Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
I праўда, паехалі. У Паўднёва-Сахалінску, аднак, трэба было чакаць. I тут я атруціўся ў сталоўцы нейкай рыбай, паклалі ў шпіталь. Ледзьве ня даў дуба. Праляжаў з паў- месяца. Праўда, на апошні параход усё ж пасьпеў. Прыйшлі ва Уладзівасток. Усё на тую ж Другую Рэчку. Тут усё было як і тры гады таму. Маса афіцэраў зь сем’ямі. Усе чакаюць прызначэньняў. А іх даюць з такой марудаю.
Месяц прасядзеў на Другой Рэчцы. Захварэў сын Сяро- жа, ляжалі з маці ў пасялковай больніцы. Я часам езьдзіў ва Уладзівасток. Часам узлазіў на сопкі над горадам. Туга вялікая панавала ў маім сэрцы - навошта я тут? Чаму я ня дома? Дзе мой мілы няшчасны дом? Навошта мне гэ- тыя зьдзічэлыя сопкі, гэтая тайга? Гэтыя вар’яцкія вайско- выя гулі?
Вайсковыя гулі, аднак, разьвіваліся паводле сваіх бю- ракратычна-вайсковых правілаў. Празь месяц кадравікі ў штабах разабраліся, што загад па мне быў аддадзены яшчэ ўлетку, па заканчэньні курсаў. I што я павінен быў адпра-
віцца служыць на Сахалін, у горад Долінск, дзе кватара- ваў гаўбічны артполк. Каб даведацца пра тое, спатрэбілася паўгоду часу і два марскія падарожжы, пры адным напа- мінку аб якіх цягне на ваніты. Але што зробіш? Трэба было ехаць у порт і рыхтавацца да новага падарожжа.
У пачатку зімы прыбыў у раённы гарадок Долінск, што ў паўднёвай частцы Сахаліну. Далі кватэру - пакойчык у кватэры нампаліта камандзіра батарэі. Казармы праз кіля- мэтар на пагорку. Ад вайсковага гарадку да гораду кіля- ,мэтры тры па дарозе. Жонка хутка ўладкавалася ў гарад- зкую школу - усё настаўніцай расейскай мовы і літарату- ры. Сярожу ўзялася на паўдня даглядаць суседка.
Служба ў гэтым палку, аднак, пачалася з канфлікту. Мяне арыштавалі на 10 сутак з утрыманьнем на гарнізон- най гаўптвахце. За адмову выканаць загад. А загад быў такі: зь дзесяцьцю салдатамі адправіцца ў гарнізонны па- сёлак (кілямэтраў за 50), прыняць дрывяны склад і ахо- ўваць яго. Дровы ўсе пад сьнегам, колькі іх - не палічыш. Казалі людзі, іх там палавіну прапілі ранейшыя ахоўнікі разам зь інтэндантамі, якія па замене зьехалі на мацярык. Як я мог прыняць? Як ахоўваць? I як пасьля здаваць? I я заўпарціўся.
Тая ўпартасьць мне ж і вылезла бокам. На гаўптвахце пачаліся праблемы з сэрцам. Зноў захварэў. Колькі дзён недаседзеў, выпусьцілі. Але ўсё ж загналі на той склад, дзе прагібеў за гарой у лясной хатцы месяцы два.
Вярнуўшыся, зноў падаў рапарт аб звальненьні ў запас.
Рапартаў аб звальненьні я падаваў яшчэ некалькі. Звы- чайна на іх ніхто апроч маіх непасрэдных начальнікаў не адказваў. Аднойчы напісаў маршалу Маліноўскаму, як дэ- путату Вярхоўнага Савету па Далёкім Усходзе. Празь які месяц клічуць у штаб дывізіі. Пехатой патопаў у Долінск. Памятаю, быў глыбокі сьнег, дзьмуў насустрач марозьлівы вецер. Ішоў і думаў, што, мабыць, мой рапарт дамогся нейкага рашэньня. Аж маёр у аддзеле кадраў нудна і доўга мне тлумачыў, якія каварныя ворагі - англа-амэрыканскія
імпэрыялісты і якія мы павінны быць пільныя. Служыць Радзіме. Чаго ён мне і пажадаў.
Тою зімой здарылася няшчасьце - згарэла казарма на- шага дывізіёну.
Зь людзей ніхто не загінуў, але згарэла шмат маёмасьці, зброі, радыёстанцыі. Тое здарылася ноччу, як батарэя была ў нарадзе. Нас, камандзіраў, хацелі судзіць трыбуналам, але толькі звольнілі камандзіра палку. У мяне ж склаліся неблагія адносіны з камандзірам дывізіёну падпалкоўнікам Дзятлавым, спакойным, граматным афіцэрам. Дзеля яго я таксама мусіў старацца, стрэльбы (марскія) батарэя пра- вяла добра, я страляў цяжкую задачу, але выканаў на 4. Неяк пачала выроўнівацца, спакайнець і служба.
Здаецца, два зімовыя месяцы батарэя была ў дальняй камандзіроўцы на нарыхтоўцы лесу. Гэта была жахліва цяжкая праца. Трэба было падняцца на сопку (а сьнег вышэй каленяў), адкапаць дрэва, сьпілаваць яго, раскры- жаваць. I не адно, а дрэваў пяць-шэсьць за дзень - на салдата. Пасьля гэтыя бёрны волакам сьцягнуць уніз, да дарогі, дзе можна было пагрузіць на машыну. Машынамі дастаўлялі на станцыю, грузілі там на плятформы. Дроў трэба было нямала, план не выконвалі, салдаты выбіва- ліся зь сілы.
А вясной, як сышоў сьнег, пачаліся таёжныя пажары. Гарэў лес, елкі, піхты, гарэлі нарыхтаваныя зімой штабялі. Ледзь ня круглыя суткі тушылі, але затушыць было немаг- чыма. Як падзьме вецер, зноў разьдзьмувае пажар...
Вясной 1955 году споўнілася пяць гадоў маёй службы на Далёкім Усходзе, і я атрымаў права на замену. Для таго напісаў рапарт аб пераводзе ў Беларускую ваенную акру- гу. Звычайна служыць у Беларусі аматараў было няшмат, бальшыня імкнулася на Украіну, у Закарпацьце, у Пры- балтыку. Я ж - у Беларусь. I праўда, у пачатку восені прыехаў капітан мне на зьмену. Я пачаў разьлічвацца. Гэтая працэдура цягнулася доўга - пакуль здаў усю маёмасьць,
зброю. Неяк так сталася, што не хапіла кулямёту. Ніхто нідзе не губляў нічога, а тут значыўся паводле палкавога ўліку нейкі кулямёт. Давялося начарту ставіць бутэльку каньяку, каб падпісаў абхадны ліст.
На гэты раз ляцелі да Хабараўску самалётам, а адтуль [ехалі] цягніком да Масквы. Тады ж упершыню пабачыў Маскву, цэнтар, вул[іцу] Горкага. Накіраваньне было ў Асіповічы, у армейскі артполк начальнікам дывізіёну 152- мм гармат. Ехаў і думаў: мабыць, нічога ня зробіш, прый- дзецца служыць. Ужо быў згодны. Тым больш на роднай Беларусі. Той артполк, аказваецца, разьмяшчаўся пад Лапічамі, у старых, царскіх часоў, казармах.
Як звычайна, далі два дні на кватэрнае ўладкаваньне, знайшоў палову хаты ў суседняй вёсцы. Хадзіць у часьць трэба было недалёка - цераз поле. Праз пару тыдняў, аднак, далі адпачынак, у якім ня быў некалькі гадоў.
3 малым трохгадовым Сярожкам паехалі на маю радзі- му. Да станцыі Зябкі. Брат Мікола загадзя пад’ехаў на фурманцы. Была ўжо восень, імжэў дожджык, навокал буяў лістапад. Сабралася ўся сямейка: бацька, пастарэлы, але яшчэ бадзёры, ціхмяная мама, сястра Валечка, што рабіла рахункаводкай у Чарапоўшчыне, брат Мікола - падрослы дзяцюк. У нядзелю схадзіў у Кублічы, на месцы некалі сымпатычнага мястэчка - зачатак вёскі, раскіданыя па па- горках сядзібы. Амаль такая ж і Вушача. Людзі, аднак, патроху абжываліся, будавалі дамы, нараджалася і ўбіра- лася ў сілу новае пакаленьне.
Як прыехаў з адпачынку, быў ашаломлены навіной - паслалі на звальненьне. Якраз праводзілася скарачэньне войскаў - 660 тысячаў, першае хрушчоўскае скарачэньне. Што ж, я не хваляваўся. Цяпер у Беларусі, тое не палоха- ла. Хаця праблемаў было нямала.
Жонка з сынам паехала ў Гародню - да свае сястры Веры, якая за той час, як мы былі на Далёкім Усходзе, выйшла там замуж. Я застаўся ў Лапічах чакаць загаду.
Загад прыйшоў у самым канцы году, атрымаў разьлік і паехаў у Гародню.
Жончына сястра жыла з мужам і малой дзяўчынкай у аднапакаёвай кватэры каля рэстарану «Нёман». Муж пра- цаваў у органах, што для мяне, вядома, стала дзіўнаватай навіной. Неяк разьмясьціліся - дзьве сям’і, шэсьць чалавек на 18 кв. метрах. Стаў на ўлік у гарваенкамаце. Пачаў атрымліваць [грошы] (1 год) за званьне.
Схадзіў у рэдакцыю, да рэдактара В. Булая, - усё ж у войска мяне прызвалі з гэтай установы. Але Булай быў чалавек новы, а вольных месцаў у рэдакцыі не было. За- зірнуў у аддзел культуры, дзе літкансультантам працаваў Міхась Васілёк. Там зноў пабачыў Ірыну Сувораву, якая прыветліва павіталася. Васілька не застаў на працы.
Аднойчы прыйшоў з працы муж Веры - Павел Стара- войтаў - і кажа: вызвалілася кватэра ў старым доме на вул. Трудавой, гаспадар паехаў працаваць на раён. Трэба займаць, а там хадайнічаць, каб замацавалі. Так я і зрабіў. Увечары перанесьлі два чамаданы і малога на тую ўбогую кватэру. Але не пражылі там і тыдню, як прыйшлі з дома- кіраўніцтва: самавольнае ўсяленьне! Хто дазволіў? Асва- бадзіць! - Куды асвабадзіць? На двор з малым?
Празь дзень прыходзяць ужо ўдвох - аказваецца, тая кватэра належала КДБ. Патрабуюць вытрахнуцца, пагра- жаюць. Пацягнулі да начальства і Старавойтава.
Яшчэ паўпарціўся з тыдзень і зразумеў, што маёй пера- могі ня будзе. Знаёмы мастак падказаў, што ёсьць вольны пакой у сябра па вул. Падгорнай. Перайшоў туды.
Пайшоў у майстэрню да мастакоў, там яшчэ былі зна- ёмыя. Марозаў, праўда, зьехаў у Кіеў, затое былі Пушкоў, Парахня, Кох. Кох ужо пасьпеў пасядзець у лягэрах, у Комі - за тое, быццам ён у вайну маляваў карыкатуры на Ста- ліна. На працу мяне не прынялі, таксама не было вакансій, але далі аформіць нейкі стэнд - шрыфтавая работа. Ся- дзеў у сваёй халоднай кватэры (дроў не было, вады не
было), лобзікам выпільваў з фанэры літары і слухаў радыё. Адзначаліся ўгодкі Дастаеўскага. Здаецца, упершыню за- гаварылі пра яго як пра вялікага рускага пісьменьніка. Значыць, прызналі нарэшце.
Тады ж давялося пачуць і шмат якія перадачы Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі, Голас Амэрыкі. Было дужа цікава. I - вядома, страхотна. Радыё рэгуляваў, каб нічога не было чутна ў суседзяў.
Неяк сустрэў на вуліцы А. Салаўёва, намесьніка рэдак- тара газэты. Кажа: зайдзі, ёсьць праца. Зайшоў. Прынялі. Зноў трохі папрацаваў у карэктарскай, а пасьля перайшоў у сакратарыят. Адказным сакратаром быў А. Колас, выпус- каючым - усё той жа знаёмы Георгій Цьвятніцкі. Побач за сталом працаваў мастак-рэтушор, былві кінаапэратар Фрыдрыхсон. Во ў такім калектыве пайшлі дні і тыдні газэтнай пільніцы. Я вычытваў (як стыліст) матэрыялы, што паступалі з аддзелаў, і рыхтаваў увесь «белтаўскі» матэрыял, што перадавалі зь Менску па тэлетайпе.
Перазімаваўшы, па вясьне перайшоў на новую кватэру - адзіную каморку ў доме па вул. Ажэшка (насупраць Дому афіцэраў) з выхадам на тратуар. Зімой напісаў апавядань- не «Страта» - зноў пра вайну. Паслаў у Менск, «Мала- досць» надрукавала. 3 гэтага часу, лічу, пачалася мая ста- лая літаратурная творчасьць.
У сьнежні Саюз пісьменьнікаў запрасіў на нараду-сэмі- нар маладых, што праводзіўся ў Каралішчавічах. Паехаў зь вялікай ахвотай і надзеяй, хоць літаратурны багаж мой быў небагаты. На сэмінары пазнаёміўся са старэйшымі - Я. Брылём, I. Мележам, I. Грамовічам453. 3 маладых сэмі- нарыстаў былі В. Адамчык, А. Капусьцін454, Я. Каршукоў455. Вельмі карысны быў сэмінар - у сэнсе знаёмства і абмер- каваньня. Першая мая літаратурная школа.