• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    Між тым, як мне распавёў з крыўдай другі гарадзенскі пакутнік Г. Цьвятніцкі, яўныя агенты хадзілі побач па гара- дзенскіх вуліцах, ніхто іх не лавіў. Рэч у тым, што ў 41-м годзе немцы вельмі хутка захапілі Горадню, а слаўныя чэкісты так порстка ўцяклі, што не пасьпелі зьнішчыць картатэку ўласных агентаў. Завалодаўшы ёю, гестапа зусім ня рупілася расстрэльваць савецкіх сэксотаў - яно іх ху- ценька перавербавала і змусіла працаваць на нямецкія ўлады. Так яны і працавалі аж да вызваленьня ў 44-м годзе. А як прыйшлі «другія саветы» (так мясцовыя жыхары назы- валі тагачасную рэстаўрацыю савецкай улады), чэкісты пры- везьлі з Масквы захаваныя там дублікаты даваенных картак, і тыя самыя людзі зноў пачалі працаваць на старых-новых гаспадароў. Тое доўжылася шэраг гадоў, іх пасьпяхова выка- рыстоўвалі без увагі на іх нядаўняе гестапаўскае мінулае, аж пакуль яны былі патрэбны. Пасьля прыбралі патроху - бяз гвалту і шуму. Але ж людзі ўсё бачылі. Толькі не абураліся. ГІрывыклі за гады ліхалецьця.
    У кватэры было малаўтульна і сьцюдзёна, па ваду трэ- ба было хадзіць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны і пачаў пісаць. Пазьней, калі ўжо стаў аўтарам кніжак, у мяне пыталіся: як і чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой ісьціне яго навучыць? Мабыць, - ніякіх ісьцін; адразу адчуў, што па натуры я не прапа- веднік. Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцьці, неяк вызначыцца. Мне ішоў 32-гі год, а ў галоў- ных адносінах — пошуках свайго месца сярод людзей - я быў пачаткоўцам. Пэўнага месца ў жыцьці ў мяне не было, што, безумоўна, не магло не турбаваць мяне, як і кожнага чалавека ў гэткім становішчы. Тое ж, чым я займаўся зь юначых гадоў, аказалася зманам, пустэчай, поўнаю непат- рэбнасьцю. Суцяшала хіба меркаваньне, што ўсё тое адбы- валася не па ўласнай волі. На тое быў змушаны. Лёсам, жыцьцём, людзьмі - добрымі і злымі. А найбольш уладай, якая ў нас тады намагалася вызначаць усё - ад глабаль- ных мэтаў да лёсу маленькага чалавека.
    У тую зіму пісаў шмат, менш перапісваў і амаль усё рваў на шматкі. Мала што даводзіў да фіналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве траціў цікавасьць. Усё зда- валася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Міхась Васілёк сказаў, што будзе паседжаньне літгуртка, дзе і абмяркуем.
    Тое паседжаньне абласных аматараў літаратуры было першым і апошнім, у якім я ўдзельнічаў. Прыйшло паўта- ра дзясятка чалавек розных узростаў - студэнтаў і пэнсія- нэраў, адна дзяўчына. Галоўным арбітрам быў выкладчык пэдінстытуту, які няшчадна граміў нас, бы ворагаў прыго- жага пісьменства, пасягацеляў на літаратурныя асновы. Іншыя раўняліся на кіраўніка. Мне там дасталося болей за ўсіх. Рэдакцыйны супрацоўнік пападкрэсьліваў чырвоным алоўкам усе займеньнікі ЁН, атрымалася дужа страката і ўражліва. Тое і вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсіх адносінах. Зрэшты, у іншых было ня лепш. Пасьля Міхась Восіпавіч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго нава-
    жыўся паслаць новае апавяданьне ў часопіс «Маладосць», які нядаўна пачаў выходзіць у Менску.
    Дзеля праўдзівасьці мушу зазначыць, што перад «Стра- тай» напісаў невялікую вайсковую аповесьць пад назовам «Апошні баец», якую наслаў у «Маладосьць». Аповесьць, на мой погляд, была беззаганнай у ідэйных адносінах, але ў друк яе не прынялі. Загадчык аддзелу прозы Іван Навумен- ка, паморшчыўшыся, сказаў аўтару, што для часопісу не падыходзіць. Тады я быў гатовы пакрыўдзіцца, а неўзабаве стаўся ўдзячны будучаму акадэміку і народнаму. Праўда, каб зразумець тое, спатрэбілася надрукаваць аповесьць - з пра- цягам у «Чырвонай зьмене». Болей яе не друкаваў нідзе58.
    Па справах падпіскі ў Горадню прыехаў Георгі Шчар- батаў, беларускі пісьменьнік, намесьнік рэдактара часопісу «Маладосьць». Ён ужо чытаў мае першыя апавяданьні, адно зь якіх надрукавала і ягоная «Маладосьць». Увечары мы спаткаліся ў кафэ на Савецкай і добра пагутарылі. Георгій уважліва паставіўся да мяне, папытаўся, дзе, што? Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Сказаў, што маеш талент, трэба толькі пісаць. Я сказаў, што філялягічнай адукацыі ня маю, ва ўнівэрсітэце не вучыўся. На тое Шчарбатаў заўважыў, што вучыцца, канешне, трэба, але тое не галоўнае. Галоў- нае ўсё ж талент. Hi Талстой, ні Горкі, ні Бунін ня мелі ўнівэрсітэцкай адукацыі. У літаратуры ўсё дасягаецца працай. Таксама як нашыя Брыль або Танк. I калі Ша- мякін скончыў двухгадовую ПШ59, дык ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры60. У партыйных школах літаратуры ня вучаць, вучаць зусім іншаму. Тыя ягоныя словы ўвогуле мне запомніліся, хоць Георгі Шчарбатаў зусім ня быў пісьменьнікам першай велічыні.
    Праз колькі гадоў Я. Еўтушэнка напіша, што вялікія мала чым могуць дапамагчы пачаткоўцам, якім звычайна плённа дапамагаюць сярэднія таленты. Тое - праўда61.
    Першага жывога пісьменьніка-празаіка я пабачыў у Га- родні, то быў Піліп Пястрак.
    Неяк, будучы на Савецкай, згледзеў, як пажылы чала- век у саламяным капелюшы штось прыпыніўся на ходніку і азіраецца. Прытым з замілаваньнем вымаўляе адно толькі слова «кошык». Сапраўды, непадалёк пераходзіць вуліцу вясковая кабета з пустым лазовым кошыкам. У тым чала- веку я пазнаў знакамітага на той час пісьменьніка Піліпа Пестрака.
    To быў ці не апошні з арыгіналаў - заходнебеларускіх пісьменьнікаў-камуністаў, шмат год сядзеў у Гродзенскай турме, дзе, дарэчы, студыяваў марксізм, выхоўваючыся як пралетарскі рэвалюцыянер. Ім ён і застаўся на ўсё жыцьцё.
    Аднойчы, у час чарговае дэкады беларускай літарату- ры, група беларускіх пісьменьнікаў езьдзіла па раёнах, дзе іх вадзілі па жывёлагадоўчых комплексах, паказвалі новыя сіласныя вежы. Як група ў белых халатах пайшла ў чар- говы сьвінарнік, Піліп Сямёнавіч прытрымаў мяне за кры- со - што, ты не нанюхаўся гаўна? Пойдзем у аўтобус.
    Мы зайшлі ў пусты аўтобус, і Піліп Сямёнавіч адразу выпаліў: парадку ня будзе. - Чаму? - Бо ўладу захапілі ворагі. - Якія ворагі? - Клясавыя.
    Пястрак памаўчаў. - У гэтага ж I. было аж 80 гектараў зямлі. А ў Б. - 40. А ў вашага Карпюка - 30. Во яны і кіруюць. Да чаго дакіруюцца...
    Гэта быў даўні пункцік Піліпа Сямёнавіча. А ўвогуле ён быў чалавек прыстойны, нават чалавечны. На пісьменьніцкіх мерапрыемствах заўсёды выступаў у абарону слабых і па- крыўджаных. Ня ладзіў з начальствам. Любіў Барадуліна - можа, ня так за вершы, як за ягоную апалітычнасьць. У паездку заўжды выпраўляўся з старым пацертым партфе- лікам, зь якога, як толькі займаў месца ў купэ, выстаўляў бутэльку, клаў ладны шмат сала, пару цыбулінаў. I пачы- наў пачостку з размовай. Калі здаралася наведаць рэста- ран, замаўляў гарэлку на вагу - але не па 200 грамаў, a адразу на ўсіх - 800. Заўжды плаціў сам.
    Ягоны канфлікт з уладамі пачаўся ў 39-м. Адразу пась- ля вызваленьня з Гродзенскай турмы Пястрак кінуўся ства- раць рэвалюцыйны камітэт, каб помсьціць палякам. Але чырвонаармейцы прывезьлі ў Горадню свой рэўкам, а шмат-
    гадоваму вязьню сказалі - асадзі назад. Ён, натуральна, пакрыўдзіўся, ды стрываў. Пасьля яшчэ шмат разоў крыў- дзіўся, бо яго асаджвалі ўсё ніжэй і ніжэй. Памёр ён на адзіноце, ці ня ўсімі забыты, аўтарам ці не аднаго, хоць і таўстога, раману «Сустрэнемся на барыкадах».
    41.	«Гродзенская праўда»
    Тым часам настала вясна, на Савецкай вуліцы ў Горадні зацьвіталі каштаны. Я перабраўся на іншую кватэру - таксама нехуцавую, але з водаправодам. Сталай працы ўсё яшчэ ня меў. Неяк ідучы па вуліцы, спаткаў намесьніка галоўнага рэдактара Андрэя Салаўёва, які папытаўся пра мае справы і сказаў зайсьці ў рэдакцыю. To быў удалы візыт: неўзабаве я заняў месца ў сакратарыяце - тое самае, якое пакінуў сем год таму. Маім новым начальнікам - ад- казным сакратаром - тады стаў Андрэй Колас, які неза- доўга перад тым пераехаў з Ваўкавыску. За сталом побач працаваў мастак-рэтушор Валодзя Фрыдрыхсон, выкрутлівы лёс якога закінуў з Архангельску на Беларусь. Ён нарадзіўся ў сям’і абруселага немца, але як пачалася вайна, каб пазьбег- нуць пэўных праблемаў, выдаў сябе за яўрэя, ды быў вык- рыты і апынуўся ў працоўных лягерох на Паўночным Ура- ле. Будучы па адукацыі кінаапэратарам (скончыў ВГІК62), ня мог уладкавацца ў Расеі, а ў Горадні яго прыгрэла ўсё тая ж добрая душа Андрэя Абрамавіча Салаўёва. Георгій Цьвятніцкі, як і раней, за сталом насупраць мераў лінейкай набор ды маляваў макеты газэтных старонак.
    Я на той раз меў шмат сакратарскіх абавязкаў. Най- перш вычытваў тасаўскія і белтаўскія стужкі, што перада- валіся па тэлетайпе, пасьля правіў тэксты перакладаў зь беларускай на расейскую і наадварот. Вычытваў таксама расейскія матар’ялы. Для таго давялося грунтоўна заняц- ца стылістыкай. Андрэй Абрамавіч неяк уручыў мне тоў- стую кнігу - курс газэтнай стылістыкі для завочнікаў, які я добрасумленна праштудыяваў. Газэтная практыка, вядо-
    ма ж, куды як адрозьнівалася ад пурытанскай тэорыі, і маёй праўкай журналісты былі незадаволеныя. Усе так пішуць, казалі яны. Сапраўды, менскія газэты, у тым ліку «Советская Белоруссня» і «Звязда» (ды і «Правда» такса- ма), кіраваліся ўласнымі партыйнымі правіламі стылістыкі. Чаму «Гродзенская праўда» павінна кіравацца інакшымі? I я махнуў рукой. Хай ідуць, як ішлі дагэтуль, гэтыя несьмя- ротныя выразы накшталт: вядуць барацьбу, вядуць убор- ку, вядуць нарыхтоўку. Ды шмат іншых. Колішняга стро- гага раўніўца літаратурна-газэтнай мовы Міколы Аўчаро- ва ўжо не было ў рэдакцыі. Зь яго «падазроным» мінулым ён тут працаваў нядоўга і, звольнены, зьехаў у Таганрог, дзе паступіў на камбайнавы завод рабочым. A то быў выдат- ны мовавед, якія ў рэдакцыях здараюцца нячаста.
    На пачатку лета з аддзелу культуры мне далі адзін мата- р’ял наконт кватэрнай несправядлівасьці, і я за выхадны напісаў фэльетон. Ірына Суворава ў маёй прысутнасьці адда- ла той фельетон Коласу, дадаўшы пэўныя камплімэнты ў адрас аўтара. Тое змусіла мяне да ніякаватасьці. Нязвыклы да пахвалы, я ня ведаў яшчэ, што ў пэўныя моманты лягчэй трываць папрок, чым пахвалу. Тым болей публічную і ад жанчыны, да якой маеш сымпатыю.
    У адным зь летніх нумароў «Маладосьць» надрукавала маё апавяданьне «Страта». А яшчэ празь невялікі час тое апавяданьне выйшла ў маскоўскім часопісе «Советскнй во- нн». Пераклаў яго вайсковы журналіст Якаў Плехаў, які тады таксама пачынаў сваю літаратурную творчасьць. Гэта падвойная ўдача адразу ўзьняла аўтара ў яго ўласных вачох, хаця зьнешне я стараўся быць як мага спакайнейшым. Ма- быць, баяўся спалохаць нечаканую ўдачу. Тым болей, што, прачытаўшы абодва тэксты, знайшоў там масу слабіны і нават недарэчнасьцяў, з чаго доўга пакутаваў. Тыя перажы- ванкі імкнуўся заглушыць працай над новымі рэчамі, калі, здавалася, напішацца лепш. Бо ўжо займеў нейкі вопыт.