Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
Так Ніна засталася адна. Рабіць на заводзе пасля гэткіх падзей не хацелася, трэба было ўладкоўвацца кудысьці яшчэ. На гарантаваны, ды ўсё ж нялёгкі заробак у школе вяртацца пасля адноснае заводска-лабаранцкае, пад крылом мужа-начальніка, вольніцы не хацелася, і яна пачала шукаць варыянтаў уладкавацца куды-небудзь у іншае месца. Дзе і зарабляць можна было б больш, і праца была б не такая беспамернанервовая ды мітуслівая, як у школе.
Была сярэдзіна так званых нулявых. Якраз пусціліся тады ўсюды расці, бы грыбы пасля спорных дажджоў, розныя грамадскія няўрадавыя арганізацыі. У адну з іх, што спецыялізавалася на прасоўванні ў свядомасць грамадзян постсавецкае прасторы гендарных пытанняў, Ніна Іванаўна і паткнулася неяк у надзеі зачапіцца за магчымасць сталага занятку. Кіраўнічка арганізацыі, таксама былая настаўніца, акурат падшуквала сабе рэферэнта, і тут Нініны веды нямецкай мовы і прыдаліся.
Праз паўгода пасля пачатку працы ў арганізацыі Ніна пазнаёмілася з Цітмарам. Саракавасьмігадовы нежанаты немец са Штутгарта прыехаў у горад упершыню, мовы не ведаў, і кіраўнічка прыставіла да яго Ніну ў якасці адначасова і гіда, і перакладчыцы.
Ніна ўзялася памагаць замежніку ахвотна. I, вядома ж, у адрозненне ад некаторых іншых жанчын, што спалі і бачылі сябе ў абдымках самавітых нетутэйшых кавалераў без якога-кольвечы разліку. Хаця занурысты, не надта гаманкі (спытаеш — адкажа, але сам першы ніколі не зачэпіць) Цітмар, папраўдзе, ёй і падабаўся, разлічваць на што-небудзь большае за дзелавую супрацу з мужчынам ёй у голаў не прыходзіла. Да таго часу, пакуль гэткае не прыйшло аднойчы ў голаў самому Цітмару і яна не мусіла на такі паварот справаў адрэагаваць.
Усё, што адбылося потым, здарылася так хутка, што Ніна вокам плюснуць не паспела. I ўжо праз некалькі месяцаў, акурат у ноч вігіліі Божага Нараджэння, пакінуўшы сына ў Дзерваедах на апеку маці, упершыню выправілася за мяжу. Выправілася быццам бы з намерам пераймання досведу працы жаночае арганізацыі, а насамрэч найперш — у адведзіны да Цітмара.
Сям’я Цітмара выбар сына ў асобе развядзёнкі з незразумелага замежжа калі і не ўхваліла, дык выгляду пра тое не падала. Жанатаму брату і яго жонцы, відаць па ўсім, уласных клопатаў хапала. Маці ж, жанчына даволі флегматычная і нават часам, як падалося Ніне, празмерна да ўсяго абыякавая, вырашыла, мусіць, за лепшае ў адносіны сына і ягонае іншаземнае каханкі не ўмешвацца, то-бок пусціць усё на волю лёсу.
Лёс жа так распарадзіўся, што неўзабаве Нінін сын Максім, на той час пятнаццацігадовы хлопец, даволі
сур’ёзна захварэў, і яна мусіла тэрмінова вяртацца на радзіму. Прыкрую перашкоду справе мацавання адносінаў, праўда, падсаладзіў Цітмар: падараваў ці то ў знак падзякі за прыхільнасць, ці то з намёкам на працяг яе ў будучыні, значную суму грошай. На якія Ніна, даклаўшы крыху наашчаджаных сваіх, вось гэтую машыну, у якой па сёння калясіць па лецішчах у пошуку пакупнікоў, тады і набыла.
Падлячыўшы сына, Ніна зноў зазбіралася ў Штутгарт. Але тут, як на злосць, арганізацыю, з ласкі якой мясцовыя жанчыны да пары да часу бясплатна калясілі па Еўропе, залічылі да апазіцыйных і ўвадначас зачынілі. Стасункі з замежжам перайшлі ў сферу тэлефанаванняў. I Ніна, якая, у адрозненне ад Цітмаравай маткі, пакідаць уласныя справы на волю лёсу не любіла, быццам каб знарок пацвердзіць выслоўе, што апетыт падчас яды прыходзіць, вырашыла скарыстацца магчымасцю працягваць адносіны з Цітмарам напоўніцу.
Яе палкія, поўныя намёкаў на сур’ёзнасць пачуццяў тэлефанаванні, здаецца, далі-такі плён. Цітмар не толькі напісаў ёй электронны ліст, але і паабяцаў прыехаць. Гэтым разам, праўда, не па справах арганізацыі, а прыватным чынам, адмыслова да яе — пагасціць колькі дзён.
Узрушаная перспектываю хуткага спаткання, Ніна ўзялася даводзіць да ладу жытло. Пафарбавала ў кватэры падваконнікі ды дзверы, падклеіла шпалеры, набыла сякія-такія дробязі для дэкору. Хацела яшчэ абкласці пліткаю сцены ў ванным пакоі, але не паспела, бо майстар паабяцаў зрабіць хутка, а потым так доўга ўсё нешта цягнуў з пачаткам працы, што і засталася справа нязробленая.
Быццам адчуваючы яе нявыкрутку з рамонтам, Цітмар раптам прыслаў ліст, у якім даводзіў немагчымасць
спаткання цяпер, а абяцаў яго праз нейкі час, можа, наступным летам. Спаслаўся пры гэтым на кепскі стан здароўя і нават, прабачаючыся, даслаў нейкую ці то выпіску з гісторыі хваробы, ці то даведку. Затым пайшлі чарадою эсэмэскі — то быццам бы з лякарні, то яшчэ аднекуль.
— Мама, ну не хоча ён цябе, не хоча, як ты не разумееш! — пераняўшыся яе дэпрэсіўным настроем з нагоды няпэўнасці ў адносінах з мужчынам, сказаў неяк дапалы не па ўзросце Максім. — Хвароба, кепскае самаадчуванне — адгаворкі ўсё гэта. Ад-га-вор-кі...
— Чаму гэта адгаворкі? Гэткі ўжо ты знаўца-псіхолаг! — успыхнула яна, абражаная. Але да сынавых словаў мусіла ўсё ж такі прыслухацца. Балазе і сама ўжо час ад часу ўпотай падумвала, ці не гуляе дзяцюк з ёю ў нейкую гульню, ці не водзіць за нос.
Канчаткова высветліць сітуацыю памагла адна інтэрнэт-фрэндэса, вялікая аматарка займацца чужымі справамі. Неяк яна даслала Ніне адрасы мужчынзамежнікаў з сайта знаёмстваў, і адным з тых адрасоў якраз аказаўся адрас Цітмара.
Ніна даслала з сынавай скрыні каханку ананімны ліст з анкетаю (што веру ў Бога — сказаць не магу, бо агностык, піць — шмат не п’ю, але крыху, маўляў, — тонкі намёк на жаданне быць запрошанай у рэстаран — ужываю), на які ён, валацуга, тут жа, не марудзячы ні хвіліны, і адказаў.
Такіх двурушных дзеянняў па-за ўласнаю спінаю Ніна і не чакала, і дараваць не магла. Можа, з увагі на адыходлівасць сваю і даравала б, калі б быў Цітмар хаця б крыху бліжэй. Але ён быў далёка, і градус яе кахання да мужчыны пасля такое здрады міжволі пайшоў на спад. А праз колькі часу стасункі між імі і Hao-
гул спыніліся. Без асаблівай крыві, затое з пацверджаннем агульнавядомага, што, сапраўды, усе мужчыны сволачы і што ў любой справе рабіць у гэтым сэнсе выключэнне з правіла для дзецюка толькі таму, што ён, бач, замежнік, — вялікая аблуда.
***
Тэлефон сціхае, але праз хвіліну зноў заходзіцца мелодыяй. Тадэвуш Піліпавіч цягнецца рукою да пуфіка, каб намацаць мабільнік, ды спрасоння не дае рады. Пакуль ягоная сонная далонь ліхаманкава мітусіцца па краі пуфіка і натыкаецца ўрэшце на тэлефон, мінае колькі хвілін.
— Алё! Прывітанне, бацька! — Генадзеў голас гучыць неяк нязвыкла злавесна і разам з тым быццам знарок адстаронена. Так сын размаўляе вельмі рэдка, толькі тады, калі зусім не ў гуморы. — Спіш, мабыць? Адпачываеш?
— Ты, Генусь? — Тадэвуш Піліпавіч уключае вольнаю рукою святло, глядзіць на гадзіннік . — Ого... Дванаццатая... Так позна? Дзе ты?
— Дома, дзе яшчэ мне быць... Дзве гадзіны таму ўкуліліся ўсім кагалам у хату, вось сядзім, бядуем пад гарбату...
— Што значыць — бядуем? Чаму?
— А вось таму, — сярдзіта выгуквае Генадзь. — Абакралі нас, Тадэвуш Піліпавіч, вось што...
— Як — абакралі? Дзе? Бач ты, як яно ў дарозе здараецца...
— Ды не ў дарозе — дома абакралі. Вярнуліся, а тут, ведаеш, дзверы насцеж... Замок на месцы, спраўны, а ўсё расчынена. Заходзь і бяры што хочаш.
Тадэвуш Піліпавіч падхопліваецца з канапы, торкае вобмацкам ногі ў тапкі.
— Відаць, улезлі з даху праз балкон у кухню, — працягвае Генадзь. — 3 кухні далей, па ўсёй кватэры пайшлі шпацыраваць... Футра Юліна, гэнае, што летась у Польшчы набыла, звалаклі. Сёе-тое з тэхнікі. Грошы, што Анітцы планавалі аддаць, таксама ляснулі.
— Сем тысяч даляраў! — ахае Тадэвуш Піліпавіч, адчуваючы, як раптоўна цяплее ў грудзях ды пачынае ўзбуджана лекацець сэрца. Грошы яму, канешне ж, абыходзяць вельмі. Бо гэта якраз траціна сумы, што засталася ім з Карольцяю ад абмену трохпакаёўкі на аднапакаёўку. Міронава доля, якую ён меўся неўзабаве, паводле дамовы з Міронам, аддаць ягонай Аніце, а пакуль што пазычыў Генадзю на справы бізнесу. — Божа літасцівы! Ну, а што міліцыя? Выклікалі ж пэўна?
— А што міліцыя? Прымчаліся, абгледзелі ўсё. Шукалі адбіткі пальцаў, аж, прабач, херачка што знайшлі! Каб хоць след дзе застаўся... Прафесійна злодзеі папрацавалі. Трэба было, бацька, табе перціся на тое чужое далёкае лецішча... Быццам у нас горш табе было б. Воўкам табе наша кватэра смярдзіць, ці што...
— Дык каб жа я ведаў што гэтак яно атрымаецца...
— Каб жа ведаў! Ну, але... Што карысці цяпер скавытаць ды пасыпаць галаву попелам. Казаў той, не мы першыя, не мы апошнія. Сем тысяч шкада, канешне, ды што папішаш. Дзякуй, на дыван, як вунь летась у знаёмых маіх, не апаражніліся зладзяюгі. Уяўляеш: вяртаешся з адпачынку дахаты ўвесь такі з сябе, у выдатным такім, мажорным настроі, а пасярод пакоя куча гаўна на дыване цябе падчэквае. А ведаеш, што за ўсё цікавей?
— Што?
— Тое, што пярсцёнка з брыльянтамі дурні не ўзялі. Памятаеш, я Юлі да дня народзінаў даражэзны пярсцёнак купіў? Дык вось акурат жа яго і не ўзялі. Хаця
і схаваны не быў, навідавоку, у спальні на пальцы гіпсавага манекена вісеў. Мабыць, падумалі, што біжутэрыя, і пагрэбавалі ўзяць. Ламачча рознае хуценька схапілі, а брыльянт пакінулі.
— Ну, то хоць за гэта ім дзякуй.
— Ага, ёсць за што дзякаваць... Што дазвання не распранулі ды па свеце голымі не пусцілі... Так, патвойму?
— Што я? Прыкра мне, вось што.
— Ай, не пераймайся ўжо так. Прыкра! Што зрабілася, таго не вернеш, — неяк увадначас палагаднелым голасам кажа Генадзь. — Аніта тэлефанавала, казала, хоча днямі са сваім хлопцам да цябе наведацца. Дык ты там ужо надта не распавядай ім пра гэтае нашае брыдкае. Яна — адно, свая дзеўка, але ж хлопец яе... Як-ніяк старонні чалавек, што ў вушы ўводзіць... A то пойдзе па людзях пагалоска, дык і ведаць не будзеш, куды ад жартачкаў-пацвельванняў хавацца. Хтосьці і парадуецца яшчэ такому здарэнню, a то і анекдот прыдумае...
— Добра, не буду нічога казаць.
— Галоўнае — пра скрадзеныя грошы не кажы, каб лішніх размоваў не правакаваць. Я і Мірону з Алёшкам таксама казаць пра даляры не буду. Скажу, канешне, што ўлезлі бандзюкі ў кватэру ды сёе-тое з рэчаў узялі, а пра даляры — маўчок... Дык і ты маўчы, не кажы. A то атрымаецца, быццам знарок мы ўсё прыдумалі, каб не аддаваць Аніце бацькавай долі. Розныя здагадкі пачнуцца... Радня раднёю, а часам і ад яе трэба заставацца на адлегласці. Зразумеў?