• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раз — шкілет, і два — шкілет  Франц Сіўко

    Раз — шкілет, і два — шкілет

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 344с.
    Мінск 2019
    75.04 МБ
    Заўтра спаўняецца дзесяць год, як не стала малодшай дачкі Кірыкаў Олі, адной з дзвюх забітых нейкім маньякам з інтэрвалам у паўмесяца дзяўчын-падлеткаў. Злачынствы тады шмат нарабілі галасу ў мікра-
    раёне і ва ўсім горадзе, ды так і засталіся, здаецца, дасюль не раскрытымі.
    — He забыцца купіць чаго-небудзь. Лікёру можна, Нэля любіць лікёр. Ці каньяку... Цукерак якіх, печыва альбо торт... A то заявімся без анічога, з пустымі рукамі, няёмка будзе.
    Перавод гаманы ў практычнае рэчышча канчаткова супакойвае Дарашэнку. Да таго ж з калідора даносіцца званок.
    Алуша ідзе адчыняць, і праз хвіліну ў дзвярах вырастае мажная Ігарава постаць. Іх дваццацісямігадовы сын-аспірант, які паставіў сабе за мэту не жаніцца раней, як абароніць кандыдацкую дысертацыю, жыве асобна ад бацькоў, у інтэрнаце, і ягоны прыход — дадатковая гарантыя, што вяртанне да тэмы пра Люсю сёння не пагражае.
    Ігар — вялікі майстар мірыць продкаў. I робіць ён гэта так спрытна, з выкарыстаннем такіх тонкіх прэвентыўных захадаў, што Дарашэнка і Алуша часам і міргнуць не паспяваюць, як тэма спрэчкі ўжо надзейненька зачынена.
    — А, дыпламат наш сямейны, як добра, што завітаў! Заначуеш у нас? — кажа Алуша і, атрымаўшы станоўчы адказ у выглядзе сцвярджальнага сынавага кіўка, дастае з серванта бутэльку віна. Заўтра з раніцы, перад тым як выправіцца да Кірыкаў, яна яшчэ мае намер схадзіць у капліцу, а якая ж малітва ў гэткім растузаным стане... To вось, можа, фужэрчык напою якраз і адцягне думкі ад прыкрае перапалкі з мужам ды дадасць раўнавагі перад споведдзю...
    Што ў сына непрыемнасці з абаронай дысертацыі, бо ягоны навуковы кіраўнік акурат за месяц да яе ўмудрыўся грунтоўна перасварыцца з-за нейкай драбязы
    з калегамі з атэстацыйнай камісіі і цяпер немінуча чакай помсты з іх боку, яна, як і муж, ведае не горш за самога Ігара. Але распачынаць прыкрую размову не жадае: карысці з тае гамонкі, толькі развярэдзіш душу перад ноччу ды сапсуеш дарэшты і без таго далёка не мажорны настрой.
    Палова дзявятай, а на дварэ, нягледзячы на задуху апошніх дзён, шэра і хмурна, як у верасні. Гэтаксама шэра і ў кватэры, толькі блікі ад экрана слізгануць раз-пораз па адпятай на палову акна гардзіне. Сфакусуюцца на імгненне вузкім пукам святла на паставах мужчын пры тэлевізары і зноў рассыпяцца веерам па шчыльна завешанай батыкам сцяне.
    — He дрэнкен коп!* — дэманструючы, як заўсёды ў хвіліну ўзруху, ашмёткі ведаў з замежных моваў, якія яна раз-пораз папаўняе праз гартанне розных размоўнікаў (рэцыдыў няздзейсненага намеру вывучыцца на перакладчыцу), кажа Алуша, і выраз яе твару, і без таго не сказаць каб лагодны, робіцца яшчэ больш незадаволеным. — Што мне да вашага салона ды ўсёй гэтай аўталухты? Толькі і чуеш штодня: стырно, запальванне, каробка перадач... Быццам ужо і размаўляць больш няма пра што. Я ў такім мандражы, а вы са сваімі глупствамі.
    Яна ўсторквае на ногі туфлі, знікае ў ванным пакоі.
    Глупствы, на яе думку, — мужава з Ігарам пустое (“ані яны вам калі свецяць, гэткія машыны!”) захапленне найноўшымі аўто. Прычына яе мандражу — споведзь, дзеля якой яна збіраецца ў капліцу ледзь
    He тлумі галавы! (сапс. з ідыш).
    не ад самага золаку і дзеля якой нават адмовілася ад звыклай ранішняй цыгарэты.
    Ды, як захапленне мужчын машынамі яна лічыць бессэнсоўным, бо і насамрэч яно ў практычным плане далей прагляду ды абмеркавання перадач тэлеканала DISCOVERY не сягае, так і яе пабожнасць, у сваю чаргу, ім таксама чымсьці надзвычайным не здаецца.
    Дзесяць год таму Алуша выбрала канфесію так паспешліва, у такім эмацыйным запале, што наўрад той выбар можна лічыць дарэшты ўсвядомленым і абгрунтаваным. За выняткам хіба таго няпэўнага, нічым не пацверджанага прыпушчання, быццам хтосьці з яе продкаў быў католікам. Пра што павінна сведчыць і яе метрычнае каталіцкае імя Альдона, якое яна сама падчас вучобы ў інстытуце памяняла на больш звыклае Ала. Дарашэнку часам нават здаецца, што яна ўжо ўпотай шкадуе аб зробленым выбары і пры выпадку зноў вярнулася б да зручных — жыві, як жывецца, і ніякага табе рэлігійнага свербу — часоў нікуды-не-належання.
    — Вось, я ў поўным ажуры, — абзываецца Алуша — яна ўжо ў калідоры — і застывае перад люстэркам. — А вы што седзіце? Ігар, развязеш нас? Я спачатку ў капліцу, а адразу па споведзі — да Кірыкаў. Так што чакай мяне там, Зянонавіч, чуеш? — Яна нахіляецца да мужа, слізгае далонню па ягоных валасах.
    Любасны жэст — няйначай, дзеля прыліку, але Дарашэнку бачыцца ў ім жаданне канчатковага прымірэння пасля ўчорашняга непаразумення, і ён згодна хітае галавой.
    Жытло Кірыкаў месціцца на восьмым паверсе. I ўсё тут іначай, як у Дарашэнкаў. Перагародка з нержавейкі
    перад ліфтам. Дыванок у самім ліфце. Падвойныя масіўныя дзверы з надпісам +К+М+В угары. Надпіс сведчыць, што гаспадары жытла, як і Алуша, — католікі.
    Насамрэч каталічка толькі гаспадыня, Нэля, якая, у адрозненне ад Алушы, ведае свой радавод да шостага калена. А прозвішча аднаго з прашчураў, сына збяднелага шляхціца, нядаўна нават адшукала ў спісе манахаў разбуранага з прыходам Саветаў на “крэсы” францішканскага кляштара часоў Рэчы Паспалітай.
    Жанчыны калі-нікалі разам ходзяць у капліцу, хоць сказаць пры гэтым, што надта сімпатызуюць адна адной, не выпадае. Алушы не даспадобы Нэліна меркантыльнасць. Нэлю раздражняюць у Алушы катэгарычнасць меркаванняў і празмерная схільнасць да фемінізму. Што, аднак, зусім не перашкаджае ім супрацоўнічаць падчас дабрачынных акцый, якія штомесяц наладжвае мясцовае аддзяленне “CARITAS’” для дзяцей-сіротаў і інвалідаў.
    Букет пахаў ірвецца Дарашэнку насустрач з кухні, і ён у думках хваліць жонку за падказку купіць лікёру.
    — Памятаеце, які сёння дзень? Ну, дзякуй, — кажа Нэля і падае мужу знак адкаркаваць напой. — А мне здаецца часам, што ўсе забыліся пра нашу дачушку. Людзі так хутка пра ўсё забываюцца... I тым больш прыемна, што хоць вы з Алушай памятаеце.
    Яна вядзе госця ў пакой, дзе пры Олінай фотцы на стале са стравамі наўзбоч новага чэшскага бра з шыкоўнымі падвескамі гарыць свечка.
    — Вось, як жывая дзяўчына на здымку. Як быццам учора ўсё было. Трэба было мне заснуць тады на радасць таму гаду... Ніколі сабе не дарую, ніколі...
    * Дабрачынная каталіцкая арганізацыя.
    Нэля ўпусціла тады Олю праз дамафон у пад’езд, а сама тым часам заснула на канапе. А калі прачнулася, дачкі ў кватэры ўсё яшчэ не было. Пайшла шукаць па пад’ездзе ды і знайшла нежывую, з шалікам на горле, у закутку пляцоўкі перад уваходам на гарышча...
    Андрэй уносіць паднос з ежаю, ставіць на стол. Ён, відаць, чуў размову, бо тут жа пачынае супакойваць жонку. Дарашэнка таксама мкнецца зрабіць унёсак у справу, зазначае, што, маўляў, адліюцца забойцу матчыны слёзы. Але парыў ягоны, наўздзіў, не знаходзіць у гаспадыні адабрэння.
    — Што ты! — кажа яна і рашуча адсоўваецца ад яго, бы ад нясветнага ерэтыка. — Крый Бог! Хай застаецца ўсё, як ёсць. Яго зловяць — і ёй горай будзе на тым свеце. Што заўгодна, ды толькі не помста. Айцец Зміцер, наш святар, кажа, нішто так не есць чалавека знутры, як яна, помста. Пачнеш помсціцца, а ў выніку — сам сабе толькі нашкодзіш. Сточыць помста вантробы, бы шашаль гаржэтку...
    Андрэй падтаквае ёй, і Дарашэнкава маўклівая нязгода з гэткаю высновай — дараваць забойцу, як можна? — ціхамірна патанае ў суладнай цвярдыні іх хрысціянскай усёдаравальнасці.
    — Дык што, едзеш адпачыць? — пераводзіць размову на іншае Андрэй. — Надоўга? Добра табе... А мы вось з Нэляй ніяк не збярэмся за слугаваннем мамоне*. Сцягаліся на тыдзень у Прагу ды Берлін, але хіба гэта адпачынак? Дарога такая цяжкая, ды і ўражанняў тых кот наплакаў, адно паспяваеш падчас язды ад прыбіральні да прыбіральні “Макдональдсы” з іхнімі вар’яцкімі фаст-фудамі за акном аўтобуса лічыць...
    Бажаство багацця ў некаторых народаў.
    — Гаворыш абы-што, — кажа Нэля і лагодна падміргвае Дарашэнку. — Прыдумаў — мамоне! Падумае чалавек, мы тут няведама які крымінал развялі. Можна і наогул нічым не займацца, а такому мамоне слугаваць, што і чорту не прысніцца. Тым больш не для сябе стараемся, хочацца ж Жэні памагчы.
    Жэня — другая, старэйшая Андрэева і Нэліна дачка, равесніца Ігара. Два гады таму яна выйшла замуж за кіпрыёта турэцкага паходжання і з’ехала з ім да яго на радзіму. З’ехала насуперак волі бацькоў, таму напамін пра яе з вуснаў Нэлі, якая зазвычай балючай тэмы не чапае, выглядае дзіўнавата.
    — А вось у палітычныя авантуры менш трэба лезці, — працягвае Нэля і моршчыць лоб. — Такі складаны час для прадпрымальнікаў, адну за адной фірмы зачыняюць, а ён, бач, у страйкавы камітэт упісаўся. Паведаміць хто з “зычліўцаў” куды след — і гамон справе, шукай тады вінаватых. Ну, не так, Саша?
    — Можа, і так, — кажа Дарашэнка і зноў чамусьці — каторы раз цягам апошніх дзён — згадвае Люсін ліст. Згадка такая ліпкая, што нават тады, калі Андрэй заводзіць размову пра нюансы працы ў фірме па продажы радыёапаратуры, якую ён пяць год таму адчыніў у складчыну з яшчэ адным сваяком, Дарашэнка не дае рады ад яе адчапіцца. I толькі Алушын прыход ненадоўга, бо жанчыны амаль адразу зачыняюцца ў пакоі, каб пагаманіць сам-насам, крыху прыцьмяняе яе.
    — А прызнайся, што ўсё яшчэ неабыякавы да гэтай Люсі, — кажа Алуша і з выглядам пакрыўджанага дзіцяці — звычайная яе манера паводзінаў неўзабаве па замірэнні — адводзіць пагляд убок. Злосць усё яшчэ прабіваецца ў яе голасе, але гэта ўжо хутчэй злосць
    на мяжы даравання — усцешны вынік доўгай начной размовы Дарашэнкі з жонкаю напярэдадні ягонай выправы ў дом адпачынку. — Цяпер мне зразумела, чаму ты ажно тры гады мітрэнжыўся з прапановаю пабрацца шлюбам... Ніяк яе не мог забыцца!
    — Ага, так і ёсць, якая ж ты здагадлівая, — кажа ён, імкнучыся надаць голасу як мага болей сарказму.
    Канешне, ён пакрывіў бы душой, калі б працягваў даводзіць, што едзе ў той дом без таемнага намеру пабачыць Люсю: з песні слова не выкінеш. I Алуша не такая дурніца, каб пра гэта не здагадацца. Так што яе бурную рэакцыю на ягонае рашэнне ехаць менавіта ў той самы дом цалкам можна зразумець: хто ж будзе радавацца, што яго спрабуюць трымаць за дурня? Абраза і падман, хай сабе і ў выглядзе маўчанкі, заўжды ходзяць поруч. I не жанчыну, які б вынаходлівы і спрытны ні быў мужчына, на зазуб тае маўчанкі беспакарана падсякаць.