Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
— А то ў вас іх быццам няма, сакрэтаў... Ужо хто тут больш за ўсіх, у гэтым доме, засакрэчаны, дык гэта вы. Хаця б гэтае вось, наконт сваякоў, узяць... Няма нікога, кажаце? Як гэта? Сваякі ў кожнага ёсць. Зноў жа, наконт мовы ўзяць — быццам не разумееце мясцовай гаворкі... Хлусня! Выдатна ж, выдатна разумееце. Кажаце, ні дня тут ад нараджэння не жылі, a то адно, то другое па-тутэйшаму называеце. I іншае рознае... Ці я не бачу нічога, думаеце? He адчуваю?
— Што ты бачыш? Што адчуваеш? Што раздваенне асобы ў мяне? Ну, дзякуй за такі камплімент.
— Што сакрэтнічаеце вы ўвесь час, вось што. Ужо і самі, відаць, не заўважаеце, як штохвіліны тоіцесяхітруеце. Таму, пэўна, і... быццам два ў адным вы нейкі... Быццам і добры, і... зласнаваты крыху адначасова.
— Кепскі — лепшага пашукай... Зласнаваты ёй... Добра яшчэ — «дарэшты злы» не сказала.
— He чапляйцеся да слова: я сказала — быццам. А наконт шукаць іншага... Што мне шукаць? Мне і тут
няблага, бо сама гэткая, як і вы... два ў адным, калі не тры наогул.
— Во-во... На хаціну, мабыць, разлічваеш?
— А і не без таго, ведаеце, калі ўжо на тое пайшло.... Пакінеце ўспадкі — адмаўляццане буду. У маці аднапакаёўка, куды я там з дзіцем? Ды яшчэ брат з дня на дзень павінен з турмы вярнуцца, сваё права на плошчу, канешне ж, заявіць. Што тады? Зноў жа, з Валеркам як ладзіць? Прывалачэцца — і перапіхнуцца, прабачце за праўду, няма як. А вы адзін... Але што тое даводзіць, што і без мяне вам добра зразумела? Вось пагаманілі, і дзякаваць богу. He падыходзіць вам такі мой расклад, дык і сысці магу, толькі скажыце. Сысці?
— Ну, навошта ж так... рэзка? Жыві сабе. Трэба ж, каб і фарціла часам людзям на халяву, не ўсё ж нябогам бедаваць. Жыві, пакуль іншы хто не заявіцца...
— Заявіцца — з чаго гэта? He пужайце дарэмна — не заявіцца ніхто. А заявіцца — так сама пужну, што ў гэты бок і глянуць, напужаны, пабаіцца.
— Брат твой у турме, значыцца? Так?
— Ara. А што, боязна стала? Спужаліся? Вось, адразу бачна, што ніколі не сутыкаліся з такім. Страшна? He бойцеся, сюды не прыйдзе. Мы не ў дружбе з ім.
— I за што сядзіць, калі не сакрэт?
— За забойства. Нажом пырнуў аднаго па п’янцы. Быццам папалохаць толькі хацеў, а замест гэтага ў самае сэрца лязом, дурань, патрапіў. I загрымеў... Мне не яго так шкада, як мамы, так яна, бедная перажывала. I дагэтуль яшчэ, здаецца, як след не ачуняла. А як ачуняеш, калі дня не мінае, каб тое жудаснае не ўзгадалася. Ці каб пальцам хто, хоць сабе і незнарок, не торкнуў пад нос... Ды і торкаць нават не трэба, само тор-
каецца. На чалавека, кажа, гляджу, а ў вачах ягоных і чытаю... Як у люстэрку... Цікава, а вы шкадавалі б?
— Каго?
— Каго! Сваяка-забойцу, вядома. Блізкага чалавека.
— Напэўна, шкадаваў бы.
— А калі б яго, напрыклад, на смерць за штосьці страшнае выраклі — тады шкадавалі б? Некаторыя шкадуюць, некаторыя, наадварот, падтрымліваюць смяротны прысуд. Таму, напэўна, падтрымліваюць, што занадта ж мулка такога сваяка мець. Як кажуць, абы з воч далоў... А вось вы як?
— Я? А што я? — Станіслаў Мікалаевіч цепануў плячом, удаючы холад, пасунуўся да свайго пакоя. Настойлівасць Зіны пачынала яго раздражняць. Такое пытанне ён і сам сабе неаднойчы задаваў, ды адказу на яго дагэтуль не меў і мець, папраўдзе, надта не жадаў.
— А не пахвалілася, бач, ніколі! He сказала праўды пра брата... He сказала ж....
— Дык вы ж не пыталіся! I не папікайце дарэмна. Праўда такая рэч, што лепш часам і не ведаць яе. Ну, сказала б я вам пра брата — і што наедку вам з таго было б? А мне — толькі нязручнасць лішняя ды турботы. Навошта? Адсекчы на карані мінулае — і ўсяго клопату. Хіба не так?
— Адсекчы? Лёгка сказаць... А як не адсякаецца, тады што? Хм... Хаваць мяне будзеш?
— Што? Хаваць? Хаваць... Вось дык размова... Але што ж — не дзеці мы... Хаваць! А даверыце? Скажыце — даверыце? Як бы вы хацелі быць пахаваным?
— А хоць як. Напрыклад, у крэматорыі спаліць. Выгода: у печ торкнуў труну, папялок развеяў пасля дзе-небудзь, і ніякага клопату з уносам-вынасам цела,
з месцам на кладах ды хаўтурамі. Вось толькі дзе яго тут возьмеш, у гэтай глухмені, той крэматорый. Давядзецца нехаця ў зямлю тачыцца...
— Ну, вось, дагаварыліся... Ой, Станіслаў Мікалаевіч... Пра халяву нейкую, затым пра пахаванне заводзіце гамонку. Есці будзеце? Бульбы насмажыла, дык магу падзяліцца. 3 цыбуляю, дарэчы, бульба.
— Канешне, з цыбуляю, як жа без цыбулі, — буркнуў ён незадаволена і пайшоў следам за Зінаю ў кухню. Іншым разам, можа, і абурыўся б, але цяпер было не да таго: карцела як хутчэй улезці ў пошту, паглядзець дасланы Нанаю здымак.
Дзве кабеціны сярэдніх год, абняўшыся, стаялі перад прыбранаю навагодняю ёлкай, засяроджана, як малыя дзеці ў чаканні абяцанай дарослымі птушкі, глядзелі ў аб’ектыў апарата. Выгляд танкавусных светлавалосых маладзіц з засяроджанымі, уважлівымі вачыма сумненняў не пакідаў: Ксеніны дочкі. Толькі крыху, падалося Станіславу Мікалаевічу, больш мяккія абедзве за матку з абрысаў ды больш падобныя асобнымі фрагментамі твару да ніколі не бачанай імі бабулі, ягонай і Віцюневай маці.
Дзе на здымку каторая з пляменніц, пазначана не было, але гэтага Станіславу Мікалаевічу і не патрабавалася: здагадаўся, ледзь адчыніўшы файл ды ўзгадаўшы фотку, прадэманстраваную пару гадзін таму Ромакам.
Ён прачнуўся пад ранне — ад болю ў грудзіне. Паспрабаваў прыўзняцца і не змог: цела быццам скалянела. Праглынуў, сяк-так дацягнуўшыся рукою да пудэлка, пару капсул з лекамі. Хацеў запіць глытком вады, але шклянка была пустая. Пастукаў кійком у пера-
гародку, каб паклікаць упомачкі Зіну, ды, успомніўшы, як яна збіралася звечара ў начную змену, зноў адкінуўся галавою на падушку. «Канец?» — падумаў і склаў на жываце рукі. Hi роспачы, ні страху не было, толькі нейкі няўцямны, незразумелы сверб у галаве. Усё адно як штосьці там муляла ды, разбітае на дробныя фрагменты, зыбалася-знібела між звілінаў і ніяк не давала рады аформіцца ў адзінае цэлае. Як з парваным ланцужком мітрэнга: звяно выпала, а вось чым замяніць яго — і не даўмецца.
Hi з таго ні з сяго ўзгадалася раптам учарашняя размова з Зінаю наконт сваякоў-забойцаў. Пагайдалася ў глуздах урыўкамі фразаў ды і саступіла паволі месца іншаму, куды больш далёкаму па часе прыпаміну. Амаль пятнаццацігадовае даўніны прыпаміну пра тое, як, трапіўшы падчас адной з апошніх сваіх працоўных камандзіровак у аўтааварыю, адзіны з чатырох пасажыраў мікрааўтобуса застаўся жывы і пачуваўся потым у лякарні з-за шматлікіх верадаў так кепска, што і смерць гатовы быў ужо прыняць як адзіна надзейнае збаўленне ад пакутаў. Як зусім не змрочным ды не жахлівым уяўлялася яму тады такое збаўленне і як надавала яму арэолу святла і ўтульнасці думка пра хуткую сустрэчу з нябожчыкамі маці і бацькам. I як ажно сцепанулася, напружылася ўвадначас ягонае скаванае болем цела, калі раптам нахіліўся над ім, штосьці шэпчучы і абдаючы холадам нямых зрэнак, твар Віцюні ды працяла глузды згадка аб безвыходнай наканаванасці будучыні — непазбежнасці спаткання ў лепшым свеце не толькі з бацькамі, але і з ім, братам-забойцам. 3 чалавекам, якому, як бы ні любіў ды не абагаўляў яго калісьці, паглядзець у вочы зусім не хацелася б.
А з іншага боку — ці хацеў бы ён, каб Віцюня застаўся тады жывы? Пытанне, на якое калі і маеш большменш праўдзівы адказ, наўрад яго асмелішся агучыць. Бо ўсё, што ні скажы, будзе і праўдаю, і няпраўдаю адначасова. Паўпраўдаю, якой, можа, лепей, як Зіна кажа, і не кранаць, бо невядома, якім бокам яна ў наступную хвіліну выявіцца.
Тым часам боль у грудзях пачаў пакрысе адпускаць. I неўзабаве, прыглушаны, відаць, лекамі, ужо адно ледзь-ледзь нагадваў пра сябе лёгкім паколваннем у спіне і плячах.
Першы сонечны прамень выбіўся з-пад гардзіны, пазыбаўся ў марыве з пылу і кволага ранішняга святла па-над падлогаю, упёрся ў прастакутнік шпалераў з гадзіннікам на сутыку сценаў.
Палова сёмай, да сканчэння Зінінай змены паўтары гадзіны. Значыць, дахаты дзеўка вернецца не раней дзясятай. А можа, і пазней: штосьці ўчора намякала мімаходзь на прыезд Валеркі, дык, мабыць, адразу з працы паляціць на станцыю яго сустракаць. Дзіўная: ганіць каханка, а варта таму пальцам павабіць — і ляціць да яго як не на злом галавы, бы тая жамярына па нектар да кветкі, быццам нікога лепшага за яго і ва ўсім свеце для яе няма. I зразумей ты гэтых жанчын.
Гэтак во акурат, без жаночых дзівацтваў, і з Віцюнем у тое лета не абышлося. Невядома, чым ён іх там браў, тых маладзіц, але тры з шасці ягоных ахвяраў, як высветлілася, самі, без прынукі селі да незнаёмца ў аўто, зрабілі крок насустрач уласнай смерці. А падчас суда, сведкі пасля казалі, некаторыя жанчыны ў зале, магнезу ды абаяльнасці асобы забойцы,
няйначай, паддаўшыся, нават і спачувалі яму, і слязіну, зычлівіцы, пускалі. А адна, з каханак ягоных быццам бы колішніх, тэхнікумаўскіх яшчэ, дык і наогул як звар’яцела, паўгода па агалашэнні выраку скаргі на дзеянні следства ў высокія інстанцыі дасылала.
Ён перакуліўся на бок, набраўшы ў рот паболей паветра, у тупым здранцвенні ўпетрыўся паглядам у сцяну. Колькі дзесяцігоддзяў прамінула, колькі забылася ўсяго, быльнягом зарасло, а зацята-неўразуменная ўсмешка братава, быццам учора тое ўсё здарылася, так і засталася перад вачыма. Змушаны, як праз сілу, усмех хворага чалавека, калі даваць веры высновам навукоўцаў, — прыкмета душэўнай неадэкватнасці асобы, так званай некрафіліі. Цікава толькі, як яны, некрафілы, пры іх любові да смерці, да пагрозы ўласнаму жыццю пры гэтым ставяцца? Мяркуючы па паводзінах Віцюні падчас суда, піетэту не выказваюць. Але ж каб і надта баяліся — таксама не скажаш.
Але пра што гэта ён? Ці не час ужо і насамрэч вартым, а не ўспамінамі тымі прадаўнімі, заняцца?
Стрэлка гадзінніка нервова тарганулася на цыферблаце, памарудзіла, бы ў одуме, на лічбе 7, пасунулася далей у адвечным сваім марным клопаце пагоні за часам. Дапяла да прыпарушанай пылам мінулага адзнакі гульні з Віцюнем у перайначванне словаў, хіснулася сюды-туды і спынілася, быццам чымсьці заварожаная.
«Ну, вось, і ўсё, мабыць... I быва... бываленя, — адчуваючы, як слабее ды пачынае новым прыступам болю адзывацца сэрца, падумаў ён і падняўся з ложка. Дастаў з кішэні цыдулу з Ромакавай паспешлівай крамзанінай, набраў нумар.