Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
Назаўтра выправіліся ў прыгарадны парк, дзе ладзіўся фэст. Тут сапраўды раскашавала стыхія сьвята, якога я ніколі ня бачыў. У вялізным парку між дрэў стаялі сотні вялікіх і малых палатак-шопаў, у якіх лілася, віравала і смажылася розная смаката. Тысячы людзей, пераважна маладога ўзросту, з усяе Францыі балявалі тут з учараш-
няга дня - праз усю ноч, месьцячыся ў сваіх усюды і абы- як расстаўленых палатках. Афіцыйная частка з выступам генсека Маршэ чакалася заўтра, а сёньня - адпачынак і зноў баляваньне. Недзе, таксама ў шапіку, павінны былі прадаваць маю кніжку, толькі што выдрукаваную выда- вецтвам «Альбін Мішэль». Мы доўга блукалі ў гандлёвых джунглях, пакуль нарэшце знайшлі той шоп. Сярод мно- ства іншых кніжак і пакункаў ляжалі і пакункі з «Сотні- кавым». Але іх чамусь не чапалі, — чакалі кагось з функ- цыянэраў кампартыі. Як той прыехаў, адразу далі яму маю кніжку. Функцыянэр паглыбіўся ў прадмову, прачытаўшы якую, штось буркнуў і зьехаў. Усе пакункі пачалі загру- жаць назад у аўто, каб кудысь везьці. Я не разумеў, што адбываецца. Мой гаспадар сказаў: пойдзем, пасьля раскажу.
Як мы адышліся ад кніжных гандляроў, ён распавёў, што здарыўся недагляд. Прадмову да кніжкі напісаў Жан Катала, журналіст і дыплямат, які перастаў быць прыхіль- нікам кампартыі і пачаў крытыкаваць Маршэ. Таму ФКП314 ня хоча, каб кніжку зь ягонай прамовай прадавалі на фэсь- це «Юманітэ». Я тую навіну прыняў спакойна - ня хо- чуць, хай не прадаюць, мне менш клопату. Усё роўна мне не заплоцяць, мабыць, мой ганарар пайшоў ужо на патрэ- бы замежнага аддзелу КПСС. (Колькі пасьля ў Францыі выдавалі мае кніжкі, ганарары заўсёды прысвойваліся Масквой. Толькі апошні раз, у гады «незалежнасьці», ата- шэ па культуры прывёз мне ў Менск трохі франкаў.)
Мы кудысьці ішлі між вясёлага, гаманкога, яўна п’яна- ватага людзкога мурашніку, што віраваў у дыме ад шаш- лыкоў, смажаных індычак, каўбас і процьмы іншае гарачае смакаты. Уладзімер напаткаў кагось вялікага і вусатага, які абрынуўся на нас з пачосткай, асабліва як дазнаўся, што я з Масквы. Ад яго перайшлі да іншых, а затым далей і яшчэ. Там давялося пакаштаваць шампанскага з далінаў Шампані, каньяку з гораду Каньяк. Побач ва ўсім гэтым вялізным парку жвава частаваліся і французы - камуністы і некамуністы, белыя і чорныя, хлопцы і кабеты. У канцы дня мы ледзьве дабрылі да ўскраіны Булонскага лесу, дзе асталявалася жыхарства савецкай гандлёвай місіі.
На другі дзень, як мы туды прыехалі, народу бачна паменела. Усе алеі, праходы былі закіданы бутэлькамі, піўнымі бляшанкамі, паперай ад упаковак, газэтным клоч- чам, нейкім рызьзём ці бялізнай. Сярод таго хламу мой гаспадар нагледзеў і падняў кімсь кінуты білет члена ФКП. Пабалявалі і ўжо стаў непатрэбны, а спатрэбіцца - зноў уступіць, сказаў Уладзімер. Тут з гэтым няма праблемаў. Народу паболела пад абед, як на подыуме летняй сцэны паявілася начальства і сярод яго — камлюкаваты, чорна- валосы генсэк Жорж Маршэ. Ён пачаў прамову, якая доў- жылася ці ня дзьве гадзіны. Перад ім хвалявалася мора людзей. Газэты пісалі, што на мітынгу было каля мільёну чалавек. Тое падобна на праўду.
Трэці дзень меркавалася грунтоўна агледзець Парыж, схадзіць у музэі. Ды раптам зранку паявіўся малады кале- га Уладзімера, які езьдзіў на машыне, сказаў, што мяне клічуць у ЦК ФКП. Чакае сакратар па ідэалёгіі.
Уваход у бэтонна-казематны будынак ЦК быў з аховай - жандараў і каравулынчыкаў ва ўніформе, якія кудысь званілі, націскалі кнопкі, дзьверы-вароты расчыняліся, нібы глы- таючы нас, двух прахожых. Пасьля доўга ішлі калідорам, сьцены якога мелі выгляд няскончанай будоўлі - быццам зь іх толькі зьнялі апалубку. Мабыць, гэта быў такі мадэр- нова-марксісцкі стыль архітэктурнага прымітывізму. За- тое кабінэт сакратара ЦК меў даволі ўтульны выгляд. Немалады ўжо, чарнаваты чалавек з худым і нэрвовым тварам, здаецца, ні пра што не папытаўшы ў мяне, адразу пачаў маналёг, які скончыў толькі ў канцы прыёму. Перак- ладчык меў магчымасьць пераказаць хіба яго палову, зь якой я мала што зразумеў. Я заўважыў толькі выраз, які паўтарыўся колькі разоў: перадайце Міхаілу Андрэевічу... Якому Міхаілу Андрэевічу? Нашаму мастаку Савіцкаму? I толькі напрыканцы сьцяміў, што сакратар ЦК ФКП меў на ўвазе свайго калегу ў Маскве - таварыша Суслава. Але пры чым тут я? Што, я з Суславым п’ю ранкам гарбату?
Пра тое, аднак, я здагадаўся ў канцы прыёму, калі тэм- перамэнтны француз устаў і зусім па-сяброўску працяг
мне руку. Орэвуар? Гуд бай? Аўфідэрзэен? - Да пабачэнь- ня! - адказаў я выразам, які ён наўрад ці калі тут чуў.
3 ЦК паехалі ўжо з новым гідам-перакладчыкам, ім аказаўся французскі камуніст, колішні малдаўскі яўрэй. Ён распавёў, як шмат год быў прэзыдэнтам розных фірмаў, што належалі ФКП, зарабляў для партыі грошы. Шмат грошай! А цяпер ён бядняк, пэнсія малая, большай у кампартыі не заслужыў. Працоўнаму люду ў Францыі наогул жыць цяжка, цэны высокія, а заробкі малыя. У крамах поўна тавараў, але крамы пустыя - у пакупнікоў няма грошай. Я сказаў тады, што і ў нас таксама: грошай зашмат, а тавараў пуста. Тут мы з вамі зраўняліся. Гіду- камуністу тое маё параўнаньне ня надта спадабалася.
Далей гід звазіў мяне ў новы раён Парыжу Дэ-манш зь яго мадэрнова-шкляной архітэктурай, паказаў парлямант, знакаміты Дом Інвалідаў, дзе пахаваны Напалеон. Завіталі і ў Булонскі лес, сярод дрэваў там блукалі наркаманы і на лаўках спалі клашары. Па дарозе заехалі на Манпарнас, у знакаміты рэстаран мастацтвазнаўцы Льва Дамініка, які трымаў расейскую кухню і пачаставаў гасьцей сапраўднай расейскай гарэлкай. Яна была ў цёмнай бутэльцы з чыр- вонай сургучнай галоўкай. Непадалёк захавалася арка, колішнія гарадзкія вароты, медная табліца на якіх распа- вядала, што адсюль у 1791 годзе пачалася Вялікая Фран- цузская рэвалюцыя, пасьля таго як улады забаранілі прывозіць у Парыж віно. (А мы прывыклі думаць, што тая рэвалюцыя мела іншую прычыну. Як усё ж важна дапяцца да першакрыніцаў!) Увечары французская кампартыя прэ- зэнтавала «маскоўскаму госьцю» спэктакль у знакамітай Мулен руж. Седзячы за маленькім, як і ўсюды, столікам, я зь цікавасьцю разглядваў голых прыгажунь у акварыюме на сцэне, як яны там куляліся і скакалі. Бы сапраўдныя русалкі. Іх гульню камэнтаваў зь вялізнага экрану прэзы- дэнт Францыі Жыскар д’Эстэн, а японскія турысты друж- на пляскалі ў ладкі.
Ці ня ўвесь свой апошні дзень у Парыжы праблукаў па боскіх анфіладах Луўра, дзе ўрэшце закружылася галава і
пачалі падкошвацца ногі. Мабыць, як нельга зашмат піць гарэлкі ці есьці смакаты, так нельга за адзін дзень спа- жыць тое, што напрацавана культурай не аднаго стагодзь- дзя. Тым болей знанай і працавітай бабуляй - эўрапейскай культурай. На Луўр ня хопіць ні дня, ні тыдня, ні месяца. У ім трэба жыць гады, можа, нават жыцьцё. Але нашае жыцьцё належыць іншаму, - на вялікі, спазьнелы жаль...
У Лацінскім квартале яшчэ можна было згледзець сьляды нядаўніх маладзёвых падзей, сутычак з паліцыяй, клочча праклямацыяў на сьценах. Матыў адчужэньня гучаў у сту- дэнцкіх выступах, натхнёных радыкальнымі заклікамі сваіх агітатараў, сярод якіх былі славутыя дзеячы эўрапейскай культуры. Рэжысёр Антаніёні, філёзаф Кон-Бендыт клікалі маладых цалкам спустошыцца, вытрасьці зь сябе ўсё, што засталося, каб яно ня труціла новае, што зацеплілася ў іхніх душах. Суладна зь ім вяшчаў французскі камуніст Ражэ Гародзі наконт таго, каб наймацней выказаць аспэкт адчужанасьці, нават не вызначаючы яго прычыны. Тое здавалася празьмерна рэвалюцыйным, хаця ў таго ж Гародзі былі і слушныя выказваньні, напрыклад, супраць эпічнага раману, які здаўна культываваўся ў літаратуры сацрэалізму. Я прыпамятаў, што ў гэтым сэнсе зь ім быў згодны Твар- доўскі ды іншыя «навамірцы», якія даўно аддавалі перава- гу кароткай аповесьці.
Пасьля мне не аднойчы шчасьціла наведаць Парыж, пер- шасная сьвежасьць адчуваньня памалу страчвалася. Але ў той першы раз я быў ап’янёны ад ягоных палацаў, шыкоў- ных бульвараў са старымі вузлаватымі дрэвамі, вузенькіх вуліцаў, цесных кафэ з маленькімі столікамі на тратуарах. Жвавая лёгкасьць французаў і прыветная ўсьмешыстасьць парыжанак вабілі і зачароўвалі. Ну а знакаміты Манн- Мартр быў як дакор нам, што не ўбераглі свайго хараства, для якога ня трэба было ні шмат грошай, ні вялікіх высілкаў. Толькі трошкі павагі да сябе і ўласнай культуры. Калі б ня войны, не рэвалюцыйнае ачмурэньне, чымсьці падоб- ным да Манн-Мартру ў нас маглі б стаць шмат якія гарадкі зь іх старажытнасьцямі (Полацак, Віцебск, Наваградак), касьцёлаў ды цэркваў там хапала, таксама як вузенькіх
вулічак і зграбных фасадаў. Ну а мастакоў у нас заўжды было ня менш, чым у Парыжы. Праўда, мы іх не шанавалі, мы ім выкручвалі рукі, змушаючы рабіць тое, што яны не хацелі рабіць. Шагал зьехаў ад нас сюды, у гэтую маста- коўскую мекку, і сусьветнай славы дасягнуў тут, а ня ў нас. У нас яго ўпарта не прызнавалі, нават у васьмідзясятыя гады савецкая ўлада з дапамогай афіцыёзных мастакоў паклёпнічала на яго, бо ён ня наш, не камуніст, буржуазны мастак, да таго ж яўрэй.
Так, ня наш! Шагал належыць Сусьвету, да якога, на жаль, ніяк не пагаджаемся належаць мы. Бо мы — ці ня боскае пракляцьце найперш за нашу дурноту.
Невясёлыя думкі-развагі апаноўвалі мяне ў небе над Эўропай, па шляху назад, і я запісаў у сваім нататніку вешчыя словы вялікага француза: «Я пра[цягваю] думаць, што ў гэтым сьвеце няма вышэйшага сэнсу. Але я ведаю, што нешта ў ім усё ж мае сэнс. Альбер Камю...».
88. Магілёўская драма
На дзень народзінаў Аляксандра Салжаніцына я пас- лаў яму віншаваньне і неўзабаве атрымаў ліст у адказ315. Адносіны тады паміж інтэлігенцыяй і ўладамі ўсё пагар- шаліся, і Аляксандр Ісаевіч суцяшаў, што ўсё будзе добра. Што ён глядзіць у будучыню з аптымізмам. Тое, вядома, абнадзейвала.
I праўда, увосень Швэдзкая акадэмія прысудзіла Салжа- ніцыну Нобэлеўскую прэмію, зь якой я і некаторыя мае сябры зь Менску павіншавалі ляўрэата. Пасьля ён і яшчэ прыслаў ліст, а затым і яшчэ некалькі316. Выехаць на Захад Салжаніцын ня мог, дык было вырашана ўручыць яму прэмію ў Швэдзкай амбасадзе ў Маскве. Салжаніцын пры- слаў мне запрашэньне на цырымонію ўручэньня.