Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
Той начы, аднак, пераправа аказалася няўдалай, пера- давую групу, што пераправілася, немцы на беразе ўсю расстралялі. Пад ранак прыплыў адзін разьведчык - паве- даміў...
На дзень нас адвялі ад ракі. Пасьля падышлі бронека- церы Дняпроўскай флатыліі, якія пачалі пагрузку на борт. Але бяз коней. Я занепакоіўся: як жа бяз коней? Але на тым беразе коней хутка раздабылі - у першым жа сяле - цягнуць гармату, і нават мне - ладную кабылку зь сядлом. Толькі сядаць на яе пакуль не было дзе - пачаліся баі.
Пачалося маруднае наступленьне па схеме: дзень ішоў агнявы бой, а ўвечары немцы недалёка адыходзілі - да наступнага сяла ці гарадка, і мы пасоўваліся за імі. Мяс- цовасьць сьпярша была зь лясамі і пагоркамі, пасьля па- чалася раўнінная забалаць з мноствам мэліяратыўных каналаў. На палях стаяла няўбраная кукуруза, якая была для нас неблагім сховам у нашых палявых манэўрах. Кеп- ска, што высока стаялі грунтовыя воды, і акопчык можна было выкапаць толькі да калена, далей вада. Але клаліся і ў ваду. Асабліва пад абстрэлам. А абстрэльвалі немцы заўжды здаля - артагнём, зблізку - мінамётамі і з кулямё- таў.
Камбат старшы лейтэнант Ігар Сьмірноў камандаваў учэпіста, не даючы продухі. Дзе б ні былі, увечары склікаў камандзіраў рот, падводзіў вынікі, ставіў задачы. I даваў вымовы. Але ў баі ён быў усё ж у тыле, праз які кілямэтр ад ротнага ланцугу. Бліжэй за іншых да нас заўжды апы- наўся яго намесьнік па страявой старшы лейтэнант Саля- рэнка. Гэта таксама быў крыклівы камандзір, але не такі зласьлівы, як камбат.
Стралялі мае артылерысты мала: бераглі снарады, пад- возу якіх з-за Дунаю не было зусім. Праўда, пакуль што не было і нямецкіх танкаў. Затое дужа ўпарцілася нямецкая пяхота. Пад гарадком Цэцэ мы ляжалі на мокрым полі пад абстрэлам амаль суткі. Уначы рушылі: немцы пакінулі паўднёвы прыгарад, але засталіся на паўночным. Я з гар- матай трохі адарваўся ад батальёну (шукалі пераезд цераз мэліярацыйны канал), а пасьля цераз горад шукаў полк. I на сьвітаньні падскочыў на маёй кабылцы пад нямецкі кулямёт. Зьнянацкая чарга зваліла кабылку пад драцяную агарожу, цераз якую я кулём пераляцеў у гарод. Гэта мяне і ўратавала. Але не кабылку.
Перад тым уначы, таксама шукаючы КП батальёну, я заблудзіў. Езьдзіў-езьдзіў па палёх, цераз плянтацыі вінаг- раду, нідзе ня мог знайсьці сваіх. Нарэшце ўбачыў: быццам нехта акопваецца на краі вінаградніку. Але менавіта тое, што акопваўся, трохі мяне насьцярожыла, і я моўчкі, ціха ехаў туды. Блізка стаў, услухаўся, і мне стала страшна[:] размаўлялі па-нямецку. Я павярнуў назад. Але куды было ехаць? Тады заўважыў, што кабылка ўвесь час забірае некуды ўбок, і я адпусьціў повад. Яна і прывяла мяне да КП батальёну. Дзе былі звыклыя для яе коні.
А вось як клікалі кабылку - забыўся.
Была восень, сьцены ўсіх венгерскіх паселішчаў чырва- нелі ад пляцёнак перцу (папрыкі), якая тут была чымсьці накшталт беларускай бульбы. Зь яе венгры (мадзяры) гатавалі безьліч страваў. Перападала і нам. Наогул, мы тут болей былі на падножным корме, якога багата было ў кожнай вёсцы, амаль у кожным двары. Як праходзілі па вясковай вуліцы, салдаты забягалі ў двары і хутка выбя- галі адтуль то з боханам белага хлеба, то з кумпяком ці банкай кампоту, а то і з бутляй ці каністрай віна. На батальённую кухню па кашу ніхто не хацеў ісьці - прысы- лалі пісьмовы загад, бо нельга было гатаваць абед, калі не разабраны сьняданак.
А нас каля гарматы няблага карміў запасны разьлік Закірава. Там быў наш абоз і тыл. I тады думалі: добра мець гармату без прыцэлу.
На подступах да Секешфехервара, недзе ў раёне пасе- лішча Шар-Карастур, баі сталі асабліва ўпартыя. Цэлы дзень мы біліся за ўскраіну сяла Тач, ды так і не ўзялі. На другі дзень тут паявіліся танкі і паляцелі «месэршміты», пачалі бамбіць. Пяхота пачала ўцякаць ад ускраіны ў поле. Тое я заўважыў позна, а як заўважыў, адступаць стала позна, на ўскраіну выйшлі танкі. Да таго мы не стралялі, але па бліжэйшым танку адкрылі агонь, і той спыніўся на агародзе. Праўда, не загарэўся. Скарыстаўшы момант, мы на руках адкацілі далей гармату, туды, дзе пабегла пяхота, там быў лясок. Але на паўшляху да яго ўперліся ў канал мэтраў пяць шырынёй, гюўны вады. Тут і спыніліся. Я ляжаў на адкосе, назіраў за ваколіцай. I раптам як плясьне перад тварам, гразёй заляпіла вочы. Як я працёр іх крыху, убачыў перад сабой азадак снараду, што тырчэў зь зямлі. He разарваўся, дзякаваць Богу. Танкі лупілі цераз нашы галовы па ляску.
Пад вечар, як трохі сьціхла, камандзір гарматы сяр- жант Сьвінцоў кажа: трэба схадзіць на КП батальёну, падаць заяўку на падбіты танк (такі быў парадак). А я быў змораны, знэрваваны, ды і танкі стралялі яшчэ. Кажу: схаджу потым.
А як пайшоў уначы дакладваць пра бой камандзіру батальёну, той, выслухаўшы, кажа: «Ну во, ужо трэці па- дае заяўку. На адзін танк. Я яго яшчэ раніцай аформіў на маіх мінамётчыкаў».
Так я і вярнуўся з дуляй. А Сьвінцоў кажа: «Умей падбіць, але ўмей і далажыць. У час».
Што праўда, то праўда.
Той ранак застаў нас каля мэліярацыйнага каналу, дзе мы ўчора і спыніліся.
Але пяхота ноччу разьведала, што немцы адышлі з паселішча, і яна хутка заняла яго. Як разьвіднела, мы
таксама падагналі коней і пераехалі невялікае сяльцо Таг. Па той яго бок было шырокае, бясьсьнежнае яшчэ, але ўжо ўмерзлае поле. Там заляглі ротныя ланцугі. Мы трохі ад’ехалі ад дарогі і адчапілі ад перадку гармату. Толькі пачалі яе акопваць, як наперадзе загрымела... Наўкось цераз дарогу ішлі танкі.
Танкаў было няшмат, можа сем ці дзесяць, і мы ня дужа сьпяшаліся.
Яны спыніліся перад батальёнам і пачалі мэтадычна расстрэльваць адзіночныя акопчыкі. Мабыць, снарадаў у іх было багата.
Мая саракапятка адкрыла агонь. Наводчык Пронін быў неблагі артылерыст, але ўсё ж адлегласьць была велікава- тая для нашай гарматы. Лежачы крокаў празь пятнаццаць ад яе, я назіраў у бінокль. Трасэры бранябойных недзе там ля танку рыкашэцілі і адляталі ў хмарнае неба. Відавочна сьпярша танк нас не заўважыў, але вось прыкмецілі. У бінокль я згледзеў, як той бліжэйшы ад дарогі танк пачаў паварочваць гармату - у наш бок. Я закрычаў наводчыку, каб ён хутчэй, каб апярэдзіў ягоны стрэл, замахаў рукой, каб зразумеў камандзір Сьвінцоў. Аднак наводчык не пась- пеў. Перада мной грымнула, акаціла мяне гарачым павет- рам і зямлёй, сыпанула камякамі... Дужа запякло руку. Зірнуўшы на правую кісьць, я ўбачыў кроў, якая лілася па рукаве, па пальцах... «Агонь, Пронін, агонь». Пронін яшчэ двойчы стрэліў, ды марна, снарады той танк ня бралі - было далёка. За час гэтай калатнечы мы, аднак, перасталі пазіраць у бок, дзе за прыдарожным кустоўем, аказваецца, паявіўся і яшчэ адзін танк. Мы адчулі ягоную там прысут- насьць, як ён урэзаў па нас з кулямёту. Людзі за гармат- кай пападалі ніц, Сьвінцову прастрэліла плячо, двух заб- іла паміж станінаў.
3 адной рукой я быў не ваяк, і, пакінуўшы ля гарматы Закірава, папоўз у тыл. Бой на полі неяк сьціхаў.
Там ля дарогі ў пасадцы, дзе быў перадок з коньмі, мяне перавязалі. Далейшы мой шлях быў у паселішча, дзе я знайшоў палкавую санчасьць.
Начальнік санчасьці выцягнуў з рукі даволі вялікі во- стры асколак і выпісаў накіраваньне ў шпіталь. Сказаў, што раненьне не цяжкое, але гэтыя косьці - зь імі заўжды невядома як будзе. Але адправіцца ў шпіталь пакуль было неяк - не было транспарту, і я, люляючы маю ляльку- руку ад болю, прабыў ноч у мадзярскім доме. Дачка гаспа- дара карміла мяне, а пасьля малявала спрытныя дзявочыя фігуркі - такія, як у часопісах мод. Аказваецца, яна пра- цавала мастаком-мадэльерам у Будапэшце.
Раніцай на грузавой машыне з групай параненых я паехаў па знаёмай дарозе на поўдзень.
Нас прывезьлі ў невялікі гарадок Сэксард, дзе на цэн- тральнай вуліцы быў гатэль, які занялі пад шпіталь. Пась- ля памыўкі абмундзіроўку пакінулі, у якой мы былі. Я быў апрануты ў жоўтую венгерскую скуранку, з пілоткай на галаве. Быў у мяне і прыхаваны пісталет - нямецкі «валь- тэр»: штатны ТТ змушаны быў здаць у палкавой санчасьці. Пасьля перавязкі атрымаў месца - у аднамесным нумары таго гатэлю-шпіталю. Але ложак ужо быў заняты афіцэ- рам, параненым у сківіцу. Галава і твар яго былі абмата- ныя бінтамі, і ён выглядаў, бы касманаўт у шпіталі.
Доктаркі былі дзьве, маладыя жанчыны, мяне лячыла маладзейшая, ардынатар. Пасьля рэнтгену аказалася, што між фалангамі ў ране ёсьць яшчэ невялікі асколак, і яна, расьсекшы ранку, выняла яго. Яшчэ меншы асколачак, аднак, застаўся ў руцэ назаўсёды.
Гэты шпіталь быў нібы дом адпачынку, тое, што балела рука, было не ў залік. Я навучыўся ўпраўляцца адной. Прыгожы невялічкі гарадок вабіў утульнасьцю сваіх цэн- тральных вулічак з фантанамі і мармуровай скульптурай. Там жа быў рэстаран, дзе нас абслугоўваў вёрткі, цыга- ністага выгляду, гарсон. На фасадах дамоў бялелі і чырва- нелі аб’явы з заклікам уступаць у венгерскую камуністыч- ную партыю. А на гары за горадам, сярод вінаграднікаў былі вінныя сутарэньні, поўныя віна ў прастрэленых вяліз- ных бочках. Віно па канавах цякло аж да гораду: наш брат-вызваліцель не цырымоніўся з буржуямі.
Параненыя са шпіталю пратапталі на тыя сутарэньні сваю сьцежку. Пару разоў схадзіў і я з аплеценым бутлем. Але другі раз мне не пашэньціла: у двары шпіталю мяне затрымаў нампаліт, адабраў бутлю і мой «вальтэр», якога мне было шкада і які мне неўзабаве дужа спатрэбіўся б.
Калі-нікалі мы пачалі наведваць сядзібы багацейшых мадзяраў, - проста так, дзеля знаёмства. Дзеля пачастун- ку. Венгры заўжды частавалі гасьцей-заваёўнікаў. Тады яшчэ яны не называлі нас вызваліцелямі.
Мы выбралі той раз прыстойны катэдж на краі гораду, зайшлі. Гаспадары адразу пасадзілі нас за столік, нарэзалі каўбас, вяндліны. Гаспадар прынёс невялічкі графінчык чагось рудога. Мы думалі, віно, і пашкадавалі, што так мала. Аднак выпіўшы па тры-чатыры чаркі, зразумелі: э, нешта ня тое... Аказалася, то быў каньяк, які я тады па- каштаваў упершыню ў жыцьці. Гаспадар, які аказаўся мясцовым банкірам, трохі гаварыў па-руску. Тады ён ска- заў нам тое, што нас амаль абурыла (асабліва майго на- парніка-сібірака):
- Фашызм і камунізм - два канцы, адна палка.
Тое я моцна запомніў, хоць сьпярша і быў зь ім ня- згодны.