• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раз — шкілет, і два — шкілет  Франц Сіўко

    Раз — шкілет, і два — шкілет

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 344с.
    Мінск 2019
    75.04 МБ
    Апошняга Тадэвуш Піліпавіч якраз і не ведае, і Генадзева пытанне, так і не атрымаўшы адказу, патанае ў працяжным, як нядаўняе гудзенне чмяля ў скрыні з рыззём, гуле легкавіка.
    А пятай ён дома. Кватэра сустракае яго пахам нежылога памяшкання і воблакам пылу, што, асветленае сонцам, вольна, бы рухлівы шарык з драбінак смецця
    ў нерухомай вадзе става, гайдаецца ў паветры. Разпораз буркатліва нагадваюць пра сябе батарэі ацяплення, ды чутно, як мітусіцца, грукае абцасамі па падлозе ў кватэры вышэй няўрымслівая суседка. Дом даволі стары, дзірававаты, вось і даводзіцца цярпець усе яго — ад перагуку батарэй да шуму вады ў чужой прыбіральні — нязручнасці. Асабліва даймаюць яны Тадэвуша Піліпавіча цяпер, калі застаўся адзін, без жонкі. Папраўдзе, гэткага надакучлівага побытавага непамысноцця хапала і раней, пры Карольці. Але ўдваіх пераадольваць яго было куды лягчэй. Нават тады, калі злосць між імі (і такое, вядома, здаралася) з-за рознасці поглядаў на нейкую справу зашкальвала і ні аднаму, ні другому давесці сваёй праўды не ўяўлялася магчымым, захоўваць філасофскі падыход да ўсяго на свеце было значна, значна прасцей. Словам-другім старэчы перакінуліся, пажартавалі, паперастарэкваліся — і ўжо, глядзіш, весялей, і ўжо нават самае гідкае ды паганае і ўспрымаецца не так востра, і, галоўнае, забываецца нашмат хутчэй.
    Як ні дзіўна, але згадка пра жонку вяртае Тадэвуша Піліпавіча не да часоў прамінулых, а да нядаўняга колькідзённага побыту на чужым лецішчы. Што даведаўся ён новага падчас яго пра далёкія гады ўласнае маладосці? Пра тыя яе дэталі, пра якія варта было б распавесці ў якасці прыкладу ці, наадварот, перасцярогі маладым наступнікам, што з дня ў дзень, хто адносна паважліва, з пашанотаю (ці хаця б удаваннем яе) да досведу прашчураў, хто, наадварот, з поўным ігнараваннем, a то і непрыманнем яго чакае свае чаргі на галоўную ролю на авансцэне жыцця? Усіх гэтым самаўпэўненым, скептычна-іранічным Іллям, Анітам, Максімам ды Ілонам, якія, нягледзячы на сваю прасуну-
    тасць, паўтарэння памылак продкаў як бы ні стараліся, пазбегнуць не здолеюць. Дай жа Бог, каб усё-такі здолелі, ды штосьці не надта ў тое верыцца. Зрабіць грунтам уласных учынкаў чужы досвед мала каму дадзена. Бо ён — бы тое рэха: чуцён, а не схопіш, не прысабечыш. I тым больш — не перайначыш, не пераробіш на ўласны густ.
    Канешне, на большае спадзяваўся ён, ад’язджаючы на гэнае недагледжанае чужое лецішча. Што, можа, сякія-такія старыя вузлы ўрэшце разблытаюцца і ўсё, як цяпер модна казаць, пазламі ў адзінае, ладненькае цэлае складзецца.
    He надта, аднак жа, як бачна, склалася. Бо некаторыя з вузлоў не толькі не разблыталіся, а, наадварот, яшчэ ці не тужэй пазавязваліся. Зрэшты, яшчэ не вечар, і Бог ведае, якімі яшчэ вузламі-шкілетамі лёс у дадатак да тых, што выявіліся, пацешыць.
    Хатні тэлефон адзываецца з калідора. Ускалыхнутае крокамі Тадэвуша Піліпавіча воблака пылу разбэрсваецца ўбакі, павольна асядае на знэнджаныя доўгаю адсутнасцю гаспадара прадметы і рэчы.
    Яму чамусьці здаецца, што гэта тэлефануе Ніна Іванаўна. Але згадка пра тое, што хатнімі ж нумарамі яны не абменьваліся, а толькі мабільнымі, падказвае: не, мабыць, хтосьці іншы.
    — Ну, дзядуля, ты даеш, аднак, — голас Аніты гучыць дакорліва, але разам з тым неяк быццам ляніва. Быццам і абыходзіць дзяўчыне штосьці, і разам з тым і сказаць пра гэта яна не хоча. — Вярнуўся з лецішча і сядзіш сабе дома ціхутка, усё адно як і няма цябе. Хоць бы азваўся... Няйначай, па кабеціне той, што наведвала цябе там, у тым страхавітым дачным доме, сумуеш. Сумуеш, праўда ж, прызнайся? Дарэчы, тут мама побач, хоча штосьці таксама табе сказаць.
    У адрозненне ад дачкі, Ілона гаворыць хутка-хутка, задыхана, быццам яна толькі што бегла праз перашкоды немаведама колькі вёрстаў. Так звычайна ў яе бывае, калі яна хвалюецца ці калі нешта надта ёй абыходзіць. Гэтым разам абыходзіць нявестцы, як становіцца зразумела далей, крадзеж у кватэры Генадзя.
    — Вы, тата, думайце сабе, як хочаце, але мы, я і Мірон, лічым, што, калі кража і была, дык здзейсніў яе не хто іншы, як... сам Генадзь. Гэта, вядома ж, усяго толькі прыпушчанне, таму і ў вушы, зразумела, нікому ўводзіць не трэба. Барані бог! A то скажаце — і пачнецца вэрхал, і застанемся мы з вамі без віны вінаватыя. Так атрымаецца, быццам мы такія ўжо нелюдзі, што толькі пра грошы і думаем. Дык і не будзем наогул больш пра гэта гаварыць. А дарэчы, тата, Аніта праўду кажа: што гэта вы нас неяк зусім быццам ігнаруеце? Прыехалі і маўчыце, як вады ў рот набраўшы. Патэлефанавалі б ужо хоць, ці што... A то думай-варажы, ці жывы вы там, ці, можа, памерлі ўжо...
    Тадэвуш Піліпавіч шчытней, як заўсёды робіць гэта падчас размоваў з Ілонаю, каб не бачыць нервовага лекацення ўласных рук, прыціскае да вуха слухаўку. Хоча выгукнуць у адказ “не дачакаецеся”, але, ацвярэзены думкаю, што жарт, бадай, занадта ж будзе зацяганы, толькі ляніва — ці не халерная апатыя чарговы раз нагадвае пра сябе — пазяхае. Хоць успрымаць усур’ёз балбатню жанчыны яму не хочацца, але і нажываць ворага праз няўвагу да таго, што нараджаецца ў яе разгарачаных дзікім падазрэннем глуздах, — таксама. На шчасце, размова з Ілонаю працягваецца нядоўга.
    Тым часам стук абцасаў наверсе з кожнаю хвілінаю робіцца ўсё больш гучным: у суседкі, відаць па ўсім, на падыходзе момант найбольшае актыўнасці. “I трэба ж гэтак грукаць... Гарцуе па памяшканні,
    непапушчы конь па пожні, ад аваднёў ратуючыся”, — думае Тадэвуш Піліпавіч і куляецца ніцма на ложак.
    А праз колькі хвілін ён ужо так моцна спіць, што ні грукату ўгары, ні перагуку клаксанаў аўто ў двары не чуе. I прачынаецца на момант толькі тады, калі падае ў сне на дах індычатніка з самае высокае ў Дзерваедах таполі, што хінулася калісьці кронаю акурат да страхі іхняе пуні. I тут жа зноў, заспакоены, што гэта ўсяго толькі сон, а не дурная ява, засынае. Толькі гэтым разам яшчэ больш моцна, з такою колькасцю каляровых ды чорна-белых відзежаў засынае, што, калі, прачнуўшыся пад ранне ад холаду ў нагах (увечары не парупіўся як след накрыцца), спрабуе дэталі першага, з таполяю і індычатнікам, сну хоць збольшага ўзгадаць, — усё дарэмна.
    ЦЫМАНТ
    Аповесць
    1
    Тэлефон Клімовічаў адазваўся за трэцім разам — натужліва, перарывіста і разам з тым неяк надта глуха, як з падмосця. «Ну, нарэшце... Каб жа толькі не Павел», — падумала Нана і шчытней, быццам ад гэтага магло залежаць, хто на тым канцы проваду падасць голас, сястра або швагер, прыціснула слухаўку да вуха.
    Паўла Клімовіча, мужа сястры Алы, яна недалюблівала даўно — не ў апошнюю чаргу з-за пацвельванняў з яе нетутэйшага, грузінскага імя і тугэйшай мовы, якую ён, сам найтутэйшы з тутэйшых, чамусьці цярпець не можа, а апошнім часам, пасля крывавых падзей ва Украіне, дзе Нана з сястрою і маці калісьці, год трыццаць таму, аселі пасля Зугдзідзі перад вяртаннем на радзіму, і наогул іначай як бандэраўскай не называе. I хаця пасля некалькіх даволі жорсткіх перапалак на гэты конт дамовіліся рызыкоўнай тэмы болын не кранаць, яна ўсё адно ў гамане на хвалі эмоцый не-не ды і вытыркнецца, джгне ў глузды асцюком узаемнага неразумення.
    Але асабліва ўзмацнілася непрыязнасць Наны да швагра пасля таго, як ён паспрабаваў чапляцца да яе падчас другой цяжарнасці жонкі. Нана па-сваяцку ўзахвоцілася тады памагчы яму па гаспадарцы, пакуль Ала знаходзілася ў бальніцы, а ён, не доўга думаючы, і распусціў рукі. Меркаваў напэўна, што калі яна афіцыйна незамужняя, жыве з Раманам у грамадзянскім шлюбе, дык і на ягоныя дурныя заляцанкі-дамаганкі паквапіцца. Аж пакуль не зарабіў аднаго разу каленам у пахвіну, увайшоўшы да яе позна ўвечары ў пакой пасля ванны амаль што голы, з вузкім пасам ручніка вакол цяглістых, зарослых валоссем сцёгнаў. Назаляць, праўда, ад тае пары перастаў, але прыкры асадак у яе ў душы, хоць сястры пра гэны выпадак ні словам не абмовілася,застаўся.
    Можа, і дарэмна яна тады нічога Але не сказала. Ды Бог ведае, як яно насамрэч лепш. Яны пасварацца, пару з ратоў выпусцяць, пасля ўвадначас памірацца, а ты ў дурнях, без віны вінаватая авечка, застанешся — вядомая гісторыя. А што да Алы, дык не сляпая, дзякуй богу, і без яе сястрынскае падказкі пра мужыковы шуры-муры неяк дала рады дазнацца. I чым усё скончылася? А нічым асаблівым. Пабілася колькі дзён маладзіца ў істэрыцы, падзьмулася, палямантавала, паенчыла, узняла сабе ды ўсім наўкола нервы, а потым і даравала любаму здрайцу, быццам нічога і не здарылася. А можа, толькі выгляд зрабіла, што даравала: жанчыне адной з дваімі дзецьмі застацца, вядома ж, не мёд. Тым больш калі мужык не п’яніца і не абібок, наадварот, спраўны гаспадар: усё дзеля сям’і, усё ў хату.
    Зрэшты, гэтае ў хату ўсё — таксама як на чый густ. Добра, як абое сужэнцы аднае пожні зёлкі, падобныя. Тады — канешне, добра. А, напрыклад, ёй, Нане, на гас-
    падарчых клопатах надта не зацыкленай, які б увішны ды цвярозы ні быў заўсёды Павел, аддаць яму перавагу перад легкадумным прыхільнікам чаркі Раманам і ў голаў бы ніколі не прыйшло.
    Голас на провадзе, да радасці яе, аказаўся не Паўлаў.
    — Відаць, на лініі нейкая няспраўнасць. Званок чую, а здыму слухаўку — каб табе гук у адказ. — Акуратыстка Ала, аднадумца мужа ў стаўленні да мовы — ці не адзінае, у чым яны з Паўлам хоць збольшага заўжды салідарныя, — гаварыла ціха, але выразна, старанна вымаўляючы кожнае слова, як школьніца, што чытае па паперцы падрыхтаванае да ўрока хатняе заданне.— Дык датэлефанавалася таму дзядзьку, Станіславу Міхайлавічу? He?
    — Мікалаевічу, — паправіла сястру Нана. — Станіслаў Мікалаевіч ён, а не Міхайлавіч... Так, датэлефанавалася.
    — I што ён сказаў?
    — Нічога. Неяк дзіўна ўсё... Жанчына адказала. Мяркуючы па голасе, зусім маладая. Дачка, можа, ягоная ці ўнучка. Спачатку сказала, што пакліча яго. Затым, праз пару хвілін, — што няма яго дома і што яна не ведае нават, калі ён вернецца. А потым і наогул пачала штосьці заікацца ды блытацца ў словах, неўпапад адказваць. Такое ўражанне было ў мяне падчас размовы, быццам хтосьці побач з ёю стаіць і нашэптвае, што адказваць, а яна ніяк не дасць рады дачуцца ды як след у тых падказках сарыентавацца...
    — А можа, ты сама памылілася нумарам? He? Паглядзі яшчэ ўважліва.