгіналіся пад яе цяжарам. Каміны нібыта патанчэлі, а голыя дрэвы адчайна адбіваліся ад неадчэпнай ночы. У адным акне пад самым дахам загарэлася
святло. Там з’явілася жанчына ў начной кашулі. Яна, мабыць, падышла да люстра і падняла рукі, каб паправіць валасы. Але пры гэтым завабна пагойдвалася ўзад-уперад. Ззаду падышоў мужчына, узяў яе за локці і пяшчотна абняў. Жанчына гарэзліва вырвалася з яго рук, павярнулася і завесіла акно. Квадрат святла знік.
Ён прыціснуў лоб да халоднай шыбы. Адчуў, як цужкі акуляраў сціскаюць скроні, пашоргаў нагою па падлозе, нібыта баяўся, што яна стала слізкая, і сціснуў кулакі. «Тым не меней! — падумаў ён, быццам адказваючы Цвыркуну.— Ёсць, ёсць нешта большае за чалавека, за дом, за каханне, за сяброўства. Ёсць. Ёсць! Ёсць?» Ён прыклаў руку да ледзяной шыбы і дален гаварыў сам сабе: «У чым справядлівасць? У чым? У людзях? У чалавеку? Ці можна пасылаць чалавека на смерць? Можна. Можна. Можна. Нават, калі гэтага не забудзеш? Хто мае права яго пасылаць? Калі, з каго пачынаецца гэтае права? 3 мяне? Ужо з мяне?..» Правёў рукою па вільготным шкле і выцер руку аб коўдру.
Зноў і зноў да яго вярталася гэтае відовішча: бледны, змарнелы твар з выпучанымі, невідушчымі вачыма, змрок, снег на асфальце, чорныя тэлеграфныя слупы, падобныя да скурчаных пачвараў, вакол якіх вецер ганяе клубы снегу, і чалавек, які хістаецца ўзадуперад, размахваючы кіем. Спярша падумалася, што гэта п’яны, які наляцеў на слуп. I ён падбег, каб памагчы гаротнаму. А ўбачыў белыя, пустыя вочы сляпога. «Дзе мая Магдаленца?..»
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў майго бацьку. Той сядзеў на крэсле згорблены, жывое ўвасабленне гора, і недаверліва глядзеў на яго, баяўся, што з яго будуць кпіць, насміхацца. He ведаў, як разумець гэтае запрашэнне. А настаўнік гаварыў, быццам на ўроку:
— Гэта перасягае ўсе мае спадзяванні, усе жаданні. Сённяшні дзень мае гістарычнае значэнне для ўсяго свету і асабліва для нас, славенцаў. Нічога такога вялікага мы не ведалі. Гонар і слава сялянскім бунтам, аднак...
Ён заплюшчыў вочы і зноў пачуў адчайны голас сляпога: «Дзе мая Магдаленца? — Якая Магдаленца, чалавеча? — Мая Магдаленца».
Настаўнік працёр вочы і зноў загаварыў:
— Гэта не бунт, суседзе, гэта рэвалюцыя. Арганізаванасць, кіраўніцтва, адзінства, армія... Гляджу на моладзь, радуюся і цешуся. Гэта ж мы іх выгадавалі. А раней адчайваліся — не ведаю, куды мы глядзелі. Мы думалі, што яны маральна няўстойлівыя, а яны здаровыя; лічылі, што яны абыякава ставяцца да нацыянальных праблем, а яны іх востра адчувалі; думалі, што яны распешчаныя, а яны нібы спартанцы, праўда, спартанцы; сцвярджалі, што яньі глухія да чалавечых вартасцей, але і тут памыляліся. Я ганаруся імі і пакутую, калі чую, што іх уціскаюць, забіваюць... Люблянскі працэс, трыесцінскі працэс... Працэс за працэсам, нібыта людзьмі можна кіраваць пры дапамозе працэсаў. А яны з крыві паўстаюць. Смерць перастала быць страхам. Яна страціла свой сэнс, таму што справа ў рэчах важнейшых, як адно нікчэмнае чалавечае жыццё... I праз смерць асобных людзей немагчыма скарыць увесь народ, нават такі малалікі...
Ён завёў сляпога дадому і спрабаваў высветліць, па якой Магдаленцы ён плача. Сляпы, усхліпваючы, расказаў, што без ніякае прычыны схапілі і згвалцілі яго пляменніцу. Ёй было шаснаццаць гадоў, і яна была такая добрая, такая добрая...
Настаўнік змоўк і зморшчыў лоб, пакутліва раздумваючьі. Бацька глядзеў на яго ўважліва, але недаверліва, упэўнены, што яго запрасілі сюды дзеля чагосьці іншага.
— Ах, вось што я хацеў вам сказаць! — Тртнік падняў галаву.— Наконт вашага сына. Вам ужо паведамілі, што яму давялося пакінуць гімназію?
— Ніхто нічога мне не паведамляў,— адказаў бацька.
— Мяне прасілі перадаць, што хлопец у бяспечным месцы. Ён чакаў, што паліцыя будзе шукаць яго, таму своечасова схаваўся.
— Ага-ага, яны, быццам ваўкі, акружылі дом,— адазваўся бацька.— Больш як трыццаць чалавек. Усё ператрэслі. У садзе застрэлілі ката Эмануэля, вы ж яго ведалі, шмат гадоў жыў у нас. Я сказаў, што нічога не ведаю, бо сына няма дома ўжо цэлы тыдзень. Хацелі мяне забраць. Каб не Карла, які акурат быў дома, забралі б. А што натварылі!
Настаўнік глядзеў на яго паўз акуляры.
— Шаноўны суседзе, калі будуць шукаць яшчэ, скажыце, што сын у турме. Гэтак, маўляў, вы чулі, усе кажуць.
— Пэўна,— згадзіўся бацька,— так і скажу. Што я магу яшчэ сказаць?!
— Усё, што цяпер адбываецца,— сказаў Тртнік,— увойдзе ў гісторыю і будзе выбіта залатымі літарамі на мармуры.
— Мгм,— прамармытаў бацька.
— Марыя! — паклікаў настаўнік,— як там чай?.. I гэта пройдзе,— звярнуўся ён зноў да бацькі,— а потым будзе такі час, якога яшчэ ніколі не было.
— Мгм,— ажывіўся бацька,— у гэта я даўно ўжо не веру. Усё жыццё чакаю лепшых часоў, ды вось да чаго дажыўся на старасці. Затапталі ўсё: дом, сям’ю, гаспадарку.
— He магу з вамі згадзіцца,— рашуча запярэчыў настаўнік,— калі ёсць вера, чалавек можа вытрымаць намнога больш. Трэба вытрымаць, а потым будзе ўсё інакш.