• Газеты, часопісы і г.д.
  • Раз — шкілет, і два — шкілет  Франц Сіўко

    Раз — шкілет, і два — шкілет

    Франц Сіўко

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 344с.
    Мінск 2019
    75.04 МБ
    На подыуме між сцэнаю і столікамі квітнеюць спічы ў гонар сяброўства-пабрацімства. Эстонскі госць, госць ізраільскі, прадстаўнік дэлегацыі з Літвы... Энергічная мэр раз-пораз дэманструе выбітны гумар, суправаджае словы выступоўцаў кароткімі трапнымі рэплікамі.
    Стол, напачатку даволі сціплы, з кожнаю хвілінаю багацее. Хлопчыкі-афіцыянты снуюць у вузкіх праходах з бутэлькамі ў руках, апафеоз гасціннасці — велізарная рыбіна ў аздобе з зяленіва — займае пачэснае месца на стале пасярод залы, да яго тут жа выстройваецца чарга.
    — Заўтра прыязджае іхні прэзідэнт, — кажа віцэконсул і паблажліва ўсміхаецца. — Дарэчы, хочаце анекдот пра прэзідэнта?
    Анекдот ліберальны, аж занадта, хоць, папраўдзе, гэткі ж вялы, як фізія апавядальшчыка. Мы ўсміхаемся па яго сканчэнні больш з ветлівасці, і толькі Жана ды Зяменя, каб згладзіць няёмкасць моманту, смяюцца доўга і залівіста, чым узбуджаюць цікаўнасць Фаіны.
    Паэтка падымае ўгору напоўнены нечым бурачковачырвоным фужэрчык, махае нам здаля рукою. Збянтэ-
    жаны недахопам эмоцый у нашай ацэнцы ягонага красамоўства віцэ-консул падымае чарку ў адказ, залпам выпівае. Яго высокі, з тузінам кароценькіх валасінак-паўсцінак паперадзе, над самымі бровамі, лоб пры гэтым чырванее, а вусны стульваюцца ў вузкую, як нітка бурштыну на Жанінай шыі, шчэлку.
    — Мы з вамі не знаёмыя? — звяртаецца ён раптам да мяне і па-свойску падміргвае.
    — Наўрад, — адказваю я і ўглядаюся ў ягоны абсыпаны дробнымі кропелькамі поту твар. — He, не думаю, хутчэй за ўсё, — не.
    — Значыць, я памыліўся, — кажа ён і прастуе праз залу да стала з рыбінай.
    На адлегласці хада яго здаецца мне нібыта знаёмай. Я сілюся ўзгадаць, дзе мог раней бачыць гэтага чалавека, але дарэмна. Прытуманеныя віном і ўражаннямі дня глузды мае спяць і прачынацца, прынамсі зараз, у гэтую хвіліну, не жадаюць.
    Вячэра доўжыцца амаль чатыры гадзіны. Першая адыходзіць (“Заўтра вельмі, ну вельмі адказны дзень, вы ўсе людзі дзяржаўныя, разумееце!”) мэр. Следам за ёю пакідаюць залу мэрскія чыноўнікі, так што пры гасцях застаецца толькі Ілга.
    Жаны, якая выйшла кудысьці чвэрць гадзіны таму, дасюль не бачна. Знік і віцэ-консул, і калі я пытаюся пра яго ў Ілгі, яна толькі неўразуменна паціскае плячыма. Затое мастакі ўсё яшчэ тут і адыходзіць, бачна па ўсім, не збіраюцца. Фаіна, якую яны, відаць, добратакі данялі нецвярозаю балбатнёй, скарыстаўшыся момантам, падсаджваецца да нас, каб прачытаць новы, толькі што народжаны ў бурапенных нетрах вясёлага застолля верш. Пра каханне, шматабяцальна абвяшчае яна напаўголасу і складае вусны сэрцам.
    Верш пафасны і вельмі, ледзь не да слёз, чуллівы. Ілга просіць яго ў аўтаркі перапісаць, але тая адмаўляецца: так бы мовіць, юбілейнае, чатырохсотае тварэнне, і баронь бог яшчэ згубіцца, так што ўжо, прабачце, як-небудзь іншым разам, пазней...
    — Вершы — мае дзеці, — кажа яна і падымае на мяне поўныя жадання атрымаць падтрымку ў гэткім важным перакананні вочы. — Вы як чалавек творчы мяне, напэўна, разумееце.
    — Канешне, — заспеты знянацку праяваю ўвагі да сваёй персоны, падтакваю я.
    — Вось і добра, і цудоўна, — голасам, у якім зліваюцца ў адно бязмежная ўдзячнасць і аванс на штосьці большае, чым звыклы флірт, працягвае яна. — Спадзяюся, вы не кінеце мяне тут адну, праводзіце дадому.
    — Вядома.
    — I па дарозе я пачытаю вам яшчэ. Пра каханне. Вы любіце паэзію?
    Перспектыва слухаць сярэдначы вершы пяцідзесяціпяцігадовай паэткі Фаіны пра каханне мяне зусім не натхняе, і я сутаргава шукаю слоў, каб збіць яе запал. На шчасце, гэта не патрэбіцца: у размову ўступае Ілга.
    — Можаце не турбавацца, Фаіна, — кажа яна і дапівае кактэйль. — У нас ёсць аўто, на ўсялякі выпадак... Кіроўца тут, так што развязем усіх, куды каму трэба. Дык можаце надта не спяшацца адыходзіць, пабудзьце яшчэ з паўгадзінкі.
    — Што ж, гэта мяняе расклад, — адзываецца захмялелы Зяменя і замест таго, каб пайсці да выхаду, што не адзін раз ужо мануўся зрабіць перад гэтым, накіроўваецца да століка мастакоў.
    Фаіна спапяляе Ілгу паглядам, робячы выгляд, што вельмі радая прапанове наконт аўто, налівае ў фужэр кроплю, як абмачыць вусны, віна.
    Паўгадзіны расцягваюцца на цяжка сказаць колькі. I калі мы ўрэшце вырушваем з залы, гадзіннік у холе Цэнтра нацыянальных культур з шыкоўнаю выставаю з жыцця гарадоў-пабрацімаў пры ўваходзе паказвае палову першай.
    Дзённая спёка прыносіць навальніцу. Мы сядзім у аўто на стаянцы пры гатэлі, чакаем, калі яна аціхне. Да дзвярэй гатэля крокаў трыццаць, але мокнуць ніхто не жадае. Маланкі раз-пораз успыхваюць, асвятляюць дворык з шыхтам дэкаратыўных дрэўцаў наўзбоч става, фантастычнымі пасамі-ланцугамі сякуць па старанна выстрыжанай траве ўздоўж цэментовай сцяныагароджы.
    Таня выскоквае на ганак са стосам цэлафанавых накідак у руках, порстка імчыць пад ляскат перуноў да машыны, садзіцца на вольнае, вызваленае хвілін дзесяць таму Фаінаю месца.
    — Бачыце, якая ў нас выкшталцоная абслуга ў гатэлях, — кажа Ілга і гучна смяецца. — Ну, да заўтра!
    Мы выкараскваемся па чарзе з аўто, шыбуем да будынка.
    Абыходліва-ўрачысты, белатвары, бы нябожчык у Чыстцы на адной з карцін у калідоры, парцье аддае нам ключы, і мы разыходзімся па сваіх паверхах.
    Дзверы ў пакой насупраць майго незачыненыя, і я бачу Жану. Яна стаіць паўголая перад люстэркам, падфарбоўвае вусны. Мяне яна не бачыць, і я, не хочучы яе бянтэжыць, адступаю ад дзвярэй у глыб калідора.
    Паркеціна пад маімі нагамі гучна вішчыць. Жана паварочвае голаў, заўважае мяне. Дзверы ваннага пакоя расчыняюцца, і побач з ёю вырастае на хвіліну і тут жа знікае ў пакоі вузкаплечая, з пластком тлушчыку наўкола пояса пастава віцэ-консула Калевіча.
    — Ах, прабачце! — кажа Жана і знікае за дзверыною шафкі.
    He паспяваю я, аднак, павярнуць ключ у шчыліне замка, як яна зноў выходзіць у калідор.
    — Прабачце, — кажа і прыкрывае ніз твару ручніком. — Мне... Мне прыкра, праўда...
    — Нічога, — запэўніваю я і, не ведаючы, як згладзіць няёмкасць, што ўзнікла гэтак нечакана, весела працягваю: —Дарэчы, памятаеце, вы абяцалі сказаць...
    Напамін мой нагадвае спробу шантажу, але, на дзіва, яго дастаткова, каб Жана супакоілася.
    — А, гэта, пра паходжанне! — бы тапелец за саломіну, хапаецца яна за мае словы і, пэўная, мусіць, што праўдзівага адказу ў якасці разліку за маё маўчанне пра яе сорам будзе дастаткова, голасам, быццам паведамляе невядома якую гнюснасць, прамаўляе: — Я... з Шаркаўшчыны.
    Я ўваходжу ў нумар з цвёрдым намерам тае ж хвіліны рынуцца пад душ, але не паспяваю. Дзверы, якія я неабачліва пакінуў незамкнёнымі, рыпяць, у пакой увальваецца Зяменя з пляшкаю піва ў руцэ.
    — He спіш? — пытаецца ён узрушана і куляецца ў крэсла збоч стала. — Ты ведаеш, а няблага тутачка... Кабеты сімпатычныя, асабліва паэтэска, Фаіна, такая ўжо ляля. Цікава, яна замужам?
    — He ведаю, — крыху, папраўдзе, шакаваны ягоным неспадзяваным уварваннем, адказваю я.
    Мой адказ яго відавочна расчароўвае, ён падымаецца з месца, гэтак жа імгненна, як і прыйшоў, са словамі “Ну, паглядзім, паглядзім!” вылятае з пакоя.
    Я мкнуся як хутчэй зашчапіць дзверы, каб засцерагчыся ад новага госця, але зноў спазняюся.
    Гэтым разам візітам ашчасліўлівае мяне віцэ-консул. Ад яго пахне парфумаю, расчырванелыя пасля мыцця твар і шыя выпраменьваюць здароўе.
    — He будзеце супраць, калі трохі ў вас пабуду? — кажа ён дружалюбна і дастае з пачка цыгарэту.
    Ён запальвае цыгарэту, і мне нічога не застаецца, як сесці насупраць.
    — Вы сапраўды мяне не памятаеце? — У голасе яго чуюцца адначасна інтрыга і занепакоенасць. — He?
    — He, прабачце, — пачынаючы нервавацца, адказваю я.
    — Што робіць час! — уздыхае ён. — Вы ж Стасік? Так? Няўжо не помніце студэнта, што кватараваў у вашых суседзяў? Таго, што выцягваў вас ды вашага дружбака з падпечка, Васю-практыканта? А вы хаваліся ўсё... Ну ж! Ну... Васю-практыканта!
    Вузкая прастора пакоя звужваецца яшчэ больш, настуджанае кандыцыянерам паветра халоднаю плёнкаю застывае між намі.
    Камізэлька на рэспектабельным панку насупраць мяне змяншаецца памеру да сорак шостага, лоб вачавідзь ніжэе, твар драбнее, вочы робяцца светлымі і выразнымі, як у юнака.
    Цыгарэта дрыжыць у ягоных спярэшчаных вузлаватымі венамі руках, ашмётак попелу зрываецца з яе, падае на манжэту кашулі. Ён похапкам страсае попел далонню, радасна, ажно загараюцца вочы, усклікае:
    — Пазнаў! Бачу: пазнаў!
    Прыступ ягонае радасці канчаткова мяне спанталычвае, я не ведаю, што рабіць. Першае, што прыходзіць у голаў, — выпхнуць яго з пакоя. Ды цела маё такое слабое па выпітым-з’едзеным, што нават паварушыцца, не тое што ўчыніць штосьці больш грунтоўнае, для мяне зараз неймаверны цяжар. Да таго ж гэты кандыцыянер...
    Я цягнуся рукою да пульта, што ляжыць на тумбе ля акна, каб адключыць агрэгат, але госць апярэджвае мяне.
    — Адключыць? — кажа і націскае на кнопку.
    Кандыцыянер суцішваецца, і ў пакоі адразу робіцца неяк пуста і няўтульна.
    — Мне сказалі, ты мастак. Гэта праўда? Я, прызнацца, тваіх прац не бачыў...
    — Я займаюся наладжваннем выставаў, і толькі... Сюды ж наогул прыехаў, каб з сім-тым пабачыцца, вось і ўсё. Выкарыстаў магчымасць...
    — Магчымасць не плаціць за візу? — падхоплівае ён. — Так?
    — Трыццаць пяць еўра на дарозе не валяюцца.
    — Плюс страхоўка, плюс кошт праезду ў два канцы... А я вось — з ветэрынарыі ды ў дыпламатыю, як бачыш. Такі вось фінт у жыцці атрымаўся...
    Дзіўна, але з кожнаю хвілінаю ягоная прысутнасць раздражняе мяне ўсё менш і менш. Я сілюся выклікаць у памяці што-небудзь такое, што зрабіла б ягоную істоту яшчэ больш злавеснай, як напачатку, калі ён толькі назваўся, але гэта мне не ўдаецца. Больш за тое, я ўжо за паўкроку ад таго, каб сказаць яму пра Тоніка.
    — 3 сябрам прыехаў пабачыцца? — быццам угадваючы мой намер, пытаецца ён і ўстае з месца. — Так?
    — Так. Але размаўляць пра гэта не маю жадання. Я стаміўся, вельмі...
    — Як хочаш... Прабач, што патурбаваў. Толькі вось што: пра Жану нікому не кажы, яна дама замужняя, то каб не атрымалася якая непрыемнасць, — кажа ён і ідзе да дзвярэй.
    Я зашчапляю дзверы на засаўку, брыду ў ванны пакой. На душы ў мяне пуста. Мярзотная прыгнечанасць давіць на цемя, і нават тугім струменям вады не па сілах яе адтуль выпхнуць.