Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
А недзе на золку паднялі - батальён рушыў у наступ. Немцы джгалі трасіруючымі зь недалёкага сяла, адкуль іх належала выбіць. На той раз ня выбілі — залеглі ў голым полі.
Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майст- ры, нічога ня скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў зь іхніх састарэлых «драгунак», якімі нас угаворвалі ганарыцца, рабіць 6- 8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глуп- ствам. Немцы сеялі з аўтаматаў колькі маглі, а іхні куля- мёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Іхнія мінамётчыкі ўмелі навесіць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, пер- шая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Нату- ральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другі - або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды
не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калі ён страляў у баі. Тое, што было з сабой (у падсумках ці ма- газынах), можна было расстраляць за некалькі хвілінаў. Зноў жа [-] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хіба за пазуху, у кішані. Немцы для тае мэты скарыстоўвалі боты з шырокімі халявамі, у якія напіхвалі магазынаў. Нашыя ж дыскі ў боты не запіхнеш. Ды й боты не такія, з вузкімі халявамі, а ў байцоў спрэс абмоткі. Таму на полі, у ланцу- гу, пяхота не страляла, эканоміла для бою ў сяле. Мерка- валася, што там, сярод хатаў, можна прымяніць штых- маладзец, бо куля - дура, як вучыў «вялікі Сувораў». Але немцы не падпушчалі блізка, яны нішчылі нас у полі гра- дам куль і асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылі салдатаў і афіцэраў, практычна ў вайну не прымя- няўся. (Таксама, дарэчы, як і процігазавыя сумкі, якія марна цягалі да самай перамогі.) Славутыя «кацюшы» ўжываліся рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапасу патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя - саракапяткі ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.
Аднойчы на пачатку зімы я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сьцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла — за сьціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі - некалькі скрынак. Як страляць з такіх гарматаў, нас у вучылішчы трохі вучылі. I я паспрабаваў. He па танках - па пяхоце ў недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сьцірты.
Пасьля невялікага перадыху пачалася Кіраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць»26. На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі пасьпя- ховая апэрацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча - салдата з засьнежана- га іюля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў,
на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёну капітан Сьмірноў, камандзір палку маёр Каза- р’ян, дзясяткі салдатаў ды іншых афіцэраў.
Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Насту- палі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калёнай - у стэп, лезьлі як мага ўглыб, дзе можна пралезьці. Дзе пускалі немцы. Спаць не было ніякай магчымасьці, ніводнай гадзіны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукі - прымусіць салда- та абыходзіцца бяз сну. Думаецца, ні ў адной арміі так ня ўмеюць. I вось ідзем сонныя па стэпе, засьнежанай даро- гай, шмат хто сьпіць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокі. I вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. A наперадзе сьцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. I раптам чую: «Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разьведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны пачалі ўжо джгаць трасіруючымі ў наш бок. Калі б ня гэтыя разьведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткія выпадкі на вайне былі дужа рас- паўсюджаныя - калі заходзілі ці заяжджалі да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялі ў палон.
Потым зноў ішлі па начы, помню — шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штабу палку завёў нас не туды, спыніліся. Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціру, толькі няўбраная кукуруза ды сланеч- нік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генэрал. Ня ведаю, які, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на сьнезе. Пасьля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказа- лася, то Вялікая Севярынка - сяло, якое стала бруталь- ным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хатаў нейкія
ямы, зь якіх, відаць, улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як разьвіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага гораду Кіраваграду. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому вы- сунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, нека- торых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палку.
12. Першае раненьне
Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёну капітан Сьмірноў загадаў выстрай- вацца ў паходную калёну, якую павёў кудысьці ў стэп. Пасьля агнявога напружаньня трохі павальнела, стала на душы спакайней. I вось мы ідзем, у стэпе даволі сьветла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наежджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту. Ён - старшы лейтэнант, артыле- рыст, але з акружэнцаў, і таму яго паслалі ў пяхоту - на перавыхаваньне. Наперадзе ідуць камандзір батальёну, да- лей разьведка, а мы ў сярэдзіне калёны. Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, а тут быццам ціха. Раптам гляджу - побач у зарасьніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не пасьпеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі - трасіруючымі па ўсёй калёне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўра- ганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў вы- падку нападу нашая рота разгортваецца зьлева ад дарогі, іншыя — справа. Я, канёшне, зьбег з дарогі, упаў на сьнег. У мяне быў аўтамат, але пры ім толькі адзін магазын. Чаму адзін?
Перад наступленьнем кінулі нам невялікае папаўненьне з тылавых падразьдзяленьняў. У нашу роту далі ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўта- мат, але без патронаў... Але сьпярша пра кулямёт. Вось пачынаюць выцягваць калёну, а ў мяне ніхто ня хоча браць кулямёт. Шмат людзей зь Сярэдняй Азіі - мая ні бяльме-
са, мая ні бяльмеса. I астатнія адмаўляюцца: я не служыў, ня ведаю, як зь яго страляць. Каб ня кідаць кулямёт, аддаў яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт... А тут стаіць пісар без патронаў, мармы- ча: што мне рабіць, толькі блытацца пад нагамі? Хітраваў, мабыць, хацеў, каб яго адправілі з роты. Тады камандзір роты кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён ня ныў. Ну я і аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькі зь вінтоўкамі. А сам застаўся з апошнім, што пры аўтама- це. Тое было, канешне, памылкай. А можа, і паратункам, як пасьля выявілася.
А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя — швах. Па- першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразу- мець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі - аўтаматчыкі, і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі заганялі нас у якую пастку. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць, патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кра- таюцца. I я ліхаманкава рашаю для сябе: ляжаць ці ўскок- ваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну, дык яны мяне возьмуць жывым. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?
Але немцы ў той час перанесьлі агонь на тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў ня бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся пера- бежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, a праз тры-пяць крокаў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. I так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я наву- чыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. I ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. I я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў... Але ўсё ж праз колькі сэкунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? He, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аў-
тамат без патронаў, але ў мяне і безь яго навешана: паля- вая сумка, дзьве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумуля- тыўная, - даволі несуразная штуковіна. Па-першае, цяж- кая, далёка ня кінеш, па-другое, трэба, каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, зь якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроб- лены стабілізатар — такая стужка з тканіны. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. I тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт... Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, недакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я ня трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.
А з танку мяне заўважылі, і той рашуча давярнуў у мой бок... Ну, тое расказваць доўга, а так гэта сэкунды... I вось я закруціўся, бы вуж, на сьнезе, ледзьве пасьпеў выхапіць з-пад танка ногі, як ён гусеніцай - па полах майго шыня- лю і пайшоў далей. Здалося, я ўжо разьвітаўся з жыцьцём. Але гляджу: там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размах- ваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. 3 паля- вой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на сьнезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, ма- быць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк - то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. I тут якраз побач надарыўся санінструктар нашае роты, аказва- ецца, ён бачыў, як мяне параніла. Санінструктар і кажа: ня трэба туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай у гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. I праўда, мы павярнулі ўбок, дзе тырчэла нейкае будыльлё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сьцірту. Пасьля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сьцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасьля аказалася, адшчапіла частку касьці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі студ- зень, люты, сакавік - амаль тры месяцы. He зажывала...