Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
Пошар травяныя нарыхтоўкі (галоўным чынам сена) к зіме для жывёлы (дыял.).
тоўваў, падгаблёўваў, шараваў, лапіў, смаліў. Даглядаў, як даглядаюць у добрай сям’і любае, доўгачаканае дзіця. Дык і не дзіва, што праслужыла пасудзіна чалавеку вунь колькі год.
Вось на гэтай самай лапленай-пералапленай, але ўсё яшчэ спраўнай лодцы заўтра і паплывуць Шаршатачка, Карольця з цёткаю Броняй і Яня на кірмаш. Броня і Карольця — пры кашах з ягадамі ды торбах з пер’ем, Міхалка, як заўсёды, з рыбаю, а Яня — так сабе, збоку прыпёку, за кампанію.
Апошні і адзіны раз Яня была ў Біцясаве на кірмашы год дзесяць таму. Бацька вазіў тады неяк увосень на продаж парасят і ўзяў яе з сабою.
Людзей так шмат было ў той дзень на кірмашы, такая гамэрня панавала на пыльным і шырокім, памерамі з добрую пожню гандлёвым пляцы, што нічога асабліва Яня і не запомніла. Апроч купкі паваенных калек, бязрукіх ды бязногіх, што туліліся ўздоўж радоў у чаканні міласціны, якую ўсе тут тады яшчэ называлі на польскі лад (ад прыходу другіх саветаў мінула не так шмат часу) — ялмужнаю.
Давалі няшчасным няшмат, і даванне тое суправаджалася такім страшэнным гвалтам, такім усплёскам жвавасці сярод калек, такою зацятаю звадаю абдзеленых лёсам людзей за хоць які, хоць і не самы лепшы кавалак, што і праз гады вусцішна ўсё тое ўзгадваць.
***
Ноч, на дзіва, прайшла даволі спакойна. Увечары вецер, праўда, пагойсаў па падстрэшшы ды па завуголлі, паскавытаў, папалохаў густым, пранізлівым енкам. Але бліжэй к поўначы аціх і да рання болей не ўзнімаўся.
I ўсё адно дзяўчаты недаспалі. Бо спачатку доўга размаўлялі. Затым Карольці ўзбрыло раптам у голаў пераняцца ўласнаю знешнасцю. I яна з паўгадзіны, можа, калі не болей, круцілася перад люстэркам, усё вышуквала ў паставе ды твары то нейкія вельмі прывабныя рысы, то, наадварот, жахлівыя недахопы. Першага, вядома ж, аказвалася нашмат больш, як другога. Ды і тое другое Карольця, дзеўка даволі самаўпэўненая, без асаблівых пакутаў сумлення пераводзіла ў катэгорыю першага.
— А што там тыя шырокія сцёгны? — казала і акідвала сябе паглядам у люстэрку то з аднаго, то з другога боку. — Такой бяды! Мужчынам, кажуць, якраз шырокія больш падабаюцца. Хіба не? Валяр’яна Сцяпанавіча, напрыклад, узяць... Я ж бачу, на што больш за ўсё чалавек у жанчынах зважае. Дарма што прылюдна пра мараль балбоча... А ты заўважыла гэта? He?
— Гэта ўсе заўважылі, — не баючыся пакрыўдзіць сяброўку, бо тая сама распачала размову, азвалася Яня. — Ён цябе на ўроках да дошкі знарок кожнага разу выклікаў, каб потым, як вяртаешся зноў да парты, на іх... на сцёгны твае паглядзець. A то і аблізнуцца наўслед...
— Вось жа кот марцовы! А яшчэ настаўнік... Тое вы заціхалі-наструньваліся ўсе, як ён мяне выклікаў. А я ўсё даўмецца ніяк не магла, што за халера: то галас невыносны ў класе стаіць, a то раптам такая ціша напятая ні з таго ні з сяго запаноўвае? Ну ж, старэча...
— Хм, старэча! Яму ж толькі трыццаць. А можа, і менш нават... I нежанаты яшчэ, сама ведаеш.
— Ведаю, анягож... Яшчэ б не ведаць. Ты як? Бачыла, Тадзюта Дзерваедчык ляцеў ад цябе надвячоркам... Так борзда мчаўся, быццам вятрак яму хго ў дупу ўставіў. Далёка ў вас зайшло?
— He далей, мабыць, як у цябе з Валяр’янам Сцяпанавічам.
— Ой, вельмі трэба мне... А цябе зачапі! Ужо як цётка Броня, гляджу, робішся. Тая апошнім часам кожную гаману на мужчын пераводзіць. I ўсё з пацвельваннем нейкім, з дурнымі намёкамі... Цалаваліся?
— Хто? 3 кім?
— Быццам не разумееш! Вы з Тадзютам.
— Ага, як жа... Прыбег захаканы, як сто грабежнікаў за ім з доўбнямі гналіся. 3 долатам нейкім у кішэні, і твар ажно льсніцца ад поту... Хвіліну пабыў — і проздзверы, дзіва, як аб парог не спатыкнуўся. А ты кажаш — цалаваліся... Ці да пацалункаў тут?
— Во як — ажно з долатам, смех дый годзе. Ну, ці мала што... Глядзі, не варонь... Пойдзе ў тэхнікум — дзеўкі там, варванкі* местачковыя, хутка абкруцяць хлопца. I вокам не паспееш плюснуць, як ужо не твой будзе. Падбяруць увобміг. Але што гэта я пра адно і тое... — Карольця чарговы раз упетрылася паглядам ва ўласны адбітак у люстэрку. — Новую сукенку пашыць, ці што? A то гэтая надта ж нешта паўніць мяне. Мабыць, сселася пасля мыцця... Бы кадка я Ў ёй, праўда?
— He выдумляй, добра ты выглядаеш.
Ад размовы пра Карольціну знешнасць перайшлі да іншых тэмаў ды і не заўважылі за гаманою, як ноч мінула.
На дварэ было не тое каб сцюдзёна — неяк надта ж няўтульна, золка, бы ў дачасна выстылай, кепска напаленай напярэдадні лазні.
Ад варванец гарэзлівы, свавольны (звычайна пра дзіця, дыял.).
Карольця паманулася збочыць да сваёй хаты, каб, можа, цяплей апрануцца ды ўсторкнуць на ногі якія гумовікі, але ў апошні момант перадумала: дзед Міхалка-Шаршатачка і сам ніколі звычайна нікуды не спазняўся, і іншым такую звычку — спазняцца — калі і дараваў, дык вельмі неахвотна. Тым больш што быў ён ужо на прыстані, уходжваўся, бачна было, з прымацаваным да аскабалка старадрэвіны ланцугом для прывязвання лодкі. Дзяўчаты здалёк убачылі ягоную прыгорбленую, увянчаную рудым саламяным капелюшом паставу і дадалі хады.
На прыстані смярдзела рыбаю ўперамешку з падсушаным багавіннем і аернікам, якімі Міхалка адмыслова ўсцілаў кожны раз дно скрыні, каб надаць тавару, як сам казаў, паболей “каларыту натуральнасці”. На карме аднавокая Броня, саракадвухгадовая кабеціна ў спадніцы з моднай апошнім часам “чортавай скуры” і хадаках на босую нагу, абжаргаўшы каленямі кошык, даперабірала трускалкі. Звечара, відаць, не паспела, дык, каб не адштурхнуць непрывабнасцю ягад распешчанага, пераборлівага біцясаўскага пакупніка, цяпер старалася зліквідаваць учарашнія недаробкі.
— Ну, дзеўкі, павысыпаліся вы хоць? — спытала, пазяхнуўшы ды зіркаючы спадылба то на пляменніцу, то на Яню.
— Выспішся тут, калі то адно нялюдскае, то другое праз усю ноч сніцца, — махнула рукою Карольця.
— Што ж так? Зноў сны? I што ўжо сёння табе саснілася?
— Ды гіда розная, цётачка Броня, усё рыба нейкая... Спачатку быццам лінёк. Невялічкі такі, пухнаценькі-вачасценькі. Вымкнуўся з ціны, паплаваў па-над
глеем, суцішыўся. Затым круць-верць — на вялізнага шчупака перарабіўся ды да мяне з глыбіні, гляджу, прастуе... Падплыў і давай аб лытку бокам церціся. Ды моцна так церануўся, ажно засвярбела мне... I што да чаго?
— Ого, засвярбела ёй, гляньце! Дзіва што... Лінёк, шчупачок... Гэта, мая ты дзевачка, на сынка табе сон. На сынка-байстручка, няйначай. Карася, ліня, акуня прысніць — гэта ўсё на байструка. А шчупака — акурат на сына-байструка. Складзі ў адно ды і глядзі, што атрымаецца. He такая ўжо вялікая навука, здаецца.
— Але ж скажаце, цётачка! — усплёснула рукамі Карольця і, відаць, не жадаючы больш чуць гэткіх глупстваў, скіравала пагляд на ката Міхася, Шаршатачкавага цёзку і заўсёднага хаўрусніка падчас рыбалкі, які раз-пораз высоўваў пысу з-пад лодкі, цікаваў за кашом з ментузамі наўзбоч борта.
Міхалка апсікнуў у бок ката, падхапіў аберуч кош, выкуліў рыбу ў скрыню кармы. Выцер твар рукавом, абапіраючыся на здаровую нагу, пачаў павольна спіхваць лодку з водмелі глыбей у ваду.
— А давядзецца-такі вярнуцца ўсё ж дахаты — па торбы з пер’ем і пухам, — усхапілася раптам, успомніўшы, што забылася пра галоўнае, Карольця.
— He тузайся, — зласнавата асадзіў яе Міхалка. — Вунь твае торбы-тарбэнцыі пад кустом. Дзед дбайны, пра ўсё загадзя парупіцца, не тое што іншыя некаторыя... Нясі сюды.
Карольця вінавата ўсміхнулася, падхапіла торбы, кінула ў лодку.
Раптам вецер сціх. Зайшоўся наастатак роспачлівым енкам і, дарэшты аслабелы, счэз у праніцаным шэранню лабірынце з камлёў прыбярэжных альшын.
Броня ўзняла голаў, зірнула на неба краем адзінага, аблямаванага рэдкімі светлаватымі вейкамі вока.
— Кепска будзе, — сказала і похапліва перажагналася.
Яня і Карольця дружна засмяяліся, узгадаўшы адначасова назву праграмнага школьнага верша.
— He каркай, бы тая варона, — ці то смехам іхнім, ці то словамі дачкі ўзлаваны, узбрыкнуў Міхалка і ў сваю чаргу задраў голаў угору. — Хмары тае з шалупініну, а яна — кепска будзе. Будзеш абы-што вярзці — жахне малання, і сапраўды кепска стане, другога вока пазбавішся.
— Другога і д’ябал мне, татка, не зачыніць, не тое што твая малання, — агрызнулася Броня. Правае вока яна страціла яшчэ ў маленстве, натыкнуўшыся ў хмызе на патарчаку. Да бацькавых жа недарэчных пацвельванняў наконт сваёй аднавокасці даўно прывыкла і, дарма што непачцівасцю ў стаўленні да старога асабліва не грашыла, нагоды даць яму здачы падчас гэткае во слоўнае перапалкі не прамінала.
Міхалка пакруціў пальцам ля скроні ды і, адарыўшы жанчыну грэблівым паглядам, узяўся за вёслы. Па тым, як і другі, і трэці раз зірнуў ён спадылба на неба, уважлівая Яня, аднак, зразумела, што Броніна перасцярога дарэмнаю не была, што Міхалка і сам з-за надвор’я непакоіўся, адно што, у адрозненне ад дачкі, выгляду пра тое не падаваў.
Міхась вымкнуўся з кустоўя, кінуўся да лодкі, быццам просячы гаспадара не пакідаць яго на беразе, жаласна замяўкаў. Але скакаць у лодку не стаў. Наструніў спіну, пачаў церціся бокам аб калок-аскабалак. Затым узняў угору хвост, порстка, быццам падчас палявання на птушак-разявакаў, шмыгануў у хмыз.
I раптам вецер вярнуўся. Нечакана, як і сціх, нахапіўся, завіхурыўся чортам, закружляў, замітусіўся панад вадою. Хмара крыху рассунулася, але не рассеялася дарэшты, як звычайна яно падчас моцнага ветру бывае, а толькі дзе-нідзе месцамі парадзела, пабілася лапікамі святлейшага. А праз хвіліну зрабілася яшчэ больш шчыльнай, густой, марудліва-непаваротлівай. Завісла коўдраю над галовамі і тут жа, не даючы долу і ўсяму жывому на ім апамятацца, сыпанула спорным, як з палівачкі, дажджом.
Тым часам лодка ўжо на добры дзясятак метраў аддалілася ад берага. Міхалка спраўна махаў вёсламі, не зважаючы на вохканні жанчын, стырнаваў і стырнаваў наперад. Такія перапады надвор’я, як вось гэты сённяшні, былі яму не ўпершыню, і ён пачуваўся ў рачной дзікай стыхіі калі не дазвання, дык даволі ўпэўнена.
Упэўненасць ягоная міжволі перадалася і жанчынам, таму нават тое, што лодку хоць і не нашмат, але ж усё-такі пачало зносіць цячэннем убок ад прыстані на супрацьлеглым беразе, іх да часу надта не палохала.