Рэвалюцыя  Віктар Марціновіч

Рэвалюцыя

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2020
64.56 МБ
Рэпарцёр крыху пахадзіў вакол ды каля, але сарваўся і без спасылкі на кіно, з памылкай у Дыяклетыяне, назваўшы «Дыялектыянам», выдаў тую самую цытату пра капусту. Божухна, колькі мудрасці нясуць нам гэтыя носьбіты мікрафонаў Першага канала! А што агароднік Дыяклетыян перад сыходам заснаваў дыктатуру і заклаў аснову Дамінату і ўсёй позняй Рымскай імперыі, напрыклад? Гэта ж хаця б на Вікіпедыю трэба зайсці! Але мы гісторыю ведаем выключна з «Масква слязам не верыць». Адразу пасля дыяклетыянавай капусты ружавашчокі медыйны прарок кіўнуў і задаў аксамітнае пытаннечка ў камеру: «Мар’яна?»
Тут я і завершу тэлевізійны пераказ. У той дзень мы яшчэ доўга валяліся на канапе. I разынку ў нашыя варочанні з боку на бок прыўносіў той факт, што пад домам стаяла машына з вартавымі парадку. Яны зусім не цямяць у семіётыцы, але лёгка рашаюць задачу семіёзісу чужых лёсаў.
Главатрэцяя,
дзея трапляю ў тэмпаральную пятлю, і праблемы вырашаюцца самым нечаканым чынам
Падзяліць кожныя суткі на дваццаць чатыры гадзіны. Кожную гадзіну—на шэсцьдзясят хвілін. Кожную хвіліну—на секунды. Секунда—якое багацце!
Секунда ўдыху твайго водару— церпкага, замешанага на тысячы кветак. Секунда выдыху — табе на вушка, у выгін шыі. Секунда погляду на тваю скуру, секунда, калі ты абарочваешся, а ў вочы — сонца, красавіцкае сонца. Мінаем помнік Пушкіну, і ты — ты побач, кажаш штосьці, a мне няўцям. Калі жыць вось так, секундамі, пераключыўшыся на раскадроўку, дзе кожны кадр — шэдэўр. I пасля кожнага не боязна паміраць (а паміраць наогул не страшна, страшна — у турму, бо ніхто ж насамрэч не ведае, чым ёсць турма, а хто выйшаў адтуль, ужо як бы і не чалавек, ён і размаўляе інакш. А з тых нечалавечых развагаў, што «на зоне, калі прыйшоў лайном, лайном і застанешся, а як прыйшоў мужыком, мужыком і выйдзеш!» нічога не зразумелатым, хто там не быў). Вядома, я рыхтаваўся, «сушыў сухары», ды на свой капыл — так да турмы рыхтавацца можа толькі ўніверсітэцкі прафесар. Маімі «сухарамі» былі кнігі. Ды і сам жа я быў «сухар».
На кніжным развале на Краснасельскай я адкрыў кнігу «Турмы Расіі», адшукаў вачыма загаловак «Як паводзіцца пачаткоўцу» і адразу пабачыў параду праявіць адразу як мага большую агрэсію, напрыклад, прабіць каму-небудзь
галаву зэдлікам, каб паказаць свой нораў. Мне ўявілася кампанія, дзе людзі пачынаюць знаёмства адно з адным з прабівання галавы. Але не мог я нікому вось так — іншы я быў. Ды і не разумеў, як зрабіцца такім.
Я падумаў, што добра б зайсці ў бібліятэку і вывучыць пытанне болып дасканала — такія «сухары» для «сухара»! — але сам сябе асадзіў, бо шкада часу, ды і веды гэтыя я не канвертаваў бы ў практыку, не зрабіў бы з сябе звера чытаннем. I думалася ўвесь час пра ўсе гэтыя жахі турмы. Таму памятаў, на ўсялякі выпадак, Воля, што вены ўскрываць трэба не ўпоперак запясця, бо гэта лёгка заціскаецца жгутом і зашываецца, а ўздоўж—тады дакладна.
Міліцэйская машына дзяжурыла дзень і ноч, а тройчы на суткі змяняўся нарад: на месца двух заспаных мянтоў прыходзілі два такія ж заспаныя. На другі ці трэці дзень ты зацікавілася і пацягнула мяне да іх, каб спытаць, што здарылася, але я запярэчыў іх жа фармулёўкай (адказ быў бы без сумневу такі): «дзяжураць, бо ўзнікла аператыўная неабходнасць». I, адводзячы цябе, тлумачыў, што да нас яны не маюць ніякага дачынення. А таксама спрабаваў здагадацца, колькі можа каштаваць такое шоу — два мянты ля пад’езда круглыя суткі цягам пяці дзён. I пераконваў сябе, што яны не па маю душу і проста стаяць, але неяк, выходзячы з пад’езда, заўважыў як адзін штурхнуў другога і паказаў на мяне — неяк іначай трактаваць гэты жэст было нельга. Я ўжо дэ-факта быў пад вартай, а наша кватэрка пераўтварылася ў астрог, што ахоўваецца жандарамі. А зрэшты, як весела патлумачыў я сабе ў момант, калі ўнутры булькатаў добры настрой і цягнула на чорны гумар, гэтая машына — перасоўная КПЗ, каб я дакладна ведаў, куды прыходзіць здавацца. Добры дзень, гэта праз мяне вы тут увесь гэты час, мяне падазраюць (дакладней, западозраць праз 10 хвілін, калі будзе 18:00) у крадзяжы сотавага тэлефона, давайце афармляць затрыманне!
Што рабілі мы? Чым займаліся? Ды глупствамі! Хадзілі ў кінатэатр «Пушкінскі». Я трымаў тваю далонь, і мая рука зацякала. На экране хтосьці за кімсьці гнаўся, нехта адстрэльваўся, і было гэта так для мяне нудна ў параўнанні — ну, не
ведаю — у параўнанні хаця б з тым, як твае валасы трымае ў хвосціку чорная гумка. Так проста і так прыгожа! I я цягнуў цябе за руку, прыгнуўшыся, як пад абстрэлам, і шэраг сядзенняў падаваўся бясконцым! Пакінуўшы цёмную залу кінатэатра, мы траплялі ў сусвет тысячаў секунд, запоўненых сонечным святлом. I як жа гэта доўга — гадзіна! Як гэта шмат—дзень! I страшна было ўсведамляць, што час, які складаецца з процьмы секунд, усё ж мінае. Немінуча. Але яшчэ нямала я маю гэтых маленечкіх скарбаў, парушынак у пясочным гадзінніку. Цэлых трое, двое сутак! Цэлыя суткі! I дадатковыя 8 гадзін — ад абуджэння раніцай нядзелі да праклятыхі такіх далёкіх 18 гадзін вечара!
Існае наркатычнае ап’яненне хараством жыцця, з якім я развітваўся. Як яшчэ мы бавілі тыя дні? Памятаю, калі і не пахла такім далёкім расстаннем, у чацвер ці пятніцу, мы выйшлі ў цэнтр, і з мяне папросту прамяніла мая архітэктура, паўсюль я бачыў музыку і пачуваўся дырыжорам. Паказваў рэдкі канструктывізм сярод усюдыіснага класіцызму і, вядома, «сталінак». Заліваўся ў расповедах пра іх, бо якая ж Масква без «сталінак»! Распавядаў падоўгу і без сістэмы. Пра свой удзел у палеміцы наконт назвы «сталінскага стылю», што замяніў сабой пасля смерці Леніна стэрыльны і ўтапічны, нібы проза Платонава, канструктывізм. Казаў што ёсць мудакі, якія называюць гэты стыль «сталінскі ампір» і «сталінскі класіцызм», раскрываў імёны гэтых злачынцаў і разыгрываў па ролях спрэчкі з імі падчас канферэнцый. Ты спыняла мяне патрабавальным «мяў!», паказваючы дзяўчыну, якая гандлюе шарыкамі, і даводзілася згортваць дыспут, каб разабрацца з гэтымі касманаўтамі ў бязважкасці, невагомымі каляровымі пяльмешкамі, дапамагаючы выбраць самы яркі і што «найболып цягне да неба». I калі шарык ужо ўпрыгожваў тваё запясце, я апантана працягваў. Я пераказваў тэзісы, апублікаваныя ў «брацкіх магілах» (так трапна называюць зборнікі навуковых прац, выдадзеныя за грошы Сораса нашым МЯЎ). Што класіцызму не ўласцівыя акратэрыі і статуі, што характэрныя выключна барока. I не інакш як «сталінскім барока» трэба іменаваць увесь гэты скрадзены Жалткоўскім заходні
fusion. Паклаўшы галаву на маё плячо, ты глядзела на неба, а я паказваў пальцам на бліжэйшыя будынкі: «Акратэрыя!», «Антаблемент!», «Балясіны!», «Фрыза з барэльефам!» і ўсклікаў: «Ну, і які “сталінскі ампір”?!»
Ты смяялася, што я папросту апантаны, і прапаноўвала пашукаць марозіва. Але замест марозіва мы замаўлялі каву ў першай-лепшай кавярні, а я намагаўся падысці да сваёй тэмы з іншага боку. Ужо і сам не разумею, чаму я так навязліва пяяў табе пра «сталінскае барока» — мо, рыхтуючыся да расстання з белым светам, я пабачыў у табе таго самага вучня, які атрымлівае ў спадчыну веды настаўніка, каб працягнуць ягоную барацьбу, ха-ха.
Я спрабаваў натхніць цябе. Глядзі, казаў я, раней людзі жылі ў атачэнні прыроды і мелі назвы для ўсяго, што ўтварала рэкі, лясы і палі! У іх былі плёсы і поймы, раслі алешына, ляшчына, дуб і хвоя, меліся падбел, верас, кавыль і скрыпень. Навакольны свет быў ім зразумелы, і яны давалі імя кожнай з’яве. Але чалавек уцёк у горад, і не кожны зараз можа растлумачыць, што такое плёс ці пойма, адрозніць алешыну ад ляшчыны, сказаць, дзе скрыпень, а дзе верас. Чалавеку больш гэта не трэба. Ён жыве сярод каменных кветак: вокнаў, арак, барэльефаў і анфіладаў. I вось архітэктура дае нам словы, каб патлумачыць тыя лес ці поле, якія зрабіліся нашым натуральным асяроддзем. I ўсе гэтыя мае смешныя балясіны, калоны з валютамі, раскрапоўкі і ордары — гэта поймы, верасы і ляшчыны нашага каменнацаглянага жалезабетоннага свету. А большасць людзей сёння і гэтыя словы не ведаюць, не могуць адрозніць эркер ад аркады, таму свет робіцца ўсё болып неназваным, не патлумачаным і страшным.
Ты слухала гэта — прамоўленае не з жарсцю, а ціха, напеўна і пранікнёна, — а пасля спытала (табе здавалася, што гэта ўзаемазвязаныя рэчы), ці не ведаю я, чаму самалёты трымаюцца ў паветры, хоць яны зробленыя з жалеза і важаць тону, а ты, расставіўшы крылы сваіх рук, з вагой сорак пяць кілаграмаў, у паветры не трымаешся? Падскокваеш і падаеш. Але я не ведаў, і само пытанне вяртала мяне да нас, і я разумеў, што ў нашым з табой свеце не трэба даваць
назвы рэчам і з’явам. Што мы як Адам і Ева ў райскім садзе да таго, як яны з’елі яблык з дрэва спазнання: першабытныя і недасведчаныя. I праз гэта бясконца шчаслівыя.
Прыгадваю неверагодны выбухэмоцыяўу нас абаіх, калі мы дабраліся да легендарнага будынка на Кацельніцкай, — я дык ажно ўзвыў ад захаплення. Мы з табой адмыслова ішлі туды, не падымаючы галовы, пакуль не трапілі на двор, а ўжо там узнялі вочы і — ба-бах! — ледзь не прыселі. Так прыціснула гэтым хараством. Быццам арганную фугу Баха на поўную гучнасць уключылі з калонак вышынёй з гэты гмах. А зверху моўчкі стаялі статуі рабочых, салдат, сялян і архітэктараў — усіх сталінскіх волатаў—і глядзелі на нас з нябёсаў, нібы на жамяру. Мы селі на лаўку, бо шыі ў нас зацяклі—так доўга мы глядзелі ў нябёсы. I я распавядаў табе, што гэтая архітэктура, як і сацрэалізм у жывапісе, стваралася людзьмі, якія шчыра верылі ў нешта светлае і магутнае. I што, гледзячы на вынік іх працы, адчуваецца, як моцна гэтых людзей кілбасіла. I што, нягледзячы на жахі тых часоў, такія архітэктурныя фугі па ўсёй Маскве нагадваюць пра мары сваіх стваральнікаў.
Я ўпотай пазіраў на цябе і разумеў, наколькі дурное і няважнае ўсё, пра што я распавядаю. Мы намагаліся трапіць у пад ’езд, але нас ледзь не венікам прагнаў дворнік. У такім гмаху могуць жыць толькі самыя-самыя, і гэта не мы, не мы, вядома, а каб мы—гэта ніколі, немажліва, немагчыма!
А час—час, нягледзячы на ўсе мае спробы, ішоў няўмольна. Прыходзілі ночы і перагортвалі старонкі сутак. Як бы ні гіпнатызавала цябе спаданне пясчынак, яны рана ці позна сканчаюцца. I я не прыдумаў, што табе сказаць. Я і не хацеў нічога табе казаць, Воля. Проста не ведаў, як з табой развітвацца. Час ішоў, а я не мог вымавіць гэтыя словы: «турма», «СІЗА», «суд». Яны былі настолькі не мае, што нават не выбудоўваліся ўправільную паслядоўнасць: «СІЗА, суд, турма».