Поўны збор твораў. Том 8
Мэмуарная проза
Васіль Быкаў
Памер: 576с.
Мінск 2009
У шпіталі, вядома, былі маладзенькія сёстры, а таксама параненыя вайсковыя дзяўчаты. Мне прыглянулася адна з фізыятэрапіі: статная, з кароткай стрыжкай (пасьля тыфу) бляндынка Галя, некалькі разоў я праводзіў яе са шпіталю да кватэры, дзе яна жыла. Пазнаёміўся яшчэ з Валяй, лей- тэнантам мэдслужбы з нашай 4-й арміі. Зь імі і яшчэ з некалькімі параненымі афіцэрамі мы сустрэлі новы 1945 год. Выпілі трохі віна, памарылі пра будучае.
А тое будучае неўзабаве паднесла нам сюрпрыз. Адразу пасьля новага году немцы вялікімі сіламі прарвалі наш фронт. Сексард апынуўся пад пагрозай захопу. Параненыя былі ноччу паднятыя па трывозе, тых, што не маглі хадзіць, уладкавалі на які-колечы транспарт, а хадзячых адправілі сваім ходам.
Пісталет мне мой не аддалі, далі кавалерыйскую шаб- лю, і мы праз завею рушылі на поўдзень... Я ішоў з Галяй, разам зь яшчэ некалькімі параненымі. Тую ноч, а затым і дзень мы шмат перажылі і шмат перагаварылі. Цераз Дунай перапраўляліся пехатой па крыгах, ледзьве не патанулі. Затым сушыліся на левым беразе каля Баі, зноў ішлі і ехалі да Сегеда, куды эвакуяваўся ўвесь наш шпіталь. Там я нядоўга далечваўся...
У канцы студзеня мяне выпісалі са шпіталю і накіра- валі ў аддзел кадраў арміі, які знаходзіўся ў Дунайварашы. Па дарозе я завітаў у ранейшы шпіталь, які ўжо быў у новым месцы пад Будапэштам, коратка пабачыўся з Галяй. Сумнае было тое спатканьне. I апошняе. У Венгрыі пад Балатонам ішлі лютыя баі, туды кідалі ўсё, што было на нашым фронце. Фронт пасьпяхова перамолваў і людскія рэсурсы.
Болей Галю я ўжо ніколі ня бачыў.
У аддзеле кадраў артылерыі мне далі накіраваньне ў 10-ю супрацьтанкавую брыгаду, якая была на фарміроўцы па той бок Дунаю. Мне гэта падабалася, бо дужа ўжо апрык- ла ваяваць у пяхоце. У брыгаду я ішоў яшчэ з двума лей- тэнантамі - Івановым і Ражковым. Тыя, наадварот, - былі дужа засмучаныя, бо разьлічвалі на пасады ў карпусной артылерыі - па спэцыяльнасьці. Абодва яны толькі што адбылі свой тэрмін у штурмбаце, куды трапілі як акружэн- цы, што прыжыліся на Адэшчыне пасьля летняга разгрому ў 41-м годзе. Я іх супакойваў. Мне здавалася, што пасьля пяхоты горш ня можа быць. Зрэшты, для мяне і не было. У іх жа, канешне, тое прызначэньне ў супрацьтанкавую артылерыю выклікала расчараваньне.
10-я зьнішчальна-супрацьтанкавая брыгада была кіну- тая ў студзеньскіх баях насустрач нямецкім танкавым дыві- зіям пад Балатон і амаль уся там засталася. Рэшту афіцэ- раў і салдатаў вывелі недалёка ў тыл і там хутка папаў- нялі. Нас трох разьмеркавалі па батарэях. Я трапіў у 2-ю батарэю старшага лейтэнанта Ахрына. Яшчэ ў батарэі быў
лейтэнант Борматаў і лейтэнант Калегаў. Камандзір пал- ку падпалкоўнік Аўчароў сьпярша загадаў мне зьняць маю белую кубанку, якую я сабе справіў у Сегедзе, надзець армейскую шапку. У палку (1245 ПТАП) кожны дзень ішлі заняткі, звычайная служба. Аднойчы, калі я быў у караву- ле, здарыўся пажар, я тушыў яго і спаліў полы свайго шынялю. Нарэшце атрымалі гарматы 76-мм ЗІС-З, якія ня дужа былі здатныя для вайны супраць танкаў. Але я быў рады: у параўнаньні з маімі ранейіпымі саракапяткамі гэтыя здаваліся сілай. У канцы лютага мы выехалі на фронт, які быў недалёка, кілямэтраў праз пяцьдзясят. Гарматы цяг- нулі магутныя амэрыканскія «студэбэкеры», і я дужа рада- ваўся.
Сьпярша займалі ПТОРы449, дзе-небудзь за пяхотай, але не на перадку. Акопвалі гарматы, маскавалі і чакалі, калі будзе прарыў нямецкіх танкаў. У нашай батарэі аказалася тры гарматы, якія камбат падзяліў так: дзьве гарматы Бор- матаву і адну - Быкаву. (Зноў, значыць, з адной гарма- тай.) Але з таго я не сумаваў. У разьліку было некалькі чалавек зь Беларусі (Заходняй), а камандаваў ім старшы- на Лук’янчанка, стары салдат з трыма ордэнамі. Ён звык- ла клапаціўся пра ўсё.
Карміліся вельмі добра, зь мясам, часьцяком і зь віном, - пра тое дбаў старшына батарэі Жараў. Калі было ціха, наведваліся ў бліжняе венгерскае паселішча, які фальва- рак. Вячэралі і распытвалі мадзяраў пра іх аднаасобную жытку, параўноўвалі з савецкай, калгаснай. Тое параўнань- не, вядома, было ня ў нашу карысьць. Добра, заможна і культурна жылі венгры, было даволі і хлеба, і мяса. 3 агародніны і садавіны нічога ў іх не прападала. Усё перап- рацоўвалі і захоўвалі ў скляпах і сутарэньнях, звычайна скрозь застаўленых слоікамі, гаршкамі і бутэлькамі. Неяк сядзелі, як бамбілі фальварак, елі і пілі ў тым склепе, і хтось пажартаваў: хай бы яны (немцы) бамбілі хоць тыд- зень. Харчу і пітва хапала...
Часам на батарэю прыходзіў камсорг палку. Павячэрае з камбатам, вып’е. Зойдзе на агнявыя. «Ну як вы?» Нічога.
Праверыць планы камсамольскай работы. Баявы лісток. Вельмі клапаціўся, каб гэты блянк баявога лістка быў за- поўнены. I пойдзе. Канешне, у тыл, дзе болей спакойна і бліжэй начальства.
У баі мы яго ніколі ня бачылі.
Ды і што яму рабіць у баі?
Звычайна, калі была вольная часіна, я маляваў у не- вялічкім альбомчыку, алоўкам. Так, замалёўкі быту, парт- рэты-профілі салдат, пейзажы. Апошні малюнак зрабіў на гэтай агнявой. Там ён і застаўся.
Сьнег ужо растаў, поле было голае, чорнае, мы як заў- жды займалі ПТОР. Перадавая пяхота была кілямэтры праз тры наперадзе. Я прачнуўся ў бліндажы на золку ад страшэннага грукату, грому, - выскачыў да гарматы, дзе ўсё раўло, і праз дым пырскалі іскры полымя. На нас накіравалі «мэсэршміты»: з кулямётаў яны стралялі па аг- нявых пазыцыях, запалілі скрынку з сыгнальнымі раке- тамі, і тыя гарэлі, разьлятаючыся ва ўсе бакі. Уся агнявая была ў дыме. Мы кінуліся тушыць пажар, а ў той час за дарогай поўз густы танкавы грукат. Стрэлы і выбухі ска- ланалі зямлю ва ўсіх напрамках, цяжка было зразумець, што адбываецца. Дым і пажар на нашай агнявой, аднак, уратавалі нас, бо за той час за дарогай прайшла калёна нямецкіх танкаў, якая зьлізала зь зямлі ўсю нашую арты- лерыю і пяхоту. Нашая другая батарэя была па гэты бок дарогі, і яна ўцалела, хоць засталася ў тыле танкаў. Хутка Ахрын атрымаў загад камандзіра палку адыходзіць круж- ным маршрутам, і да гармат пад’ехалі «студэбэкеры»: мы, шалёна сьпяшаючыся, пагрузіліся.
Цэлы дзень і ноч мы выбіраліся з акружэньня, ехалі па нейкім лесе, равах; як праяжджалі адкрытую мясцовасьць, танкі расстралялі дзьве машыны з разьлікамі. Нас усё ж Бог убярог.
Ранак застаў нас на нейкім фальварку. Тут сабралася ўсё, што засталося ад палку. Мы кіравалі на пераправу, што была пад станцыяй Шыманторніа, але спазьніліся - пераправу ўжо занялі немцы.
У нас засталіся дзьве гарматы, якія паставілі ў вішань- ніку па абодва бакі фальварку. У машыне-радыёстанцыі камбрыг палкоўнік Парамонаў зьвязаўся па радыё з на- чальствам. Перад маім разьлікам ляжаў голы, шырокі роў, за якім ішла шаша на станцыю. I на гэтай шашы і абапал раптам пайшоў танкавы натоўп - іначай ня скажаш, - можа, сотня танкаў. Усё навакол скаланалася, дрыжэла і раўло. Камандзір брыгады загадаў мне адкрыць агонь. I ў ранішняй смузе над ровам бліснуў першы трасэр. Але чаму ён пайшоў далёка за танкі - у неба? Я кінуўся да навод- чыка Расцалуева, мы паправілі прыцэл, той навёў - стрэл і - снарад ударыў праз 15 мэтраў у зямлю. Гармата ака- залася няспраўная. Цягаючы яе ноччу па равах і зарась- ніках, мы, відаць, пашкодзілі цягі яе прыцэлу. Агонь спынілі. Зноў тое нас уратавала.
Танкі прайшлі на пераправу, нас у фальварку зусім адрэзалі. Камбрыг загадаў мне з групай салдатаў абысьці Шаманторніа збоку, пераправіцца цераз канал Шыо і зьвя- зацца з нашымі, што былі па той бок каналу.
3 групай чалавек дванаццаць я перайшоў цераз роў, і полем мы пайшлі да каналу. Але нас тут добра бачылі з пагоркаў з-за каналу і зь цяжкіх мінамётаў пачалі абстрэл. На тым адкрытым полі я страціў трох забітымі, чатырох параненымі і зразумеў, што яшчэ на падыходах да каналу нас усіх пераб’юць. Мы ўзялі двух цяжкапараненых і вяр- нуліся на фальварак. Камбрыг мяне дужа аблаяў, але бо- лей туды не пасылаў. Ён паслаў другую групу на чале зь лейтэнантам Борматавым убок да станцыі. Тыя таксама не прабіліся, але Борматаў супрацьтанкавай гранатай падарваў нямецкі танк на шашы і таксама вярнуўся.
Цераз канал рашылі прарывацца, як сьцямнее.
Нас сабралася невялікая калёна, машынаў, можа, шэсьць. Гарматы, вядома, наперадзе. Мой «студэбэкер» ішоў другім. Перад пантонным мастом на пераправе быў закрыты шляг- баўм, немец у касцы паказаў нам чырвоны кружок, хальт, маўляў. Але замест таго, каб спыніцца, пярэдні «студэбэ-
кер» даў газу, зьбіў рэгуліроўшчыка, шлягбаўм і выскачыў на пантон. За ім астатнія. Немцы ачомаліся не адразу, абстралялі з аўтаматаў апошнія машыны, а першыя ўжо схаваліся на паваротцы, за каменнымі дамамі на вуліцы.
Мы праскочылі начное паселішча і выехалі на дарогу па той бок станцыі.
Тут камбрыг падаў каманду спыніцца.
Агнявыя пазыцыі занялі ўправа ад дарогі. Мой разьлік на краі кукурузнага поля, што займала тут схіл вышыні. Вышыня ляжала перад намі, гэта быў даволі вялікі і вы- сокі пагорак на поўдзень ад станцыі. Зьлева ад нас была дарога і блізка за ёй пракляты канал Шыо.
Немцы былі на вышыні і за каналам.
За ноч мы як-колечы акапаліся, замаскавалі гармату. A раніцай пачаўся бой - за вышыню, на якой абаранялася нашая пяхота. Немцы ірваліся пашырыць пляцдарм. Сьпяр- ша бамбілі іх самалёты. Лежачы ў ровіку побач з гарма- тай, я назіраў за іх д’ябальскай карусельлю. Высунуцца з ровіку было нельга, і за вышынёй я назіраў толькі бокам, праз адзін акуляр біноклю. Мы былі бліжэй за ўсіх ад немцаў, але дужа старанна замаскавалі гармату, і яны стралялі цераз нашыя галовы ў наш тыл.
Упартыя баі за тую вышыню працягваліся цэлы ты- дзень. Некалькі разоў немцы зьбівалі з яе нашу пяхоту. Аднойчы раніцай рэшткі яе ўцяклі ў тыл, мінаючы наш разьлік. Некаторыя мае хлопцы запанікавалі: трэба рата- вацца. Але я меў загад: ні кроку назад, і мусіў яго выкон- ваць. На шчасьце, туманным ранкам немцы нас не заўва- жылі ў кукурузе, пад сваім носам. Увесь іх агонь быў скіра- ваны далей, у наш тыл. Тым іх агнём быў забіты камандзір пятай батарэі капітан Кавалёў, сьмяротна паранены ка- мандзір палку Аўчароў, забіта нямала салдатаў. Пасьля ўначы на падмогу нам падышлі з тылу танкі, але як разь- віднела, іх папалілі «тыгры», б’ючы з-за каналу. Неяк ноччу нас прабамбілі нашыя ж «кукурузьнікі», павесілі бомбы- ліхтары і адбамбіліся.