• Газеты, часопісы і г.д.
  • Памінкі  Бена Зупанчыч

    Памінкі

    Бена Зупанчыч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 248с.
    Мінск 1983
    67.71 МБ
    Мефістофель накіроўваецца да дзвярэй. Я думаў, што ён ужо адыходзіць, але ён зноў вярнуўся да майго ложка і паглядзеў мне ў вочы:
    — А як з той жанчынай, што жыве наверсе?
    — Ды ніяк,— адказаў я.— А што тут можа быць?
    Ён паглядзеў на мяне строга, патрабуючы канкрэтнага адказу, але я сапраўды не разумеў, што яму трэба.
    — Калі хаваўся там, ты спаў з ёй?
    Я пачырванеў і прыўстаў. Вось д’ябал, падумалася, што ж сказаць?
    — He,— сказаў я,— ніколі. Я хаваўся ў пакоі таго самага паручніка, ён тады быў на пабыўцы.
    — Праўда?
    — Праўда. Хоць і не ведаю, як гэта даказаць.
    Мефістофель паціскае плячыма і кажа:
    — Чортава баба! Паслаў я неяк да яе Леапарда, не было дзе схавацца на адну ноч. Яна пусціла ў хату, але зацягнула ў пасцель.
    — Ну? — спытаўся я нецярпліва.
    — Нічога,— сур’ёзна адказаў Мефістофель.— Нічога. Яна не павінна была гэтага рабіць. Хлопец цяпер ходзіць зусім шалёны.
    Гэта было як праклён. Я вымушаны быў вярнуцца да Ганны. Яна стаяла каля акна і глядзела ў сад. Там бацька важдаўся з яблынямі. Ён доўга стаяў пад кожнай і аглядаў з усіх бакоў, быццам збіраўся назаўсёды запомніць яе ўсю, да дробязі. Потым узяў скрабалку і пачаў чысціць ствол, памалу, пядзю за пядзяй, не глыбока, але і не абы-як. Абчысціўшы, прынёс драбіны і пілу. Драбіны прыставіў да дрэва, праверыў нагою, ці добра стаяць, пераставіў і зноў праверыў, пакуль не ўпэўніўся, што смела можна залазіць. Залез і адпілаваў некалькі сухіх галін. Потым злез на зямлю, адышоў на некалькі крокаў і яшчэ раз уважліва агледзеў усё дрэва. Так, мусіць, аглядае свой твор скульптар, падумала Ганна і ўсміхнулася. Смешныя гэтыя старыя. Да ўсяго ставяцца сур’ёзна. Калі ўжо бяруцца за якую справу, лічаць, што ўвесь свет звязаны з тым, што яны робяць. Усё астатняе знікае, нямее, траціць усялякі сэнс. Вось і цяпер, бацьку з усяго на свеце важныя толькі гэтыя дзве яблыні, якія трэба абчысціць і абрэзаць. Часам даводзіцца назіраць, як ён ловіць курыцу, глядзіць ёй у вочы, расчапляе дзюбу, падымае пер’е, абмацвае ногі — усё па парадку, пакуль нарэшце не пускае на зямлю. Якая-небудзь сялянка на яго месцы проста кіне курыцу ў паветра, і тая, лопаючы крыламі, сама сядае. А ён не. Ён апускае курыцу так
    асцярожна, быццам гэта яйка. I потым абедзвюма рукамі абтрасае штаны.
    — Бедны Кайфеж,— прашаптала Ганна.— Цікава, які ён быў у маладыя гады? Такі самы мямля, як цяпер, гэтак жа хадзіў кругамі, як non вакол алтара? Няўжо і каля жанчын гэтак хадзіў? — Яна засмяялася і прыкрыла рот рукою. Яшчэ заўважыць, што яна смяецца. I так яму «пашанцавала», калі на веснічках напісалі «бардзель»! Тады, як ён зайшоў дахаты, чулася сварка. Стары крычаў: «Што праўда — тое праўда, Няхай і будзе напісана! Ці ж такое паскудства пра мяне напісалі?» Ганна дзівілася з нас, дзяцей: нібы не родныя паміж сабою. У кожнага свой твар, свая постаць, свой характар. Антон быў каржакаваты, грубы, пануры, не падобны ні на мяне, ні на Феламену, так як і я на яе не падобны. А Феламена была найбольш падобная на маці ў маладыя гады, і Ганна разумела, чаму хлопцы неяк абыходзяць яе. Яна не брыдкая, але ў вачах у яе ёсць нешта незразумелае, прагнае — нібыта яна распранае чалавека. Чорт ведае што. Уласна, Ганна шкадавала дзяўчыну: у яе ж добрае сэрца. Небарака, казала яна сама сабе, у ёй нешта першабытнае, а яшчэ гэтыя медныя валасы. Яна ніколі не была па-сапраўднаму юнай, таму і выглядае заўсёды як маладая і старая адначасова. Усміхаючыся, Ганна цягнула свае думкі, быццам размотвала клубок нітак. А Ніка зусім другі, вечна выдумляе штосьці. Вось і Паклукар такі быў. Ён ушаноўваў нейкія асаблівыя законы жыцця.
    Па яго, усё магло быць добра і ў той жа час дрэнна. Сядзеў з атласам на каленях і так падарожнічаў. Яна таксама не раз падарожнічала з ім. Ніколі не бачыла мора, аднак ведае яго вельмі добра. Няблага было б і цяпер куды-небудзь паехаць — прэч з гэтага люблянскага гнязда, дзе салдатаў сабралася больпі, чым на якім фронце. Ніка, напэўна, не забываецца пра тыя
    падарожжы. Ён яшчэ будзе падарожнічаць, абавязкова. Яго моцна зачапіла.
    Ганна думала пра мяне, таму што я зноў у гэтым доме. Ляжаў пад яе пакоем, там, дзе спала Марыя. 3 майго пакоя пераехаў у Марыін, падумала яна. Увогуле, яна нічога не ведала, пакуль аднойчы не зайшла да Марыі і адкрыта не спыталася. Яна звярталася да Марыі «паненка», а тая называла яе «пані». Смешна. Марыя доўга глядзела на яе, і Ганна ўжо падумала, што дзяўчына вось-вось заплача, але пачула ў адказ: «Ага, ён у нас. Ён ранены». Яны глядзелі адна на адну, кожная са сваёй патаемнай думкай.
    — Паненка, а што будзе, калі зробяць аблаву і зойдуць сюды?
    — Можна будзе сказаць, што яму зрабілі аперацыю на апендыцыт. Вось як. А дакументаў няма. Яго ж дакументы не варта паказваць. Гэта ўжо само па сабе небяспечна...
    — Не-не, паненка! Так нельга. Трэба штосьці прыдумаць.
    — Але што, пані?
    «Добрая дзяўчынка»,— падумала Ганна, а ўголас сказала:
    — А што, калі схаваць яго дзе-небудзь у садзе?
    — He, сад могуць абшукаць.
    — Тады ў іхняй кватэры?
    — Не-не! Яны незразумелыя людзі. Лепш, каб зусім нічога не ведалі. Вобыск у іх ужо рабілі.
    — А на гарьішчы? На даху? У падвале?
    — Тата ў адчаі, пані.
    I зноў яны моўчкі паглядзелі адна на адну.
    Некаторыя раёны горада прачэсвалі ўжо другі раз. Кожны дзень лютуюць: сёння на Вічы, заўтра — у Шышку, паслязаўтра — у Мастах. Калі яго знойдуць, сказала яна сабе, адразу расстраляюць. Але цяпер, як
    кажа Марыя, яму лепей, ён ужо устае. Значыць, можа абараняцца.
    На сад спускаўся веснавы змрок. Бацька рухаўся нібы сіні цень на фоне мякка-пунсовага неба. Вось так паглядзіш, думала Ганна, і здаецца, што ўсё гэта нерэальнае. I паверыць цяжка. Веснавое сонца быццам ачысціла ўсё наўкола. Зіма мінула. Усё пачынае расці і зелянець. Хутка зацвіце Кайфежаў бэз. I ранкамі і вечарамі на ім будзе спяваць дрозд. Але што гэта там — Кайфеж ці толькі рухомы цень, які нагадвае нешта даўняе, згубленае, забытае? Няўжо сапраўды цэлы год цягнецца гэты кашмар? Ганна пачынае разумець, што жыццё яе пустое, растрачанае, недарэчнае. Яна хацела кахаць, абдорваць, магла ахвяраваць, пакутаваць, абы толькі ведаць, за што. Аднак усё так проста, бязглузда і незразумела...
    На вуліцы загрукаталі машыны. Пачулася рыпенне тармазоў. 3 грузавікоў скакалі салдаты і, гулка тупаючы, разбягаліся па вуліцы. Бацька стаяў, нібы скамянелы.
    — Аблава... — прашаптала Ганна. He зачыняючы акна, збегла па лесвіцы і зазваніла.
    — Паненка, хутчэй, хутчэй! Паручніка няма дома. Я схаваю яго ў паручнікавым пакоі!
    Я сядзеў у шафе, заткнуўшы пісталет за пояс. Ганна замкнула мяне і пайшла. Ну вось, трывожна і са злосцю сказаў я сабе, цяпер ты зачынены. Пахаваны ў Паклукаравай шафе. Можна ўявіць, што ты на караблі, які плыве ў вечнасць. Шанцы — пяцьдзесят на пяцьдзесят. Яны могуць з павагай аднесціся да кватэры, дзе жыве іхні афіцэр, а могуць і не звярнуць на гэта ўвагі. Калі мяне заўважаць, я выскачу, заб’ю аднаго, другога, трэцяга, збягу па лесвіцы, выскачу ў сад, адтуль да бацькі, а потым... Толькі ці змагу я ўвогуле бегчы? У шафе пахне нафталінам. He ведаю, ці гэта ад нафталінавага смуроду так спацеў, ці ад страху. Му-
    сіць, і сам яшчэ не разумею, у якую пастку трапіў. Ужо чуваць, як грукаюць салдацкія боты па лесвіцы — вось яны спыніліся перад дзвярыма Тртнікавых. Марыя, пэўна, хвалюецца. Бедная Марыя. Колькі клопату я ёй прынёс. Ага, яны раздзяліліся — адны засталіся на першым паверсе, другія падымаюцца сюды. Стукаюць. Ганна падыходзіць да дзвярэй. Як яна будзе сябе паводзіць? Чуваць, як пытаецца: «Што вам трэба?» Нафталінавы смурод зусім нясцерпны. Вось Ганна іх пускае ў кватэру. Заходзяць. Іх трое. Праходзяць у кухню. Ганна злуе, мусіць, нешта перакулілі. Размаўляюць. Цяпер ідуць у першы пакой, у яе спальню. Гоман. Раптам прыгадваюцца сцэны з «Грахоў прынца Сарадзіна» Чэсцертона. У пакоі нешта пераварочваюць — можа, збіраюцца распорваць матрацы. Ды Ганна сумее іх уціхамірыць. Я пачынаю злавацца, што залежу ад яе паводзін. Нехта ідзе сюды. Успамінаю, што ў той Чэсцертонавай аповесці адзін хітрун умеў хадзіць так, што ў суседнім пакоі здавалася, быццам ходзяць некалькі чалавек. Адчыніліся дзверы — нехта зазірнуў у пакой. Ганна за ім. Зараз растлумачыць, што тут жыве італьянскі афіцэр. Малайчына, павысіла яго ў палкоўнікі. Няшчасны Пішытэла, як неспадзявана ён пайшоў угару. Але Ганна не ўлічыла, што на крэсле вісіць мундзір паручніка з усімі знакамі і нашыўкамі.
    — Палкоўнік? — перапытвае насмешлівы голас.— He, сеньёра — усяго толькі паручнік.
    — А якая розніца,— не разгубілася Ганна,— усе аднолькавыя дурні.
    Я выціраю рукавом пот, які збіраецца пад валасамі, над бровамі і па скронях сцякае на твар. Салдат шнырыць па кутках. Адчыняе пісьмовы стол, высоўвае шуфлядкі, разглядае паперы з факсімільным адбіткам паручнікавага прозвішча. Затым падбівае нагой чамадан, які стаіць каля сцяны, правярае пасцель. Ганна
    сочыць за ім, потым ідзе да дзвярэй паглядзець, што робяць астатнія. Салдат, які застаўся ў пакоі, сядае. Я чую, як пад ім рыпіць крэсла. Ён бярэ паперу і чытае:
    — Carissima Giulietta... Сучая дачка. Напэўна, ужо скруцілася.— А потым, заўважыўшы на начным століку кнігу, пытаецца: — А гэта што?
    — Кніга,— чуецца Ганнін голас.
    — Сучы сын,— кажа салдат,— Дантэ чытае.
    Я чую, як ён гартае кнігу і мармыча:
    — Пекла... Так... Laciate ogni speranza...1
    Тут ён успамінае, што хоча піць, і патрабуе вады. У мяне ў роце збіраецца поўна сліны. Праглынуўшы, уздыхаю. Ганна не разумее салдата. Ён паказвае жэстамі. Ганна ўсміхаецца і прыносіць шклянку вады. Салдат залпам яе выпівае і дзякуе. Пасля гэтага кладзе кнігу і пачынае тлумачыць Ганне, як яму хацелася піць і якая яна сімпатычная чорная кошачка, а ён — якое супадзенне! — вельмі любіць якраз такіх. 0 тіа bella!2 Ганна ўсё разумее, бо кажа «прыдурак» — напэўна, ён спрабаваў пасадзіць яе сабе на калені ці задзерці спадніцу.
    — He хочаш салдата? Мі добар салдат. Добар сэрца. Вялік любоў... Доўга быў салдат. Дзесяць гадоў.
    У гэты момант з’яўляюцца астатнія двое. Адзін заходзіць у пакой, другі застаецца каля дзвярэй. Той, што застаўся, пазяхае і ад парога пытаецца:
    — Усё праверыў?