Раз — шкілет, і два — шкілет
Франц Сіўко
Выдавец: Галіяфы
Памер: 344с.
Мінск 2019
— Ёсць размова, бацька, — кажа з загадкавым выглядам. — Толькі ж глядзі — між намі...
— Наконт хлопца гэнага, Іллі, ці як яго там?
— I наконт хлопца таксама. Толькі, мабыць, не тое, што ты падумаў. Думаеш, з Аніткаю што-небудзь здарылася? Што, можа, зацяжарыла яна? Дык не хвалюйся дарэмна, не такая Аніта дурніца, каб па дробязі заляцець... Дзеўка не промах, дарма што з выгляду быццам кулёма. Ды і не дзіва пры такой матцы, як Ілона.
— А што Ілона?
— Нічога... проста ўзгадаў да слова. А ты вось Hernia заўсёды, Піліпавіч, як толькі зойдзе пра яе размова, перапытваеш, быццам намякаеш на што...
— Я намякаю? На што?
— Ну, не ведаю, ці мала на што можна... Адкуль мне ведаць.
Тадэвуш Піліпавіч на хвіліну адварочваецца, быццам прыслухоўваючыся да чыіхсьці крокаў, а насамрэч — толькі каб не спатыкацца з сынам паглядам.
Пра тое, як заспеў ён Генадзя з Ілонаю на тады яшчэ цалкам сваім лецішчы ў абдоймах адно аднаго год шэсць таму, сын, хутчэй за ўсё, і па сёння не ведае. Хаця, мяркуючы па гэткіх вось выразах, што толькі што зляцеў з ягоных вуснаў, магчыма, смутна і здагадваецца.
Тадэвушу ж Піліпавічу распачынаць з Генадзем размовы на гэтую тэму зусім не хочацца. Калісьці — што было, тое было — меў такі намер. Але з часам усё яно, тое непрывабнае падгледжанае на лецішчы неяк само сабою адышло на дзясяты план, зрабілася нецікавым. Як любяць казаць прасунутыя Генадзевы сыны — перастала чапляць.
I, напэўна, дзякуй богу, што перастала. Бо што казаць даросламу чалавеку, такую размову пачаўшы? Ушчуваць яго? Выхоўваць? Лаяць? Тым болып рабіць гэта цяпер, калі гэтулькі і свайго непрывабнага на свет Божы панавыплывала... Якому хаця б збольшага неяк даць рады, прывесці да суладдзя з сумленнем...
— Дык што ты мне сказаць хацеў?
— Што? Вось не паверыш, калі скажу. Але слухай... Словам... такія, бацька, пірагі: стаўся да гэтага, як хочаш, хочаш — смейся, хочаш — асуджай, але ў нас з Юляю склалася ўражанне, што гэта яны ўдваіх з Іллёй скралі грошы.
— Анітка з Іллёй? Ого, сыне... Ну ж навіна! Ад такой навіны і вобзем можна грымнуцца. Ого! Ну... а доказ хоць які маеце?
— Ды што той доказ. Логіка падказвае. Сам падумай... Нічога ў кватэры не перакулена, не зрушана з месца, быццам ведаў чалавек, дзе што ляжыць, і праменька туды і ішоў. Зноў жа, уваходныя дзверы так спрытна адамкнёныя, як ключом усё адно... I пры гэтым каб шнарык дзе на замку застаўся, каб драпінка. Хіба не дзіўна ўсё гэта? Потым — паводзіны Аніціны... Ведаеш, што яна сказала мне па тэлефоне? Што прэтэнзій да мяне з-за нясплаты бацькавай часткі ад продажу тваёй кватэры мець не будзе. Разумееш: пра грошы загаварыла, а я ж нікому пра іх не казаў. Хіба ты, можа, прагаварыўся?
— He, я таксама нічога не казаў. Але калі так, то чаму яна гэтак зрабіла? Навошта ёй было красці тыя тысячы, калі ўсё адно яны ёй належалі?
— А вось і не ўсё адно... Ты не ўсё ведаеш. He ведаеш, што мы з ёю напярэдадні майго ад’езду ў Балгарыю пасварыліся. He ведаеш? Ці, можа, сказала?
— He, нічога не казала.
— Дык вось — пасварыліся. Надта ж мне падчас размовы ў той дзень адно яе з’едлівае выказванне на Юлін адрас не спадабалася... I я ў дурным запале і плявузгнуў, што, маўляў, вось вазьму ды і не аддам таго, што ты мне з Міронавае згоды пазычыў, тых клятых даляраў. Маўляў, дакументальна пазыка не аформленая, папер ніякіх няма, дык і праз суд нічога не спагоніш. Словам, шантажнуў... Бачыў бы ты, як з твару дзеўка перамянілася. Літаральна спалатнела. Так, здалося мне, перанялася тою смешнаю пагрозаю, што я ўжо і пашкадаваў нават, што гэтак сказаў.
Тадэвуш Піліпавіч колькі часу неўразуменна глядзіць на сына.
— Ну, мала што перанялася, — кажа і паціскае плячыма. — Хіба гэта доказ, што яны скралі? Ды і пра пярсцёнак ваш не магла дзяўчына не ведаць. Усе сваякі, у тым ліку бацька з маткаю, ведалі, а яна — не? Быць такога не можа.
— А можа, яны якраз знарок пярсцёнак не ўзялі, каб падазрэння пазбегнуць? Можа, гэта ход такі іхні хітры? — не пагаджаецца Генадзь і ідзе на двор заводзіць аўто. — Хіба так не можа быць?
— Напэўна, можа, — не маючы больш ахвоты спрачацца, адказвае Тадэвуш Піліпавіч і ідзе следам за сынам. — Быць шмат што можа, ды не абавязкова ж бывае. Як-ніяк сваякі...
— Ага, сваякі... Толькі чамусьці крымінальную хроніку як ні паглядзіш па тэлевізары, дык дзевяноста адсоткаў забойцаў, рабаўнікоў і злодзеяў — усё яны, сваякі, — кажа Генадзь і акуратна — трымаць сябе ў руках нават падчас самых бурных спрэчак ён умее — вырульвае на гравійку.
— А я? — роспачліва гукае Тадэвуш Піліпавіч і кідаецца наўслед аўто.
Машына даязджае да першага дрэва, спыняецца.
— Ну, бацька, нервы ў цябе — ні к чорту! Спрасоння ты гэткі, ці што? — Генадзь высоўвае галаву з салона, але вылазіць не спяшаецца. — Ад’ехаўся дзесяць метраў — і ўжо гэтулькі панікі... Збірайся паціху, а я ў пасёлак па цыгарэты пакуль што з’езджу. Браў пачак з дому, ды, мабыць, дзесьці пасеяў, як заязджаўся на запраўку.
У доме даволі прахалодна, і гэта неяк адразу Тадэвуша Піліпавіча супакойвае, настройвае на філасофскі лад. Што пасля непрыемнай размовы з Генадзем пра ўнучку і яе хлопца вельмі нават дарэчы. Тым болып дарэчы, што, папраўдзе, як бы ні было яму іут, на гэтым чужым, закінутым лецішчы, часам непамысна і самотна, з’язджаць у горад таксама не хочацца.
Зрэшты, так у яго, невыпраўнага дамаседа Тадэвуша Дзерваеда, заўсёды: варта хаця б пару дзён у нейкім, нават калі яно і зусім яму чужое, месцы прабавіць, як ужо пры расстанні з ім няведама адкуль і з чаго з’яўляецца маркота. Што і дзіўнавата, бо празмерна чуллівым ён ніколі, колькі сябе памятае, здаецца, не быў. Апроч, бадай, таго вар’яцкага лета, калі загінулі на рацэ Міхалка і Броня. Але там было, канешне, іншае. Ад згадкі пра якое не толькі даць волю ўласнай чуллівасці, а і па шыю горкімі слязамі заліцца было б не толькі тады, а і сёння, далібог, не грэх.
He грэх было б, ды вось жа штосьці не заліваецца. Ды, больш за тое, яшчэ так адстаронена, так абыякава тое рачное страхоцце шматгадовае даўніны ўзгадваецца, быццам зусім ён да яго не мае дачынення. Пера-
малолася, перагарэла — час не толькі лекар, але і магільшчык яшчэ той, аказваецца.
Гудзенне даносіцца да вушэй Тадэвуша Піліпавіча, аддаецца ў вушах ледзь улоўнымі перападамі тонаў. Суцішыцца на імгненне, і вось зноў трымціць-гудзе, бы туга напятая, патрывожаная дотыкам пальцаў драціна.
Такім надакучлівым, праціўным гудзеннем звычайна нагадвае пра сябе ў гарадской кватэры няспраўнасць водаправоднага змяшальніка. Але ж тут, на гэтым лецішчы, водаправода няма. Ды і дроту, калі не лічыць вусікаў на коміне па-над дахам дома пасля таго, як пашчыравалі там гора-рамонтнікі, — таксама. Быццам зумер недзе спрацоўвае, а дзе — нізавошта не здагадаешся.
Гудзенне, здаецца, зыходзіць з-пад ложка, і ён нахіляецца долу, каб туды зазірнуць. Але нічога там, апроч пылу і бруднай пластыкавай скрынкі для захоўвання анучак, ваксы і іншых прычындалаў для догляду за абуткам, не бачыць.
Ралтам гудзенне сціхае, змяняецца дрогкім шубуршэннем, што зыходзіць, без сумневу, акурат з нетраў скрынкі.
Тадэвуш Піліпавіч выцягвае скрынку на святло, рэзкім рухам рукі здымае з яе накрыўку.
Пухнаты чмель з кароткімі паўсцінкамі на таўсматым, як у па-зімоваму апранутага калгаснага вартаўніка ў старых савецкіх фільмах, тулаве з незадаволеным гудзеннем падпаўзае да краю яе, колькі часу няўклюдна мітусіцца сюды-туды ў пошуку шляху да волі. Затым нечакана порстка здымаецца з месца, пакружляўшы хвіліну-другую пад столлю, заціхае пры люстры.
Тадэвуш Піліпавіч думае, што няблага, напэўна, было б расчыніць акно ды выпусціць жамярыну на двор, але гэта зрабіць немагчыма. Бо форткі ва ўсіх вокнах
шчыльна заканапачаныя, а рамаў з шыбамі на кожным — па дзве. Другія ён самаруч прывалок сёння ўранні з падпола і ўставіў, атрымаўшы напярэдадні па тэлефоне, падчас размовы наконт сканчэння тэрміну кватаранства, гэткую просьбу ад гаспадыні лецішча. Дурніца, відаць, усур’ёз думае, што падвойныя вокны ў доме памогуць засцерагчыся ад злодзеяў. I ён адгаворваць кабеціну не стаў, зрабіў, як прасіла. Балазе паабяцала налета, калі раптам ён пажадае, пусціць у дом пажыць і, можа, нават не так, як цяпер, — за грошы, а зусім без усялякай платы.
Тым часам чмель выпаўзае з-пад споду люстры на столь, распачынае нанова працяглае сваё, манатоннае, як покліч муэдзіна на ранішнюю малітву, гудзенне. Цяпер, калі ён вісіць дагары нагамі на адлегласці выпрастанай рукі ад галавы Тадэвуша Піліпавіча, паквітацца з ім за ўсе ягоныя (ці кагосьці з ягоных суродзічаў) начныя выкрутасы было б зусім няцяжка. Нават мухабойкі не трэба, дастаткова пстрыкнуць пальцам ці прыціснуць гэты таўсматы жывы камяк з дапамогаю шматка паперы або якой анучкі да калянай паверхні столі так моцна, каб аж хруснуў ён, каб аж пырснуў ва ўсе бакі нагулянымі за нядоўгі свой век сокамі.
Шматок паперы ён заўважае на падваконніку. Хапае яго пальцамі, падносіць угору, да таго месца на столі, дзе корпаецца чмель. Спрытна падторквае яго пад брушка і ножкі чмяля, але, замест таго, каб тут жа не марудзячы ажыццявіць тое, пра што думаў хвілінаю раней, пачынае моўчкі назіраць за жамярынай. Чмель хвіліну-другую сядзіць нерухома, затым, страпянуўшыся ўсім целам, жвава ўспаўзае на паперчыну. I потым увесь час, што патрабуецца Тадэвушу Піліпавічу, каб дайсці з паперкаю перад сабою да дзвярэй у калідор і далей з калі-
дора на двор, паслухмяна, быццам упэўнены, што кепскага яму не зробяць, сядзіць на ёй. Сядзіць да часу без руху, праўда, з растапыранымі крыламі.І, як толькі Тадэвушава нага ступае на маснічыну ганка, усхопліваецца з месца і знікае за рогам дома так хутка, што Тадэвуш Піліпавіч і вокам не паспявае міргнуць.
Генадзева аўто зноў уязджае на панадворак. Збіты з панталыку хітрымі чмялёвымі паводзінамі Тадэвуш Піліпавіч колькі хвілін неўразуменна глядзіць на сына.
— Ну, дык што там усё-такі з Анітаю? — пытаецца, вяртаючыся, нарэшце, у яву. — Што-небудзь збіраешся высвятляць?
Генадзь акуратна, як ён і ўсё робіць, што датычыць аўто, адчыняе багажнік.
— Ну, скажаш — высвятляць, — зазначае порстка і заводзіць матор. — Такія рэчы, бацька, добра, калі праз дзясятак год высвятляюцца. Выпадкова як-небудзь, бы між іншым, як няўрокам прагаворыцца, можа, каторая з дзейных асобаў... А бывае, што і ніколі не высветляцца, так і застаюцца пад сямю замкамі. Вунь колькі ўсяго навокал страшнага ды нялюдскага адбываецца — і што мы пра тое ведаем? Эх... Калі Анітка з Іллёй гэта зрабілі, дык адно тады добра ўсё-такі — што не чужыя тваім кроўным скарыстаюцца. Праўда? Як думаеш? Добра гэта?