• Газеты, часопісы і г.д.
  • Рамантык эпохі Асветніцтва: Антон Тызенгаўз  Юры Гардзееў

    Рамантык эпохі Асветніцтва: Антон Тызенгаўз

    Юры Гардзееў

    Выдавец: Тэхналогія
    Памер: 67с.
    Мінск 2008
    32.24 МБ
    У лютым 1780 года падскарбію не хапіла больш за 300 тысяч злотых на пагашэнне галяндскага доўгу, які той абяцаў вярнуць у найгоршым разе на пачатку лета. У красавіку стала відавочным, што Тызенгаўз не меў магчымасці разлічыцца з крэдыторамі. Міф пра спрытнага фінансіста і кемлівага гаспадарніка пачаў бурыцца.
    На фоне гэтых цяжкасцяў і хвалі ўсеагульнага незадавальнення Тызенгаўз пачуваўся бестурботна і залішне аптымістычна. На пачатку года ў пошуках новых танцораў выслаў у Лондан Лявона Сітанскага. У траўні ў Горадні адбылася чарговая кадэнцыя Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, a 8 траўня ў горадзе традыцыйна святкавалі імяніны Станіслава Аўгуста. На 10—18 чэрвеня былі запланаваныя ўрачыстасці, звязаныя з патронам падскарбія — святым Антонам.
    На пачатку чэрвеня 1780 года здарыўся выпадак, які для Тызенгаўза меў прыкрыя наступствы і ў значнай ступені прыспешыў ягоны крах. 3 Гарадніцы ў Варшаву ўцяклі браты Сухадольцы, якія карысталіся яго неабмежаваным даверам: Францішак, асабісты сакратар падскарбія, сябар Скарбавай камісіі і пісар гарадзенскага гродскага суда, а таксама Міхал, канюшы Тызенгаўза. Як ніхто іншы абазнаныя ва ўсіх гарадніцкіх сакрэтах і абавязаныя падскарбію сваёй кар’ерай, ці, як у адным з лістоў акрэсліваў гэта Францішак, “прамоцыяй”, яны не вытрымалі яго нястрыманасці і гневу.
    Як пазней высветлілася, пасля вострай спрэчкі Тызенгаўз збэсціў Сухадольцаў, якія “ганарыстаму пану... прысвяцілі гонар свой, да радзімы любоў і сумленне”. У ноч з 7 на 8 чэрвеня выведзеныя з раўнавагі браты нечакана выехалі з горада. Цяжка сказаць, у чым сапраўды палягала іхная правіна. Для падскарбія ў той крытычны момант было важнае адно — Сухадольцы занадта шмат ведалі. Звінаваціўшы іх у крадзяжы эканамійнай касы, Тызенгаўз выслаў следам пагоню. Фран
    58
    цішка Сухадольца схапілі ў Беластоку. Але, як можна здагадвацца, менавіта з прычыны такіх сур’ёзных абвінавачанняў уцекача не вярнулі на Гарадніцу, а даставілі ў Варшаву. Ці разлічваў падскарбі на гэткае разгортванне падзеяў? Вядома, не. І наступствы шчырай размовы былога сакратара з Станіславам Аўгустам яго непакоілі.
    Імкнучыся залагодзіць пікантную сітуацыю, Тызенгаўз спрабаваў перакупіць Сухадольца. Прапанаваў яму вялікую суму грошай, намякаючы, каб той пакінуў краіну.
    Ці мог Тызенгаўз чакаць “здрады” менавіта з боку Сухадольцаў? Напэўна, такі паварот у развіцці сітуацыі можна было б палічыць заканамерным. Сухадольцы былі не адны, хто спрабаваў шукаць у Варшаве праўду. Тамсама знайшлі прытулак пакрыўджаныя кіраўніком эканомій прафесар Медычнай акадэміі Жан Эмануэль Жылібэр і кіраўнік гарадніцкіх мануфактур Якуб Бэкю. Факт гэтых уцёкаў з Гарадніцы, безумоўна, прычыніўся да таго, што на каралеўскім двары ўзмацніліся галасы праціўнікаў Антона Тызенгаўза: надворнага кароннага маршалка Францішка Жэвускага, біскупа Язэпа Касакоўскага, Людвіка Тышкевіча, падканцлера Яўхіма Храптовіча, расейскага пасла ў Рэчы Паспалітай Штакельбэкера.
    На першы дзень жніўня 1780 года прыпадаў тэрмін выплаты чарговай раты галяндскага доўгу ў памеры 450 тысяч злотых. На вялікі жаль, Тызенгаўз не здолеў рэальна ацаніць сваё становішча. І 23 ліпеня ягоны лёс быў вырашаны. Раскіданыя па Вялікім Княстве Літоўскім эканоміі былі перададзены на тры гады ў арэнду Францішку Жэвускаму.
    Апераджаючы каралеўскага падкаморыя Валентыя Сабалеўскага, якому было даручана прыняць усе справы і кіраванне эканоміямі, Антон Тызенгаўз у ноч з 25 на 26 ліпеня ўзяўся за пакаванне эканамійнага архіва. Роспачны стан падскарбія быў нагэтулькі заўважным, што службоўцы адміністрацыі на Гарадніцы пастанавілі не падпарадкоўвацца мітуслівым і крыклівым загадам былога адміністратара. І бухгалтарскіх кніг гарадніцкіх прадпрыемстваў не аддалі.
    59
    Архіў удалося спакаваць у скрыні, якія на 39 фурманках у суправаджэнні некалькіх дзесяткаў жаўнераў гарадзенскага каралеўскага батальёна былі вывезеныя ў Тызенгаўзаў маёнтак Каменку. Нагляд за перавозам быў даручаны Міхалу Шарамецкаму, які атрымаў загад у выпадку пагоні спаліць усе матэрыялы. Заўважым, што існуе і іншая версія гэтых падзеяў, паводле якой эканамійны архіў спачатку схавалі ў гумнах у Станіславове, а потым вывезлі ў Дэмбрава, пад Шчучынам. У маёнткі падскарбія — Быцень і Паставы — забралі статак коней і тавары, вырабленыя на мануфактурах у 1778—1779 гадах.
    26ліпеня Сабалеўскі, якога суправаджалі некалькі афіцэраў, з’явіўся ў сядзібе генеральнага адміністратара і загадаў яму на працягу 24 гадзін выехаць з Гарадніцы.
    Праз некалькі дзён падскарбі прыехаў у Варшаву, спадзеючыся сустрэцца з Станіславам Аўгустам. Аднак развязаць сітуацыю на сваю карысць, дамогшыся прыхільнасці манарха, на гэты раз было немагчыма. Вялікі князь выразна трымаў былога паплечніка на адлегласці. У дзень прыезду ў польскую сталіцу, 29 ліпеня, Тызенгаўза паведамілі, што для праверкі яго дзейнасці будзе створана адмысловая камісія, якая пачне сваю працу на пачатку верасня. Гэта было, бадай, адзіным станоўчым і суцяшальным момантам у ягоным няпростым становішчы. Але і ў гэтым выпадку Тызенгаўза чакала расчараванне. У камісіі не знайшлося аніводнага ягонага прыхільніка. Больш за тое, кола пытанняў, якія яна мела разглядзець, абыймала не толькі прэтэнзіі адхіленага ад улады эканамійнага адміністратара, але і сялянскія скаргі, а таксама захоп эканамійнага архіва ды іншае.
    У дзень свайго прыезду ў Горадню Валенты Сабалеўскі акрамя Гарадніцы наведаў Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага, каб паведаміць пра свае паўнамоцтвы. Ён, напэўна, не чакаў ветлівай сустрэчы. Трыбунал, у якім пераважалі асобы, прыхільныя да Тызенгаўза, паставіўся да яго даволі варожа. І праз тры дні, на чарговым паседжанні гэтай установы, у трыбунальскіх кнігах занатавалі маніфест падскарбія, у якім
    60
    ўпаўнаважаны вялікага князя абвінавачваўся ў беспадстаўным захопе ўлады ў эканоміях. A 29 ліпеня трыбунальскія суддзі выслалі дэлегацыю ў Варшаву з асуджэннем дзеянняў пасланца Станіслава Аўгуста.
    Каб выратаваць Сабалеўскага, у Горадню неадкладна накіраваўся зацяты вораг Тызенгаўза біскуп Язэп Касакоўскі. Лівонскі біскуп з’явіўся сюды не з пустымі рукамі, а з сумаю 54 000 злотых. Маючы такі аргумент, няцяжка было пераканаць частку Трыбунала на чале з маршалкам у тым, што бараніць Тызенгаўза не мае сэнсу. Заставалася развязаць дзве справы: выкрасліць з трыбунальскіх кніг ганебны для трону маніфест Тызенгаўза і выкінуць з установы некалькі суддзяў на чале з пісарам Станіславам Яленскім, якія асабліва непрыхільна паставіліся да новага кіраўніцтва эканомій. 17 жніўня супраць іх накіравалі жаўнераў трыбунальскай харугвы, гарадзенскага гарнізона і ўланаў. Судовую залу абкружылі. Найбольш перапала дэпутату Яленскаму, якога жаўнеры моцна збілі і кінулі ў замкавую вязніцу. Сам Тызенгаўз быў засуджаны на шэсць тыдняў турмы, аднак дзякуючы “каралеўскай ласцы” туды не трапіў. Рэшту непакорлівых суддзяў Трыбунала адхілілі ад выканання абавязкаў.
    У жніўні 1780 года Тызенгаўз знайшоў прытулак у гарадзенскім паезуіцкім кляштары, а напярэдадні восеньскага сойму пераехаў у Варшаву, дзе наняў 12пакаёвы апартамент на Святаерскай вуліцы. Няма сумневу, што Тызенгаўз выдатна ўсведамляў, якой будзе хада соймавых баталій і іх наступствы.
    Сойм пачаў сваю працу ў кастрычніку. На ягоны разгляд была вынесеная праверка двухгадовай дзейнасці Скарбавай Камісіі Вялікага Княства Літоўскага. У выніку грунтоўнага аналізу высветліліся шматлікія злоўжыванні надворнага падскарбія, якога папракалі ў тым, што расходы скарбу перавышалі ягоныя даходы, камісійныя кнігі і пратаколы складаліся нядбайна, беспадстаўна ўводзіліся пазаштатныя скарбавыя пасады. Апрача таго, было высветлена, што камісія не мае мытнай інструкцыі, а таму купцы на мяжы змушаныя плаціць завышанае мыта.
    61
    Слухаючы гэтыя абвінавачанні, Тызенгаўз адчуваў сябе няўтульна. Насцярожанадакорлівыя позіркі не давалі яму спакою. У стане крайняй разгубленасці, спрабуючы бараніцца, ён выступіў з прамовай, да якой не быў належна падрыхтаваны. Ягонае выступленне, як адзначалі сучаснікі, было бляклым і бязладным. У ім не ставала лагічнага абгрунтавання, а палеміка з апанентамі не выходзіла паза межы блытаных аргументаў і рытарычных пытанняў.
    Пасля працяглых дэбатаў і ўважлівага аналізу працы Камісіі сойм прыняў дэкларацыю, прысвечаную дзейнасці гэтай установы. Нягледзячы на сур’ёзныя абвінавачанні, адрасаваныя Тызенгаўзу, соймавае заключэнне было пазбаўлена рэзкага тону і мела кампрамісны характар. У ёй звярталася ўвага на пільную неабходнасць больш дакладнай праверкі дзейнасці Скарбавай камісіі і ўвядзення новых метадаў яе кіравання.
    У 1781 годзе Тызенгаўза чакала чарговае выпрабаванне. У сакавіку пачаўся так званы эканамійны працэс у Асэсарскім судзе Вялікага Княства, на якім узнятае было пытанне ягоных службовых злоўжыванняў у сталовых эканоміях (захоп эканамійнага архіву, вываз мануфактурнага абсталявання і прадукцыі), прааналізаваны стан шматлікіх мануфактур, а таксама разгледжаны скаргі прыгонных сялян. Праверка дзейнасці Тызенгаўзавай адміністрацыі ў сталовых эканоміях цягнулася ажно два гады, і яе вынікі не маглі не засмуціць падскарбія. Судовыя камісары выявілі вялізную фінансавую нястачу і прычыны некрэдытаздольнасці гарадніцкіх прадпрыемстваў. Хутчэй за ўсё падскарбі добра ўсведамляў, што пасля падобных абвінавачванняў прысуд будзе вынесены не на ягоную карысць. 31 сакавіка 1781 года Тызенгаўза прысудзілі да кампенсацыі шматмільённых скарбавых стратаў.
    Шквал крытыкі абрынуўся на падскарбія на працэсе Скарбавай камісіі, які праходзіў паралельна з асэсарскім разбіральніцтва.м. На падставе змястоўнага аналізу працы гэтага міністэрства за 17761780 гады было высветлена, што падскарбі мэтанакіравана “абсадзіў” сваімі кадрамі мытныя каморы, уладкоўваў
    62
    падкантрольных сабе падатковых ды іншых скарбавых чыноўнікаў. Гэтыя захады дазвалялі яму без перашкодаў, без мытнага кантролю і спагнання мыта ўвозіць на патрэбы гарадніцкага мануфактурнага комплексу імпартныя тавары. У выніку гэтых незаконных дзеянняў дзяржаўны скарб страціў больш за 2 мільёны злотых. Да таго ж Тызенгаўза прызналі вінаватым у махінацыях пад час падрыхтоўкі і збору гарадзенскага падымнага падатку і чопавага збору*.