Памінкі
Бена Зупанчыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 248с.
Мінск 1983
Карла адыходзіць і вяртаецца калі днём, а калі ўначы. Бацьку ён нагадвае разбойніка, якога ён бачыў на сцэне клуба рамеснікаў. Ён трасе чорнай барадой і гаворыць так, нібыта сыпле сухі боб у бляшанку. Сустрэўшыся з італьянцам у калідоры, бацька заўсёды адварочваецца і заходзіць у прыбіральню. Карла пытаецца ў Феламены, чаго гэта стары так часта туды бегае, і Феламена адказвае, што ў бацькі хранічны панос. Больш за ўсё бацька злаваўся ад таго, што Карла панадзіўся ў сад. Ён выносіў туды крэсла, уладкоўваўся ямчэй і чытаў міланскую газету «Коггіеге». Пры гэтым курыў і часта азіраўся, быццам шукаў субяседніка. I бацьку нічога не заставалася, як уцячы ў дом. Тое самае рабілі ўсе суседзі. Між тым, бацька лічыць, што з суседзямі не ўсё ў парадку. Некаторыя з іх сцвярджа-
лі, што цяпер забеспячэнне неблагое, што ў італьянцаў выдатнае віно, якасны і танны мармелад, высокагатунковы рыс. Другія расказваюць, што на Вічы адкрылі публічны дом, каля якога салдаты стаяць у чарзе. Кажуць таксама, што ў кожнага другога італьянца сіфіліс, прычым не звычайны, а абісінскі. Так ім і трэба, думае бацька, а нашым якраз бракуе гэтай заразы.
Аднойчы нехта на нашых веснічках зрабіў мудрагелісты надпіс чырвонай фарбай. Бацька спачатку не мог прачытаць, што там напісана. Прайшоўся некалькі разоў туды-сюды і нарэшце разабраў: «БАР-ДЗЕЛЬ». Ён аж пачырванеў ад гневу. Якія ўсё ж такі людзі злыя. Няма ім большае радасці, як абліць другога памыямі. У гэты час перад нашым домам стаяў незнаёмы хлапчук гадоў дзесяці. Кудлаты, мурзаты, але дзёрзкага выгляду. Бацька, калі апамятаўся, заўважыў хлапчука, і яму здалося, што малы смяецца.
— Прэч адсюль! — крыкнуў бацька.
— Ха, а што, на вуліцы нельга стаяць?
— Бяжы, пакуль цэлы! — закрычаў бацька і хацеў схапіць малога за каўнер. Але той адскочыў убок і засмяяўся.— Чаго разявіўся?
— Чытаю,— адказаў хлапчук,— што гэта ў вашым доме.
— Прэч! — раз’юшана выгукнуў бацька.
Але малы ўцякаць і не збіраўся.
— Э не, адсюль ты мяне не пражанеш. Вуліца не твая. Скажы лепш, што ў цябе там — голыя дзеўкі?
Страшна абураны, бацька тым не менш павярнуўся і пайшоў.
Як назло, свеціць сонца, шапочуць дрэвы, калі наляціць ветрык — то з гор, то з даліны. Птушкі збіраюцца ў чароды і спяваюць так, быццам дражняць маўклівых людзей.
Што пастарэў, бацька адчувае ўжо па тым, што яго не хвалюе пах зямлі, які гэтак многа значыць для mo-
ладзі. Страх, які прывязаў яго да свайго кутка і да ўласнасці, меў зусім не такія вынікі, як ён думаў. А думаў ён, што з часам свае ўладанні будзе любіць яшчэ больш. Ды цяпер усё часцей быў абыякавы да гаспадаркі, не так, як раней, адчуваў, калі лепш паліць грады ці апалоць іх. Раней ён працаваў удзень, а цяпер усё часцей скарыстоўваў ноч. Кепска спаў, прачынаўся, выходзіў на балкон і доўга сядзеў там, задуменны. Уночы ўсё спакайнейшае і прыгажэйшае. Жыццё больш падобнае да таго, што было раней. У гэты час чалавеку Лягчэй і з самім сабою паквітацца, і з іншымі. Ноч перадае чалавеку спакой, які змякчае сэрца і ўмацоўвае сон.
Неяк у жніўні ён прачнуўся сярод ночы і выйшаў на балкон. Якраз туды выходзілі дзверы з яго пакоя і акно суседняга, дзе спала Феламена. He запальваючы святла, бацька прысеў на парог і глянуў на гадзіннік. Ужо палова першай, а мяне няма. 3 балкона добра відаць вуліца, адзіны сіні ліхтар над скрыжаваннем, што непадалёку, крокаў з пяцьдзесят ад нашага дома. Ноч цёплая, зорная, але месяца няма, і таму здаецца, што цёмная. Па вуліцы ходзіць патруль — два салдаты, якія напаўголаса перагаворваюцца паміж сабою. He паспелі яны зайсці за рог, як пачуліся адзін за адным два стрэлы. I зноў ціха. Потым бацька заўважае дзве постаці. Найхутчэй, гімназісты, думае ён. Яны спыняюцца спачатку каля дома на тым баку вуліцы, затым каля плота перад нашым домам. Крадуцца, нібы зладзеі, баючыся ўласных ценяў. Зноў, паршыўцы, платы пэцкаюць, вырашае стары. Заўтра яшчэ раз саскрабаць брыдоту трэба будзе. Потым чуецца ціхі свіст. Постаці знікаюць, быццам скрозь зямлю правальваюцца. На вуліцы з’яўляюцца трое патрульных з вінтоўкамі наперавес. У святле ліхтара пабліскваюць іхнія каскі. Яны ідуць пасярэдзіне вуліцы і часта азіраюцца. Бацька затаіў дыханне і яшчэ раз падумаў, што я недзе бадзяюся. Зноў ці-
шыня і спакой. Месяц, які толькі што выплыў над домам, быў нейкі надзьмуты, азызлы. Зоры нібыта раздрабіліся. Сіні ліхтар над скрыжаваннем пагойдваецца.
У Феламеніным пакоі нешта дзынкнула — так звініць кілішак, калі стукнецца аб пляшку. Бацька прыслухаўся, а потым зазірнуў у акно. Рашэцістая штора была спушчаная, але ў адным месцы, дзе адламаўся кавалачак ліштвы, прабівалася чырвонае святло. Калі гэтыя боўдзілы-патрульныя заўважаць, будуць страляць. Якраз у гэты момант пачуўся хрыплы ласкавы мужчынскі голас. Стараючыся не дыхаць, бацька падышоў да акна і зазірнуў у шчыліну. Праз яе добра было відаць усё, што рабілася ў пакоі. На начным століку, накрытая чырвонай хусткай, гарэла лямпа. Побач стаяла аплеценая Саломай бутэлька. Феламена голая, закінуўшы рукі за галаву, ляжала на ложку. Каля ложка на каленях стаяў Карла, таксама голы. У яго нават спіна ў чорнай поўсці. Бацьку стала кепска. Ён глуха застагнаў і асунуўся, непрытомны.
На балконе я і знайшоў яго, калі вярнуўся дахаты. Паклаў у пасцель, намачыў лоб і патыліцу халоднаю вадою. .
— Што здарылася? — шэптам спытаўся я, калі бацька ачуняў і разгублена азірнуўся.
— Феламена... — прамармытаў ён і стомлена заплюшчыў вочы.
— Што з Феламенай? — я нецярпліва патрос яго за плячо.
Бацька паглядзеў на мяне, ледзь расплюшчыўшы вочы, бо павекі самі па сабе апускаліся.
— Феламена, у Феламены ляжыць гэты пракляты італьянец,— прашаптаў ён з заплюшчанымі вачыма і цяжка ўздыхнуў.
— А... — сказаў я расчаравана,— значыць, нічога новага.
Бацька задрыжаў і, апёршыся рукамі, прыўзняўсяі — Як, нічога новага?
— Нічога новага,— спакойна паўтарыў я.— Ты што, не ведаў дагэтуль? He чытаў на веснічках? Ніколі не чуў, як рыпіць ложак?
Ён доўга і ўважліва глядзеў на мяне. Быццам на незнаёмага. Магчыма, ён думаў, што я не такі, як раней, зусім яшчэ нядаўна. Уласна кажучы, ён ніколі асабліва не цікавіўся мною. Ужо даўно сам сабе ён вырашыў, што і я не яго крыві. Бацька ніколі не пытаўся, ці хаджу я ў школу, як мае справы, дзе я бадзяюся, калі не бываю дома. А цяпер вось не зводзіць з мяне вачэй, калі я кладуся ў пасцель і ляжу, закінуўшы рукі за галаву.
— Патушыць лямпу? — пытаюся.
— Гэта ты пісаў на веснічках?
— Я? Чаму ты так думаеш?
— А дзе гэта ты швэндаешся пасля каменданцкай гадзіны?
— У горадзе быў, у аднакласніка. Гулялі ў карты і заседзеліся.
— Хлусіш! — ускіпеў ён.
— Няхай будзе так,— спакойна згадзіўся я.
— Усе вы мне хлусіце! — горка ўздыхнуў стары. I паўтарыў:
— Усе мне хлусіце. Усе! У матку ўдаліся!
— Дык лямпу тушыць ці пакінуць?
— Тушы!
Марыя ў светлай, у блакітныя кветкі, сукенцы.
— Я спяшалася, баялася спазніцца. Трэба было памыць пасуду, прыбраць.
Мне здавалася, што слухаю, як са срэбным звонам вада льецца ў каменны жолаб. I ўсё гэта не тут, а недзе ў іншым месцы, нават сам не ведаю дзе. Там, дзе нішто мяне не душыць, не мучыць.
— Чаго ты такі пануры?
— А чаго мне весяліцца?
— Цябе нешта мучыць.
Так. Так. Так. Яна ідзе поруч са мною. Я адчуваю, як лёгка рухаецца яе зграбнае цела пад шаўковай сукенкай. ІІрыслухоўваюся да мернага шастання шоўку і прыгадваю нейкі ўрывак з «Усеагульнага закону» Ван дэр Вельдэ. Потым са злосцю думаю, што ўсё гэта глупства. Марыіны цёмныя валасы блішчаць. 3-пад іх выглядае маленькае круглае вушка. Шыя ў Марыі такая, што здаецца, быццам да яе ніколі не дакраналіся ні сонца, ні вецер. Ці гэта пасля той ночы з Ганнай я больш за Цвыркуна пачаў разумець? Але чаму свае пачуцці да Марыі я не магу выказаць, калі бываю з ёй? Уся мая рашучасць і ўпэўненасць знікаюць ад аднаго яе нечаканага слова. Бяру яе за руку. Адчуваю, што яна прыхілілася да мяне. Мне робіцца горача, а потым холадна. Я ўзрушана думаю, што яна нават не здагадваецца, што творыцца са мною. Зусім сумеўшыся, я выпускаю яе руку і прысядаю, быццам бы завязаць шнурок на чаравіку. Што ёй сказаць? Што зрабіць? Ад узбуджанасці мяне захлістваюць то гарачая, то халодная хвалі, але яны разбіваюцца аб каменне маіх думак.
— Дзіўны ты нейкі!
— Мне і самому гэта шкодзіць.
— I занадта гаваркі.
Плаціны на Шпіцы. Абгароджаная зона клуба весляроў. Забруджаны Малы басейн. Крыху далей за пляжам — лужок над Любляніцай. Да самай вады падступае хмызняк. Праз яго відаць і ніцыя вербы на другім беразе. Час ад часу праплывае адзінокі човен, пакідаючы за сабою след. Вада спакойная, цёмная, густы хмызняк і зарослае дно робяць яе зусім непразрыстай. А можа, гэта так здаецца, бо і мы носім у сабе таямніцы, самі нават пра тое не ведаючы. Марыя схавалася за кусты, а я распрануўся седзячы, склаў вопратку, чараві-
кі і чакаў. Яна падышла на пальчыках. Сухая трава калолася і ступаць было нельга. Купальнік на ёй гэтаксама, як і сукенка, у блакітныя кветкі.
— Ты ўжо купалася сёлета?
— Купалася раз, з татам.
— Добра загарэла.
— А ты?
— Я нават забыўся, што наогул можна купацца.
— Праўда? Як гэта?
Я паціснуў плячыма. Гляджу на яе. У купальніку ўжо цэлы год не бачыў. Яна сабрала валасы на патыліцы і скруціла ў тугі цёмны вузел. Паказалася белая далікатная скура, звычайна прыкрытая валасамі. Калі яна нахіляецца, я бачу грудзі — дзве маленькія нясмелыя галубкі, што затаіліся пад маім прагным поглядам. Кладуся на спіну і заплюшчваю вочы. Праз павекі адчуваю сонца. Яно растае на маіх гарачых павеках і, як воск, разліваецца па твары. Праз хвіліну паварочваюся і бачу Марыін твар у цені. Ад блакітнага ценю ён здаецца яшчэ прыгажэйшым, а вочы яшчэ сінейшымі, як звычайна. У гэты момант над намі пралятаюць дзве дзікія качкі. Я гляджу ўгару, на неба, і перад вачыма пачынае мігцець безліч аранжавых сонцаў. I гэта надта прыемна. Сонца няспынна мяняецца, не застаецца аднолькавым ні на імгненне. Чалавек прыстасоўваецца да яго ў залежнасці ад настрою, а таму часта памыляецца, давяраючы вачам. Мяне па шчацэ пяшчотна пагладжваў сваёй мяккай рукою вецер. Прыемна пахла травою. Ну вось цяпер я спакойны.