Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
братавай (Ганна шэсць год таму трапіла ўвосень на полі пад колы камбайна) была дзяўчыне за матку, ніколі сірату не папікалі, сваё месца ў хаце яна ведала добра. I ўсё рабіла так, каб залежаць ад сваякоў як найменш.
I вось табе навіна: быццам бы збіраецца Карольця ў Біцясава, будзе рабіць сартавальшчыцай у цэху гароднінакансервавага завода. Заводзік той невялічкі, кепска аснашчаны, ледзьве ліпіць. Людзі на ім доўга не затрымліваюцца, дык і бяруць туды кожнага, хто ні пажадае, — гэткі часовы прыстанак для шукальнікаў месца пад сонцам і розных выпівох. Канешне ж, часовым, спадзяецца Карольця, будзе ён і для яе. Цётка Лёдзя, матчына сястра, працуе масавічкай у клубе веттэхнікума, напрыканцы года выходзіць на пенсію — вось і тое самае месца пад сонцам для Карольці. Галоўнае — як-небудзь зачапіцца, а там ужо неяк будзе.
Тым часам Яня, дабіраючы ў валізу то адно забытае, то другое, не-не ды і пазірала ў акно, чакала хоць якога знаку ад Тадзі. Нервавалася: за ўвесь час пасля здарэння на рацэ толькі двойчы яны з хлопцам і бачыліся. Ды і то похапкам, нават як след не пагаварылі. Бо як падмянілі ўвадначас Тадзю, такі зрабіўся адстаронены, занурыста-недасяжны. Ходзіць маўчком, слова лішняга ні да каго не прамовіць.
Акурат такі цяпер заўсёды Тадзя, як быў у той злашчасны вечар напярэдадні выправы на кірмаш, калі забег да яе, вярнуўшыся з Біцясава: твар панылы, шэры, вочы ўніклівыя, як быццам штосьці ўкраў, а што — прызнацца не асмеліцца. I наогул увесь нейкі не такі, як раней. 3 чаго такая перамена? Зразумела, з чаго — з яе, Янінага падману. Непрамоўленага, не сказанага, а ўсё-такі, як ні круці ды ні паварочвай, — падману.
Канешне, з падману, з чаго яшчэ? Было б іначай — даўно загаварыў бы. Адно добра: разам будуць у Біця-
саве, дык, можа, там, наводшыбе ад людскіх паглядаў, раскаіурхаецца аднакласнік Тадзя, загаворыць нарэшце.
Хтосьці ўвайшоў у сенцы, шкрабнуў рукою па клямцы. Карольця ўкулілася ў хату, села на зэдаль пры акне.
— Ой, стамілася, — сказала і скупенька, як праз сілу, усміхнулася. — Надвор’е нішто, дык вырашыла мэтлахі перасушыць-ператрэсці. Рыззя гэтага ў хаце па кутках назбіралася за гады — не дапавыносіцца. Адных толькі зношаных, дзіравых дзедавых ботаў і чаравікаў, бадай, каля дзясятка пар пад плот выцягнула. Цётчыных палітонаў, шашалем паточаных, сумак нейкіх, партманетаў, ісподак розных, панчох тое ня тое бярэма*... А ў шуфлядзе шафы, на самым нізе пад бялізнаю, уяві сабе, на пачак грошай натыкнулася. Руку торк пад стос наўлечак, а там яны, грошы! Амаль дзве тысячы рублёў дзясяткамі... Паклаў, мусіць, каторы са старых ды і забыўся... Ох, гэтыя старыя... Матка твая, казалі мне, бядуе, што трэба конча вам карову на маладзейшую памяняць, а не выпадае з-за грошай... Дык калі што якое — не саромейцеся, кажыце. Я багатая цяпер, магу і пазычыць. А магу і так, без аддачы даць. Лёгка прыплыла капейчына — лёгка няхай і сплыве.
Пачынаўся апошні тыдзень жніўня. Дні стаялі цёплыя, лагодныя. Лета раптам ні з таго ні з сяго расшчодрылася, быццам адмыслова вырашыла кампенсаваць дзерваедаўцам бясконцую паласу непагадзі. Праўда, з раніцы неба ўсё яшчэ па-ранейшаму хмылілася, але к поўдню зноў весялела; хмары сплывалі, далягляд выясняўся, паветра налівалася сонцам, поўнілася водарам ранніх яблыкаў, сена, збажыны.
* Тут: вельмі шмат (дыял.).
I рака была спакойная, толькі дзе-нідзе на самым быстраку наўзбоч выспачкі злёгку моршчылася паскамі хваляў. I ўсё адно думаць, што вось зараз давядзецца пераплываць яе на хай сабе і надзейна, як сцвярджае Карольця, адрамантаванай Шаршатачкавай лодцы, было непрыемна. Хіба не тое самае мог бы ён сам сказаць пра лодку ў дзень сваёй гібелі? I што наогул значыць — надзейна адрамантаваная? У адным месцы — надзейна, у другім, глядзіш — не зусім, a то і зусім ненадзейна...
Яня так доўга не адважвалася сесці ў лодку, што Карольця ажно зазлавала:
— Ды садзіся ўжо, не круціся вужакаю! Будзеш цяпер усё жыццё пераправаў баяцца? Маланкабояззі табе мала? Мужыкі такім шворанам дзірку заканапацілі, што ніякімі абцугамі яго цяпер, каб і хацеў, не выдзераш. На ўласныя вочы бачыла, як рабілі.
Яня перасцярожліва апусціла вочы долу, упетрылася паглядам у дно лодкі. Сапраўды, яно было роўнае, быццам вычасанае з цэльнага кавалка дрэва.
— Я ж кажу: ніякім долатам не выб’еш затычкі! Вось што значыць майстры, — паўтарыла казанае хвіліну таму Карольця і порстка шмарганула ступаком па месцы, дзе ледзь-ледзь вымалёўвалася на фоне дрэва заканапачаная смалою затычка.
Аднак яе бадзёры напамін пра долата прагучаў так, быццам яна знарок хацела хоць ускосна нагадаць пра Тадзю, і гэта Яні зусім не спадабалася. Да такой ступені падалося ёй гэта ў тую хвіліну лішнім і недарэчным, што яна нават распачынаць размову пра сплату пазычкі на набыццё маладой каровы, якую днямі прывялі ўдзвюх з маці з аднаго хутара пад Чарасамі, не стала.
Ill
Тадэвуш Піліпавіч прахопліваецца ад дрэмы, акідвае памяшканне ўважлівым паглядам. “Пакой як пакой, — думае і пераскоквае вачыма з аднаго прадмета на другі. — Шпалеры зусім новыя, мухамі нават нідзе не заседжаныя. На столі вунь каб пляміна табе, на сцяне — каб ра'жына... I што ад першага дня ў голаў узбрыло, быццам так ужо ўсё тут, у гэтым доме, кепска? Нервы, няйначай...” Узгадвае Піліпавіч учарашнюю тэлефонную размову з малодшым сынам, Аляксеем, яшчэ больш весялее. I нездарма: што-што, а ўзняць суразмоўцу настрой дасціпны, зычлівы хлопец умее. Аптыміст, якіх мала: рызыкант, весяльчаквесялун, гаварун. He ў бацьку ўдаўся, дарма што з выгляду — выліты ён, Тадэвуш Піліпавіч, у маладосці. Hoc праменькі, вочы-гузікі, пастава, жэсты — усё ягонае, Тадэвушава. Адзінае, што знешне нагадвае ў Алёшку Лакоткаў, — маўленне. Такое падчас хвіліны ўзруху таропкае, такое, здараецца, паспешліва-няўцямнае, што і рады іншым разам ледзьве дасі датумкаць, што чалавеку ў гэты момант абыходзіць.
А вось жа, аднак, нягледзячы на такую відавочную хібу маўлення, да публічнае прафесіі хлапчына пахіліўся: святар. Ды не проста які-небудзь там вікарый*, не — сам за пробашча**, немаленькаю парафіяй*** кіруе. Казаннямі ягонымі падчас службы, кажуць, заслухваюцца парафіяне. Асабліва парафіянкі, колькасць якіх з прыходам у парафію айца Аляксея Дзерваеда, лічы, амаль падвоілася. Адно і глядзі, каб не збіла каторая
‘ Намеснік пробашча (настаяцеля).
" Кіраўнік парафіі (настаяцель).
* Прыход.
з тропу ды не завабіла ў цянёты граху. Што пры гэткім дэфіцыце ў храме вернікаў-мужчынаў было б, напэўна, і не дзіўна.
Ды, дзякаваць богу, спраўны маладзён Алёшка, якнебудзь дасць рады не ўквэцацца ў гідкае. Балазе і справаў у пробашча — вышэй галавы. Службы, хрост, пахаванні, шлюбы, адведзіны старых-нямоглых — усё на ім. Зноў жа, штоквартал ездзіць у замежжа грошы на рамонт касцёла ды пабудову новай плябаніі’ збіраць. Днямі з Амерыкі вярнуўся, распавядаў пра тамтэйшае жыццё.
Такі вось незвычайны адзін з іх, Тадзіка з Карольцяю, сыноў атрымаўся. Такі здатны да справы, такі адукаваны ды разумны хлопец. Для любога бацькі мець такога сына — і гонар, і ўсцеха. Для яго ж, Тадэвуша, — яшчэ і надзея. Бо, магчыма, усё-такі аднойчы настане дзень, калі, наважыцца ён урэшце сказаць святару падчас споведзі тое, што гэтулькі год носіць у сабе, але пра што прызнацца пакуль што ніяк не дабярэ смеласці. I зробіць гэта на вуха не старонняму, хай сабе і ў арнаце", чалавеку, а менавіта роднаму сыну.
Калі такое здарыцца — Бог ведае. Споведзь, гэты які-ніякі, але ж момант агалення душы, — рэч і заўсёды для яго, Тадэвуша, няпростая, нервовая. 3 улікам жа таго, што мае ён намер сказаць падчас яе ксяндзу Аляксею, — нервовая ўдвая. Але і загадзя адракацца ад яе адбыцця з якіх бы то ні было прычын — таксама не выйсце. Таму і рабіць гэтага — адракацца — ён, далібог, не збіраецца. Бо дакладна ведае: час — не толькі лекар, але і штукар; такі сюрпрыз здатны часам паднесці, што толькі ахнеш.
* Парафіяльны дом.
' Верхняе літургічнае адзенне ў ксяндза.
Гэта — Аляксей, на якога, каб зразумець ад першае хвіліны, чый ён сын, паглядзець дастаткова. А вось ужо абодва Аляксеевы браты — адыстар Лакоткі. Асабліва Мірон. Стоадсоткавы Шаршатачка, адно што — цьфуцьфу! — не кульгавы. Як і Міхалка, гэткі ж схільны да розных пераўвасабленняў, нездарма ж, відаць, па сканчэнні школы пайшоў вучыцца на актора. Амаль дваццаць год ужо, як служыць у тэатры.
Яно б і няхай, канешне, але ж... Быццам і артыст, кажуць, неблагі з іхняга Мірона атрымаўся, а матэрыяльна ўсё перабіваецца з кулька ў рагожку. Усё чакае нейкае неверагоднае, зорнае ролі. Такой, што і азалаціць яго, можа, і вядомасці нясветнае надасць. А калі яна, тая роля, надарыцца і ці надарыцца наогул — хто ведае. I, між іншым, выпіць дзяцюк не дурань — тут ужо ці не ад дзеда Юзілы звычка перадалася. Добра, ажаніцца паспеў у пару, дык хоць жонка ў каршэнь штурхае, не дае дарэшты апусціцца. I ўнучкаю бацькоў ашчаслівіў. A то ўсё хлопцы ўнукі ў іх з Карольцяю былі. У кастрычніку дваццаць два Аніце, унучцы, спаўняецца, неблагая дзяўчына, не тое што матка яе, прайдзісветка Ілона.
А самы, бадай, удалы з тройцы братоў самы спраўны ў сэнсе ўмення найлепшым чынам уладкавацца ў жыцці — бізнесовец Генадзь. Той самы, якога ён, Тадзя, немаўлём за роднага сына прыняў. Гэты не толькі свайго нідзе і ніколі не праміне, але, хоць зрэдку, хоць рады ў гады, і братам падсобіць капейчынай. Як у ваду глядзела Карольця, калі прадказвала за два гады да смерці такі расклад з сынамі ды намаўляла Тадэвушу Піліпавічу менавіта на Генадзя найбольш спадзявацца ды Мірона не пакідаць без помачы.
Але што ён можа памагчы? Калі б і хацеў — надта з пенсіі не разгонішся. Хіба што ўзяць ды да раней-
шага занятку, да фельчарства, вярнуцца, прыткнуцца дзе-небудзь хаця б на паўстаўкі рабіць. Пенсію самому тады можна было б пражываць, заробленае на працы аддаваць дзецям — так многія робяць.
Ды зноў жа, што з яго сёння, з таго фельчарства, з паўсгаўкі тае, будзе наедку? Гэта даўней, бывала, купаліся фельчары ў раскошы, бы якія-небудзь шахі. Парася вылегчыць, цяля вылечыць, карове памагчы ацяліцца — нарасхват былі даўней фельчары на вёсцы. Дык і карысталіся каровіна-свінячыя эскулапы з тае запатрабаванасці як толькі маглі. Левыя грошы самі ў рукі плылі, вунь які быў прыварак да афіцыйнага заробку. I харчам расплачваліся людзі за паслугу, і пітвом, і капейчынай. Свінні, бывала, як пачнуць напрадвесні па хлявах парасіцца, ці каровы цяліцца, ці авечкі каціцца — толькі паспявай ездзіць глядзець. Пасля гледзінаў, як звычайна, — пачостка. Вылечыў ты жывёліну, не вылечыў, даў хваробіне рады, не даў, а ўсё адно без яе з хаты гаспадары не выпусцяць. Дня без застолля не мінала. Праз іх, тыя застоллі-пачосткі, і кінуў ён фельчарства. Сам бы, можа, не кінуў ды Карольця, бачачы, што співацца мужык пачынае, пераканала кінуць. I добра, што пераканала, бо ўсё адно праз пару год, як ужо перайшоў рабіць выкладчыкам у тэхнікум, усе тыя назбіраныя падчас фельчарства тысячы ляснулі. Як вокам міргнуць на нікчэмныя паперкі перарабіліся.