Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
Пярэпалах усчаўся тады, калі адчулі пад нагамі ваду. Пачалі похапліва вычэрпваць яе бляшанкамі, бо спачатку падумалі, што нацякло, мабыць, з дажджу.
Але хутка зразумелі: справа не ў дажджы, а ў самой лодцы, у дзірцы памерам з палец на сутыку дна і бакавіны. Яе намацала Карольця, тыцнуўшы даланёй у месца, дзе найбольш энергічна пульсавала, вірылася вада. Збялелая, яна ўсё намагалася то заторкнуць дзірку кавалкам анучы, то хаця б прыкрыць уласнаю пятою і раз-пораз роспачліва наракала, што не ўмее плаваць.
Лодку моцна гайдала хвалямі, дык пакуль Міхалка шнарыў рукою ў скрыні з праалееным пакуллем ды ладаваў з таго пакулля затычку, вады набралася ў чоўне пад самы борцік.
Міхалка прыўзняўся на сядзенні, каб заткнуць дзірку, але не ўтрымаўся нагамі на слізкім дне, няўклюдна шмякнуўся азадкам на ранейшае месца. Лодка гайданулася, пахілілася набок, пачала павольна тануць. Жанчыны закрычалі, забыўшыся на кошыкі з ягадамі ды торбу з пер’ем, паўчэпліваліся рукамі ў барты судна.
— Выскоквайце і трымайцеся лодкі! — перакрыкваючы голасам вецер, скамандаваў Міхалка і кінуў вёслы ў ваду.
Але каманда ягоная была ўжо недарэчы, бо і без яе праз хвіліну ўсе чацвёра былі ў вадзе. Яня чула наастатку, як енчыла побач з ёю, намагаючыся ўтрымацца пры лодцы, цётка Броня. Бачыла, як, роспачліва пакружляўшы вакол Броні ды не знайшоўшы вольнага месца, каб учапіцца рукамі ў край борта поруч з ёю, Карольця раптам імкліва наблізілася да жанчыны, квэцнула штомоцы па пальцах, якімі тая трымалася за яго. Як Броні не стала, а праз хвіліну ўзнік пры тым месцы, дзе толькі што яна была, мокры, аблеплены зблытанымі валасамі Карольцін твар. Як затым пачалі ўсплываць з кашоў ды, б’ючыся ў хвалях, заліваць усё навокал чырванню трускалкі, ды залюлялася, загайдалася на хвалях індычае пер’е.
I толькі паспела Яня гэта ўсё ўбачыць ды пашкадаваць у думках пра тое, што вось жа дарэмна праганялі яны з Карольцяю з лехаў суседскіх дзяцей, не даючы малым паласавацца дармовымі ягадамі, якія цяпер і змарнуюцца, як страшэнны віхор пранёсся па-над вадою і ўсё знікла.
На згібе ракі лодку прыбіла да берага. Там яна зачапілася за голле і карэнне кустоўя, там яе неўзабаве і падцягнулі мужчыны баграмі да берага. Гэты момант Яня памятала так смутна, што пазней нават акалічнасцей свайго цудоўнага выратавання і збольшага не магла ўзгадаць. Апроч таго, што, калі яе зраненыя рукі адарвалі ад борта лодкі, яны так крывавілі, што ледзьве дала рады пасля іх загаіць. Так моцна ўчапілася Яня ў хвіліну сполаху ў борт, што быццам прырасла да яго.
Як ні дзіўна, уратавалася і Карольця, хоць і не ўмела плаваць. Доўга не ўтрымаўшыся пры лодцы і пасля таго, як саслізнула з борта, вызваляючы ёй месца, аслабелая Броніна рука, ухапілася за парожні кошык з-пад ягад ды, трымаючы яго перад сабою і б’ючы штомоцы нагамі па вадзе, плыла па цячэнні, пакуль не прыспела лодка з падмогаю. Памагла ёй, напэўна, і тонкая балоневая куртачка, што надзьмулася пухіром за спінаю. Яе людзі своечасова і ўбачылі з берага, a то невядома, чым бы ўсё для дзяўчыны скончылася.
Міхалка і Броня патанулі. Старога знайшлі на водмелі наўзбоч выспачкі метраў за сто ад месца пераправы. Там жа, паблізу, выцягнулі з вады і Броню. Цела жанчыны гайдалася пасярод запарушанага багавіннем і пер’ем віру, і незакрытае яе вока абыякава глядзела ў неба. I пасля, колькі ні клалі ёй на павекі суседкі (зазвычай небаязлівая Карольця нават наблізіцца да труны чамусьці ні разу не наважылася) медзякі, так яно, тое неслухмянае, упартае вока, і не закрылася. Так і ляжала Броня, быццам выконваючы дадзенае надоечы бацьку абяцанне, на покуці з незакрытым.
Да гібелі старэйшых Лакоткаў дзерваедаўцы паставіліся спачувальна. Нават да гібелі Міхалкі, якога
гэтак зацята недалюблівалі і іначай як Шаршатачкам за вочы, а часам і ў вочы, не звалі.
Лодку выцягнулі на бераг, агледзелі. Сапраўды, на краі дна, на сутыку яго з бортам, свяцілася дзірка з пасамі прыліплага пакулля, якім Міхалка марна спадзяваўся яе падчас віхуры заткнуць.
Падзівіліся ўсе: такі, здаецца, дбайны гаспадар быў Міхалка, а бач ты — недагледзеў відавочнае хібы. Нядаўна ж зусім аглядаў-падрамантоўваў лодку. Гэтак акуратна кожны шоўчык засмаліў, гэтак старанна ўсё падладаваў-падправіў — на заглядзенне. А адтуліны таўшчынёю ў палец у такім бачным месцы і не заўважыў. Як магло такое здарыцца?
Формаю адтуліна нагадвала форму сучка, дык дасведчаныя мужыкі спачатку выказалі здагадку, ці не выпаў, ці не вылузнулася, маўляў, ён, той сучок, з дна ўжо пасля рамонту. Але неўзабаве такое прыпушчанне самі ж і забракавалі: тры дні запар перад выправаю ў Біцясава гойсаў Міхалка па рацэ, лавіў рыбу. To хіба за кароткі час перапынкаў паміж тымі гойсаннямі мог сучок ажно гэтак усохнуць, каб так вось лёгенька ўзяць ды вылушчыцца з гнязда? Ды, хутчэй за ўсё, і не сучок то быў, а затычка. Можа, акурат яна, тая затычка, выслізнула ды і стала прычынаю бяды. Перакулілася, як толькі лодка асела, праз борт і знікла сярод хваляў, нікім не заўважаная. Што і не дзіўна пры гэткім разгуле стыхіі, калі вецер так шалёна шкуматаў усё наўкола, што лісце на галінках прыбярэжнага хмызу чыста паабдзіраў.
Так, не знайшоўшы вартага адказу, пытанне пакрысе і счэзла, заслоненае пахавальнымі ды рознымі іншымі, якіх гэтак шмат адвеку на вёсцы, турботамі.
Ментузоў са скрыні ў карме Міхалкавай лодкі хтосьці з суседзяў прапанаваў пусціць на закусь падчас хаў-
тураў па тапельцах, але Карольця не дазволіла. Самаруч выграбла са скрыні ўсё да апошняе рыбіны, панесла ў хлеў свінням. Шаснаццаць ментузоў кінула ў карыта, сямнаццатага, самага вялікага і тлустага, акуратна загарнула ў лісце дзядоўніку, зноў прынесла ў хату. Паманулася ісці ў істопку, каб пачысціць, але тут жа штосьці і перадумала. Абгарнула рыбіну шчытна паверх дзядоўніку кавалкам мешкавіны, каб надта не распаўсюджваўся ад яе смурод, занесла ў пограб. Вярнуўшыся, пайшла ў запечак, забілася ў самы цёмны, куды нават удзень ніколі не сягала святло, кут і праляжала там нерухома, упетрыўшыся вачыма ў столь, да самае раніцы.
***
Два дні мінулі ад хаўтураў па Міхалку і Броні, а Тадзя ўсё не выходзіў з хаты. Сядзеў пры акне, глядзеў, як мітусіцца наўзбоч сажалкі чародка маладых, па вясне выседжаных курыцаю індычат ды гультаяваты стары індык-забіяка, што дзякуючы варажнечы паміж сем’ямі Дзерваедаў і Лакоткаў пазбегнуў лёсу пазычаных Лакоткам іншымі суседзямі, купаецца ў пыле пасярод сцежкі.
Маці некалькі разоў спрабавала Тадзю разварушыць, заахвоціць да якой-небудзь справы, ды, бачачы, што ўсё марна, што чапаць сына, бадай, пакуль што не мае сэнсу, махнула рукой, пакінула ў спакоі.
На трэці дзень надвячоркам, якраз тады, калі Тадзя быў у хаце адзін, на сцежцы насупраць панадворка Дзерваедаў спынілася раварыстка. Ровар належаў Яні Лаўцэвіч, але прыехала на ім не сама Яня, а яе сяброўка Карольця.
Дзяўчына аб’ехала няспешна наўкола індыка, што ні на пядзю не зрушыўся з месца перад пагрозаю быць
стаптаным, дастала з сумкі штосьці накшталт вялікага канверта, змайстраванага ці то з грубай паперы, ці то з кавалка нейкай тканіны, памахала ім у акно Тадзю.
“Напэўна, паперы з Біцясава, з тэхнікума прыслалі”, — заінтрыгаваны нязвыклым выглядам канверта, падумаў ён і падаўся на двор. Падаўся порстка, як толькі мог — папраўдзе, не гэтак карцела яму даведацца пра змест той паперчыны, як, можа, перакінуцца з Карольцяю словам. Собскаю персонай дзеўка заявілася — нездарма ж гэта, штосьці ж змусіла яе пайсці на такі крок, зрабіць насуперак таму, чаму вучылі ўсе гэтыя гады заюшлівыя старэйшыя.
Ды дарэмна ён спяшаўся. Бо пакуль прамінаў Тадзя пакой ды прамарудзіў пару хвілін у кухні ў перагароджаным вілкамі вузкім праходзе паміж прыпекам і сталом, Карольця сама ўжо была ля дзвярэй, варушыла знадворку клямкаю.
Ён штурхнуў ад сябе дзверы, лёгка адчыніў іх. I толькі паспеў узняць вочы ды раскрыць рот, каб павітацца з дзяўчынаю, як штосьці воглае, слізкае і смуродлівае з праціўным глухаватым гукам шархнула яму па галаве, не даючы апамятацца, замільгала раз-пораз прад вачыма. Другі, трэці ўдар... яшчэ... яшчэ... яшчэ...
Тадзя памануўся ўнурыць голаў у плечы, каб калі не ўхіліцца зусім ад наступных удараў, дык хаця б крыху змякчыць іх, як яны і скончыліся. Скончыліся раптоўна, імгненна, як сканчаецца часам улетку кароткі сляпы дождж. Але невыпадкова скончьыіся: вярталася да хаты сцежкаю наўзбоч сажалкі Ядзюня, Тадзева маці.
Карольця кінула ментуза, якім толькі што хвастала хлопца па галаве, на груду жвіру ля ганка, выцерла аб кавалак мешкавіны, у які ён быў загорнуты, спэцканыя рыбінай рукі, хуценька пабегла да арэшыны з прыслоненым да камля Яніным роварам.
Праз месяц пасля трагедыі на рацэ Яня збіралася на працу ў Біцясава. Інстытут замежных моваў адчыніць перад ёю дзвярэй не пажадаў, бо падчас уступных экзаменаў дзяўчына недабрала балаў. Была гэтак растузаная смерцю Міхалкі і Броні Лакоткаў гэтак цяжка адыходзіла ад нядаўняга рачнога жаху, што здавала іспыты як скрозь сон. Асабліва даймаў яе прыпамін з апошніх хвілін у лодцы, тыя дзіўныя, незразумелыя паводзіны Карольці, пра якія яна і хацела цяпер сяброўку распытаць, і асцерагалася.
Лёгка сказаць — распытаць! Такое дзікае падазрэнне — не жартачкі. Пра такое не толькі спытаць — употай падумаць і то не абы-якой рызыкі-смеласці трэба набрацца.
Але ж і ад думак, вядома, не ўцячэш. Вось і круцілася ў галаве, і не давала Яні спакою жахлівая здагадка. Дык і не дзіва, што і балаў на экзаменах, здагадкаю тою ў думках занятая, недабрала, і надта, папраўдзе, з-за правалу пасля і не перажывала. Маўляў, як ёсць, так і ёсць, рук не падкладзеш.
Вярнуўшыся дахаты, Яня параілася з сім-тым з настаўнікаў і вырашыла дзеля здабыцця стажу пайсці ў выхавацелькі дзе-небудзь пры школьным інтэрнаце. Акурат вызвалілася палова стаўкі ў дзесяцігодцы ў Біцясаве. Ніхто з настаўнікаў школы заняць тае куртатае, капеечнае вакансійкі не захацеў, і дырэктарка з дазволу раённае ўправы адукацыі прапанавала яе Яні, дарма што была дзяўчына без належнае адукацыі.
Раптам зазбіралася ў Біцясава і Карольця. Яна пару ўступных іспытаў з-за сямейнае трагедыі прапусціла наогул, нават дакументаў нікуды не падавала. Ды, падобна, і без трагедыі падаваць не збіралася. Хаця нахлебніцтвам ні дзед Міхалка, ні Броня, якая пасля смерці