Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
To, можа, і не варта было яму ўсё-такі паддавацца Зіне, адмаўляць таму выпівоху, што месяца паўтара таму прыязджаў на ровары, набіваўся ў кватарантыпамочнікі. Сам бы ён, напэўна, не адмовіўся, але ж Зіна... Вочы дзеўка гэтак вырачыла, бровы так пагрозліва да пераносся ссунула, пачуўшы іхнюю размову пра кватаранства, што бядак той і развітацца нават, збягаючы, забыўся. Так хуценька знік на сваім ровары ў суседнім завулку, што ён, Станіслаў Мікалаевіч, і імя спытаць у дзецюка не паспеў.
Але, што праўда, і на Зініну прысутнасць яму асабліва наракаць не выпадае, якраз наадварот. Тым больш што дзяўчына з’явілася ў гэтым доме куды раней за яго самога. Перайшла, так бы мовіць, яму ў спадчыну ад ранейшай гаспадыні, у якой кватаравала, прыехаўшы пасля вучобы ў медвучэльні працаваць па размеркаванні ў раённую бальніцу. Гаспадыня памерла, сын яе і нявестка выставілі будынак на продаж, пакінуўшы Зіну да часу за ім наглядаць, пакуль хто не купіць. Дамок неўзабаве трапіў на вочы Станіславу Мікалаевічу, і калі ён на пачатку лета ў яго пераехаў, дзеўка так пры ім і засталася.
Заставалася быццам на пару дзён, пакуль не падшукае сталае кватэры, а ў выніку аж во на колькі месяцаў затрымалася. I, хутчэй за ўсё, затрымаецца ўжо і надалей. Ва ўсялякім разе апошнім часам размовы
пра пошук іншага, больш выгоднага жытла не распачынае. Яму ж, відаць, сам Бог пасобіў, паслаўшы ў кватаранткі гэтую няўрымслівую, дасціпную, часам аж занадта, Зіну: і весялей удваіх, і сняданак ды абед калінікалі пад настрой згатуе. I калі раптам што якое ў плане здароўя з ім здарыцца — медык заўсёды побач. А калі яшчэ ўлічыць, што характар ягоны таксама далёка не мёд, бомба, а не характар, дык і слова благое яму супраць дзяўчыны, якая б ні была яна, грэх казаць.
Новае месца жыхарства ён выбраў не выпадкова. Але не таму, што тут найбольш яму, ураджэнцу сярэдзінных памяркоўных шыротаў, падыходзіў клімат ці так пасавалі ўжо, цешылі вока тутэйшыя краявіды. За некароткі працоўны век якіх толькі краявідаў ён ні наглядзеўся, у якія толькі закуткі, часам і вунь як ад звыклых жыццёвых стандартаў далёкія, ні даводзілася яму трапляць. I ўсюды ж неяк прыжываўся, прыстасоўваўся, даваў сабе рады фізічна ды духоўна не апусціцца, не стаць бездапаможным закладнікам лёсу.
Цяслярыць не ўмеў па маладосці — навучыўся. Мыць бялізну не меў уяўлення — налаўчыўся. Каніны змалку на смак не ведаў, кумысу не піў — прымусіў сябе падчас працы ў стэпах, куды трапіў па размеркаванні пасля тэхнікума, адно і другое есці-піць, і спраўна так, што пару разоў толькі ад ежы той і пітва зайшоўся з непрывычкі млосцю ды ледзь не званітаваў. Словам, шмат што адолеў. А галоўнае — да высновы, што як бы кепска ні было, якія б пасткі чалавека дзе ні падчэквалі, усё трэба неяк змагчы, уласным розумам, а не праз трактаты якія вучоныя ці чужы досвед, дапаў.
He, не спрыяльнага, прыдатнага клімату і не адметных краявідаў ён, канешне, тут, у гэтым гарадку, шукаў. Іншы інтарэс пераследаваў. I быў ён, той інтарэс, зусім на першы погляд будзённы і празаічны: дажыць у пэўнасці, што не давядзецца ляжаць па сконе ў адзіноце, не ператварыцца ў мумію да радасці асмялелага пацучча, не зрабіцца аб’ектам плётак для аматараў папаласкаць чужую бялізну.
Ахвотнікі пра чужое гаварыць заўсёды адшукаюцца, і хоць наракаць на іх — пустое, бо такая прырода чалавечая, яму цяпер, напрыканцы жыцця, такая ўвага да сябе менш за ўсё была б дарэчы. Зрэшты, то адзін з інтарэсаў, быў і ёсць і другі, не менш істотны ды паважны. Калі наогул не галоўны.
Праўда, клімат тут неблагі. I гарадок нішто сабе, хоць і зусім невялічкі, за пару гадзін лёгка ўвесь наўкола пехатою абыдзеш. Хутчэй нават пасёлак гэта, чым горад. 3 выгляду, аднак, даволі прыстойны. 3 паўдзясятка крамаў царква, касцёл, пошта, банк, лазня, іншыя не менш вартыя ўвагі даброты цывілізацыі. Як і паўсюль — мэр, рухлівы, абыходлівы, асабліва, калі датычыць справы ўладкавання ўласнага дабрабыту, дзядзька з неабдымнаю кронаю сваяцтва ў радаводзе. Як і ў большасці невялікіх населеных пунктаў гэткага кшталту — пара прадпрымальнікаў мясцовае гадоўлі ў асобах мэравага ж сына і ягонай жонкі, чэпкай, не без прэтэнзіі на элегантнасць, дарма што правінцыялка, бізнес-вумэн, уладальніцы прыватнай аптэкі і шапіка па продажы напояў. Але не гэта галоўнае.
Галоўнае для Станіслава Мікалаевіча — за сто вёрстаў адсюль, у гэткім жа заштатным, як і гэты вось, гарадку, з гэткімі ж, мабыць, кліматам, краявідам, лазняю і мэрам ды параю бізнесоўцаў, куды і наважыўся
ён урэшце днямі напісаць. I не толькі напісаць, а нават, пераадолеўшы заўсёдную сваю, узрослую на грунце шматгадовага добраахвотнага адзінотніцтва і наўмыснае адстароненасці ад людзей перасцярогу быць кімсьці пазнаным, напрасіцца на тэлефонныя стасункі.
У прыбіральні ён прабыў хвілін дваццаць. А калі, збольшага прыбраўшы ўсё за сабою ды сяк-так прыладзіўшы ў роце цеснаваты новы зубны пратэз, вярнуўся ў калідор, Зіна ўжо ваўсю шчыравала ў кухні, гатавала штосьці на сняданак.
— He збягайце, зараз есці будзем, — сказала порстка і нават крыху быццам з выклікам, дастаючы з шафкі і ставячы на стол талеркі ды раскладваючы абапал іх ножыкі і відэльцы. Сама яна карыстацца ўсім гэтым інтэлігенцкім сталовым начыннем не любіла і, відаць, не вельмі і ўмела, але парушаць завядзёнку гаспадара не адважвалася: Станіслаў Мікалаевіч ставіўся да такіх рэчаў вельмі строга. Як на яе, Зіны, інтэлігенткі ў першым калене, погляд, дык і занадта ўжо строга, можа, так і не варта было б. — Вось... Сядайце. Сёння яечня ў нас. 3 кропам і цыбуляй.
— Ну, не штодня ж трусяцінай ды чырванарыбіцай нам ласавацца, — весела намякаючы на святочны абед тыднёвае даўніны з нагоды шумнага Зінінага дня народзінаў, сказаў Станіслаў Мікалаевіч і паслухмяна сеў да стала. Цыбулі ён наогул, а тым больш зранку, не любіў, але псаваць сабе і дзяўчыне настрой з-за такой дробязі не палічыў патрэбным: цыбуля дык цыбуля, такой бяды...
— Чаму ты Зіна? — спытаў нечакана для самога сябе і, быццам агаломшаны раптоўным прыступам уласнае цікаўнасці ды заклапочаны тым, як будзе яна ўспры-
нята кватаранткай, хуценька дадаў: — Усе Дар’і наўкола, Настассі, Каці, Хрысціны, а ты — Зіна. У гонар якой-небудзь стаханаўкі мінулага стагоддзя, ці што, так цябе назвалі? Неяк жа зусім нямодна па сённяшнім часе.
— Якой яшчэ ста... стаханаўкі? — пырснула ў кулак дзяўчына. — Ну, скажаце вось, аж не даразумецца вас... Такое імя, бо бацькі яго далі. He сама ж я сабе выбірала. Падумаеш — нямодна! А па-вашаму, якаянебудзь Капа ці Ліпа мадней было б?
Станіслаў Мікалаевіч пакратаў рукою шчаку, нягучна, быццам перасцерагаючыся, каб раптам не вываліўся з рота падчас гаманы пратэз, сказаў:
— Ну, хай бы сабе і Капа была. Або Ліпа. Капіталіна, Алімпіяда — як гучыць... Грунтоўна, манументальна. А во Ала яшчэ — чым благое імя? Праўда? Падабаецца? А то — Зіна... Зі-на... Аж холадна ад яго...
— Ну, вось, і скрытыкавалі мяне... Імя як імя, — сказала Зіна і спрытна перавяла размову на іншае: — Ліст сёння будзеце той жанчыне адпісваць? A то надта ж няёмка ўчора атрымалася падчас яе тэлефанавання. Непрыгожа нават. Зусім, да вашага ведама, пане гаспадару, непрыгожа. Мяне падманваць змусілі. He хацелі гаварыць з кабецінай — так бы адразу і сказалі. Ну ж, Станіслаў Мікалаевіч! I што гэта з вамі? Што за паводзіны?
— He, сёння не буду, — сумысля ігнаруючы другую частку запытання, нечакана зласліва, быццам гэта зусім не яму, а менавіта ёй, Зіне, павінен абыходзіць той меркаваны ліст, выгукнуў ён з раздражненнем у голасе.
— Чаму?
Станіслаў Мікалаевіч з хвіліну памаўчаў.
— А таму, што не зразумею, мабыць, нічога з таго, што яна напіша зноў у адказ па-свойму, па-тутэйшаму, вось чаму, — сказаў як мага болып катэгарычна і падчапіў відэльцам шматок яечні.
— Вы? He зразумееце? — не дала веры Зіна. — Трусяціну трусяцінай называеце — ад зубоў слова адскоквае, а ўжо ліст на мове зразумець рады не дасце? Смех дый годзе! Такі прасунуты, сучасны мужчына, а такое на сябе нагаворваеце!
Праменад скончыўся вельмі хутка, бо неба раптам схмылілася і пайшоў дождж. Станіслаў Мікалаевіч так недалёка паспеў адысціся ад дома, што амаль не змок пад ім і хвілін праз пяць па вяртанні з прагулянкі ўжо сядзеў, сухі і бадзёры, на верандзе. Гартаў газету ды слухаў, як Зіна гамоніць з некім па тэлефоне. Па таропкасці яе мовы і па тым, як суцішвае яна час ад часу амаль да шэпту голас ды раз-пораз вызірае з заклапочаным, загадкавым выглядам у калідор, няцяжка было здагадацца, што гамоніць дзеўка з кімсьці староннім і сведкаў размовы мець відавочна не жадае. Двойчы, падалося Станіславу Мікалаевічу, праслізнула ў размове і ягонае імя, але прамаўлялася яно пры гэтым так перасцярожліва-прытоена, што ніякай пэўнасці, ці так гэта насамрэч, ці толькі яму здалося, што пра яго згадвалі, быць не магло.
Зіна скончыла размову, ускінула на плечы плашч, неяк похапкам, няўважна, у адрозненне ад мінулых разоў, развітаўшыся з Станіславам Мікалаевічам, пабегла з хаты. Сёння ёй дзяжурыць у аддзяленні ў начную змену, а гэта значыць, што вернецца яна дадому толькі
назаўтра ўранні, не раней восьмай. А яшчэ тое, што бавіць рэшту дня і вечар яму, Станіславу Мікалаевічу, на жаль, зноў давядзецца ў самоце.
Ён адсунуў убок газету, пайшоў у калідор. Успомніў, што ўчора звечара планаваў памыць сёе-тое з бялізны, памкнуўся да прыбіральні, але тут жа і перадумаў. Звыклы да завядзёнкі ніколі, ні пры якіх, нават самых форс-мажорных абставінах не блытаць уласных планаў апошнім часам ён усё часцей лавіў сябе чамусьці менавіта на такім жаданні — рабіць насуперак планам. I гэта, на дзіва, зусім яго і не бянтэжыла, і не засмучала, і не выбівала, як раней, з каляіны. Наадварот, нават быццам дадавала дзелавітасці і ўпэўненасці. Ён пастаяў у задуменні колькі хвілін перад дзвярыма пакоя, пасунуўся да стала з камп’ютарам. Машынальна, звыклым жэстам торкнуў штэкер у разетку, застыў у чаканні, пакуль засвеціцца экран манітора.
Камп’ютарам ён, не ў прыклад большасці старых, авалодаў і даволі хутка, і без асаблівай напругі. Хоць і вучыўся нязвыклай, новай справе галоўным чынам самастойна, похапкам, у вольны ад працы (тады яшчэ падпрацоўваў крыху тэхнолагам на цэментным заводзе) час, засвоіў усю гэтую лічбава-літарную прамудрасць досыць прыстойна. Апроч рамонту і наладкі апарата, канешне, бо гэта ўжо, так бы мовіць, вышэйшы пілатаж, для ягоных старэчых, паточаных шашалем часу і жыццёвых непамыснотаў ды сюрпрызаў лёсу мазгоў недасягальны. Але і засвоенага яму дастаткова. Прынамсі, каб напісаць ды адправіць ліст ці пачытаць навіны, звяртацца да кагосьці па дапамогу не трэба. А калі надарыцца які збой у сістэме, то цяпер вось кватарантка Зіна, дзеўка адукаваная, дасведчаная, паможа даць рады.