• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раз — шкілет, і два — шкілет  Франц Сіўко

    Раз — шкілет, і два — шкілет

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 344с.
    Мінск 2019
    75.04 МБ
    Зрэшты, можа, нават і не страх то быў тады, у бацькоўскай лучаеўскай хаце, а хутчэй — помарак. Быццам хто знячэўку ледзяною вадой абліў ці ўшчыкнуў спрасоння так моцна, што ажно ў глуздах ды ва ўсім
    целе тое ўшчыканне натужліва-спружыністым болем азвалася. Такі страх, што не ад натуры ідзе, як звычайна, а ад свядомасці, ад жадання хаця б зболыпага даўмецца, як яно, такое вось нялюдскае страхоцце, магло з табою ды з тваімі блізкімі ўчыніцца.
    Ягоны брат Віцюня, пра чалавекалюбства якога ды працавітасць у газеце нават пісалі, — забойца, ды яшчэ і серыйны? Той самы душагуб, пра якога ў наваколлі на сотню вёрстаў адно і размоваў было і якому якіх толькі пастак не стаўлялі, каб злавіць ды абясшкодзіць, пінкертоны мясцовага і нават сталічнага разліву? He бадзяжка які-небудзь бяздомны з-пад моста, а зычлівы брат ягоны адзінакроўны? 3-за якога невінаватага небараку Модзю ў меху ў раку скінулі?
    А сапраўдны забойца ўвесь гэты час у клуні на тапчанчыку, на чысцюткай прасціне спакойна сабе спаў і гора не ведаў. Прыцемкам высочваў дзе-небудзь у ціхім месцы адзінокую маладзіцу, садзіў у аўто, адвозіў у глухое месца паблізу Касцяніцы, гвалтаваў, накідваў на шыю пельку, душыў, а потым вяртаўся дадому, мыў рукі, падносіў жонцы ці мачысе пярсцёнак з рукі няшчаснай, перакідваўся са Стасікам словамдругім і засынаў як забіты. I ўсё гэта брат-апякун ягоны, Віцюня?
    Ды, як ні хацелася верыць, што ўсё гэта няпраўда, лухта, веры даць давялося. Шостая ахвяра, жанчына не баязлівага, відаць, дзясятка, дала рады вырвацца з рук забойцы. Дзеду Антуку закарцела сярэдначы папіць сцюдзёнай вады са студні, пайшоў да яе, а маладзіца тая, ахвяра, убачыўшы святло ад ягонага ліхтарыка, і паклікала ўпомачкі, закрычала штомоцы. Гвалтаўнік збег, а яе паказанні і сталі потым нітачкай, што прывяла ўрэшце да астатніх братавых злачынстваў.
    Віцюня паводзіў сябе падчас следства спакойна, ва ўсім прызнаўся. I нават, як казаў пасля галоўны дазнаўца, зрабіў гэта даволі ахвотна. Распавёў пра першую, яшчэ часоў вучобы ў тэхнікуме, няўдалую спробу нападу на жанчыну, дэталёва апісаў уласны стан прадчування чагосьці значнага напярэдадні ажыццяўлення кожнага чарговага забойства. На пытанне, ці адчуваў калі-небудзь жаданне задушыць жонку, адказаў станоўча, дадаўшы, што стрымлівала ад фатальнага кроку думка пра дзяцей. Таму, маўляў, каб не спакусіцца, і спаць клаўся ўлетку ад Ксені асобна — у клуні з братам. Адзінае, што выклікала ягоную нечакана эмацыйную нязгоду, — тое, што ўсіх забітых ім жанчын ён быццам бы гвалціў. «Толькі траіх, а не ўсіх пяцярых, як вы кажаце», — выгукнуў з выглядам абражанае нявіннасці і пасля гэтага ўжо не прамовіў болып ані слова.
    Віцюню прыгаварылі да пакарання смерцю. Гэта і быў той момант, ад якога Стасік і перастаў чаго б то ні было баяцца. Раз і назаўсёды пазбыўся страху. Апроч аднаго і, мабыць, самага невыноснага, які толькі можна ўявіць, — заўсёднага, неадчэпнага страху быць пазнаным. Штодня ўдаваць з сябе кагосьці іншага, быць не тым, хто ты ёсць насамрэч паводле сутнасці сваёй і нараджэння, — што можа быць горай?
    Першая знікла тады з поля зроку Ксеня, неўзабаве па дазнанні. З’ехала з дзіцем на руках і другім ва ўлонні ў Грузію, дзе жыла на той час ці то нябожчыка бацькі яе, ці то сканалай падчас позніх родаў маці нейкая далёкая сваячка, ды і растварылася ў людской масе на дзесяць гадоў. З’ехала б, пэўна, і раней, як толькі ўсё раскрылася, але нельга было, бо мусіла даваць пака-
    занні. I ўсё ў атмасферы падазронасці, касых паглядаў людзей. A то і непрыхаванай нянавісці. Штодня быць з чалавекам упобачкі і не здагадвацца, чым ён жыве, чым дыхае, — як гэта? Хто дасць веры, што такое магчыма?
    Дасталося людскога асуджэння і мачысе: залатых каронак, бач ты, наставіла ў роце з нарабаванага, а спытаць, адкуль тое золата ўзялося, не парупілася — ці можа такое быць? Няўжо не здагадвалася, што да чаго? Жанчына пажыла ў хаце разам са Стасікам да суда над Віцюнем і, як толькі стаў вядомы вырак, пераехала дажываць век у горад да сына з нявесткаю.
    А неўзабаве і Стасік з’ехаў з бацькоўскага дому. He развітаўшыся ні з кім, ні слова нікому, нават самым блізкім сябрам, нават Маруце, якая акурат зноў заявілася ў адведзіны да дзеда Антука, не сказаўшы, згроб у пляцак самае неабходнае з рэчаў і падаўся куды вочы глядзяць. Тады ўпершыню за ўвесь час, што доўжыліся допыты і суд ды месяцы невыказна пакутлівага існавання ў атмасферы цікаўнасці ды перашэптвання знаёмых і старонніх людзей, і парадаваўся ўпотай за бацькоў — што няма іх ужо сярод жывых, што паспелі сысці, не ўведаўшы ўсяго гэтага жаху, гэтае нялюдскасці.
    Невядомасць бянтэжыла яго, але, папраўдзе, палохала не надта. I зразумела: як ні круці, з усіх адведзеных чалавеку лёсам наканаванасцяў гэтая — няпэўнасці будучыні — у сямнаццаць не самая страшная. Ва ўсялякім разе так яму, Стасіку, тады яшчэ Тарасевічу (прозвішча ён пад заяву аб гарантыі неразгалошвання памяняў пазней ужо, па дэмбелі з войска, у год паступлення на завочнае аддзяленне тэхнікума) думалася.
    Што цяпер раніца, а не вечар яшчэ, здагадацца было лёгка па паску сонечнага святла, што прабівалася ў па-
    кой понізу гардзіны. Ды яшчэ па галасах з кухні — нягучных, знарочыста сцішаных, быццам суразмоўцы, што там гаманілі, адно толькі і мелі наўме, каб яго, нямоглую старую саву, няўрокам дачасна не пабудзіць. Адзін з галасоў быў Зінін, другі, мужчынскі, мяркуючы па ўсім, належаў доктару Мядзюту, мясцоваму медыцынскаму свяцілу. Голасу начнога візіцёра кватаранткі чутно не было.
    Ён варухнуўся, звыклым жэстам рукі памануўся дастаць з пуфіка адзенне. Адзення, аднак, там не было, і яшчэ не адна хвіліна спатрэбілася яму, каб уцяміць, што спаў ён, аказваецца, не распранаючыся. Але гэта, на дзіва, не толькі не засмуціла яго, наадварот, чамусьці развесяліла ды дадало гумору.
    — Вы прачнуліся, Станіслаў Мікалаевіч? — пачуўшы, мусіць, ягонае шавяленне, гукнула праз сцяну Зіна. — Тут Васіль Дарафеевіч да вас. Устанеце, ці яму ўвайсці?
    — Падымуся сам, — адказаў ён і паспрабаваў перакуліцца на бок, каб ямчэй было потым спускаць ногі на дол. Перакуліцца, аднак, ніяк не ўдавалася: цела быццам скавала абручам, а рукі так спруцянелі, што і з выгляду нагадвалі прыхопленыя прымаразкам капусныя качарэжкі.
    — Памагчы вам, можа? — западозрыўшы, мусіць, нешта не тое, зноў гукнула Зіна. — Дык жа кажыце.
    — Дарафеевіч... — ціха паклікаў ён і ледзь-ледзь пасунуўся неслухмяным целам да сцяны.
    Яны ўжо размаўлялі з доктарам каля паўгадзіны, а да сутнасці справы, да таго, што найбольш цікавіла Станіслава Мікалаевіча і найбольш яму цяпер абыходзіла, так усё яшчэ ніяк і не дайшлі. Дарафеевіч ветліва ўсміхаўся, распавядаў пра нейкія новыя метады
    лячэння, пра цуды выздараўлення, торкаў пад нос сігнатуры з апісаннямі лекаў, а як толькі даходзіла да галоўнага, адразу пачынаў муляцца, ды штосьці круціцьмуціць, ды пераключацца на староннія тэмы. Урэшце Станіслаў Мікалаевіч не вытрымаў і задаў пытанне наўпрост:
    — I колькі, па-вашаму, мне засталося ліпець?
    Пытанне, хоць і прагучала неяк, як здалося яму самому, занадта ўжо па-кіношнаму, просталінейна, доктара, аднак, калі і збянтэжыла, дык ненадоўга, на адно імгненне, не болей. Наадварот, ён быццам даўно ўжо чакаў яго і цяпер мог, да радасці сваёй, скінуць з сэрца цяжар змушаных недагаворак і непрыемнага кружляння наўкола слізкай тэмы.
    — Ох, майстар жа вы змушаць, Станіслаў Мікалаевіч, — сказаў і хутка, быццам, з боязі, што пацыент перадумае ведаць праўду, дадаў: — Ох, майстар! Ну, калі меркаваць па выніках ультрагукавога даследавання, то — з месяц. Плюс — мінус... Самі разумееце.
    — Месяца мне дастаткова, — сказаў Станіслаў Мікалаевіч. — Упаўне. Упаўне дастаткова.
    Лекар, збянтэжаны, мусіць, такою нязвыкла абыякавай рэакцыяй хворага на ягоныя словы, падняўся з месца, зазбіраўся адыходзіць.
    — Калі што спатрэбіцца яшчэ — падайце знак.
    — Абавязкова. — Станіслаў Мікалаевіч прыўзняў голаў, варухнуў на развітанне рукою.
    — Дзякуй вам.
    Сказаў тое і ўсміхнуўся: усё, што мела для яго значэнне, ён цяпер ведаў, астатняе, быў упэўнены, — справа характару. Характарам жа ды ўсім, што спрыяе яго гартаванню, як добрым, так і благім, Бог яго не абдзяліў. Галоўнае ж на гэтую вось хвіліну — падняцца.
    Праз гадзіну ён быў на нагах. Калені і рукі няўзнак выпрасталіся, і ў галаве пасвятлела, і цела неяк увадначас наспружынілася — быццам сам Усявышні вёў яго ў патрэбным кірунку, надаючы моцы для здзяйснення задуманага.
    Першае, што ён зрабіў, адчуўшы якую-ніякую палёгку, — выправіў Зіну ў краму ды аптэку, хоць пільнай патрэбы ні ў харчы, ні ў леках не было. I, як толькі зачыніліся за кватаранткаю дзверы, адразу пасунуўся да ложка.
    Рахунак быў на месцы, ціхамірна ляжаў у выдзяўбанай, відаць, ранейшымі гаспадарамі дома ды прыкрытай шпалерамі нішцы ў сцяне пры самым ложку. Там, дзе паклаў яго год таму, калі пасяліўся ў гэтым лядашчым, не ў прыклад не так ужо і шыкоўнай, але болып-менш дагледжанай сваёй кватэры за паўтысячы вёрстаў адсюль, якую прадаў неўзабаве пасля інфаркту ды выхаду на пенсію па інваліднасці, дамку. У дамку, які і набыў, уласна кажучы, не так дзеля даху над галавой, як не ў апошнюю чаргу і з намеру займець перад сыходам у лепшы свет хоць якую капейчыну з розніцы між прададзеным і набытым. Розніца ж аказалася, зрэшты, не такой ужо малой, на гэтакую ён, папраўдзе, нават і не разлічваў. I цяпер трэба было ёю як след распарадзіцца.
    Распараджацца грашыма ён умеў заўсёды. Нават у найгоршыя часы, у разгар так званае перабудовы і пасля яе, калі ўсё наўкола кулялася-грымела і людзі ўвадначас гублялі гадамі наашчаджанае падчас чарговых дэвальвацый, у яго неяк атрымлівалася так, што заставаўся ён калі і не ў выйгрышы, дык і стратаў асаблівых не цярпеў. Можа, таму, што абавязак Ксені
    памагаць адчуваў, што і рабіў рэгулярна, пераводзячы на яе рахунак раз у пару месяцаў a то і часцей, нягледзячы на слабыя пратэсты жанчыны, сякія-такія сумы. Ды і сябе крыўдзіць не было жадання на радасць розным ліхвярам-прайдзісветам. Жыць больш-менш прыстойна захочаш — чаму толькі не навучышся.
    Што спадкаеміцамі будуць пляменніцы, ён вырашыў даўно і беззваротна. Заўсёды гэта ведаў і, нават калі б яны ягонага дарунка з нейкіх прычын прыняць не захацелі, рашэння свайго нізавошта не памяняў бы. I не толькі з-за неабходнасці хоць да каго прыхінуцца душой у шарую, як зараз во, калі зусім занямог, гадзіну, не.