• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 8 Мэмуарная проза Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 8

    Мэмуарная проза
    Васіль Быкаў

    Памер: 576с.
    Мінск 2009
    157.69 МБ
    Што гэта менавіта так, неўзабаве пераканаў і наступны выпадак.
    Неяк позьняй восеньню мяне ўгаварылі з замежнай камі- сіі СП зьезьдзіць у Румынію. Прытым аднаму. Ехаць мне туды ня надта хацелася, знаёмых там не было. Праўда, у Бухарэсце выйшла некалькі маіх кніжак, і жанчына з за- межнай камісіі надта пераконвала: маўляў, румыны вас чытаюць, любяць і дужа просяць. Паездка тая прынесла мне мала радасьці, разбалеўся зуб, давялося яго выдзіраць, заплаціўшы за тое ці ня ўсе мае камандзіровачныя. Прымалі, аднак, добра, праўда, пацікавіўшыся напачатку, што я пішу — вершы ці прозу? Тое шмат пра што мне сказала. Але там усё ж адбылося некалькі добрых знаёмстваў зь літа- ратарамі, і адзін зь іх, аўтар манаграфіі пра расейскую
    літаратуру, падарыў мне сваю візытоўку з прозьвішчам Утан. (Гэткае прозьвішча на той час меў генэральны сак- ратар ААН.) Дома да мяне ў габінэт прыйшоў для размо- вы Барыс Клейн, мы пагутарылі, я распавёў пра паездку і паказаў тую візытоўку. Барыс шчыра зьдзівіўся: ты сус- тракаўся з У Танам? Кажу, так, сустракаўся, і ён нават напісаў пра мяне ў кніжцы. Госьць усё зразумеў, мы пасьмя- яліся і разьвіталіся.
    Празь які дзень у Горадні падняўся таемны шум наконт У Тана. Знаёмы доктар цікавіцца, з кім я сустракаўся ў Румыніі? А што, і Генсек ААН быў там? - Ды не, кажу, што яму там рабіць? Звоніць дырэктар бібліятэкі: ня мо- жаце назваць, якія кнігі напісаў У Тан? Тут спатрэбіліся, а знайсьці ня можам. Пытаюся, каму спатрэбіліся? — Тое не тэлефонны разгавор... Але ведама, каму. Словы Клейна яны запісалі, а візытоўку, вядома, ня бачылі і падумалі, што тое - нелегальна прывезеная кніга У Тана. Значыц- ца, дзесь пад канапай у мяне - жучок.
    58.	Ідэалягічныя дывэрсанты
    Пасьля малавясёлай гісторыі з публікацыяй «Пракля- тай вышыні» намеры мае наконт ваенна-франтавой тэмы пачалі марнець. Хоць я і бачыў там яшчэ нямала магчы- масьцяў і ў галаве мроілі пэўныя пляны, але, прыкінуўшы, як тое будзе сустрэта начальствам і крытыкай, рашыў ус- трымацца. Тым болей, што і ў партызанскім мінулым ба- чылася мне ня менш цікавага, можа, найперш сваёй ма- ральнай праблематыкай. Трэба зазначыць, што як за тую, так і за іншую тэму я браўся пасьля ўсіх. Як ужо іншыя напісалі шмат і пра фронт, і пра партызанаў. Каб не замінаць іншым, я стараўся сьціпла ісьці сьледам і пад- біраў пакінутае.
    Падобна, у краіне махнулі кіраўнічай рукой на эканоміку, прамысловасьць, на далейшы ўздым сельскай гаспадаркі і ўзяліся за любімы канёк — уздымаць ідэалёгію. 3 поваду ідэалёгіі праводзіліся пленумы ўсіх узроўняў, творчых саю-
    заў; рэдакцыі і выдавецтвы ўмацоўвалі выпускнікамі ВПШ ды АГН205. Неверагодных памераў дасяглі Галоў- і аблліты, сыіісы забароненых тэмаў і зьвестак набылі таўшчыню тэлефонных даведнікаў. У рэдакцыях і выдавецтвах галоў- ным чалавекам стаў цэнзар, які прыдзірліва мацаў кожны радок і пры парушэньні дакладваў наверх, каб апэратыўна зрабіць аргвывады. Прапагандовым апаратам было вы- найдзена ёмістае і ўнівэрсальнае азначэньне: ідэаля- г і ч н ы я д ы в э р с і і206. Для іх выяўленьня пры кожным парткаме працавалі ідэалягічныя камісіі, якія так- сама выносілі свае вэрдыкты. Для пачатку ва ўсіх інстан- цыях правялі кампанію па выяўленьні абстракцыяністаў і барацьбе зь імі.
    Аднойчы мяне паклікалі ў абкам, дзе першы сакратар Уладзімір Міцкевіч, чалавек двухмэтровага росту і з квад- ратнымі пашчэнкамі, папытаўся, ці ведаю я, што такое абстракцыянізм. У меру маіх ведаў і разуменьня я спраба- ваў растлумачыць, што гэта такое, і сказаў, што ў літарату- ры абстракцыянізму няма. «А Еўтушэнка?» — было зада- дзена пытаньне. - «Ну які ж Еўтушэнка абстракцыяніст, ён самы што ні ёсьць сацыяльны рэаліст», - сказаў я. - «А ваш Карпюк?» Тое мяне ўжо зусім зьдзівіла: «Карпюк - абстракцыяніст?» Але, як хутка выявілася, абкамаўскі бос клікаў мяне зусім не затым, каб слухаць мае тлумачэньні.
    Калі неўзабаве быў скліканы абласны сход гаспартак- тыву, Міцкевіч ужо граміў на ім маскоўскіх абстракцыя- ністаў Еўтушэнку і Вазьнясенскага, да якіх далучыў і на- шага Карпюка. Сход патрабаваў ад члена КПСС Карпюка прызнацца, і той выказаўся ў тым сэнсе, што нават добра ня ведае, што гэта такое. Тады Міцкевіч заявіў у заключ- най прамове, што таварыш Карпюк, як усе тут пераканаліся, замаскаваны абстракцыяніст, хаця і не прызнаецца.
    Трэба зазначыць, што ў першага сакратара абкаму было нямала прэтэнзіяў да Карпюка зь іншага поваду. Даўні змагар за праўду і справядлівасьць, Аляксей з усякага пова- ду хадзіў у абкам і гадзінамі сварыўся з усімі сакратарамі, у тым ліку і зь першым. Яго абуралі адносіны кіраўніцтва
    да стану культурных устаноў у вобласьці, да забесьпячэнь- ня гараджанаў прадуктамі, нават тое, што адрослыя ў скве- ры дрэвы засланяюць бюст Элізы Ажэшкі. Цяпер, здаецца, надарыўся момант, каб публічна зганіць пісьменьніка. Але Карпюк рашыў не паддацца, паехаў у Менск да Машэра- ва207. Калі з прыёмам у Машэрава не атрымалася, кінуўся ў Саюз пісьменьнікаў да Танка208. Але Танк толькі разьвёў рукамі — маўляў, што ты будзеш рабіць з дурнямі. Ма- быць, Яўген Іванавіч меў рацыю, ён даўно ня ўмешваўся ў ніякія канфлікты з уладамі. У лепшым выпадку мог адас- лаць да свайго вечнага намесьніка Шамякіна. Але каб Шамякін за каго-небудзь заступіўся перад партыйнымі орга- намі, такога не здаралася. Ён сам іх баяўся; казалі, што, калі ў СП званіла кіраўнічая дама Сінельнікава, з трубкай у руцэ прымаў стойку «сьмірна».
    Пасьля зьезду на месца Сінельнікавай у ЦК прыйшоў Савіцкі, і першай яго камандзіроўкай на перыферыю ста- ла паездка ў Горадню.
    Карпюк паклікаў мяне ў Дом Ажэшкі209, дзе ён звычай- на сядзеў над друкаркай, і кажа: «Слухай, прылятае Савіцкі, дык ты сустрэнеш яго ў аэрапорце, а тут буду прымаць я. Як і належыць па пратаколе».
    Я так і зрабіў. Спаткаў важнага госьця ля трапу сама- лёта, на абкамаўскай «волзе» прывёз да Карпюка. Карпюк падняўся з-за стала. Савіцкі, які некалі разам з Карпюком вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, па-таварыс- ку працяг руку - здароў, Аляксей. Аляксей, аднак, схаваў свае рукі за сьпіну і мовіў: «Во што, Алесь. Ты стукач, і я табе рукі не падам. Але калі ты прыехаў ад ЦК, дык сядай, будзем гаварыць аб справе».
    Савіцкі, мабыць, меў добрыя нэрвы, не міргнуўшы во- кам, сеў за стол. Пачалася казённая размова — выкананьне плянаў, адносіны і ўзаемаадносіны. Карпюк хутка згубіў увагу да госьця і сказаў, што ў яго сёньня шмат працы, ён канчае аповесьць. Яны холадна разьвіталіся. Той халодны прыём праз кароткі час даволі горача адгукнуўся ў Кар- пюковым лёсе.
    59.	Хэмінгуэй, Рэмарк
    Як я з часам пераканаўся, жыцьцё ў правінцыі мае хіба ўяўную перавагу перад сталічным жыцьцём, дзе ў сучасна- га чалавека сапраўды ёсьць магчымасьць схавацца ў мураш- ніку шматлюдзьдзя. Насуперак пашыранаму меркавань- ню, у правінцыі тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якія заўсёды імкнуцца ўсё і пра ўсіх ведаць. Зноў жа - візыты. У Горадні, дзе мы шмат год жылі з Карпюком, не мінала тыдня, каб хто не прыехаў да нас - зь Менску, Масквы ці з Полыпчы. Вядома ж, прыяжджалі сябры, харошыя людзі, журналісты, якім мы былі радыя. Звычайна пасьля такіх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамі. Але сярод іх траплялі і падазроныя ці яўна падас- ланыя па лініі бясьпекі людзі. Ды як было ўведаць пра тое? Іншыя пісалі пісьмы ці тэлефанавалі па справах зь Менску або Масквы. Часта званіў Мікола Матукоўскі. Ён працаваў у «Нзвестпях» і, вядома, шчыраваў для сваёй газэты. Што-нішто я пісаў так, як разумеў з праблемаў літаратуры ці мовы, ён, вядома ж, перапісваў, і тое друка- валі, мала, аднак, робячы радасьці аўтару. Аднойчы да нас прыехаў любы ўсімі Уладзімер Караткевіч210. Тады ён пісаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і хацеў паглядзець на гродзенскія «касталомныя вежы». He чакаючы, калі яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склікаў тутэйшых літаратараў у рэстаран «Беларусь» (які яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага і абліў любую ім Дануту211. Пасьля гжэчна выбачаўся і цалаваў яе ручкі. Незадоўга да свае сьмерці прыехаў з Варшавы слынны польскі паэт Віктар Варашыльскі, якога пасьля затрымалі на гродзенскай мытні, зрабілі ганебны, зьневажальны пе- ратрус па поўнай праграме. Варашыльскі тут нарадзіўся і з бацькамі жыў у вайну. Немцы ня вынішчылі сям’ю славу- тага гродзенскага яўрэя-гінэколяга толькі з тае прычыны, што ўсе гады акупацыі яе ратавала беларуская жанчына, былая работніца раддому. Віктар распавядаў, як тая цяга- ла па начах трох малых і трох старых, перахоўвала ў
    скляпах і закінутых хлеўчуках, рызыкуючы ўласным жыць- цём і жыцьцём сваіх крэўных. I выратавала, ніхто не загінуў. Памерла тая жанчына ў 70-я гады, не адзначаная ні бела- рускай уладай, ні ізраільскім Ё д я ш э м212. Дрэўца ў яе гонар ля славутай менскай Ямы нікім не пасаджана.
    На дзень ці два мы з Карпюком мелі прыемнасьць су- стракаць у Горадні ўжо тады слыннага пісьменьніка з Бела- стоку, апальнага Сакрата Яновіча213. У часе прагулянак па гарадзенскіх ваколіцах ён распавядаў пра свой перасьлед ад польскіх уладаў, а мы распавядалі яму пра свой. Тым і паразумеліся. Як паказаў час, - назаўжды.
    Асаблівую прыязнасьць госьці праяўлялі да Карпюка, тым болей, што ён быў заўсёды даступны, днямі сядзеў у сваім офісе, стукаў на друкарцы. Неяк зачасьціў у Горад- ню журналіст і пісьменьнік Олек Амельяновіч, таксама з Беластоку. Карпюк звычайна не любіў пачостак і ў пэўных выпадках запрашаў мяне або прыводзіў каго да мяне на кватэру. Амельяновіч быў просты, таварыскі хлопец, ах- вотна піў і шмат распавядаў пра свае экзатычныя вандроўкі на поўдзень, у Лацінскую Амэрыку. Але аднойчы, перад тым, як ён меўся прыехаць, у Карпюковым офісе раздаўся ананімны званок, і хтось папярэдзіў, каб Олека не прымалі. Мы апынуліся ў разгубленасьці - чый гэта званок, зь якога боку? Памятаю, тады ўтрох - я, Карпюк і Клейн, - адышоўшыся ў парк ля Каложы214, абмяркоўвалі тое зда- рэньне. Што гэты званок — зь бясьпекі, не выклікала сум- неву, але зь якой? Карпюк кажа: а раптам то зь іхняй? Разумны Клейн адказвае: і з нашай ня лепш. Так мы нічога і ня вырашылі. Але, здаецца, пасьля гэтага Амельяновіч не прыехаў зусім. Затое, калі неўзабаве ў Карпюка зьявілася патрэба зьвярнуцца да яго ў Беластоку, той яго выручыў, як ня мог выручыць ніхто ў Беларусі.