Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
7
— Усё, заўтра еду па Цёму. — Зіна імкліва паднялася з канапы, прайшлася сюды-туды па пакоі. — Адзін заставацца тут не пабаішся? Раптам гаспадар заявіцца ці яшчэ які прывід...
— Яшчэ чаго! — ускіпеў Валерка. — Знайшла баязліўца! Вось абы ўкалоць... Характар твой: тыдзень усяго разам пабылі, а ўжо колькі чаго ад цябе ні наслухаўся. I што ні слова, то знявага. I прайдзісвет я, аказваецца, і няздара, а цяпер во — і баязлівец яшчэ да ўсяго...
— Цябе зняважыш, ага. Паеду — клункі тыя з шафаў з вопраткай Мікалаевіча, што ўчора напакавалі, не забудзься павыносіць на двор, можа, прыдадуцца каму з суседзяў. Толькі абы-як не кідай, пакладзі акуратна. He паквапіцца ніхто — пасля, як вярнуся, у інтэрнат для састарэлых аддамо. На могілкі схадзі. Вецер штоночы, каб вянкі не разбэрсаў... I наогул, падправіць што, можа, там трэба, дык пастарайся ўжо, не палічы за цяжар...
— Схаджу.
— Глядзі. Першае, што спытаю, вярнуўшыся, — ці зрабіў тое, што прасіла? — сказала Зіна і пайшла да камп’ютара. Пасля пахавання Станіслава Мікалаевіча мінулі чатыры дні, а дагэтуль ніякай весткі ад жанчыны з нейкім дзіўным, нетутэйшым імем Нана, перадсмяротны ліст да якой знайшла яна ў паштовай скрыні нябожчыка, усё не было, і гэта яе нервавала. Хто яна, тая жанчына? Якіх неспадзевак можна ад яе чакаць?
— Хакерка! У чужой пошце корпаешся? — не вытрываў, падкузьміў Валерка. — Пабачыў бы стары, што тут з ягонаю скрыняй вырабляеш...
— Супакойся, ён сам мне пароль даў. Свярбела б мне пахакерыць, і без дазволу магла б. Толькі звычкі
такой, у адрозненне ад некаторых, не маю, не займела. Зайздросціш, што не табе, а мне даверыў гаспадарнічаць?
Яна адчыніла скрыню і адразу ж натыкнулася паглядам на паведамленне аб новым лісце.
Пісала Нана, пыталася, што гэта яму, Станіславу Мікалаевічу, прыйшло раптам у голаў развітвацца, быццам ён паміраць сабраўся. To зухам трымаўся, а то во — усё гэтак неўспадзеў, увадначас перамянілася.
Але больш уразіла Зіну іншае.
— Ты раварыста таго, Рамана, што ўсё тут круціўся ля дома, даўно сустракаў? — гукнула яна ў кухню, дзе чутно было, Валерка раз-пораз ляпаў ужо дзвярыма лядоўні. Ён заўчора чарговы раз кінуў курыць і цяпер нервова шукаў хоць чым заняць рот замест цыгарэціны.
— He, не бачыў. А што?
— А хадзі сюды, зірні...
Валерка, жуючы на хаду кавалак кілбасы, увайшоў у пакой.
— Бачыш — дзякуе за прэзент. А хто яго, той прэзент, перадаў? Раман. Што за ён? Няўжо гэты самы, што прыязджаў сюды? Пэўна ж ён, хто яшчэ. I калі паспеў? От жа хітраваны!
— Хто?
— Хто! Галава твая... Гэтыя двое: Станіслаў Мікалаевіч і Раман. I калі ўжо дарэшты схаўрусавацца паспелі? Тое лагодны гэткі быў апошнім часам наш Мікалаевіч, да сябе не падобны. Што ні зрабі — усё яму ўпанараў, усё добра. Нават на цыбулю ды адсутнасць ножыка пры талерцы перастаў наракаць. Аж во яно што, во дзе прычына... Ну, але... Што рабіць будзем?
Валерка пракаўтнуў кілбасу, з выразам маральнае перавагі на твары — ага, маўляў, і я вось прыдаўся —
няспешна, быццам жадаючы прадоўжыць хвіліну ўласнага, дарма што ў собскіх толькі вачах, узвелічэння, прамовіў:
— Як што? Скасаваць скрыню, і канец справе. Што яшчэ? Ліха будзіць?
— А з адказам што? Напісаць ёй, гэтай Нане, што ды як? ТТТто памёр, што пахавалі? Пэўна ж, цікава ёй будзе...
— Канешне, напісаць. Каб не чапіліся потым. Адно што Раман гэты... Яшчэ надумаецца знаёміць сюды прывезці... Бачыш жа, запрашаў іх стары...
— He надумаецца. Я яго пару разоў так пужнула, што не насмеліцца больш назаляць. Ды ў мяне такое ўражанне, што Станіслаў Мікалаевіч і сам пазбягаў з тымі цёткамі спаткання. Спачатку прапанаваў быццам сустрэцца, а потым у хамут ударыў. I не рады ўжо быў, відаць, што напрасіўся...
— Чаму?
— А хто там ведае, у чужую душу не ўлезеш. He TaKi быў чалавек наш Мікалаевіч, каб перад кожным стрэчным спавядацца. Меў, мабыць, нейкія важкія прычыны для гэтага. Але нам што да таго?
— I праўда.
— Дык што — адпісаць жанчыне?
— Рабі, як лічыш патрэбным. Каб потым, калі што якое, мяне не папікала. He я тут гаспадар...
— Ну, ужо ж, канешне, не ты, — не стрывала, каб чарговы раз не сыранізаваць, Зіна і рашуча націснула курсорам на пазнаку «адказаць».
He сумнявалася: менавіта вось гэткае развязкі нябожчык гаспадар больш за ўсё жадаў і ўсё магчымае дзеля таго, каб акурат гэтак, як ёсць, сталася, сам жа і парупіўся зрабіць.
8
— А вы сумняваліся, казалі — падман. Грошы немалыя, ажно падумаць боязна. — Нана разгарнула рахунак з прыпіскаю «завяшчана Нане для Наны і Алы», перадала сястры. — Містыка нейкая, дэтэктыў дый годзе.
— Немалыя, праўда, — азвалася Ала. — А во будзе, як заявяцца ягоныя сваякі ды пачнуць яшчэ судзіцца. Клопату тады не абярэшся. I грошай тых не захочаш, як пачнуць па судах цягаць.
— He ўводзьце староннім у вушы, што гэтак падфарціла, то ніхто і не заявіцца, — падаў голас з калідора Павел. — Падумаеш, сваякі. Былі б тыя сваякі нармалёвыя — чужым не завяшчаў бы майно. Падзеліце даруначак — і ўся містыка, і ўвесь вам дэтэктыў. Прасцей трэба быць, жанкі, прасцей...
— Як ты, напрыклад, са сваімі гэтымі... Ага... Ну, а што дзеўка гэная, Зоя, ці як там яе? Патлумачыла яна табе што-небудзь у лісце? — не сунімалася Ала.
— Зіна? He, нічагуткі. Толькі тое, што пра помнік на могілках турбавацца не трэба, паведаміла. Яна, маўляў, сама ўсё замовіць і зробіць, бо ёй ён таксама сёетое пакінуў. А болей — нічога. Ды няхай робіць, як хоча. Дзяўчына, відаць, увішная, гэткая міма рук нішто не прапусціць...
— Няблага ж, ён, відаць, ёй пакінуў, калі гэтулькі на сябе бярэ, — зазначыў Павел.
— Ну, а Раман што? Можа, ён што ведае?
— Раман? Скажаш! Быццам Рамана не ведаеш... Калі ён нават канверта не даўмеўся распакаваць ды паглядзець, што там у ім. Пагаварыць з ім, распытаць, ці што, пра таго чалавека? Мабыць, пасля крыху, як уляжацца ўсё...
— А можа, i не варта, — зазначыла задуменна Ала.
— Можа...
Колькі хвілін тройца сядзела моўчкі.
— А памятаеш, як аднаго разу, калі ў Закарпацці мы жылі, нейкі дзядзька падарункі нам да Новага года прыслаў? — парушыла маўчанне Нана. — Мама яшчэ ледзьве прынесла іх з пошты, такі велізарны быў клунак. Лялькі, цукеркі, яшчэ нешта з ласункаў, абутак, вопратка... Памятаеш? To, можа, гэта ён і быў тады, гэты Станіслаў Мікалаевіч?
— Падарункі памятаю, як жа... А вось ці казала яна, ад каго — хоць застрэль, не ўзгадаю. Ды наўрад казала.
— А я памятаю: ад дзядзькі аднаго, сказала і тут жа змоўкла ды рот даланёй прыкрыла. Быццам і не хацела нічога казаць, а прагаварылася міжволі. To, можа, сапраўды гэты Станіслаў Мікалаевіч нам які сваяк?
— Быў бы сваяк — так бы яна і сказала: ад дзядзькі, маўляў. Канкрэтна б сказала: ад вашага дзядзькі. А то ж — ад дзядзькі аднаго! Улоўліваеш розніцу? — зноў вымкнуўся, цяпер ужо з кухні, Павел. —Аднаго — значыць нейкага чужога, старонняга. Хіба не так?
— А потым — з імем тваім ды па бацьку імем яшчэ гэтая мітрэнга, — падтрымала мужа Ала.
— Ці мог бы ён, каб быў нам сваяк, не ведаць нашых імёнаў па бацьку? Нават калі б і не родны быў дзядзька, а стрыечны, да прыкладу, і то ведаў бы... Канешне, ведаў бы. He, тут не тое, не тое... Зусім не тое.
— Ну, можа і так, — пагадзілася неахвотна Нана. Мулкае адчуванне, што выслізгвае з жыцця штосьці значнае, як выслізгвае з рук ды сплывае прэч няўдала схопленая лаўцом за хвост, але не ўтрыманая рыбіна, пазыбалася імгненне ў яе расіузанай няпэўнасцю пад-
свядомасці і, заслоненае думкай, што нічога іншага, як пагадзіцца з жалезнай логікай сястры і швагра, не застаецца, патанула ў бясконцай чарадзе цяперашніх і імаверных наступных клопатаў.
9
Была сярэдзіна жніўня. Ала і Павел Клімовічы ехалі на аўто паглядзець слынны на ўсю вобласць штучны вадаспад на месцы разбуранага старасвецкага млына за паўтары сотні вёрстаў ад іх гарадка. Колькі год ужо збіраліся да яго наведацца, ды, хоць і знаходзілася запаветная мясціна не так і далёка ад дома, ніяк не маглі вымеркаваць на тое часу. To адзін на працы, то другому з нейкае прычыны не да вандровак. Сыны, Данька і Лёша, ці не па тры разы ўжо ўмудрыліся з’ездзіць да таго вадаспада з экскурсіямі ад школы, а ім, бацькам, усё не выпадала. I вось, нарэшце, супалі ў абаіх тэрміны адпачынкаў, і магчымасць такая з’явілася.
Зіхоткая стужка дарогі вілася паміж маляўнічых узгоркаў ды ўзлескаў, то падымалася ўгору, то зноў, залюляная кашлатымі вершалінамі дрэваў абапал шляху, спускалася на дол. У салоне было гарачавата, але фортак не адчынялі: Ала змалку баялася скразнякоў.
Гаварылі пра імаверныя выдаткі, звязаныя з набыццём ранцаў, кніжак, абутку ды вопраткі для хлопцаў да школы. Неўпрыкмет, але лагічна ўзбіліся на тэму грошай, завяшчаных сёстрам Станіславам Мікалаевічам, але ўсё яшчэ Нанаю не атрыманых, бо ёй раптам узбрыло ў голаў заняцца лячэннем Рамана ад алкагольнай залежнасці і яна, баючыся пакідаць выпівоху самнасам з хваробаю ў такі адказны момант, паехала з ім на месяц у нейкую сталічную спецыялізаваную клініку і вярнуцца дахаты мелася толькі праз тыдзень.
— Замыліць твая сястрыца капейкі, і канец будзе справе, — казаў каторы раз Павел, закатваючы вочы ледзь не пад дах салона і нервова шчоўкаючы pas-nopas дзверкаю бардачка. — Бандэраўцы гэтыя — у-у, ведаем іх...
— Кінь ты енчыць, — не стрывала, абурылася ўрэшце Ала. — Вярзеш абы-што. Замыліць... Быццам я сястру сваю не ведаю. I колькі ўжо разоў прасіла не называць яе бандэраўкай — як аб сцяну гарох. А потым наракаеш, што недалюблівае... На сябе паглядзеў бы...
— А што — не так, не бандэраўка? — ці не знарок прапускаючы міма вушэй апошнія словы жонкі, млявым голасам працягваў Павел. — He бачыш хіба, як Лёшку з дня ў дзень апрацоўвае? Кніжкі нейкія ўвесь час падсоўвае, размаўляць на мове прымушае з сабой па тэлефоне... Мне вунь днямі эсэмэску прыслаў: «Тата, у мяне ўсё клёва!» Тата! Што гэта такое? Хто ў наш час бацьку татам кліча? Смех дый годзе!
— Ну, тата... I што табе так не падабаецца? Хочаш папам, няйначай, быць? Можа, і рымскім яшчэ? Дык дарасці трэба... Ты ж свайго бацьку як зваў? Памятаеш, ці нагадаць, можа? I ніхто яго не прымушае, сам так хоча. He хацеў бы — не размаўляў бы на мове і не пісаў. Як-ніяк сямнаццаты год хлопцу — забыўся?