Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
Але нашы кнігі яшчэ прадаўжалі выдаваць і на Захадзе. Асабліва ў сацыялістычных краінах. Толькі ў ГДР перак- ладам на нямецкую мову выйшла паўтара дзясятка маіх кніг, трохі менш у ФРГ, Францыі, Італіі. Але з ганарарам за тыя выданьні справа палягала складана. Рэч у тым, што зь нейкага часу выплату ганарараў, як і заключэньне дамоў на выданьне, узяла на сябе дзяржава ў асобе адмыслова для таго створанай арганізацыі «Саюзкніга». Былі ўста- ноўлены і стаўкі падаткаў з ганарараў, якія складалі 70 працэнтаў плюс 30 працэнтаў камісійных на карысьць «Саюзкнігі». Такая гнуткая сістэма давала магчымасьць наогул не плаціць за некаторыя выданьні (напрыклад, ідэйна-шкодныя), увесь ганарар прысвоіць ва ўласнасьць дзяржавы. Як пасьля высьветлілася, - для фінансаваньня замежных аддзелаў савецкай выведкі, якая на той час ужо мела праблемы з грашыма. Аўтары атрымлівалі так зва- ныя чэкі, што атаварваліся ў спэцкрамах з ласкавым назо-
вам «Бярозка». Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць тыя сарамліва схаваныя дзе-небудзь у завулках крамкі ды іх загадкавыя вітрыны, упрыгожаныя турыстычнымі пляка- тамі з выявамі расейскіх прыгажунь у какошніках. Там і сапраўды было што купіць, каб толькі болей было тых чэкаў. Але ж аўтары замежных выданьняў атрымлівалі іх на сьмех сабачы - 60 рублёў за кнігу, і гэта быў яшчэ добры ганарар. A то плацілі па 40, 20 і нават па 10 рублёў за выданьне. I ўсё тое - паводле закону, скардзіцца на які не было прынята. Вялікі «законьнік» Багамолаў судзіўся з пэўнымі арганізацыямі ў Маскве і высудзіў 15 рублёў-чэкаў за пульхны раман, выдадзены ў Чэхаславаччыне.
Зрэшты, што да выдавецкай практыкі некаторых сац- краін, дык тая часам ішла на парушэньне савецкіх законаў - кнігі выдаваліся без афіцыйнай дамовы, амаль пірацкім спосабам. Затое ў выпадку прыезду аўтара ў краіну да моманту выхаду кнігі яму плацілі ганарар толькі з утры- маньнем унутранага падатку. Але тая практыка хутка была забароненая. За «парушэньне правілаў валютных апэра- цыяў» каралі строга. Спадчыньнікі нобелеўскага ляўрэата Б. Пастарнака апынуліся ў турме за тое, што адважыліся атрымаць нейкія грошы, якія належалі нябожчыку. Іншых прасьледавалі па лініі барацьбы супраць валютчыкаў-фар- цоўшчыкаў...
У мяне ў Парыжы рыхтавалася да выхаду ці ня трэцяя кніга прозы, і знаёмая супрацоўніца выдавецтва Люся Ката- ла прыслала выдавецкае запрашэньне. Узяўся афармляць дакумэнты на паездку - аб’ектыўкі, характарыстыкі, анке- ты-візы, даведку аб стане здароўя. Паводле прыватнай дамоўленасьці з выдавецтвам меўся прыехаць у першай дэкадзе кастрычніка, якраз да моманту выхаду кнігі, каб пасьпець атрымаць ганарар. Імкнуўся ўсё зрабіць упару, і прыехаў у Парыж, як дамовіліся. У аэрапорце Дэ Голь мяне спаткала клапатлівая Люся (дарэчы, наша зямлячка з Бабруйску), на аўтамабілі павезла ў Лацінскі квартал, дзе быў замоўлены гатэль. Па дарозе паведаміла «прыем- ную» навіну: учора ў выдавецтва прыехаў парыжскі ўпаў- наважаны «Саюзкнігі» і забраў мой ганарар. Рэшту, што мне належыць, я магу атрымаць у Маскве.
Усё стала зразумела. Тыдзень майго гасьцяваньня ў Парыжы меўся абысьціся кішэннымі франкамі, якія прэ- зэнтавала выдавецтва. Тры тысячы ганарару пайшло на фінансаваньне мілай выведкі, што і «суцешыла» аўтара. Мабыць, спачуваючы маёй фінансавай няўдачы, выдавец- тва імкнулася кампэнсаваць яе адмысловым клопатам — павяло ў знакамітую «Ратонду», дзе частавала марскімі вожыкамі. А ўвечары за мной у гатэль заехаў Яфім Эткінд372, павёз на кватэру да Катала, дзе адбылася прыязная гутар- ка са славутымі эмігрантамі Віктарам Някрасавым, Анд- рэем Сіняўскім і Марыяй Васільеўнай Розанавай. Сіняўскі пачуваўся даволі бадзёра і, як калісьці Камю, на ўсё і ўсім казаў HE, што трохі мяне зьдзівіла. Віктар Платонавіч373 выглядаў кепска, жыць яму засталося няшмат.
Люсіна сяброўка Ірына Сакалагорская назаўтра звазіла мяне ў Барбізон, улюбёную вёску постімпрэсіяністаў, а так- сама на славутыя могілкі Сен-Жэнеўеў дэ-Бавуа, якія да канца дня забясьпечылі мой пэсымізм. Муж Ірыны быў на той час дэканам Сарбоны, і ён арганізаваў мне лекцыю- выступ ва Усходнім унівэрсытэце, дзе вывучаліся ўсе мовы Савецкага Саюзу, апроч беларускай. Я папытаўся, чаму так? Адказалі, што няма зацікаўленьня: тую мову ніхто ў Парыжы ня ведае. Вось гэта сюрпрыз! Але чаму ж сюрп- рыз? - думаў я. Чаму яе павінны ведаць у Парыжы, калі ня хочуць ведаць у Менску?
Дыктат Масквы ў галіне яе выдавецкай палітыкі рас- паўсюджваўся далёка і дасягаў драбніцаў. Аднойчы мы былі з дэлегацыяй Саюзу пісьменьнікаў у Сафіі і меліся атры- маць там нейкі ганарар. 3 выплатай яго балгары доўга цягнулі і толькі ў апошні дзень паклікалі нас у бухгалтэ- рыю. Там, нібы між іншым, паказалі атрыманую з Масквы тэлеграму, дзе значылася, колькі каму з нашых аўтараў належала заплаціць у працэнтах. Сыракомскаму374 - 60, Ахмадулінай375 - 90, Вазьнясенскаму376 — 75, Быкаву — 15. Чаму так - было незразумела. Высьветлілася толькі тады, як атрымалі грошы - усім прыкладна па 200 леваў, - незалеж- на ад жанру і памеру публікацыяў. У тым была сьвятая сацыялістычная справядлівасьць, як жартавалі масквічы.
Тады ж у Плоўдзіве са мной здарыўся першы сардэчны прыступ, сталася дужа кепска. Добра, што побач былі сяб- ры. Ратаваў мяне мой аднагодак, славуты паэт Косьця Ваншэнкін377, духоўна суцяіпала Бэла Ахмадуліна. Зь іх дапамогай неяк выкараскаўся, хоць і давялося паляжаць у балгарскім шпіталі.
104. Аўтамабіль. Ніда
Будаваў у Ждановічах дачу і думаў: буду пісаць! На другім паверсе, у цесным куточку. Між бярозак, што высіліся над дахам, пазіраючы на падворак з ружамі ўнізе.
Але не пісалася мне на дачы. Усё тут шкодзіла — і размовы суседак побач, і брэх сабак, і дзіцячая гамана зь піскам і крыкам. A то яшчэ радыё аднекуль з боку блізкай дарогі. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Ніду378. Усе дужа хвалілі - здатнае мейсьцейка на беразе затокі, поруч з жоўтымі дзюнамі.
Пуцёўкі дастаў у літоўскім літфондзе, трэба было зда- быць дазвол. Ніда - у памежнай зоне, проста туды не паедзеш. Хтосыді расказваў, як выправіўся без дазволу, дык завярнулі, прывезьлі ў Калінінград, бы парушальніка. Ведама ж, нашыя межы - заўжды на замку. Нават ад саміх сябе.
Па штамп-дазвол давялося хадзіць разы тры. To ня ў тыя гадзіны, то рана, то позна. To начальнік на прафза- нятках, то па справах у свайго начальніка. Нарэшце штам- пы паставіў. Рабіў ён тое з такім шкадаваньнем, бы губляў палову сваёй зарплаты.
На гэты раз ехаў на сваёй «волзе» з Рыгорам Бараду- ліным, што сеў поруч, ды Ірынай на заднім сядзеньні. Рыгор быў дужа рады, што вырваўся нарэшце з апрыклага Мен- ску, што наперадзе вольны месяц, калі можна папісаць вершы - ня ўрыўкамі, а як мае быць. Цяпер ён штось распавядаў, сыпаў прымаўкамі, дасьціпнымі слоўцамі, пра- яўляючы надзвычайную рухавасьць розуму і думкі. To, вядома, ня чыста беларуская рыса, мабыць, часткова ла-
тыская, прынятая ў спадчыну ад яго паўлатыша-бацькі. Слухаць яго - насалода, нават калі ён гаворыць экспром- там і не абавязкова вершамі, а вельмі дасьціпнай прозай.
Здаецца, ягоная проза ў той раз мяне падвяла.
Трохі заслуханы ёю, за Ашмянамі пачаў выяжджаць на магістральную дарогу. Быў слотны, туманны ранак, пацелі шыбіны ў аўтамабілі. Пярэдняе шкло ўвесь час цёрлі двор- нікі, бакавыя заставаліся матавыя. Перад паваротам нале- ва толькі аднойчы зірнуў управа і павярнуў. I тут жа жахнуўся - поруч, амаль упрыцірку, невядома адкуль вынік- ла машына, абагнала мяне і рэзка затармазіла. Каб ня ўрэзацца ў яе, я таксама затармазіў, а затым і спыніўся. 3 машыны выскачыў разьлютаваны кіроўца і накінуўся на мяне, стараючыся выхапіць мяне з салёну. Mae пасажыры, нічога не разумеючы, пачалі крычаць, Рыгор выскачыў на дарогу, Ірына дамагалася ў нападніка - у чым справа? Што мы зрабілі ня так? Я дык ведаў, што зрабіў ня так і чаго заслугоўваў. Добра, што той кіроўца, хоць і ліха ехаў, ды не спудлаваў, а то б пакаціліся абодва пад адкос з дарогі. (Цікава, што на тым скрыжаваньні годам пазьней разьбіўся мой гарадзенскі сябра Барыс Клейн, паўгода хадзіў на мыліцах. Заклятае месца!)
Астатняя дарога выдалася без здарэньняў, хаця мае паджылкі яшчэ доўга дрыжэлі.
3 таго вопыту я зразумеў, што небясьпека пільнуе аўта- мабіліста ня толькі на дарозе, на вуліцы, але можа быць і ўнутры аўтамабіля. Ведама, ва ўсіх адносінах лепей за ўсё езьдзіць без пасажыраў, калі гэта магчыма. Гродзенскі мастак Пушкоў пагадзіўся падвезьці суседа, ды перакуліўся каля Друскенікаў, і змушаны быў некалькі гадоў плаціць таму - за прычыненую інваліднасьць.
Гады праз два пасьля таго здарэньня, на другой ужо машыне ў Менску ня змог пазьбегнуць сутыкненьня (зноў не прапусьціў), і на перакрыжаваньні самазвал дужа ўлупіў мне ў правы борт. Добра, што ў машыне я быў адзін, без пасажыраў.
Каб пазьбегнуць аварыі (па ўласнай віне), патрэбна ня толькі выконваць правілы руху, мець спраўную тэхніку і
быць цьвярозым. Але яшчэ і мець вераўчаныя нэрвы, заў- жды пачувацца спакойным. Нават калі ў цябе ўрэжа са- мазвал, не губляць раўнавагі. Я так ня ўмею і таму не лічу сябе добрым шафёрам, хоць паезьдзіў за рулём нямала гадоў.
Пасьля я шмат езьдзіў з Рыгорам, прывык да яго гаворкі і рэагаваў на яе нармальна. У чымсь ён нават мяне супа- койваў - найперш, вядома, добразычлівай спаважнасьцю, якая для кіроўцы заўжды шмат значыць. Што ж да жонкі, зь якой мы езьдзілі шмат гадоў, дык яна засвоіла абавязак памагаць весьці машыну — папярэджваць, падказваць, напамінаць. Толькі што не круціць руль. Хаця аднойчы, як я нядбайна паставіў на касагоры машыну і тая пакацілася да недалёкай рэчкі, Ірыне давялося яе ратаваць. Яна даг- нала машыну, расчыніла дзьверцы, ухапілася за рычаг [руч- нога] тормазу і не дала машыне зрабіць буль-буль з кру- таватага берагу. Прызнаюся, да майго гонару, - ніколі не сядаў за руль п’яны, нават учора ўвечары выпіўшы. Баяў- ся збольшага не аварыі (кажуць, што паводле статыстыкі ўсё ж цьвярозыя болей робяць аварый, чым п’яныя), a сустрэчы зь інспэктарам. Уяўляў, што сказалі б мае нядоб- разычліўцы, калі б пачулі, што Быкаў «папаўся п’яны за рулём». Дужа не хацелася даць ім дадатковай радасьці.