Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
За чвэрць стагодзьдзя я аддаў аўтамабілю ці ня болей сілы і эмоцыяў, чым літаратуры. Прычына таго, відаць, у спазьнелым прыходзе да нас сусьветнае зьявы - аўтама- білізацыі. У той час, як людзі іншых краінаў Эўропы і Амэрыкі выдатна засвоілі машыны і дарогі, мы толькі пача- лі садзіцца за руль. Некалькі дзесяцігодзьдзяў наш чала- век за рулём лічыўся аўтааматарам з адпаведнымі да яго адносінамі ў грамадзтве. Неяк будучы ў Балгарыі, я запы- таў пісьменьніка Косту Странджава, які вёз мяне з Плоўдзіва ў Сафію, каторая гэта ў яго машына, мабыць, ня першая? Коста з гонарам адказаў: пятая ўжо. А я тады ня меў яшчэ і першай.
Каб набыць першую (папулярныя на той час «жыгулі»), давялося хадайнічаць перад аблвыканкамам, доўга чакаць
ды і купіць амаль са скандалам: машына была разьмерка- вана ў іншы раён - для перадавікоў вытворчасьці. Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі зь дзяцінства. Аднойчы ў Парыжы запытаўся ў Ірыны Сакалагорскай пра нейкую дэталь у яе рухавіку, і яна паціснула плячыма - ня ведаю. Я капот ніколі не адчыняю. - А як жа ты езьдзіш? - Вельмі добра. Калі што псуецца, тэлефаную ў гараж, прыяжджаюць хлопцы і ўсё робяць, што трэба. А я - заплаціла і паехала... I так сорак год за рулём.
У нас так не бывае. У нас за недасканалую тэхніку, дрэнныя дарогі, п’яных суседзяў-кіроўцаў плоцяць нэрвамі і жыцьцём. Мой мілы аўтамабільны сябра Алесь Ставер379 езьдзіў на разьбітай машыне, зь няспраўным рухавіком, без надзейных тармазоў і загінуў у дарожным здарэньні. Застаўся рукапіс яго партызанскага раману, які ніхто не схацеў выдаваць.
3 уласнага вопыту засвоіў простую ісьціну: калі ты сам сабе не паможаш, дык не паможа ніхто. Так ужо быў зас- наваны і функцыянаваў наш славуты савецкі аўтасэрвіс, зь якім я, як і шмат якія «аўтааматары», паймеў нямала адносінаў. Тыя адносіны не прыносілі нічога, апроч расча- раваньня і прыкрасьці. Калі ня горш. Генэрал Сульянаў паставіў на колькі хвілінаў сваю «волгу» каля менскага басэйну, і яна зьнікла. Доўга шукалі, хадзіў да міністра, наймаў экстрасэнса. Вопытныя людзі спыталі: машыну ра- мантаваў? Ключы аддаваў? Во ў тых і шукайце... Дужа падобна на праўду, - той аўтасэрвіс ужо тады быў бандыцкі.
Але каб даць сабе рады, для пачатку трэба хоць штосьці ведаць. Парады дабрахотаў-дарадцаў можна слухаць заў- сёды, але не заўсёды ім верыць. Лепей за ўсё - літаратура. I з усяго яе тэхнічнага мноства, набытага мной, самая надзейная — яна ж і самая элемэнтарная - інструкцыя, што прыкладваецца да машыны. Там ёсьць калі ня ўсё, дык самае неабходнае. У «Аўтасэрвісе» няма і таго.
У слаўны літоўскі Дом творчасьці Ніды трэба было ехаць цераз Клайпеду, пасьля на пароме да прычалу Кур-
шскай касы. За гушчаром хвойнікаў здалёк бялелі пясча- ныя горы-дзюны. На ўскраіне ладнага пасёлачку кучкава- лася некалькі мадэрновых дамовак з масіўным франтонам сталовай. Далей над хвойнікам высіўся паласаты слуп марскога маяка. To і была знакамітая Ніда.
Там я пісаў «У тумане»380. Рыгорка ў будынку насуп- раць чытаў Платонава381 і пісаў вершы. Увечары мы спаты- каліся і пешаходнай дарожкай ішлі ўніз да берагу мора. Удзень наўзбоч той дарожкі ў траве Ірына зьбірала рыжыкі, саліла на закусь. Закусь была цудоўная! Шкада, Рыгор даўно ўжо ня браў - набраўся ў свой час на жыцьцё. Ён быў упэўнены, што паэт, які не прайшоў алкагольнае загартоўкі, кепскі паэт. Таму ёсьць безьліч прыкладаў і самы красамоўны - сучасная беларуская паэзія, якая - дрэнь. I ўсё таму, што паэты ня п’юць. Паўступалі ў партыю і баяцца атрымаць вымову. А з тым страхам якая ж можа быць паэзія? To была сьвятая праўда. 3 усіх знаёмых цьвя- рэзьнікаў мы паважалі толькі аднаго (і то не паэта) Алеся Адамовіча, які тым ня менш цьвёрда і ня раз абяцаў па- чаць піць. Ды не сабраўся - заела палітыка. A то жыў бы і дасюль.
Сюжэт «Туману» быў гатовы даўно. Ідэя чалавечай без- выходнасьці нязрушна сядзела ў маёй сьвядомасьці і час ад часу дамагалася рэалізацыі. Некаторыя казалі: пэсымізм, фаталізм, розныя іншыя ўпадніцкія ўплывы. Можа, і так. Але колькі ў людзкім жыцьці здараецца канфліктаў - з сабой ці з грамадзтвам, якія разьвязаць немагчыма. He паддаюцца ніякім разумным высілкам. I ня толькі ў сытуацыі, калі дабро супрацьстаіць злу. Але і тады, як пісаў Гегель382, калі канфлікт ляжыць у адносінах правага з правым. Тое ўжо трагедыя. Як паглядзець, дык усё чала- вечае жыцьцё - трагедыя, бо ўсе пачуваюцца правымі. Ніхто ня лічыць сябе вінаватым.
Рыгор дужа хваліў Платонава, я ж чытаў яго без ахво- ты. Дужа ненатуральна, нязвыклая мова, зь вялікім націскам на паталёгію характараў. 3 тае прычыны мне шмат што не падабаецца ў Дастаеўскага. Мабыць, я ўсё ж у большай ступені рамантык, чым некаторым здаецца. Калі не ў сваіх
творах, дык у сваіх чытацкіх прыхільнасьцях. Дон Кіхот - во мая кніга. Хаця тая прыхільнасьць у мяне зь дзяцінства, але ж усе мы - зь дзяцінства. He з унівэрсытэту ж.
Для Рыгора жыць - гэта пісаць вершы. Гаварыць вер- шамі і думаць таксама вершамі. Таго ніякая сіла ня можа яго пазбавіць. I яшчэ жарсьці. Грышкавы жарсьці - рухавік ягонай паэзіі. Людзей ён дзеліць на дзьве катэгорыі — чорных і белых. Можа, і спрошчана, але затое дакладна. Ці так, ці гэтак. Вядома ж, тое не хрысьціянскі - цалкам паганскі прынцып. Але натуральнаму чалавеку - Рыгору падабаецца паганства. Здаецца, пасьля ўсіх перажытых намі мітрэнг ён мае рацыю.
105. Чарнобыль
Я сядзеў на дачы і замест таго, каб паліваць свае ружы, пісаў нейкі артыкул. Апошнім часам здорава даймалі газэ- ты і часопісы, зрэдчас радыё і тэле, - усім спатрэбіліся артыкулы наконт перабудовы. Мабыць, прафэсіяналаў- перабудоўшчыкаў бракавала, і яны ўспомнілі аматара Быка- ва. Нядаўна яшчэ пазьбягалі ўспамінаць маё імя, цяпер жа напрамілы Бог прасілі: напішы хоць што-небудзь. Я і пісаў, а яны рэдагавалі, было, што і дапісвалі і перапісвалі так, як ім было трэба. Колькі разоў я даваў зарок не пісаць, але яны былі кваліфікаваныя прафэсіяналы і ўмелі дамагчыся свайго. I Быкаў чарговы раз змушаны быў пісаць.
У такі час прыйшла наша мілая суседка Валянціна Міка- лаеўна Мільто, сказала, што ўчора адбылася нейкая ката- строфа на Украіне, Захад дужа ўстрывожаны. Катастро- фаў у нас заўсёды хапала, хаця пра іх і не паведамлялі, каб не псаваць настрой працоўных, не выклікаць панікі. I я не трывожыўся - працягваў сваю пісаніну. Але ўсё ж весткаў пра бяду болела, штось перадало Бі-Бі-Сі. Надвячоркам стала вядома, што сапраўды сталася катастрофа - выбух- нуў рэактар у Чарнобылі. Але тое - на Украіне, чаго нам баяцца?
У Беларускім ЦК так і сказалі, калі туды патэлефана- ваў хтось з дачных суседзяў. Але неўзабаве на сваю дачу ў пасёлку прыехаў Васіль Барысавіч Несьцярэнка, які быў дырэктарам ядзернага цэнтру ў Соснах. Ён толькі што прыляцеў з Масквы і першым чынам завітаў у ЦК біць вялікую трывогу, прымаць меры. Радыенукліды ўжо засы- паюць Беларусь - прыборы рэгіструюць небясьпечныя дозы. Кіраўніцтва ЦК яго супакойвала - нічога страшна- га. Той, аднак, не сунімаўся - тузаўся да ўсіх інстанцыяў, ужо ён разумеў, чым тое пагражала народу. Але што ён мог зрабіць? Што наогул можна было зрабіць? Кузьмін, якому я патэлефанаваў, сказаў, што трэба ўжываць ёд. Некалькі кропляў ёду на драбок цукру, і ўсё. Болей срод- каў ад атаму мы ня мелі.
Увечары зь Кіславодзку патэлефанаваў Адамовіч, - ён выяжджае. Я жартам сказаў, каб з тым не сьпяшаўся, хай бы захаваўся адзін зь беларусаў — дзеля чысьціні генафон- ду. Нам ужо ратавацца позна. Тым ня менш Адамовіч пры- ехаў. Адразу пабег у ЦК, дзе супакоіць яго таксама нічым не маглі. Хаця перад тым і запэўнілі Гарбачова, што бела- русам чарнобыльскі атам не пагражае. Гарбачоў паставіў іх у прыклад украінцам, якія запанікавалі і прасілі грошы. Беларусы нічога не прасілі. Тады Адамовіч спаткаўся зь Несьцярэнкам і дазнаўся ад яго, што насамрэч нашыя спра- вы — дрэнь. Галоўнае, няма прыбораў, каб мераць ступень паразы, няма ніякіх іншых сродкаў. Адамовіч паімчаў у Маскву, да Гарбачова — ратаваць беларускую нацыю. Гарбачоў быў у стане вялікай трывогі і разгубленасьці - каму верыць? Партыйнаму кіраўніцтву, якое маўчала, ву- чоным, што захоўвалі зайздросную вытрымку, ці «панікёру» Адамовічу? Усё ж ён паверыў дылетанту Адамовічу, якому ўдалося празь яго выбіць нейкую колькасьць дазіметраў. Генсек адчуў нутром, чыя праўда і хто яго ашуквае. Зрэш- ты, мабыць, і самому Гарбачову хацелася ашукацца, калі б была магчымасьць.
На выхадныя, калі ні ў Маскве, ні ў Менску нікога з начальства нельга было знайсьці, Адамовіч прыехаў дадо- му. У гарадзкіх умовах спаткацца было немагчыма, нашы
кватэры даўно і шчыльна праслухоўваліся, і мы дамовіліся махнуць на прыроду. Паехалі ў бок Івянца, на Іслач, ля рачнога беражку паставілі машыну. Пакуль жонкі Ірына і Вера ладзілі закусь, паволі пайшлі між дрэваў. Саша па- чуваўся дужа заклапочаны, нават падаўлены тым, што ня- даўна адбылося. А галоўнае - замшэлай глухатой кіраўніц- тва, якое дбала пра адно: каб як мага далей ад народу схаваць небясьпеку. Каб ён ціха сядзеў і памалу, неўпрык- мет канаў, не трывожачы начальства. Мы тады мала што ведалі, але пра небясьпеку радыяцыі Адамовіч ужо начуўся ў Маскве. Ды й наш Несьцярэнка нямала пра тое паведаміў. Акадэмік Лягасаў распавёў болей за іншых, бо, мабыць, лепей за іншых ведаў, што гэта такое — чарнобыльскі выбух. Хутка атамныя электрастанцыі будуць выбухаць адна за адной, сказаў ён - Курская, Смаленская, Ленінградзкая... Паратунку ад таго пры гэтай сыстэме акадэмік ня бачыў і, мабыць, з тае прычыны празь нейкі час скончыў жыцьцё самагубствам. Адамовіч быў вельмі ўстрывожаны і сказаў, што надышоў час, калі трэба званіць ва ўсе званы - рата- ваць чалавецтва. Да таго шэраг гадоў ён біў у званы - ратаваў сьвет ад ракетна-ядзернага шаленства, цяпер на- дышла чарга рабіць тое ад «мірнага» атаму. Мы павінны як мага болей выступаць у друку, па тэлевізіі, проста га- варыць зь людзьмі, даводзіць, што ім нарыхтавала савец- кае кіраўніцтва на чале з выпрабаваным ленінскім аван- гардам. Гарбачоў, падобна, пачынае што-нішто разумець, але ён адзін, да таго ж абкружаны шчыльнай чэкісцкай сьцяной, для якой не існуе нічога, апроч іхняй звыродлівай ідэі - улады на грунце марксызму-ленінізму. Дзеля яе чысьціні і нязрушнасьці яны гатовы ахвяраваць чалавец- твам.