• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    Баі грукочуць вакол нас, на ўсім даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цішыня, апроч нас, няма нікога. Немцы нас ня бачаць. I раптам проста над сьціртамі спускаецца нямецкая «рама», трохі прабягае па сьнезе і спыняецца. Вылазіць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьці там калупацца. I адзін з разьведчыкаў кажа стар- шаму лейтэнанту: «А давайце захопім “раму”». Я авіямэханік, магу ўзьляцець». Увогуле дзіўнаваты намер, але што рабіць? Улезьлі мы добра, невядома, ці выседзім хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлі трое да самалёту. У белых хала- тах, не адразу зразумееш, хто? He дайшлі, можа, мэтраў пяцьдзясят. Немцы штось крыкнулі, і нашы нерашуча спыніліся, нехта схапіўся за аўтамат. I ў той момант раз- варочваецца кулямётная турэль, і з буйнакалібернага як паласнуць па разьведчыках... Самалёт завёўся, зрабіў невялікую разьбежку і падняўся ў неба.
    Выходзілі адтуль ноччу. Сьвяціла поўня, на сьнезе відаць далёка, таксама натрываліся страху. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, і я стыргікаў, абапіраючыся на чыюсь вінтоўку. Але ўрэшце перайшлі шашу і ў нейкім сяле выбавіліся да сваіх. Але сяло бамбуюць «юнкерсы», сыплюць касэтнымі бомбамі.
    У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспа- дарыць дзяўчына ў пагонах, выпісвае «карткі пярэдняга краю» і кіруе пагрузкай. Але транспарту няма, параненыя нэрвуюцца. Даходзіць чарга да мяне, пытаецца: зь якой часьці? Называю сваю дывізію, а яна кажа: то ня наша часьць, я ня дам картку. Што рабіць? Бяз гэтай карткі мяне ня прыме шпіталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пікіроўшчыкаў, - выбухі, вылятаюць прэч вокны. I дзяўчына, страсянуўшы зь сябе тынкоўку, таропка пад- пісвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам выбіраемся на вуліцу. Бамбоўка скончылася, ды на вуліцы пуста. I раптам адне- куль «віліс» з афіцэрам, і мой сяржант крычыць: «Коля!». Шафёр - яго знаёмы. На тым «вілісе» пад вечар я быў ужо ў армейскім шпіталі ў Александрыі. Во як пашэнціла ўрэшце.
    14.	Шпіталь. Дарога на фронт
    Вайна - бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньні зь перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Шпіталь у Алек- сандрыі якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазьні, пражарылі вашывую вопратку, далі чы- стую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозьвішчам Вара- шылаў. (3 Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпіталь належаў Пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга ня го- яцца. Людзі пакутуюць, часта нэрвуюцца і лаюцца. Зь сёстрамі, між сабой, з начальствам. А начальства - дакта- ры - тут ці ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькі палітрукі, якія і тут ведаюць адно і тое ж - сваю надакучлівую прапаганду, прывіваць нянавісьць да нямецка- фашыстоўскіх захопнікаў. Тае нянавісьці ў нас саміх звыш меры - і ня толькі да фашыстоўскіх захопнікаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьці пасылаюць начальнікаў на тры літары, тады ў палаце скандал, вечарам ці ноччу паяўляецца с ь м е р ш28, недысцыплінаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, ніхто ня рвецца, усё ж тут як-ніяк цёпла, ціха і не забіваюць. Праўда, галаднава- та, але да голаду за жыцьцё мы прывыклі.
    Часам узьнікаюць размовы, успаміны пра нядаўнія баі. Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в тан- ковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра сарака- пяткі танкісты і слухаць не хацелі, для іх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалі. Га- ворка часьцей ішла пра «тыгры» і «фэрдынанды», якія са зручных пазыцый выбівалі нашы танкавыя батальёны. A іх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёр- цы 76-мм гармата іх ня брала, а яны са сваёй 88-мілімэтроўкі наскрозь прабівалі браню нашых танкаў. А мы, дурні, былі
    засвоілі, што наша трыццацьчацьвёрка - лепшы танк у сьвеце. Паслухалі б прыхільнікі гэтых трыццацьчацьвё- рак, што пра іх кажуць тыя, хто ў іх гарэў і гінуў. Але ж «наша», рускае, усё лепшае - і састарэлая «драгунка» ўзору мінулага стагодзьдзя, і ППШ - аўтамат фінскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, і вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбіным мяху». Што ўжо казаць пра фран- тавыя шпіталі, пра якія ня раз з болем і гневам пісаў Віктар Астаф’еў. Галоўнае шпітальнае лякарства - іхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалі ўсе раны. Добра, калі рана чыстая, а калі ў ёй зямля, часткі бруднай апраткі... Пэніцыліну ж тады не было. Найболь- шая надзея была на хірургаў, якія рэзалі няшчадна, тым, можа, і найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайско- вая, хіба што гарачая - хлеб, каша пярловая, радзей пшон- ная, суп вермішэлевы ці зноў жа пярловы. I традыцыйны чай. (На фронце мы дзівіліся, што немцы п’юць каву - напой, які мы ў сялянстве ніколі ня спытвалі і які здаваўся нам агідным, бы з сажы. Але яны пілі яго з малаком.)
    Афіцэраў усё ж імкнуліся разьмеркаваць па якіх-небудзь будынках, салдатаў жа клалі звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўніках ці сьвінарніках. Трохі вычышчалі гной, слалі салому, якую накрывалі зьверху ўнівэрсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамі. Укрываліся кожны сваім шынялём ці ватоўкай, спалі не- распранутыя. Зімой на праходзе ставілі жалезную грубку- бочку, якую палілі круглыя суткі. Вакол яе месьцілася 2- 3 сотні параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спак- валя пачалі адзін з другім знаёміцца, моладзь - кучкавац- ца па інтарэсах. Нават гуляць у карты. Калі-небудзь ноччу пры сьвятле капцілкі можна было пачуць пад ціхенькі пера- бор балалайкі якую з папулярных песьняў. A то і салдацкі фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я нз танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жнть, - в танковой брнгаде мне уж не служнть. A наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в тан- ке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жнть...
    Очень внноватый, я нм говорю: в завтрашней атаке обяза- тельно сгорю...» - і г. д.).
    Як пачала гаіцца нага, стаў выходзіць у горад. Недалё- ка быў імправізаваны кірмаш, дзе прадавалі семкі, махор- ку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут ака- залася, што ў мяне няма разьліковай кніжкі, таму я не магу атрымліваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кніжкі я ніколі ня меў, на перадавой навошта мне былі грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камізэлька, якую я і загнаў, купіў бутлю бураковай самагонкі. Пасьля на той жа кірмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны - блізілася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаілася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабілі перавязкі. Са сваёй дывізіяй ня меў ніякай сувязі, нікога адтуль не пас- тупала, і ня дзіва: то быў шпіталь іншай арміі. Але за тым, што рабілася на фронце, увогуле сачылі- кожны дзень прывозілі параненых, тыя расказвалі. Асаблівы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсіравалі Буг. Неўзабаве шпіталь перамясьцілі трохі на поўнач, пад Зна- менку. Зноў - у калгасную абору, афіцэраў - у будынак сельскае школкі. Там пачалі выдаваць лёгкі духмяны та- бак, і я прывучыўся курыць. Мне ішоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як насьміхаліся старыя курцы.
    Нарэшце пад чарговы пераезд шпіталю выпісалі. Зь яшчэ адным выздаравелым - параненым танкістам, ма- лодшым лейтэнантам Тавакіным [- ] атрымалі прадпісаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай арміі. Ішлі пехатой за фрон- там, які пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начую- чы дзе заставала ноч, там жа і кормячыся. Тагачасныя ўкраінскія сёлы, двойчы абрабаваныя - калектывізацыяй і вайной - былі не багацейшыя за беларускія. Праўда, можа, ня надта пабураныя — там не было «партызанкі». Звычайна, як мы паяўляліся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькі фасоля ды бараболя». Нам добра была і фасоля з барабо- ляй. Калі-нікалі, праўда, перападала і шклянка самагонкі - сьмярдзючай і мутнай буракоўкі, - і той мы былі радыя.
    Усюды па дарогах і сёлах пыталіся з Тавакіным пра свае часьці, і аднойчы мой танкіст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкіст, і я прадаўжаў пошукі адзін. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украіне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогі былі жахлівыя, суцэльная гразь. Клейкі ўкраінскі чарназём адрываў падэшвы, і мае кірзачы ашчэрылі зубы. Скрозь войскі, войскі... Адны калёны ішлі на поўнач, іншыя на захад ці на поўдзень — не зразумець.
    Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлі перадкі з гарматамі. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, - то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якім я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго - куды і адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нікуды і не выбываў, толькі перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывізія? - пытаюся я. А во яна, кажа, перакідваюць на іншы ўчастак. Я падзівіўся: перада мной прайшоў мой полк і - ніводнага знаёмага твару? А стар- шы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нікога няма. A наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывізію, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго іншага. (Наіўны чалавек - ён меркаваў, што дзесьці ёсьць дывізіі «вязучыя».) Але тады я паверыў яму і зрабіў так, як ён раіў.
    Празь дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакумэнты, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраваньне ў 252 СД29. Амаль шчасьлівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслякацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра, можа, ведае, дзе шу- каць 252 СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся. I я трохі пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывізіяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.
    Таго ж дня ў штабе дывізіі мяне прызначылі камандзірам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.