Рэвалюцыя  Віктар Марціновіч

Рэвалюцыя

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2020
64.56 МБ
— Ці не хацелі б вы павячэраць, Міхаіл Аляксеевіч?
Я азірнуўся і пачаў вывучаць яго твар. Вось ён, адзін з маіх шчодрых «сяброў». Доўгавалосы, чарнявы, з бакенбардамі, якія ўзлезлі на шчокі. Такі сабе, ведаеце, Анегін, хоць наконт бакенбардаў апошняга я і не ўпэўнены. Можна было б параўнаць яго з Фандорыным, каб шырокія народныя масы ўявілі яго больш яскрава. Сёння Фандорына ім нашмат прасцей уявіць, чым Анегіна — подлы семіёзіс нашага фалыпывага стагоддзя. Але не для шырокіх народных масаў пішацца гэты тэкст, а для цябе. Таму, вось жа, Анегін.
Ён не дазволіў сябе паразглядваць як след, бо ці то засаромеўся, ці то забаяўся, ці то меў інструкцыю зрабіць усё хутка. Анегін забег наперад на тры крокі і захоўваў такую дыстанцыю, а ці на бягу пабачыш усё? Я быў паскорыўся, каб нагнаць, але ён стаў у пакорлівую паставу лёкая, і пад чорным сурдутам апошняй калекцыі Pal Zileri — і не старамодным, а ультрамодным — заззяла белая кашуля, на руцэ, як і належала, быў гадзіннік Breguet («Как Dandy лондонскнй одет»), Ён паказаў на дзверы рэстарана за рыштаваннямі. Там была стылізаваная шрыфтам і латунню пад «залатое стагоддзе» шыльда «Зачынена на рамонт» — з незразумелымі мне завітушкамі і «яцем», якія я не магу ўзнавіць, бо папросту не ведаю гэтага правапісу, а пераказваю ж па памяці.
— Туды, усярэдзіну? Ці як?—удакладніў я. — Зачынена ж.
Анегін усміхнуўся, але не з такой нахабнай усёдазволенасцю, якую я буду сузіраць пасля, а сарамліва, адным куточ-
кам вуснаў, маўляў, не для нас, шаноўны, пішуцца ў гэтым горадзе забаронныя шыльды. I падаў руку на развітанне. Але тут жа, відаць, прыгадаў, што няма чаго нам з ім развітвацца, бо мы ж і не віталіся, не знаёміліся, а так, перасекліся на імгненне. Я быў, як я зараз разумею, для яго кароткай, просценькай просьбай. Анегін апусціў руку, паказваючы, што гэта так — рука чамусьці сама торгнулася. I паспяшаўся да метро.
Стоячы пад рыштаваннямі, я падумаў, што гэтае «Зачынена на рамонт» азначае ў дадзеным выпадку «Не зачынена, але закрыта для вас, паважаныя масквічы і госці сталіцы. Ідзіце вы, паважаныя масквічы і госці сталіцы, міма, як ішлі!». Калі я пацягнуў цяжкія дзверы, адзначыў, што гэта добра тлумачыць канцэпцыю «закрытая вечарынка». I я трапіўу хол з металічнай рамкай і сталом, дзе азызлы дзяцюк, які быў мозгам рамкі, безэмацыйна прамовіў:
— Усе металічныя прадметы на стол, сумку на дагляд, сам — праз рамку.
Я падпарадкаваўся. I звінеў, і выцягваў рэмень, і ляпаў сябе па кішэнях, і падскокваў, і даваў сябе абмацаць, a сканер усё роўна пішчаў, таму я нават рот адкрываў і прыспускаў шкарпэткі. У выніку быў узнагароджаны правам апынуцца па той бок партала. Азызлы сказаў у рацыю: «Прайшоў. Прапускаю». I я рушыў па калідоры ў абсалютную цемру. Тут мяне сустрэў яшчэ хтосьці і бесцырымонна памільгаў ліхтарыкам у твар. Ну навошта асляпляць? Я пабачыў толькі водбліскі святла ў ягоных зрэнках — адзінае, што рабіла гэтую гару мяса чалавекам. Перагарадзіўшы дарогу сваёй масіўнай неразборлівай тушай, ён каротка праінструктараваў мяне:
— Зойдзеш у залу. Пабачыш стол. Павітаешся. Сядзеш насупраць. Крэсла там адно. Першым не загаворвай. Звяртайся «Аляксей Барысавіч». Ці ўсё зразумеў?
Я кіўнуў і, сцяміўшы, што ківок не будзе пабачаны, прадубляваў:
— Так. Усё.
— I глядзі, каб без выкрунтасаў, — папярэдзіў інструктар ужо лагодна, паказваючы, што ён нават і не пагражае, а так,
як бы жартуе па-сяброўску. Ён рушыў наперад на дыбачках, выводзячы мяне на дашчаную падлогу (дошкі пад ім адчувальна прагіналіся).
Святла зрабілася болей. Яно сачылася з прыадчыненых дзвярэй пакоя, у які мы ішлі. Злёгку пакланіўшыся, ён зрабіў два хуткія знакі рукой, як у гульні Counter-Strike: «Пайшоў, пайшоў! Go, go, go!» I зрабіў паўкроку наперад, паведаміўшы ціха:
— Герман дастаўлены.
Я запамінаў яго аблічча, разумеючы, што ён зараз, нібы смоўж, адпаўзе зноў у цень, і паспеў заўважыць буйны мясісты нос, масіўныя надброўныя дугі, шырокія скулы і трыкутную шыю — прыручаны звер, які лёгка адкусіць непажаданаму госцю канечнасць.
У пакоі я заўважыў старога, павернутага профілем да мяне. I твар яго быў знаёмы. Толькі ж нядаўна я недзе яго бачыў, менавіта вось так, профілем!
Нойдэ!
Дыяклетыян з тэлевізара.
Той самы бортнік, які прамяняў пасаду прэзідэнта на пчол — менавіта гэты дзядуля быў перада мной! Я спалохаўся і замітусіўся, кінуўся шукаць крэсла, пра якое казаў звер у чорным гарнітуры. Пабачыў нейкі зэдлік ля сцяны, пад акном з цяжкой парцьерай (ці не таму адсутнічае натуральнае асвятленне, каб старога выпадкова не пабачылі з вуліцы, ці як?). Я імкліва пайшоў да крэсла, чуючы, як вульгарна шоргаюць па падлозе мае паспешлівыя падэшвы. Таму і не заўважыў стол—доўгі стол, накрыты белым абрусам, накрыты на два куверты, адзін каля старога, другі насупраць, цьху ты! — вось жа яно, маё крэсла! He заўважыў праз піянерскую збянтэжанасць.
Я падсунуў крэсла да сябе, утварыўшы пякельны скрыгат. Адразу з-за дзвярэй паказалася пыса інструктара — ці ў парадку гаспадар, ці не забіў я яго гэтым гукам? А я, чырвоны, пачуваючыся кухаркай на прыёме ў англійскай каралевы, сеў і склаў далоні на калені, стукнуўшыся локцем аб спінку. Падумаў адразу: сеў жа за стол, таму рукі трэба, здаецца, не на калені, а на абрус, ды так, каб локці ўнізе. I тут
жа скінуў відэлец (як жа гучна звягнуў!), падняў яго і выбачыўся (гэтым разам з-за дзвярэй не вызіралі).
Стары глядзеў і ўсміхаўся — шчыра, з захапленнем нават, нібы прыроднаму цуду, як вясёлка ці першы снег. Папросту выкручаны гэтым позіркам, я выціснуў з сябе:
—Даруйце, — з такім адметным падвышэннем інтанацыі, ужытым у надзеі дадаць поўнае імя, але яно якраз узяло і забылася! I вось гэтае «даруйце, » так выразна павіслаў прасторы, а я так бездапаможна хапаў вуснамі паветра, што ён мацней заўсміхаўся. Зараз, натуральна, я разумею, што ён маніпуляваў мной, вымушаючы раскрыцца напоўніцу ў маёй засмучанасці і выкласці яго пільнаму хірургічнаму агляду ўсе мае псіхалагічныя вантробы.
—Даруйце, — паўтарыўя, пунсавеючы.
Тады ён усміхнуўся іначай — сапліва, крыху маразматычна і па-старэчы—ды прамовіў з нейкай пяшчотай:
— Ведаеце, а тут даволі смачныя кашкі!
I мозг разбіўся аб гэтыя «кашкі», быццам ён быў вольным скакуном, які нёсся сабе галопам ды ўцямешыўся ў нябачнае сілавое поле так, што засталіся толькі какашкі ад «кашак» мозгу. А стары толькі пагаршаў:
— Ці хочаце, пакаштуем?
Увага — не «ці хочаце пакаштаваць?», а «пакаштуем!». Будзем разам зараз сядзець і жаваць гэтыя кашкі, класці іх у рот, запіваць морсікам, ці што там ён параіць. Я адмоўна пакруціў галавой, усведамляючы, што, магчыма, паводле тутэйшага этыкету, здзяйсняю нейкае злачынства, калі грэбую пачастункам. I ўзнікла думка-маланка, што трэба пагаджацца: а давайце, не праблема! Пяцьдзясят тысяч, у рэшце рэшт. Кашкі дык кашкі! Будзем каштаваць! Але ўжо вырвалася ж «не». А яму толькі вось гэта маё першае ды шчырае і патрабавалася.
Стары кіўнуў — больш дзелавіта, чым чакаеш ад маразматыка. Ён ужо зрабіў усе неабходныя высновы пра мяне і прапанаваў кавы-гарбаты. Я папрасіўкавы. Закамінам былі яшчэ дзверы, схаваныя заслонай, — адтуль выпырхнула дзяўчына з абліччам Марыі Магдаліны, у якім прыроджаная распуснасць спалучалася з вывучанай пакорай. Роўны
прабор валасоў, і такая бялявая... Ёсць у гэтым слове нешта ад вулканічнай лавы, праўда? Такая сабе ператвораная ў белы камень гарачыня. I гэта праглядалася ў ейных сціснутых вуснах. Яна нахілілася да старога і шэптам спытала: «Вам як заўсёды?» — і ён, яе гаспадар, кіўнуў: «Як заўсёды». I яна, апусціўшы вочы, сышла, а я ўжо чакаў сваю каву, каб яна апынулася так блізка, каб можна было адчуць водар парфумы. А стары сказаў аднаскладова:
—Хана.
Я страпянуўся, бо не адразу зразумеў, што гэта я папросту не дачуў: «Ганна». Імя — Ганна. Дзяўчыну, значыць, клічуць Ганна (толькі не раўнуй, Воля!). Я агледзеўся: паўзмрок, свечкі і старая жырандоля з латуні і крышталю. Усё падрыгвае, варушыцца, патрэскваюць дровы ва ўпрыгожаным белай кафляй каміне, танчаць млявыя фігуры на столі — відавочная празмернасць. He пракансультаваліся з такім занудам, як я, бо інтэр’ер у стылі позняга класіцызму можа мець толькі белую столь з паўкруглымі абломамі, максімум барэльефную разетку, а ніяк не гэткага тлустага, алейнага «дэлакруа» над галавой. Але вярнуўся позіркам да старога, які працягваўразглядаць мяне.
Вярнулася Ганна вельмі хутка! Падазраю, што яны ведалі загадзя маю замову, і ўжо былі там і гарбата, і мая кава падрыхтаваныя. Я прыўзняўся, мяркуючы, што Ганна падыдзе да мяне з падносікам, але ж не: спачатку да Нойдэ. Нібы паказваючы, што я не госць, а чарвяк. Яшчэ адно значэнне слова «аблом», дарэчы. Я кіўнуў атрымаўшы на абрус каля сябе спачатку сподачак, потым сурвэтку, за імі лыжачку і толькі пасля — парцалянавую гнутую (зноў барока, а не класіцызм) філіжаначку з кавай.
Стары памяшаў гарбату і сёрбнуў так, быццам п’е з гранёнай шклянкі ў латуневым падшклянніку — відаць, нейкая старая крамлёўская звычка. Ён трымаў кубак за вушка трыма пальцамі, і яно ўпіралася ў далонь пад вялікім пальцам, а сам палец прыціскаўся да краю кубка. Быццам возьмешся іначай — і кубак выслізне ды перакуліцца, абдаўшы кіпнем. Сталіна так пераймае, ці што?
Паставіўшы кубак, ён звярнуўся да мяне з зусім іншай інтанацыяй, не мармычучы і не шамкаючы вуснамі, а холадна і цвяроза гл едзячы на мяне. Зрабіл ася ніякавата.
— Мішэль Фуко разумеў трансцэдэнтную волю да ўлады ў Ніцшэ як выварат рацыяналізму, — пачаў ён, паказваючы, што ведае: сярод нас, «навукоўцаў-батаноў», думка, не падмацаваная спасылкай на аўтарытэт, не лічыцца думкай наогул. Гэтак, з выразна прамоўленым «трансцэдэнтным», якога магло і не быць, але было ў якасці дэманстрацыі Ta­ro, што ў старога для кожнага ёсць свая мова, свая «феня», а ён валодае розумамі менавіта таму, што валодае ўсімі «фенямі». I ён працягваў:—Я б не пагадзіўся з Фуко. Бо лічу так: воля да ўлады і ўлада сама па сабе можа быць не вываратам рацыяналізму, а самім рацыяналізмам як такім. Больш за тое, калі прыбраць прагу ўлады ў чалавека, ад грамадства застанецца толькі хаос уцягнутых у працэс бесперапыннага спажывання малекул. Калі хочаце, воля да ўлады і ёсць адзіным рацыянальным пачаткам, які арганізуе той хаос.