• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раз — шкілет, і два — шкілет  Франц Сіўко

    Раз — шкілет, і два — шкілет

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 344с.
    Мінск 2019
    75.04 МБ
    — Ай, не кажыце, — прамаўляе ахвотна, быццам толькі і чакаў што яго зачэпяць, Зелянуха. — Гэта ж уявіце сабе: ледзь-ледзь датыкнуўся да яе пляча, каб загаварыць, а яна, дурніца, — скок ні з таго ні з сяго з абрыву на каменне. Быццам чакала таго майго дотыку. Ведаў бы, што гэткая неўрастэнічка, нізавошта б не пайшоў з ёю на той бераг. Яна рынецца галавою на дол, а ты адказвай... Нішто сабе! А яшчэ ж знойдуцца такія, што і забойства прыпішуць... Вось і навука будзе старому дурню, як асцярожна трэба паводзіць сябе з людзьмі... Што ж, век жыві, казаў той, — век вучыся.
    Яго зрэнкі на міг затрымліваюцца на Дарашэнкавым твары, заміраюць быццам у здранцвенні і тут жа падаюць долу.
    — Памагчы з рэчамі, тата, ці без мяне дасце рады? — пытаецца кіроўца.
    — Колькі там тых рэчаў, — адказвае за старога Зінаіда і лагодна ўсміхаецца. — Галоўнае, не забыцца што з майткоў ды скласці ўсё як след, каб надта не пакамечылася... Дарога ж няблізкая.
    — Ну, глядзіце самі, як лепей. A то магу пасобіць, няцяжка...
    Стары і прыбіральшчыца знікаюць у будынку.
    Дарашэнка яшчэ колькі хвілін застаецца ў альтанцы, пацепваючыся — на дварэ халаднавата, пранізлівакуслівы вецер так і гуляе па плячах — ідзе следам за імі. Падымаецца ў пакой, уключае тэлевізар. Але ледзь паспявае зірнуць на экран, як з двара зноў даносяцца галасы Зелянухі і прыбіральшчыцы.
    Ён падыходзіць да акна, ды запозна. Аўто ўжо праязджае пад брамаю, і рука прыбіральшчыцы са сціснутаю між пальцаў шакаладкаю — няйначай, плата за турботы падчас збораў — весела махае яму наўздагон.
    Дарашэнка колькі хвілін узіраецца ў аўто, затым вяртаецца да тэлевізара, у тупым здранцвенні ўтаропліваецца вачыма ў экран, дзе львіца Тора мчыць па пустэльні з намерам упаляваць імпалу. I хоць адлегласць паміж драпежніцай і ахвяраю то меншае, то, наадварот, павялічваецца, здаецца, зыход гонкі сумненняў не выклікае.
    I ўсё ж у апошні момант імпале ўдаецца-такі ў нейкім неверагодным скачку пазбегнуць кіпцюроў пераследніцы, і яна, збіўшы львіцу з панталыку собскімі спрытам ды адвагаю, знікае ў прырэчным зарасніку.
    Тора са шкадаваннем глядзіць колькі хвілін услед уцякачцы, з выглядам істоты, за якою заўжды будзе галоўнае слова, брыдзе ў логава.
    Гэта апошняе, што Дарашэнка бачыць. Дрэма, цяжкая, як хмары за акном, авалодвае ім, і ён паступова правальваецца ў сон.
    Адна з думак, што мільгае ў ягонай галаве ў гэты кароткі паміж яваю і забыццём момант, — пра тое, што дарэмна ён усё-такі не паразмаўляў з Мілаю Сцяпанаўнай. Ды пра тое, як чамусьці яму карцела, калі стаяў апошні раз на балконе, скочыць на дол і датыкнуцца да Зелянухі — лёгка-лёгенька, як колісь павуцініна да шчакі ў кароткую пару бабінага лета на вузкім лапіку пожні пры альтанцы насупраць кватэры дзядзькі Зюзялька і цёткі Карусі.
    I калі Зінаіда ўваходзіць у ягоны пакой быццам каб штосьці запытацца, а насамрэч болей з ахвоты пагаманіць пра страхавітае здарэнне з Мілай Сцяпанаўнай, ён ужо так моцна спіць, што жанчыне нічога не застаецца, як расчаравана ўздыхнуць ды пакінуць яго ў спакоі.
    Цягнік спыняецца, і Дарашэнка паспешліва — стаянка ўсяго пяць хвілін, а пасажыраў даволі шмат — улазіць у гарачы, напалены сонцам за дзень тамбур, ідзе калідорам да вызначанага правадніцай купэ.
    У абвешаным гронкамі штучных кветак калідоры яшчэ гарачэй, як у тамбуры, і думка, што то будзе за ноч у гэткай задусе, дарэшты псуе ягоны і без таго маркотны настрой.
    Рашэнне з’ехаць з дому адпачынку дачасна, не дабыўшы тэрміну пуцёўкі, выспела ў яго неўпрыцям, само сабою. Яно, мабыць, і някепска, што выспела, бо неўзабаве мінае год кантракту на працу ў тэхнікуме, і трэба афармляць усе паперы нанова, то няхай будзе на тыя турботы дзён з запасам. Апроч таго, і сумнеў наконт сынавай дысертацыі, абарона якой прызначана на наступны аўторак, не дадае ахвоты адпачываць.
    У купэ цемнавата і амаль пуста, толькі з лежака насупраць ягонага месца звісае на дол жаночая рука з бранзалетам на запясці.
    Жанчына ўздымае голаў і гучны, з адмысловаю інтанацыяй выкліку голас дзеўкі з прычоскаю ні то Б’ёрк, ні то маладой Пугачовай, той самай, што ехала тры тыдні таму ў сталіцу да каханка-суценёра, напаўняе купэ:
    — Вы, дзядзька? Ну ж сустрэча! Хваліцеся, як адпачылі?
    —Дзякуй, добра. А вы як? Вяртаецеся дахаты? Надакучыла ў вялікім горадзе?
    — Якое там! — Дзяўчына падхопліваецца з лежака, сядзіць колькі хвілін моўчкі нібы ў здранцвенні, затым зноў пачынае гаварыць. — Пакуль я ў бацькоў гасцявала, Артурчык, гад балотны, з сяброўкай маёй, Анжэлкай, скруціўся. To не заставацца ж мне трэцяй! Але і выдала абаім на развітанне, доўга будуць памятаць. Будуць памятаць, паскуднікі, не хутка забудуцца!
    — А самі што будзеце рабіць?
    — А што мне, прыткнуся дзе-небудзь. У камерцыі, да прыкладу, можна... Вунь сястра мая з мужыком каторы год курэй возяць з Расіі на продаж — прыбытковая справа. У Турцыі, кажуць, таксама няблага на зборы ўраджаю можна зарабіць. Пару месяцаў напрыканцы лета парабіў і адпачывай сабе рэшту года. Або ў Маскву падацца, там ёсць дзе разгарнуцца. А не выгарыць нідзе — дома справу адкрыю, ахвотных зарабіць дзяўчат вунь колькі наўкола, толькі прапануй. Досвед маю, што ды як, дам рады. Паглядзім... А на іх і на б	і іхні бізнес заяўлю куды след, хай пацягаюць разумнікаў...
    Яна гаворыць хутка, і выраз яе твару штохвіліны робіцца ўсё больш помслівым, і ўрэшце ён, спопелены злосцю, ператвараецца ў непрыгожую, пачварную маску.
    Дарашэнка куляецца ніцма на ляжак, стараючыся не слухаць, што гаворыць дзеўка, бо гаварыць яна, ад-
    чувае, можа доўга, адварочваецца тварам да сцяны. На дзіва, і яна адразу ж змаўкае.
    Колькі хвілін мінае ў цішыні, затым цішыню нечакана пранізвае слабы ўсхліп. Ён такі па-дзіцячы жаласны і так няўмольна набірае з кожнаю хвіляю моцы, што Дарашэнку робіцца не па сабе. Ён мяркуе, што б сказаць дзяўчыне такое, каб супакоіць яе, але не знаходзіць слоў. Глыбей унурваецца шчакою ў падушку, намагаецца ўспомніць, як зваць (вось жа казала колісь Люся, а ён забыўся) Зелянухавага сына.
    Думка пра тое, якая гэта нялёгкая справа — здзяйсняць учынкі ў адпаведнасці з узростам, яшчэ хвіліну трымае яго ў палоне, павольна чэзне ў нетрах растузаных падзеямі тыдня глуздоў.
    РАЗ — Ш КІЛ ЕТ, ІДВА — ШКІЛЕТ
    Аповесць
    Што лецішча можа быць так сабе, Тадэвуш Піліпавіч зразумеў яшчэ падчас тэлефонных перамоваў з гаспадыняю дома. Пусціць у жытло кватаранта за мізэрныя грошы, амаль, лічы, задарма, — такое дабрачынства ў часы, калі кожны штомоцы грабе пад сябе, хіба што ў сне або ў казцы ці ў мыльным серыяле сустрэнеш. Ды і самі перамовы прайшлі неяк надта ж ужо паспешліва. Быццам толькі і мела кабеціна наўме як хутчэй каго-небудзь гэтым нехлямяжым будынкам за трыццаць вёрстаў ад горада ашчаслівіць. А калі яшчэ і ключы ад дома не асабіста, а праз нейкага ці то сваяка, ці то нават суседа Тадэвушу Піліпавічу перадала, дык і зусім ніякіх сумневаў наконт узроўню тутэйшых дачных выгодаў у яго не засталося.
    Але што ажно так будзе ўсё на гэтым вузкім падворку на ўскрайку аточанага хвоямі пасёлка занядбана,
    ён, канешне ж, не чакаў. Мала таго, што куты дома засмечаныя, дык яшчэ ж і наўкола яго рознага друзу — ногі зломіш. Кроку не ступіць без таго, каб не ўзбіцца на стыканую ржавымі цвікамі бэльку ці не спатыкнуцца аб зарослую быльнягом купку жвіру або патрушчанай цэглы.
    Будынак пасля рамонту, а выглядае так, быццам і рук ні да чаго рамонтнікі пры ім не прыкладалі. Адзінае, што пра той расхвалены гаспадыняю рамонт нагадвае, — комін. Абгорнуты бляхаю цагляны чатырохкутнік з вычварнымі антэналадобнымі вусікамі-драцінкамі па-над краямі. Надарэчны, як занадта мудрагелістая прычоска на галаве абы-як апранутай маладзіцы. Сам па сабе вока быццам здалёку і лашчыць. А зірнеш уважліва зблізку — і куды яно, тое ўсцешліва-прывабнае, увобміг знікае.
    Словам, такое бязладдзе ў сярэдзіне і абапал дома, што лепш было б, можа, яго наогул не бачыць.
    Хаця, што праўда, і выгода (і немалая, між іншым) таксама маецца — месцазнаходжанне лецішча. Акурат жа тое, што Тадэвуш Піліпавіч ад самага пачатку з увагі на акалічнасці справы, дзеля якой бавіць тут час у самоце вось ужо чацвёртыя суткі, і падшукваў.
    Канешне, нядобра, што давялося дзеля гэтага пакінуць без нагляду кватэру сына Генадзя, у якой узахвоціўся пабыць за вартаўніка, пакуль той адпачывае з жонкаю і сынамі ў Балгарыі. Але ж усюды не паспееш, чымсьці трэба часам і ахвяраваць. Тым больш што тэрмін Генадзевага адпачынку неўзабаве заканчваецца і не сёння дык заўтра вернуцца сын з нявесткаю і двое іх гарэзлівых хлопцаў-мацачкоў дахаты.
    Вось-вось, яны вернуцца, а ты і цягніся тады, бацечка Тадзюня, зноў у сваю “хрушчоўку”, ды ўздрыг-
    вай там штохвіліны ад грукату суседчыных абцасаў над галавою, ды, заходзячыся злосцю на той несупынны грукат, бегай па кватэры ў марным пошуку ратунку ад яго.
    Ды калі ўжо на тое пайшло, нахабства вось гэтага гундосага чмяля, што ўляцеў учора ўвечары ў пакой і даймаў амаль палову ночы сваім зумканнем, а цяпер ціхамірна падрэмвае, рахманы з рахманых, на фіранцы, у параўнанні з тым шалёным грукатам — нявінная забава прыроды, на якую і зважаць не варта. I не даражы тут, пры такім раскладзе, лішняю хвілінаю спакою, і не радуйся, што можаш, хай сабе і без асаблівага шыку, а ўсё ж адпачыць ад да сябе падобных ды справакаванае іх паводзінамі собскае непрыязнасці да ўсяго роду людскога.
    Шоргат колаў аўто даносіцца да вушэй Тадэвуша Піліпавіча і тут жа сціхае, праглынуты нечаканым парывам ветру з расчыненага акна. Чмель на фіранцы варушыць крыламі, узлятае, пачынае бязладна мітусіцца ў цесным прагалку паміж сцяной і канапаю.
    “Дзякуй богу, хоць мух ды камар’я пакуль што няма”, — думае Тадэвуш Піліпавіч і цягнецца даланёю да фіранкі, каб перагарадзіць чмялю шлях да адступлення. Той жвава, як для жамярыны гэткага камлюкаватага, грувасткага целаскладу, шмыгае пад столь, незадаволена гудзе. Затым, не маючы, мусіць, ахвоты трапляць у зладаваную Тадэвушам пастку, рэзка пікіруе на дол і тут жа куляю вылятае ў акно.
    Час падымацца, але якраз падымацца Тадэвушу Піліпавічу зусім і не хочацца. Цяжкая, гнятлівая апатыя скоўвае ягонае прыкметна раздабрэлае апошнім часам (ах, гэты пракляты недахоп руху!) цела, зноў прыгінае да канапы.