Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
— Зразумеў. Яшчэ б не зразумець, — пагаджаецца Тадэвуш Піліпавіч і перакладае слухаўку да другога вуха. — Твае як?
— Добра, што ім зробіцца. За добрым гаспадаром — усе як за сцяною каменнай. Мірон жа ці адгукаецца? — У голасе Генадзя прамільгвае характэрная, якая заўсёды ў ім з’яўляецца, варта загаварыць пра малодшага брата, нотка паблажлівасці.
— Адгукаецца, — не жадаючы чапаць балючага, адказвае Тадэвуш Піліпавіч і хуценька пераводзіць размову на тэму аб пераразліку пенсіі, які яму маюцца неўзабаве зрабіць у бок падвышэння з улікам адпрацаваных пасля выхаду на пенсію год.
Аднак Генадзю, мяркуючы па ўсім, гэта не надта цікава. I ён, спаслаўшыся на тое, што хтосьці, маўляў, звоніць (дай ты рады — апоўначы!) у дзверы, спыняе размову.
V
Дзень толькі пачаўся, а гукаў наўкола так шмат, быццам тут не лецішчы ўсюды побач, а якое-небудзь прамысловае прадпрыемства. Асабліва даймае, рэжа вушы несупынны гул аўто ад гравійкі. Машыны на вялікай хуткасці раз-пораз праносяцца па ёй, шоргаючы коламі па гравіі, паволі аддаляюцца, цішэюць і нарэшце зусім патанаюць у чэраве ўхутанага шэранню прыдарожнага гайка.
Тадэвуш Піліпавіч перакульваецца на другі бок, слізгае паглядам па экране мабільніка. Без чвэрці сем, роўна дзесяць хвілін да сігналу. Каторы дзень запар ён прачынаецца сам у адзін і той жа час. I гэта яму, чалавеку, які звычайна без гадзінніка і кроку не ступіць, нават і дзіўна. Зрэшты, дзівіцца няма чаго, бо такое заўсёды з ім здараецца ў хай сабе і не непасрэднай, але ж прысутнасці старонняга чалавека.
Старонні чалавек зараз тут для яго — гандлярка Ніна Іванаўна, у дзявоцтве Яня Лаўцэвіч. Якая штораніцы пад’язджае да лецішча акурат а восьмай, ні хвілінаю раней ці пазней, і да прыезду якой ён кожны раз выходзіць загадзя падрыхтаваны, наструнены, не раўнуючы бы маладзён у храм за хвіліну да ўзяцця шлюбу. Прынамсі да сённяшняга дня так было, а як яно складзецца ад хвіліны размовы, дзеля якой ён іут, на гэтым лецішчы, другі тыдзень, бы той Рабінзон на сваёй выспе, кантуецца і якую менавіта сёння плануе распачаць, — Богу толькі вядома.
Так, каля дзясятка дзён маркоціцца Тадэвуш Піліпавіч пустэльнікам у чужым доме, аж самому не верыцца, што гэтак надоўга хапіла ў яго цярпення ды вытрымкі трываць такую побытавую неўладкаванасць. Каб не стос скарыстанай бялізны на зэдлі ў куце пакоя, дык і сам не паверыў бы, што аказаўся на такі подзвіг здатны. Дарэчы, не забыцца папрасіць па тэлефоне Аніту, каб што-небудзь заўтра, прасціну там якую, наўлечку, можа, прывезла. Раптам давядзецца яшчэ на колькі часу тут застацца, то хай будзе чысцейшае на ўсялякі выпадак.
Думкі пераскокваюць на прыезд унучкі, робяцца штохвіліны ўсё больш дакладнымі, канкрэтнымі. Прыедзе дзяўчына не адна, з хлопцам, то трэба ж яму — як-ніяк родны дзед — хоць збольшага да прыёму гасцей падрыхтавацца. Тым больш што хлопца ён дагэтуль не бачыў To, можа, Яню папрасіць, каб падкінула чаго-небудзь вясковага для пачосткі гасцей? Тых жа абяцаных клубніц, напрыклад. Але толькі, канешне, не рыбы. Якой ён і сам вось ужо колькі дзясяткаў год не есць, і глядзець, як робяць гэта іншыя, без прыступаў млоснасці не можа.
Будзільнік тэлефона абзываецца з пуфа: час падымацца.
Ён спускае далоў ногі, ідзе ў кухню мыцца. I толькі паспявае наліць у рукамыйнік вады ды збольшага апаласнуць рукі і твар, як з двара даносіцца сігнал клаксана.
— Іду-у! — крычыць ён у акно і ідзе на двор.
Ніна Іванаўна сядзіць у аўто з прыглушаным маторам і вылазіць з яго, бачна па ўсім, гэтым разам не збіраецца.
— Малако, — кажа і высоўвае з салона бутэльку. — Хадзі, сам вазьмі. Мне тэрмінова трэба ў суседні пасёлак з’ездзіць, дык вельмі ж спяшаюся.
— А клубніцы? — расчараваны тым, што, мабыць, пагаварыць, як ён планаваў зноў не атрымаецца, кажа ён і сунецца да машыны.
— Непярэліўкі з клубніцамі, вось што, — кажа яна і совае бутэльку яму ў далонь. — Трасца нейкая раптам на лехах аб’явілася, нейкія брыдкія слімакі ледзь не ў палец таўшчынёю... I жаруць лісце, і жаруць, халеры... Ягад, праўда, няшмат яшчэ зжэрлі, але што будзе далей, як адно бадылле застанецца, хто ведае? Дык паеду да знаёмага агранома, каб падказаў, што рабіць. Так што цяпер ні да чаго мне... Пазней, калі што якое, сюды па цябе прыеду і завязу на месца... Сам і набярэш ягад, колькі табе трэба, не вялікі пан. Калі застанецца што набіраць...
— Я яшчэ пагаварыць з табою хацеў, — кажа ён і як мага лагодней, быццам ад гэтага залежыць, пагодзіцца яна на размову або не, усміхаецца.
— Пагаварыць? Пра што гэта?
— Пра сёе-тое, — адказвае ён і прастуе да дома.
— Ну, добра. Пагаворым... Канешне, як жа, пагаворым, абавязкова, не чужаніцы ж мы якія-небудзь
адзін аднаму. Але ж пошасць гэтая, гэтыя слімакі... I вось адкуль што ўзялося, каб хто сказаў.
Ніна Іванаўна запускае матор, ад’язджае колькі метраў, высоўвае галаву з салона.
— А памятаеш, як у Дзерваедах на Шаршатачкавым гародзе з дапамогаю індыкоў ад слімакоў пазбаўляліся? — кажа і слізгае какетлівым паглядам па ўласнай выяве ў люстэрку. — Ты тут, пры доме, птаства якога часам не загадаваў? Во запусцілі б у гарод, і ніякія парады былі б непатрэбныя. Ха-ха!
— He загадаваў, на жаль, — кажа Тадэвуш Піліпавіч і абарочваецца, каб паглядзець, як яна зрэагуе на ягоныя словы. Але дарэмна: аўто ўжо далекавата.
Бліжэй к абеду прыязджае Аніта. Адна, бо яе Іллю, праграміста з куртаценькім стажам працы ў нейкай фірме па продажы бог ведама чаго, надоечы пакусалі падчас карпаратыву пры пасецы прыгараднага дэндрарыя пчолы, дык ехаць у людзі з апухлым тварам ці то пасаромеўся, ці то, можа, і наогул не захацеў, а толькі тым, што, маўляў, саромеецца, дзеля выгляду прыкрыўся.
— Сарамлівы наш Іллюк, як дзевачка, — каментуе паводзіны каханка Аніта і моршчыць лоб. Бачна, што такое далікатнасці ў мужчынах яна за належнае не ўспрымае і, мяркуючы па інтанацыі голасу, не ўспрымае даволі ваяўніча.
Аніце дваццаць два. He падлетак, але апранаецца, як пятнаццацігадовае дзяўчо. Край спаднічкі — у пары міліметраў ад сярэдзіны азадка, грудзі паўголыя. На фоне гэткае манеры апранацца ў сукупнасці з прыроджанай рэзкасцю паводзінаў яе праніцаныя тэзамі высокай маралі развагі аб жыцці-быцці выглядаюць часам даволі дзіўна і неяк, папраўдзе, штучна. Пагаманіць жа Аніта (нягледзячы, што дзяўчына не такая ўжо сталая
і бабскага ў разважаннях яшчэ, здаецца, набрацца к гэткаму веку была б не павінна) і любіць, і нагоды не прамінае. Вось і зараз, відаць па ўсім, мае намер скарыстацца магчымасцю нагрузіць суразмоўцу сабою ды сваімі бзікамі напоўніцу.
— ТІТто ў цябе, дзядуля, новага? — пытаецца і пачынае няспешна (рабіць любую справу з рэзкімі пераходамі, спачатку павольна, як скрозь сон, затым нечакана ўспыхліва — яшчэ адна асаблівасць яе характару) даставаць з валізы прысмакі. — Дзядзька Генадзь вярнуўся з адпачынку — ведаеш?
— Ведаю. Увечары сюды тэлефанаваў.
— Увечары ці, можа, уначы ўсё-такі? Нам дзесьці ці не а дванаццатай, здаецца, патэлефоніў. Тату пабудзіў, дык той надта ж незадаволены быў. Бурчэў: чаму гэтак позна?
— I што казаў?
— Тата? А што ён скажа? Я ж кажу: бурчэў, лаяўся. Быццам сына свайго ты не ведаеш...
— He бацька. Я пра Генадзя... Прычым тут твой тата...
— А-а, дзядзька Генадзь? Ды я не ведаю дакладна, не чула ўсяго, што яны там гаварылі. Адно здагадалася па татавых паводзінах, што нейкая даволі нервовая была іхняя гамана. Што абакралі яго быццам бы, пакуль быў у Балгарыі. Тата, як даведаўся пра гэта, усю ноч потым не мог заснуць.
— 3-за таго, што Генадзя абакралі?
— Ну так. А што дзіўнага? Браты ж яны як-ніяк, — кажа з выклікам у голасе Аніта і свідруе Тадэвуша Піліпавіча праніклівымі сваімі, рудаватымі, як у нябожчыка Міхалкі, вочкамі.
— Вядома, браты... Але ж супакоіўся, напэўна, пасля?
— Супакоіўся, хоць і не зусім. Паспакайнеў, як даведаўся, што не ўсё ўзялі. Нейкі дарагі-раздарагі пярсцёнак з брыльянтам, аказваецца, пакінулі злодзеі... Ці то не заўважылі, ці то не ацанілі як след... А што там за пярсцёнак — не ведаю. Дзіўна: у дзядзькі Генадзя — гэткі скарб. Адкуль такая нясветная раскоша?
— Адкуль? Купіў... Юлі ў падарунак.
— Купіў? Ого. Каштуе, відаць, нямала гэткі падаруначак. Дурні...
— Чаму гэта — дурні? Мелі грошы на той момант — вось і набылі каштоўнасць. Уклалі, так бы мовіць, у вартую справу... Усе так робяць.
— Я не пра дзядзьку з цёткаю, а пра тых... пра злодзеяў-недарэкаў.
— А-а... Ну, канешне, твая праўда — недарэкі. Драбязу згрэбці, а вартае пакінуць — хіба не дурасць?
— I я тое ж кажу. На футра паквапіцца, а на брыльянт увагі не звярнуць — што можа быць дурней? А з грашыма што? Сцібрылі? He?
— Ой, не ведаю... Хваляваўся, мабыць, Генусь, дык блытана неяк распавядаў. To я і не зразумеў як след, што там да чаго. Але, здаецца, пра грошы нічога ён не казаў.
— Значыць, не скралі. To і дзякуй богу. — Аніта змаўкае, вытрымлівае невялікую паўзу. — I няма чаго надта перажываць. Згуба футра для такога крутога, вёрткага мужчыны, як дзядзька Генадзь, справа несмяртэльная, — кажа і ўключае электрагарбатнік. — Набудзе новае. Во пакуль мы гарбаты з табою, дзядулік, пап’ем, глядзіш, ужо і набудзе.
Аніта ад’язджае а шостай. Ад’язджае раптоўна, неяк надта ж эмацыйна пагаварыўшы перад тым з кімсьці
па мабільніку. Запэўнівае дзеда, што пойдзе пешкі на прыпынак маршруткі, але да прыпынку не даходзіць. Тадэвуш Піліпавіч вызірае ў акно акурат у тую хвіліну, як яна садзіцца ў запыленае аўто бурачковага колеру.
Відавочны, нават калі ён і не планаваны загадзя, падман дзяўчыны, як і тое, што яна быццам бы ведаць дагэтуль не ведала пра падораны Генадзем жонцы брыльянт, яго непрыемна ўражвае. Тым больш што такі момант няшчырасці здараецца між ім і Анітаю не ўпершыню. Вось адкуль, напэўна, і халадок між імі падчас кожнае размовы, і нейкая часам адчужанасць. Быццам і прычыны для яе, той адчужанасці, няма, а разам з тым і не адчуць яе нельга, і не пераймацца ёю, вядома, не выпадае.
На шчасце, горыч ад няшчырых паводзінаў унучкі разліцца раўчукамі жоўці па целе Тадэвуша Піліпавіча не паспявае. Бо літаральна праз колькі хвілін па яе ад’ездзе вяртаецца да лецішча Ніна Іванаўна. I не ўлегцы вяртаецца, не з пустымі рукамі, а з вялікім пакункам чырвоных, налітых сокам клубніц.