Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
85. Таганка
Мінуў пэўны час, і хтосьці з маіх сяброў (здаецца, Адамо- віч) зацягнуў мяне на знакамітую тады Таганку і славуты спэктакль «Гамлет» з Высоцкім300 у галоўнай ролі. Тут шмат што было не такое, як у МХАЦе, пачынаючы з ба- гемнага выгляду кабінэту галоўнага - Юрыя Любімава301, дзе на сьценах значыліся дзясяткі (калі ня сотні) аўтогра- фаў знакамітых наведвальнікаў, што вялі тут спаборніцтвы ў вастраслоўі. Галоўны захопліваў адразу катэгарычнай трапнасьцю думак і меркаваньняў. Здаецца, для яго не было ні ўлады, ні аўтарытэтаў, а толькі адно вялікае мастац- тва тэатру, якому ён імкнуўся служыць беззаганна. Тое ж можна было назіраць і на сцэне, дзе апантаны Высоцкі, гойсаючы са шпагай у руках, змагаецца зь цяжкай суконнай заслонай. Асацыяцыі самыя блізкія і пазнавальныя, нягле- дзячы на замшэлую даўнасьць тэмы. А можа, справа менавіта
ў той замшэласьці? Сучаснасьць усё ж будзе ўспрымацца інакш? Без неабходных для тэатру ілюзіяў.
Позна ўвечары невялічкай групай пайшлі ў рэстаран, трэба было адзначыць знаёмства з Таганкай. Ініцыятарам таго, вядома ж, быў Адамовіч. Памятаю, тады ж пазнаёміўся з Юрам Каракіным302, які нядаўна прыехаў з Прагі, дзе працаваў у часопісе. Размова, натуральна, зайшла пра тэатр і сучасных актораў. Акторы ўвогуле дрэнь, нават і ў сла- вутых тэатрах. Бо ўсе выходзяць з навучэнства паводле адной сыстэмы. А ў навучэнства трапляюць або па блаце, або па агульным конкурсе: хто без памылак напіша сачы- неньне на тэму «Я знаю, город будет, я знаю, саду цвесть». На Захадзе інакш, казаў Каракін. Знакаміты рэжысэр Віскон- ці, якому спатрэбілася ў Алжыры маладая актрыса, пай- шоў у суседнюю гімназію і «выгледзеў» дзяўчыну. Тою дзяўчынай аказалася Клаўдзія Кардынале. «Мабыць, у пэў- ных краінах дзяўчаты ад нараджэньня - актрысы, воль- ныя і таленавітыя, чаго ў нас ніякімі лекцыямі не дамо- жашся. Але для таго яшчэ трэба быць знакамітым Вісконці», — сказаў Высоцкі. Як разыходзіліся, ён папытаўся, ці нельга ў Менску дзе «падхалтурыць», на якой карціне, бо трэба грошы.
Як бы там ні было, мяне ўгаварылі паспрабаваць напі- саць п’есу, на гэты раз сынтэтычную з дзьвюх аповесьцяў — «Сотнікаў» і «Круглянскі мост». Я абяцаў, хаця з увагі на складанасьць задачы мне далі памочніка, які, здаецца, усё і зрабіў. Прыехаўшы на прагон, я мала што зразумеў. Але мусіў празь дзень ісьці зь Любімавым у Мінкульт, дзе павінна адбыцца абмеркаваньне і выдача (ці нявыдача) дазволу на спэктакль. Тут мяне чакала шмат новага і нават цікавага.
Абмеркаваньне адбывалася ў шыкоўным старасьвецкім кабінэце міністэрства культуры - з гарбатай на сталах, пры зважлівай цішыні прысутных, аргумэнтаваных высту- пах адказных чыноўнікаў і пісьмовай рэгістрацыі іхніх прэ- тэнзіяў. Начальнік глаўку сядзеў змрочнай чыгуннай тум- бай, на якую Юрый Пятровіч, здаецца, не зьвяртаў ніякай увагі. Як, зрэшты, і на выступы ўсіх астатніх. Калі ўсё
было скончана, далі слова Любімаву, які ва ўласьцівай яму бескампраміснай манеры сказаў, што ён ня хлопчык на пабягушках Мінкульту ці нават хіміка Дзёмічава, ён рэ- жысэр, ставіць п’есу паважанага аўтара і зробіць толькі тое, што палічыць патрэбным. А калі ён на штосьці скажа HE, дык ужо будзьце ўпэўненыя, ніхто яго ня змусіць тое зрабіць. Гэта яго апошняе слова.
Мне гэта дужа спадабалася, гэткага рашучага дзеяча культуры я бачыў упершыню. Тады яшчэ было невядома, куды яго прывядзе тая рашучасьць, чым абернецца ў яго тэатральным лёсе. Хаця што-нішто можна было прадба- чыць. Хутка ён зьедзе з Масквы, яго пазбавяць савецкага грамадзянства, будзе бадзяцца па сьвеце, аднак застаючы- ся верным сьвятому пакліканьню мастацтва, і пераможцам вернецца назад пасьля развалу СССР. Але для таго Любі- маву трэба было пражыць шмат год. У мастацтве наогул трэба жыць доўга, бо за кароткае жыцьцё рэдка каму на- канавана здабыць перамогу.
Позьняй восеньню адбылася прэм’ера спэктаклю пад назвай «Перекрёсток» (Перакрыжаваньне). Сцэнаграфія славутага мастака Бароўскага была выкананая ў выглядзе некалькіх складзеных накрыж бярвеньняў, па якіх поўзалі пэрсанажы п’есы. Я маўчаў. Тэатралам той сцэнавы анту- раж падабаўся.
Спэктакль паводле «Апошняга шанцу» ў Купалаўскім тэатры адбыўся няхутка, мне ў ім загюмнілася яркае, нават магутнае выкананьне ролі Мейра старым шаноўным Дзяд- зюшкам303. Але, як гэта нярэдка бывае, яркая зорка сваім сьвятлом прытушыла бляск іншых. Хаця віна ў тым, можа, ляжыць і на аўтары, які «ня справіўся», ня даў патрэбнага шанцу заблішчэць і ўсім астатнім. А галоўнае, як я зразу- меў, паводле прыроды сваёй мастацтва - справа індыві- дуальная. Калектыўным яго зрабілі жыцьцё ды гістарычныя абставіны і ўжо тым самым паставілі пад сумнеў яго, так бы мовіць, першазданную, мэтафізычную сутнасьць. Без тае сутнасьці мастацтва — не мастацтва, а ўсяго толькі вытворчасьць пацехі.
Але культурная парадыгма мяняецца. Век індывідуалізму, дарэшты расквітнеўшы, уступае месца вынайдзенаму Юн- гам304 фэномэну бесьсьвядомага калектыўнага. Колісь то быў фэномэн, цяпер - агульнаўпадабаны працэс, што ахапіў краіны і кантыненты. Мабыць, культура, як і жыцьцё, у сваіх выявах зьменлівая, шматаблічная і бясконцая. Хаця і ў мінулым ня ўсё было проста; заблытана і складана, як і цяпер. Вядома, што Твардоўскі не любіў вершы, Бунін і Хэмінгуэй - тэатр, Горкі ненавідзеў праўду, якой усё жыцьцё імкнуўся служыць Талстой, і нарадзіў сацрэалізм. Мабыць, болей праўды ў афарызме Бярдзяева305, што «культура - гэта няўдача чалавецтва», і ўжо безумоўна ў словах Гётэ306: «Паміж двума поглядамі - ня ісьціна, а праблема».. Таму ці варта дыскутаваць пра культуру? Прыняць за ісьціну знакаміты «Чорны квадрат» Малевіча307 і зачыніць праблему?
Былі і яшчэ спэктаклі паводле названых ды іншых п’е- саў Быкава. Ставіў іх ленінградзкі тэатр на Ліцейным, маскоўскі тэатр Станіслаўскага, расейскі тэатр імя Горка- га ў Менску, шмат якія тэатры ў Расеі, на Украіне, у краінах Цэнтральнай Азіі. Але тое — без удзелу і нават без увагі аўтара, які з самага пачатку страціў цікавасьць да тэатру. Можа, так і не набыўшы яе. Але што ж: кожнай вароне - свой сук на дрэве. На чужы сядаць і ня трэба.
86. Яўген Глебаў
Я чалавек не музыкальны і мала каго ведаў з музыкаў. Ну, можа, Алоўнікава308, зь якім нас зьвязвала вайна і агульныя ўспаміны пра баі ў Венгрыі, ці Лучанка309, якога ведалі ўсе. Але вось Матукоўскі пазнаёміў мяне з Яўгенам Глебавым310, які напісаў музыку балету паводле «Альпійскай балады», што, казалі, з посьпехам ішоў у оперным тэатры.
Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца іншае мастацтва паводле празаічнай крыніцы. Добра танцавалі, гарманічны дуэт. Пасьля спэктаклю пазнаёміўся з аўтарам музыкі. Глебаў аказаўся чалавекам камунікабельным,
востраязыкім ды іранічным. Гутарыць зь ім было адно задавальненьне. Асабліва калі ён зьедліва-іранічна кранаў палітыку ці беларускае начальства, ад якога нядаўна яшчэ нямала трываў. Яго выключалі з Саюзу кампазытараў, адбіралі працу. Сямейныя праблемы таксама не абышлі яго стараной. Але затым палітыка ў адносінах да інтэлі- генцыі трохі паслабела, некаторых пачалі цягнуць у партыю. Глебаў нават стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.
У партыю ён не хацеў, доўга і вяла супраціўляўся, але ведама, што вялы супраціў - не супраціў. I яго змусілі напісаць заяву. Пасьля - прыём. Пасьля разгляд на парт- камісіі райкаму, гаркаму... Звычайна да такой важнай пра- цэдуры будучыя камуністы грунтоўна рыхтаваліся, вучылі гісторыю партыі. Глебаў не рыхтаваўся, таму на ўсе пытаньні, зададзеныя яму на парткамісіі, адказваў - ня ведаю ці проста паціскаў плячыма. Тады самы ўедлівы, ён жа і самы заслужаны член папытаўся: «Ну а ў якім годзе адбылася Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэва- люцыя, вы ведаеце?». Глебаў, гледзячы яму ў вочы, адка- заў: «Не, ня ведаю». Ягоны адказ выклікаў абурэньне ў залі. Глебаў падумаў: ну, можа, цяпер адліпнуць? Аж не адліплі - прынялі. Тады Глебаў абурыўся - у яго былі іншыя пляны і надзеі.
Мы зь ім у тую пару часта сустракаліся - у ягоным «даляры»311 ці ў мяне на Танкавай312. Ягоная жонка Лары- са Васільеўна, ня ў прыклад шмат якім пісьменьніцкім жонкам, ва ўсім была на баку мужа і ўсяляк падтрымлівала яго. Жэня бачыў у тым сваё вялікае шчасьце. Так яно і было. Тварыў ён выдатную музыку, можа, і не заўжды беларускую па гучаньні, часам касмапалітычную, любіў скандынаваў, Грыга. Напісаў музыку балету «Маленькі прынц», які быў пастаўлены ў Хельсінкі, і Глебаў езьдзіў туды на прэм’еру. Падчас майго побыту у Фінляндыі313 я спатыкаў некаторых фінаў, што памяталі ягоны спэктакль і празь яго дазналіся тады пра незнаёмую для іх краіну - Беларусь.
87. Парыж
Газэта французкіх камуністаў «Юманітэ» ладзіла свой штогадовы фэст і запрашала гасьцей. Пэўная дэлегацыя павінна была прыехаць і ад КПСС, але сталася так, што адносіны між дзьвюма кампартыямі раптам пагоршыліся. Дэлегацыю з Масквы скарацілі да пяці чалавек, а пасьля да двух. А перад яе ад’ездам вырашылі не пасылаць у Парыж камуністаў. Такім чынам, ад усёй дэлегацыі застаў- ся адзін беспартыйны Быкаў. Якраз напярэдадні ў мяне выйшла там кніжка «Сотнікаў», што, мабыць, і сталася прычынай пэўнага выбару на паездку. Прысутнасьць бес- партыйнага аўтара на фэсьце ў тых умовах не магла чап- ляць ні адзін, ні другі бок.
Перад адлётам у Міністэрстве замежных спраў належа- ла атрымаць дакумэнты, прайсьці нейкі інструктаж. Даку- мэнты далі, а інструктажу я так і не дачакаўся, паляцеў бяз пэўных абавязкаў і пэўнай мэты. У аэрапорце Орлі мяне спаткалі два работнікі гандлёвага прадстаўніцтва, да аднаго зь якіх, Уладзімера, і завезьлі на кватэру. Далей Уладзімер мной і апекаваўся - вадзіў па горадзе, паказваў - Трыумфальную арку, Эйфелеву вежу, палац Шайё на Трыкадэра. Па дарозе зайшлі ў невялічкае кафэ - бістро, дзе выпілі па фужэру піва. Французскае піва я смакаваў першы раз, і яно мяне ўразіла. Пасьля памыйнага «Жыгу- лёўскага» тое сапраўды было, нібы боскі нэктар. На што- небудзь болей грунтоўнае ў мяне не было грошай, а мой гаспадар, мяркуючы па ўсім, пачуваўся дужа ашчадна, - зьбіраў на каапэратыўную кватэру ў Маскве. Але, як ска- заў Уладзімер, мабыць, каб суцешыць госьця, пачастуемся заўтра на фэсьце.