• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раз — шкілет, і два — шкілет  Франц Сіўко

    Раз — шкілет, і два — шкілет

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 344с.
    Мінск 2019
    75.04 МБ
    Ды ў любым выпадку пікнічок адбудзецца.
    Яна добра ведае мясцовасць і прапануе пайсці да ракі. Туды, дзе самы высокі, стромы бераг і наўкола шмат віроў. Яны раскладуць вогнішча, і, пакуль ён будзе вудзіць з абрыву рыбу, яна зоймецца прыгатаваннем перакусу. Затым пакліча яго есці, але ён, захоплены ўдалым клёвам, нават яе не пачуе. Тады яна падыдзе да яго, каб паклікаць зблізку. Крок, другі, трэці, вось ён усё бліжэй, бліжэй...
    Ён будзе стаяць да яе спінаю і з утрапеннем маладзёна, што ўпершыню выйшаў на ловы каханкі, глядзець, як гайдаецца на вадзе паплавок. Ён будзе такі кранальны ў сваёй зачараванасці хараством хвіліны ды чаканні ўзнагароды за цярплівасць, што ёй захочацца да яго датыкнуцца.
    I яна падыдзе і датыкнецца — лёгенька-лёгенька, як колісь да Лёлі. Так лёгенька, што ён і зразумець нічога не паспее.
    Яны будуць стаяць так блізка адно да аднаго, што яна будзе чуць ягонае дыханне, бачыць, як пульсуе жылка на ягонай старэчай, у шызаватыя пупырышкі, патыліцы. I калі што пойдзе не так, як след, яна тут жа выправіць сітуацыю. He, не скочыць з адчаю на дол, гэтага яна ніколі не зробіць, чі-ко-лі — не дзеля таго гэтулькі гадоў чакала!
    Яна — датыкнецца да яго. I вецер — адзіны сведка доўгачаканай дзеі — падхопіць ягоны крык і разнясе рэхам па бязлюдным наваколлі, як колісь разнёс ейны па ваколіцы млына.
    Яна датыкнецца, і гэта будзе першая яе ў жыцці параза, якую яна прыме без горычы і шкадавання. Цень якой, у адрозненне ад папярэдніх, ні на хвіліну не азмрочыць рэшту адпушчаных ёй лёсам гадоў. I за мажлівасць якой удзячнасць яе Богу будзе такой вялікай, што яна нават сходзіць у святыню ды шчыра-шчыра, як толькі зможа, да Яго памоліцца.
    Толькі б даў вытрымку не саступіць у апошнюю хвіліну, як колісь у А., на мокрым тым Наталліным балконе. Чаму яна тады сышла? Збаялася? Аказалася не гатовай да гэткага ўчынку? Можа быць...
    Штосьці шорхнула на дварэ, быццам хто шпурнуў у сцяну з расшпару жменю пяску, і працяглы енк руберойднае абіўкі балкона агаласіў наваколле. Яна паднялася, каб паглядзець, што там, адшмаргнула фіранку.
    Вецер на дварэ быў такі моцны, што ажно згіналіся ледзь не напалам пры ходніку кустоўе і маладыя дрэўцы.
    “Дажджу толькі не хапала”, — падумала яна і націснула кнопку тэлепульта.
    Экран успыхнуў, абрысы пустэльні калыхнуліся на даляглядзе зыбкім мроівам, адцяняючы самотна-ўтрапёную постаць Торы наўзбоч ракі з высокім, метраў у дзесяць абрывам, у колькіх кроках ад якога знайшлі пад дрэвам ратунак ад бязлітаснага сонца аднарогая буйваліха з цялём.
    Львіца смачна пазяхнула нібы ў прадчуванні ўдалага палявання, выгнула спіну дугою, пасунулася краем берага да абрыву. Але тут жа знікла з поля зроку, бо на экране з’явілася застаўка, і знаёмы голас вядоўцы па-за кадрам абвясціў канец серыі.
    “Мабыць, гэта апошняя”, — падумала яна і незадаволена — вось жа конча ім, гэтым вядоўцам, перапыняць дзею на самым цікавым — выключыла тэлевізар.
    Яна прачнулася а шостай. Дакладней, не прачнулася, а прахапілася ад забыцця. Бо праз ноч амаль не заснула, толькі ўжо на самым дасвецці на колькі хвілін змежыла павекі ды акунулася ў кароткую цяжкую дрэму.
    На дварэ было светла, але бязлюдна. I зусім, на дзіва, бясхмарна. Гэта дадало ёй гумору. Яна хуценька злезла з канапы, пачала апранацца. Падумала, што няблага было б глытнуць перад адыходам кавы або гарбаты, пасунулася ў кухню. Але запальваць пліту не стала. Наліла ў кубак астылага ўчорашняга кіпеню, густа засаладзіла варэннем. Ужо падняла кубак, каб выпіць, але ўзгадала, што шэсць дзён не прымала, занятая думкамі аб выправе на прыроду, лекаў ад страўніка, зноў паставіла кубак на стол. Вылузнула з пласціны пігулчыну, сунула ў рот, запіла вадою з гарбатніка. I толькі накіравалася ў ванны пакой, каб пачысціць зубы ды навесці збольшага марафет на твары, як азваўся тэлефон.
    У слухаўцы не чутно было ні гуку, але яна не сумнявалася: тэлефануе Зелянуха. I, пэўная, што не памыляецца, бадзёрым голасам сказала:
    — Выходжу праз пяць хвілін, чакайце мяне на дварэ, Васіль Іванавіч.
    На тым канцы лініі, аднак, працягвалі маўчаць, і гэта крыху збіла яе з тропу: а раптам і не Зелянуха тэлефануе, а хто іншы?
    Але гэта быў ён, што і пацвердзілася ў наступную хвіліну:
    — He забудзьцеся прыправу для юшкі. I хлеба паболей вазьміце. Раптам не захочуць кляваць на чарвяка... Ды і я сам без хлеба — ні кроку, такая звычка.
    Яго голас гучаў спакойна, але неяк нязвыкла ціха, гэта яе насцярожыла.
    — Вы кепска сябе адчуваеце?
    — He, з чаго вы ўзялі? Проста недаспаў, мабыць...
    — Ну, гэта не страшна, галоўнае — каб імпэт да лоўлі быў. Як нага?
    — Нішто.
    Ён паклаў слухаўку гэтаксама нечакана, як і патэлефанаваў. I зноў яна, як перад пачаткам размовы, адчула сябе так, нібыта яе акунулі з галавою ў бязважкасць.
    Што ў яго наўме? Чым скончыцца ўся гэтая яе авантура? Што, калі пойдзе ўсё зусім не так, як яна плануе?
    Яна выняла з лядоўні падрыхтаваны звечара правіянт, хуценька склала ўсё ў сумку. Падумала, што няблага было б прыхапіць і гарэлкі, пасунулася ў пакой да шафачкі. Пстрыкнула па дарозе пультам тэлевізара ў надзеі ўбачыць хоць кавалак чарговае серыі з жыцця львоў але ёй не пашанцавала. Серыя, відаць, ці то толькі што скончылася, ці яшчэ не пачыналася. Тора з разяўленаю пашчаю схілілася на застаўцы перад магутным, вялізным, як гара, старым львом-адзінотнікам у памкненні абараніць ільвяня ад небяспекі.
    Цяпер можна было і вырушаць з кватэры, але яна не спяшалася. Старанна абгледзела сябе з усіх бакоў у люстэрку і тады толькі падалася да дзвярэй.
    I ўсё адно штосьці было не так. Але што?
    Пагляд яе слізгануў па пакоі, запыніўся на грудцы вопраткі пры рабрыне канапы. Ну, канешне ж, пасведчанне аб рэабілітацыі, як яна магла забыцца?
    Яна пераклала пасведчанне з кішэні халата ў кішэньчык кофты, пайшла на пляцоўку.
    На дварэ акурат перад яе вокнамі двое мужчын у жэкэгоўскай апратцы торкалі ў ямкі пры ходніку невысокія, сантыметраў пад шэсцьдзесят, саджанцы хваінаў. Следам за імі сунулася кабеціна з вядром і ашчадна, быццам тут наўкола бракавала вады, палівала з конаўкі саджанцы рудаватаю жыжай, і знябожаныя сушшу тонкія іглістыя дубчыкі порстка ўздрыгвалі пад вадзянымі струмянямі.
    Яна прайшла паўз тройцу, мінула браму, папраставала да корпуса дома адпачынку.
    Зелянухі на дварэ не было. Яна пачакала колькі хвілін, зірнула на ягонае акно, але нічога не ўбачыла, апроч гардзіны, і пайшла ў будынак.
    У калідоры на другім паверсе было ціха, толькі з-за Зелянухавых дзвярэй даносіліся гукі радыё.
    Яна пераклала сумку з правай рукі ў левую, стукнула костачкамі пальцаў па аўшаку.
    — Чакаю вас, Васіль Іванавіч, — сказала і стукнула яшчэ раз — па абіўцы. — Без чвэрці сем, пара адыходзіць. A то гэтак і ўвесь клёў прапусцім.
    — Адыходзіць дык адыходзіць, — азваўся ледзь чутна стары і расчыніў дзверы.
    Пагляды іх сустрэліся на імгненне, адцягненыя тупатам у сталоўцы, куды толькі-толькі пачала збірацца на змену абслуга, цьмянымі пытальнікамі завіслі ў паўзмроку калідора.
    — Што вы так ціха гаворыце, быццам чаго перасцерагаецеся? — спытала яна паўжартам, аддаючы яму сумку з правізіяй.
    — А ці мала што, — гэтак жа паўжартам адказаў ён і лёгка перакінуў сумку цераз плячо. — Раптам — скрозь вушы? Ну, Міла Сцяпанаўна, здзіўляеце вы мяне. He вучылі вас ніколі асцярожнасці, ці што?
    IV
    Дарашэнка расчыняе дзверыну, ціха, каб не пабудзіць няўрокам каго з суседзяў, высоўваецца на балкон. Вятрыска вее з-за рога будынка, казытлівым бесянём слізгае па шыі, валасах, улагоднены сонечнымі прамянямі, што ўсё настойлівей прабіваюцца на дол праз рэдкую, амаль празрыстую завесу хмарак, суцішваецца ў прагалку паміж акном і плітою балкона.
    На дварэ свежа, але не холадна і галоўнае — на дождж, які адзіны можа стаць перашкодаю для абяцанага Алушынага прыезду, быццам не паказвае.
    Што жонка мае намер наведаць яго ў доме адпачынку, Дарашэнка даведаўся напярэдадні ўвечары з тэлефоннае размовы з ёю. Нэля едзе ў М. па тавар для фірмы, гэта якраз па дарозе, вось Алуша і вырашыла скарыстацца нагодаю пабачыцца з ім. Пабудзе ў доме адпачынку паўдня, а на зваротным шляху Нэля зноў яе забярэ з сабою.
    Дзве постаці, адна бездакорна роўная, бы гатычная калона, другая прыкурчаная і пры кульбе, мільгаюць пад брамаю, таропка прастуюць ходнікам у кірунку сцежкі, што вядзе да ракі.
    Ён думае, што няблага было б аклікнуць іх, але не паспявае. Хтосьці ляпае дзвярыма, і голас медсястры працінае відочна пасвяжэлае праз расчынены балкон паветра пакоя:
    — Ціск будзем сёння мерыць, Аляксандр Зянонавіч? He?
    Ён хоча адмовіцца ад працэдуры, каб хутчэй вярнуцца на балкон ды павіжаваць з вышыні за выпраўшчыкамі, але перадумвае: што з таго віжавання? Похапкам вызваляе з-пад кашулі локаць, абыякава, быццам усё яшчэ знаходзіцца ў думках на доле з Зелянухам і Мілай Сцяпанаўнай, кладзе руку на стол.
    Ігруша стэтаскопа віскоча раз-другі нібы ў знак пратэсту, змірыўшыся з моцаю рукі, пакорліва аціхае ў спрактыкаванай далоні медычкі.
    — Сто трыццаць на дзевяноста, даражэнькі. Норма.
    Медсястра адыходзіць, і ён зноў застаецца адзін. Выходзіць на балкон, зіркае на дол.
    Дзве постаці абмінулі ўжо сажалку, мерна зыбаюцца абрысамі на фоне кустоўя.
    Санлівасць раптам ахоплівае яго, і ён вяртаецца да ложка. Кладзецца не распранаючыся паверх накрыўкі, змежвае павекі. “Было не адмаўляцца ад мабільніка, a то вось прыедзе Алуша знячэўку, а я — ніякі, быццам усю ноч дзесьці бадзяўся”, — думае і правальваецца ў сон.
    Прачынаецца ён ад гуку клаксана. I хоць ні Кірыкавага аўто, што выслізнула, пакуль ён спаў, з-пад брамы пад самае акно, ні пасажыраў у ім ён не бачыць, адразу здагадваецца: Алуша з Нэляю.
    Сапраўды, гэта жонка і Нэля. Ён яшчэ не паспявае збольшага апаласнуць пад кранам твар, як жанчыны ўжо ў пакоі. Абедзве выглядаюць здарожанымі, да таго ж Нэля, — рэдкі выпадак — нешта не ў гуморы.
    — Штосьці здарылася? — ачомаўшыся ад пачуцця няёмкасці, што вось у гэткім непрэзентабельным выглядзе сустракае гасцей, пытаецца ён.
    — Ай, не кажы! — Нэля махае рукой, сядае на зэдаль. — Андрэйка мой... Дурань! Казала ж: не лезь у гэты дурацкі страйкавы камітэт, дык не... Знайшоўся хтосьці, данёс куды след, і вось ужо — маем непрыемнасці. Мала таго, што фінансавую праверку фірмы ўсчалі, дык яшчэ па тэлевізары на ўсю краіну ў пазаўчорашніх навінах зняславілі, ледзь не здраднікамі радзімы аб’явілі. Амаль шэсць дзясяткаў чалавеку, а розуму...