Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
— Ды не. Калі б памылілася, то навошта б тады было ёй, той дзеўцы, казаць напачатку, што пакліча яго? Я ж імя назвала — Станіслаў Мікалаевіч... Была б па-
мылка — яна сказала б, што няма такога. Не-не, штосьці там не так. Сама падумай: напрасіўся ні з таго ні з сяго на знаёмства, а цяпер пачынае круціць духамі. Быццам і хочацца яму, бач, пагаманіць, і колецца...
— Заінтрыгаваў, аднак, гэты старэча... Ну дык што, яшчэ патэлефануеш, можа, яму?
— Мабыць, патэлефаную. — Нана хвіліну памаўчала. — Але не сёння ўжо. Хіба што з раніцы заўтра паспрабую. А дзясятай, можа, ці крыху пазней. Трэба ж давесці справу да канца, каб потым, як раптам што, не муляла. А не захоча зноў гаварыць — няхай, яго справа, не мы першыя да яго звярнуліся...
— Добра. А я табе неўзабаве пасля таго, як з ім стыкуешся, прыкладна а адзінаццатай, бомкну. Раскажаш, што ды як. Цікава ж усё-такі... Калі раптам зноў, як сёння, якія непярэліўкі з тэлефонам здарацца, сама мяне набяры. Чуеш? Абавязкова. Буду чакаць. Ад Паўла і хлопцаў табе прывітанне.
— Дзякуй, як яны?
— Добра, што ім зробіцца... Паелі ды сядзяць вунь пры тэлевізары, фільм нейкі пра серыйныя забойствы глядзяць. За вушы, што бацьку, што сыноў, ад скрыні не адцягнуць. Аж млеюць усе трое ад задавальнення, на тыя жахі гледзячы. Папрасіла суцішыць гук — нават не схамянуўся ніводзін. Ну, дабранач!
— Дабранач! — Нана паклала слухаўку, змахнула мімаходзь даланёю з ісподу апарата павуцініну, якую заўважыла яшчэ надоечы, але ўсё забывалася, растузаная хатнімі клопатамі ды думкамі пра таемнага Станіслава Мікалаевіча, прыбраць, пайшла ў залу.
У зале было прахалодна і неяк няўтульна. «Мабыць з-за гардзінаў гэтых новых... Шэры колер ёсць шэры,
дарэмна не паслухала прадавачкі і тыя весялейшыя бэжавыя фіранкі понізу яшчэ прычапіць не купіла», — падумала Нана і схілілася ў задуменні перад камп’ютарам. Адкрыла паштовую скрыню, прабегла збольшага вачыма па тэксце першага ліста ад Станіслава Мікалаевіча.
Вось з яго, уласна, з гэтага ліста, усё і пачалося. Хаця не — пачалося раней, у той вечар месяц таму, калі патэлефанавала ёй прыяцелька з працы, сказала, быццам праз сацыяльныя сеткі яе або Алы адрас расшуквае нейкі мужчына — ці то сваяк, ці то знаёмы іх маці.
Гэта было дзіўна, бо ні пра якіх сваякоў, ні пра знаёмых нябожчыца маці, Ксеня, жанчына даволі лагодная і разам з тым валявая, a то нават часам і вунь як спарудліва-непрыступная, пакуль была жывая, ім з Алаю ніколі нічога не казала. Больш за тое, наогул не любіла пра іх згадваць і злавалася, калі гэта рабіў хто іншы. Варта было каторай з дачок хоць бы і незнарок зачапіць у размове тэму сваяцтва, як яна тут жа замыкалася ў сабе ды змаўкала так надоўга, што, здавалася, да скону ўжо так і будзе хадзіць маўчком. Канешне, з часам мякчэла, адпускалася, але колькі перажыванняў, колькі непрыемных хвілін ім, сёстрам-падлеткам, усё тое матчына зацятае, незразумелае маўчанне каштавала!
Што яна ад іх хавала? Якую таямніцу гэтак зацята аберагала, што нават дочкам, якіх, безумоўна, любіла, хоць надта, праўда, і не песціла, не палічыла мажлівым яе даверыць? Даходзіла ж часам і да кур’ёзаў. Неяк аднаго разу ў школе абвесцілі для вучняў конкурс на лепшы радавод. Дык рэакцыя маці на іх з Алаю намер скласці свой аказалася такою непрыязнаю, што і вокам яны не паспелі міргнуць, як падрыхтаваны для запісаў
яе меркаванага расповеду пра продкаў нататнік куляю паляцеў у сметніцу.
Гэтаксама нервова ставілася яна і да іх роспытаў пра бацьку. «Яго няма», — адказвала шторазу і, даючы знаць, што размова скончана і працягваць яе не мае сэнсу, строга падцінала тонкія свае, у нітачку, вусны.
Такі адказ іх, канешне ж, не задавальняў. Аднак гучаў ён так няўмольна і разам з тым так пераканаўча, што іншага выйсця, як хаця б дзеля выгляду даць веры, што ўсё сказанае Ксеняй — праўда, ды змірыцца з тою праўдай, у іх не заставалася. I што цікава, між іншым, — змірыцца без уласцівага гэткага кшталту сітуацыям пачугтття крыўды ці пратэсту, а наадварот — з інтуітыўным, падсвядомым адчуваннем таго, што калі маці гэтак робіць, то гэтак і след, бо робіць яна тое не з нейкае там дурное прыхамаці, а адзіна дзеля іх жа, дачок, дабра.
Калі праз нейкі час, значна пазней ужо, па сканчэнні школы, яны ўсё-такі памануліся ўзнавіць размову, яна абарвала іх імпэт яшчэ болып рашуча. I ад таго часу яны ўжо да тэмы пра бацьку пры ёй наогул не вярталіся. Пагаманіць міжсобку, ціха, употай ад Ксені — гэта колькі душа пажадае, але толькі не ў яе прысутнасці. Гэтак яны і рабілі, міжволі прыходзячы з узростам да высновы, што, мабыць, не слаба ж ён, бацька іх, чымсьці жанчыну пакрыўдзіў калі нават і слухаць пра яго не жадае. Ці, наадварот, можа, яна яго пакрыўдзіла. I так здараецца. Мужчыны — стварэнні крыўдлівыя. He ўсе, вядома, але ж многія, многія... He дагадзіла жонка, той жа чаркі, скажам, не наліла дзеля пахмелля ці яшчэ чым абдзяліла — і адыходзіць чалавек у прочкі, і прачкаванне тое часам на ўсё жыццё зацягваецца. Так і сканае бядак дзе-небудзь наводшыбе ад сям’і.
I вось — ix з сястрою расшукваюць. Першае, што прыйшло ў той вечар Нане ў голаў, — ці не бацька гэта іх шукае? Між іншым, і пра Рамана таксама яна тады мімаходзь узгадала: ці не пажартаваў гэта ён з бадуна, папрасіўшы каго-небудзь падаць запыт на росшук? Тры гады, як разыішгіся-разбегліся з ім, а колькі нерваў за гэты час выцягнуў не даючы праходу, даймаючы просьбамі пачаць усё нанова. Урэшце, збітая з тропу нечаканасцю, яна надыктавала-такі прыяцельцы свой электронны адрас, і тая даслала яго незнаёмцу. I зусім хутка, літаральна на наступны дзень, Нана і атрымала ад яго вось гэты допіс.
Адстаронена-ветлівы — ні намёку на эмоцыю — ліст, бездакорна ўважны, сухаваты і крыху быццам нясмелы, як першы роспіс Дзеда Мароза на не аб’інелай дарэшты на пачатку зімы шыбіне. Яго прозвішча Парфянок, зваць Станіслаў Мікалаевіч. Ён добра ведаў іх маці, шмат год з ёю ліставаўся і цяпер, калі яе ўжо няма, хацеў бы наладзіць хаця б якую-ніякую сувязь з яе дочкамі. Калі яны, вядома, не супраць. Яму сёмы дзясятак, у такім узросце спадзявацца ў стасунках з людзьмі на ўзаемную (гэтае слова так і было ў лісце пададзена — курсівам) зацікаўленасць — справа марная, але гэта для яго не галоўнае. Адпішуць яны яму — будзе рады, а не пажадаюць адпісаць — іх воля. Hi хто ён ды адкуль, ні пра акалічнасці знаёмства з маці ў лісце не было ні слова. Некалькі фраз, пажаданне добрага здароўя напрыканцы — і ўсё.
Параіўшыся па тэлефоне з сястрой, Нана ў той жа дзень Станіславу Мікалаевічу на ягоны электронны адрас адпісала. Папрасіла распавесці болып падрабязна пра сябе і пра тое, што лучыла яго з маці. З’яўлялася хоць нейкая мажлівасць натрапіць на след у мінулае
нябожчыцы Ксені, а праз тое — і ва ўласнае, і не скарыстацца ёю, адзінадушна вырашылі яны з Алаю, было б неразумна.
А рэшту таго дня Нана прабавіла ў пошуках згаданых старым лістоў да маці. Перагартала ўсе сямейныя альбомы, перашнарыла ва ўсіх шафачках ды шуфлядках і паліцах, але так нічога і не знайшла. Розных допісаў, тэлеграм, паштовак было ўсюды ў доме аж зашмат, а вось хоць бы маленечкай цыдулы ад чалавека па прозвішчы Парфянок — ані блізка.
Станіслаў Мікалаевіч зноў напісаў ёй праз тыдзень. Але яшчэ больш коратка і суха, чым мінулы раз, неяк нават быццам нехаця, праз сілу. Пытанне пра абставіны знаёмства з маці дыпламатычна абмінуў, пра сябе паведаміў тое, што і з папярэдняга ліста вынікала, толькі іншымі словамі.
Адзінае, што новага было ў допісе, дык гэта намёк аб спадзеве на сустрэчу ў будучыні. I яшчэ — просьба даслаць нумар хатняга тэлефона. Свайго ці Алінага — яму без розніцы, галоўнае правільна напісаць код горада, бо з кодамі заўсёды ў яго, маўляў, непаразуменні. Мабільнікам ён таксама, канешне ж, карыстаецца, але гаманіць з хатняга — і ўтульней неяк, і больш для яго, старога чалавека, звыкла.
2
Станіслаў Мікалаевіч расплюшчыў вочы, прыслухаўся. На дварэ было зусім ціха і, відаць па ўсім, і бязветрана. Гэта яго ўзрадавала: нарэшце можна будзе на колькі хвілін, а то і на якую гадзіну выйсці з дому, зрабіць, як кажа Зіна, кватарантка, ранішні праменад. Толькі б не зблытала картаў, не разгулялася, як учора надвячоркам, калена і не даў аб сабе знаць, не схібіў
недарэчы матор — сэрца. Шнарамі яно там ужо, халера, дарэшты пабілася, што гэткім болем раз-пораз у грудзях абзываецца і, як на злосць, у самы ж нязручны момант? Варта чаму іншаму, прастаце гэтай мярзотнай, да прыкладу, ці калену, ці яшчэ чаму хоць крыху абвастрыцца, як і яно, аслабленае леташнім інфарктам, адразу ж пра сябе нагадвае.
3 Зінінага пакоя не даносілася ні гуку — відаць, дзяўчына яшчэ спала. А можа, толькі выгляд рабіла, што спіць: у драбку далікатнасці ёй, рудавалосай гэтай, хуткай на нагу і вострай на язык, грубаватай гаварунні Зіне ўсё-такі, як ні круці, не адмовіш. Хоць з выгляду пра тое і не скажаш. Дзеўка відавочна не з ліку тых, што, трапіўшы неўспадзеў у глухі, поўны ваўкоў лес, разрумзаецца, сядзе ў роспачы пад хвояй і будзе пакорліва чакаць выраку лёсу. Такая хутчэй усю поўсць на тых ваўках павыдзірае, чым свой хоць адзін волас дазволіць ім з галавы выскубнуць. Ды ён, Станіслаў Мікалаевіч Парфянок, дастаткова пажыў на свеце, дастаткова наглядзеўся і на распусных людцаў, і на ўспыхлівых, і на рахманых, каб не ведаць, што меркаваць аб характары чалавека толькі паводле нейкіх знешніх яго праяваў — справа ненадзейная.
Ён падняўся з ложка, чапляючыся рукой за сцяну, пасунуўся да прыбіральні. Ішоў як мага цішэй: спраўляць раніцой малую патрэбу апошнім часам стала надта балюча, а хоць які сведка такой старэчай нямогласці для мужчыны, які ўсё жыццё пражыў адзінотнікам і пускаць старонніх у свае асабістыя, інтымныя справы не прывык, — пакута яшчэ тая. Тым болып калі гэты сведка — дзяўчына дваццаці год, як Зіна. He дзіва, што з усіх нязручнасцяў, якія ўзнікаюць у абставінах сумеснага жыцця чужых, да таго ж мала знаёмых і роз-
нага ўзросту, як яны з Зінай, людзей, цяпер, калі вось так усур’ёз занямог, менавіта гэтая — неабходнасць карыстацца адною прыбіральняй з кімсьці, — сталася для яго ці не самай вялікай. Быў бы то мужчына, а не Зіна гэтая, усё нашмат прасцей, канешне, вырашалася б. Бо з чым да мужыка звярнуцца не пасаромеешся, перад дзяўчынаю і не заікнешся нават.