Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
Канешне, на добры лад, і каторай з тройцы жанчын, з якімі больш-менш сур’ёзна зводзіў у жыцці лёс, можна было б што-нішто пакінуць, але дзе іх цяпер, жанчын тых, шукаць? I што патрэбы шукаць — адно толькі клопату сабе ды людзям наробіш. Быццам годнае пачнеш рабіць, а яно, глядзіш, у рэшце рэшт возьме ды кепскім, як яно найчасцей і здараецца, неўпрыцям
абернецца. Для яго яшчэ — як бы ні было, а вось для пляменніц...
I што яму тыя колішнія жанчыны — так, забава быццам, часовая прыхамаць. Hi да адной душою пасапраўднаму і не прыкіпеў. I хацеў, можа, прыкіпець да каторай — а не атрымалася. Страху свайго, сябе самога здолець перамагчы — не атрымалася. А яно ж так заўсёды: чаго баішся, чаго найбольш асцерагаешся, тое і плішчыцца ў глузды, і шкрабе, і не дае спакою.
3 каханкаю ўпобачкі ляжаць, кахацца-мілавацца, захлынаючыся радасцю, і адначасна кожнае хвіліны баяцца, што вось возьме ды і перавернецца штосьці раптам у галаве, і пасунецца рука зладзейкаю да шыі сяброўкі — што за пакута... I такое, між іншым, здарылася з ім аднаго разу. Год сорак пяць было яму тады, можа, крыху болей. Добра, тэлефон зазваніў у прыхожай, a то невядома чым неспадзеўнае нялюдскае насланнё і скончылася б.
Так вось і сталася, што з усіх ягоных каханняў найбольш вартым тое, бадай, нявіннае з юнацтва — да Маруты — у памяці засталося. Такім помным, наўздзіў трывалым аказалася яно, што аднойчы нават, гадоў дзесьці праз сем-восем па ад’ездзе з Лучая, надумаўшыся пасля доўгіх ваганняў наведаць употай магілкі бацькоў, вырашыў разам і слядоў дзяўчыны пашукаць.
Якраз жа на кладах і натыкнуўся на іх, ды запозна: дзед Антук, мяркуючы па надпісе на помніку акурат побач з магіламі Тарасевічаў, тры гады як памёр. Магіла старога з пастаментам ва ўзгалоўі, з купкамі кветак наўкола бардзюраў, папраўдзе, не так тады здзівіла яго сваёй просценькай густоўнасцю, як прыемна здзівілі і ўразілі дагледжанасцю магілы бацькоў.
Так выглядалі, быццам учора хтосьці іх прыбраў: ні травінкі нідзе, ні апалага лісціка, ні следу занядбання. Хто б мог іх тут, дзе сваякоў нікога не засталося, даглядаць? Хто яшчэ, апроч Маруты, калі кветкі, што пры магіле Антука, што абапал помнікаў ягоных маці і бацькі, аднолькавыя?
Узрушаны ўбачаным на могілках, ён рызыкнуў тады заскочыць на зваротным шляху да станцыі ў Касцяніцу ў надзеі хоць што-небудзь пра яе даведацца. Але дарэмна: усе тры касцяніцкія хаты ды подступы да іх так густа зараслі з усіх бакоў здзічэлым вішняком і арэшнікам, што і здалёк стала яму зразумела: хутару кранты.
Больш ад тае пары ён Маруты не шукаў. Хоць і ўзгадваў часта — так, як узгадваюць тое, што і асаблівых высілкаў, каб узгадаць, не патрабуе, што само міжволі ў голаў прыходзіць.
Зрэшты, і вартым апроч Маруты, аднак жа, лёс яго не абдзяліў. Было, было аднойчы. Лічаныя дні заставаліся ўжо тады да шлюбу, як вырашыў, паддаўшыся настрою, распавесці абранніцы сваёй пра Віцюню. He ўсё, вядома, а так, збольшага, каб настрой яе намацаць ды паглядзець, як жа адрэагуе на гісторыю. Сёння распавёў, а назаўтра ўбачыў, як замітусілася ў клопаце абыходнымі шляхамі што-небудзь яшчэ ў дадатак да таго, што сам ёй сказаў, даведацца. На тым і скончылася любоўная ідылія, змізарнела пад ціскам жаночае перасцярожлівасці ды ўласнае ягонае (што ёсць, тое ёсць, з песні слова не выкінеш) маладушнасці.
Ад таго часу быццам прывід які тоўхаў яго праз усё жыццё ў цемя, не дазваляў нават перад самім сабою, а не тое што перад кім староннім, расчыніць дарэшты шлюзы даверу. I ні кніжкі ніякія не памаглі, ні псіхатэрапеўты вучоныя ды самадзейныя, колькі ні
звяртаўся. Такі ён, той прывід, аказаўся на лекаванне няўразлівы.
Што за прывід — вядома, але што пра яго ўзгадваць. Такое ўзгадваць — толькі лішні раз сябе квяліць. Пачнеш занадта квяліць і не заўважыш, як на прысак перагарыш. Ці ў спаруду ператворышся, захрасшы нагамі, бы тая жамярына ў загуслым цыманце, у лабірынце пакутлівых згадак. I не з такімі камянямі на душы, і не з чужымі, а собскімі, людзі жывуць і надта іх наяўнасцю не пераймаюцца. 3 такімі камянямі, што ягоны ў параўнанні з імі — нявінны камяк снегу. To што пакутаваць? Тым болын што наогул цяпер іншы клопат для яго найгалоўнейшы.
3 афармленнем завяшчання ўсё вырашылася хутка, за колькі хвілін. Дзяўчына ў банку па той бок перагародкі з цікаўнасцю зірнула на яго, штосьці ўсміхнулася, падала чысты аркуш і паперку з узорам запаўнення дакумента. Аркуш быў такі белы, што адбірала тая бель вочы, і Станіславу Мікалаевічу не адна хвіліна спатрэбілася, каб да яе прывыкнуць. Затое астатняе ўсё прайшло, як па масле, і неўзабаве тэкст завяшчання быў гатовы.
— А калі што якое са мной, паперчыны гэтай хопіць? — спытаў ён напрыканцы, перадаючы дзяўчыне аркуш.
— Дастаткова, — адказала тая. — Галоўнае, каб дадзеныя скрозь, у завяшчанні і ў пашпарце, супадалі. Прозвішча, імя, імя па бацьку... Дакладны адрас, дата нараджэння. Ну, і, прабачце, пасведчанне аб... смерці, канешне...
— Ага, вось як... Дзякуй, — сказаў ён і пайшоў з памяшкання. Было яшчэ не позна, але адчуваў сябе
кепска: у грудзях трымцела, дыханне раз-пораз збівалася з рытму, рукі лекацелі і так раптам узмакрэлі, быццам хтосьці знячэўку абліў іх вадой.
На дварэ было прахалодна. Ён нават сцепануўся ад холаду, выходзячы з брамы на ходнік. Безуважна, усё яшчэ заняты ў думках справаю з завяшчаннем, абмінуў шыхт матацыклаў збоч павароту, наблізіўся да постаці мужчыны з нацягнутай на вочы бейсболкай, што стаяў з роварам пры дзвярах у краму напояў і зацята, быццам толькі гэткага клопату праз дзень і меў, курыў.
— А, вось дык сустрэча! — Мужчына бліснуў вачамі з-пад бейсболкі, шпурнуў недакурак у сметніцу, хіснуўся Станіславу Мікалаевічу напярэймы з відавочным намерам падаць руку. — Як пачуваецеся?
— Як відаць, — адказаў ён і, робячы выгляд, быццам не дае рады пазнаць суразмоўцу, зморшчыў лоб ва ўдавана-неўразуменнай напрузе. — Ты...
— Ромак, — не выказваючы ані здзіўлення, ані намёку на крыўду ад забыўлівасці старога чалавека ці панібрацкага ягонага, знарочыста грубаватага — на «ты» — звароту, буркнуў той. — Прыходзіў да вас у кватаранты прасіцца, а вы адмовіліся. He памятаеце хіба?
— Адмовіўся, бо не меў мабыць, у тым патрэбы, — знарок як мага больш холадна, нават сувора прамовіў ён і падаў маладзёну руку.
— Можа, і так, але ж не самі адмовіліся, дзеўка вас падсуклеціла... Я ж не сляпы, бачыў, як пяяла вам штосьці ў вушы. Дачка яна вам, ці хто?
— Хто б ні была, — сказаў ён першае, што ўзбрыло ў голаў, але тут жа, адчуваючы, што іншага выпадку задобрыць гэтага захмялелага, ачмуранага танным пітвом дзецюка можа не надарыцца, прымірэнча дадаў: — Вядома, жанчыны...
— Ну, не скажыце, — не пагадзіўся той. — Жанчына жанчыне розніца. Мая былая, напрыклад, зусім неблагая... Адно што выпівох не любіць, а так кабеціна — хоць куды.
Маладзён палез у кішэню пінжака, дастаў фотку, з навязлівасцю чалавека, якому ўсё адно, што казаць ці рабіць, абы толькі яго слухалі, падаў Станіславу Мікалаевічу.
— Ну, з выгляду, сапраўды, нішто... Але ж чаму тады, калі гэткая яна ў цябе добрая, дахаты не ляціш, а тут, пры краме, аціраешся?
— А таму, што разбегліся мы... Вось чаму...
— Шкадуеш?
— Каго? Яе?
— Што разышліся — шкадуеш?
— Ёсць крыху. Такія жанчыны, таварыш дарагі, як мая, на дарозе не валяюцца. He тое што вашая гэтая маладая... крыкса.
— Гэта кватарантка, — неяк крыху катэгарычна, быццам падсумоўваючы прамінулую частку размовы, зазначыў Станіслаў Мікалаевіч і тут жа загаманіў пра іншае: — Робіш дзе-небудзь?
— Ды так, выпадковымі заробкамі перабіваюся. Разгрузіць што-небудзь пры той жа краме або перанесці ці яшчэ што... Пару разоў капачом на могілкі таксама наймаўся — даволі выгодная справа. I грошы дадуць, і накормяць напояць замоўнікі, прабачце за выраз, да ўсрачкі. Ды мне ўсё адно, чым займацца, абы плацілі. To калі што якое, патрэба якая — клічце, пад’еду. Клічце...
— Добра. Можа, калі і давядзецца, хто ведае, — сказаў Станіслаў Мікалаевіч і пайшоў прэч. I ўвесь час, што шкандыбаў, адпачываючы раз-пораз, да свайго дома, думаў пра тое, як дзіўна паводзяць сябе часам
людзі. Вось жа амаль што бомж, як Зіна кажа, амаль што жабрак гэты Ромак, а глядзі ты — і пагаманіць пачалавечы са староннім дасць рады, і жончыну фотку, дарма што разышліся, з такім понтам паднясе пад вочы, што хоць ты ў лорды яго запісвай.
Зіна была дома, гэта ён адразу зразумеў, ледзь толькі расчыніў дзверы сянец. 3 пакоя даносілася нягучная музыка, пацягвала тытунём. Ён падумаў, што, мабыць, няблага было б хаця б стукам падаць кватарантцы знак аб сваім прыходзе, каб не надта ўжо ён стаўся для яе неспадзеўным, і памкнуўся ўжо да яе дзвярэй, як дзяўчына сама выйшла ў калідор.
— А пра вас мужык, той, што раней неяк прыходзіў, пытаўся, — сказала і, быццам хочучы апярэдзіць яго рэакцыю на навіну ды пазбегнуць тым самым роспытаў, дадала: — Сказаў, што бачыў вас у горадзе ля крамы, нават размаўляў, ды нумар тэлефона свайго забыўся вам даць... Вось ён, нумар, вазьміце... Ого, з такім форсам тармазнуў ды рыпнуў коламі ля ганка, што за вярсту, мабыць, было тое рыпенне чутно. Я раіла пачакаць вас, але ён не паслухаў. Сеў на свой віхлясты дапатопны ровар ды і адваліў. Я не стала ўгаворваць, вельмі мне трэба! Што, зноў не так штосьці зрабіла?
— Чаму не так? He, якраз усё так. На дзіва...
— Што значыць — на дзіва? Так кажаце, быццам я толькі пра тое і мару, каб вам насуперак што-небудзь учыніць... Намякаеце? Ну, дык вось, сказаць вам хачу... He пра мужыка гэтага, п’янага валацужку, — пра сваё. Вось Валеркам, што начаваў тут, папікаеце мяне, а праўды ўсяе, сутнасці справы і не ведаеце.
— Ну?
— Вось вам і ну... Бацька майго дзіцяці Валерка, вось якое «ну». Замуж кліча, але я не хачу за яго выходзіць. Бо гультай і яшчэ і лыга ў дадатак, дарма што неблагі спартсмен, па трох відах разрады мае. Несамавіты, бесхарактарны чалавек, куды вецер падзьме, туды і пахіліцца.
— А дзе ж дзіця?
— У маці да часу пакінула, дзе яшчэ. Уладкуецца неяк надзейней з жытлом — забяру да сябе. А можа, і замуж яшчэ пайду, будзе бачна. Вось якія справы. От вам і дзіва...
— Дрэнь, аднак жа, справы. Тое гляджу — нейкія ўсё сакрэты ў маёй кватаранткі. Аж во яно што...