Рэвалюцыя
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2020
—А што здарылася? Чаму? Давайце я дапамагу вам! — я пацягнуўся, каб забраць у яго драцэну, але ён, нібы пакрыўджанае дзіця, жэстам паказаў, маўляў не аддам. — Я хацеў выказаць вам удзячнасць, — працягваў я, — за тое, што ўладкавалі. Паставіліся па-чалавечы... Вы адзіны пагадзі-
ліся даць мне гадзіны, калі б не вы, я б зараз плітку клаў... Што адбылося?!
Ён здзівіўся:
— Міхаіл, вы нічога не ведаеце?
Я адмоўна пакруціў галавой.
— Праўда?
Адкуль і што я мог ведаць? Магчыма, мая разгубленасць пераканалаяго:
— Гадзіну таму, загад рэктара. Ён адмовіўся ад сустрэчы і з’ехаў на тры дні ў цірольскія Альпы. У мяне ўражанне, што ён пазбягае мяне.
—Д’ябальшчына... I хто на ваша месца? Хто будзе новы дэкан?
— Вы, галубчык, і будзеце!
Ён мусіў бы неяк саркастычна засмяяцца, паказваючы, што ён пакідае пасаду прафесарам, з паслужным спісам і рэпутацыяй, якія лёгка дапамогуць адшукаць новую пасаду, а вось я, старшы выкладчык, без кабінета, сувязяў і рэпутацыі, назаўжды застануся нулём без палачкі. Але ён быў сур’ёзны. Ды не столькі гэта, колькі ягоная раз’юшанасць дазваляла дапусціць, што ён не жартуе. Я — дэкан? У вачах прамільгнулі ўсмешачка і сфінксаў профіль Нойдэ. Зрэшты, тое, што адбывалася, было менш неверагодным за ўваскрасенне «разенбаўма». Менавіта так: не «больш верагодна», а «менш неверагодна». Бо і тое, і тое было «неверагодна».
— Вы гэта сур’ёзна? — я ўжо выяўляў здзіўленне хіба самой інтанацыяй.
—Так.
— Гэта нейкае непаразуменне, розыгрыш, — крывадушнічаў, так, але мой маўленчы апарат яшчэ не адаптаваўся, таму прамаўляў я цалкам праўдападобна.
— Шчасліва пацялёпкацца! — ён тыцнуў мне ў грудзі локцем. — Я сыходжу адсюль да д’ябла! Ключ ад кабінета ў замку, — і гнеўна патупаў далей. Я не ведаў, ці радавацца, што ў маёй безнадзейнай кар’еры адбыўся такі касмічны ўзлёт, альбо засмучацца, што ў якасці адкінутай прыступкі для ўзл ёту быў скарыстаны добры чалавек.
Падняўшыся, я вінавата зазірнуўу дэканат, і безаблічная дзяўчына-метадыст, якая зазвычай падшывала нейкія тэчкі, прамармытала:
—Добры дзень,—хоць раней проста ківала мне галавой.
I, калі нязграбна падышоў і паклаў ведамасць на стол, дадала ціхенька, пад нос:
— ...МіхаілАляксеевіч.
Я кіўнуў і зрабіў вуснамі рыбін pyx. I выскачыў прэч. Азадачана спыніўся ля дзвярэй, дзе быў ключ з біркай і прозвішчам небаракі-баравічка, якога толькі што вырвалі з моху і выкінулі. За дзвярыма быў кабінет з акном, і падваконне нібы зрабілася шырэйшае праз адсутную драцэну. Акно глядзела на тую самую вітую лесвіцу ва ўнутранай частцы корпуса. He бог ведае што, канечне, але адцяпер у мяне свой кабінет. I стол. Праўда, без крэсла. Гэтую праблему трэба вырашаць самай першай! У калідоры быў шэраг аднолькавых чорных сядзенняў са складнымі партамі. He пасуе дэкану. У адной з незамкнёных аўдыторый за выкладчыцкім сталом было выдатнае офіснае крэсла — чорнае, з артапедычнай спінкай. Акурат тое, што трэба для дэканапачаткоўца з вялікай дарогі!
Відаць, варта было вырашаць усё неяк афіцыйна, праз рэктарат, але ж колькі давядзецца чакаць, пакуль складуць каштарыс, набудуць, прывязуць, змантуюць — не, хуліганскае рашэнне праблемы бліжэй! Абы не застукалі. Вызірнуў—нікога. Можна цягнуць. Але ж і цяжкое, зараза! Прыгожы пачатак кар’еры — дробны крадзеж універсітэцкай маёмасці. Хоць крэсла фармальна і не пакідае яго сцены, проста карыстацца ім будзе зусім іншы азадак. Калі да фінальнай кропкі заставалася метры з два, ззаду над вухам пачуўся ліслівы галасочак, які вымусіў здрыгануцца:
—Добры дзень! Вы наш новы дэкан?
Я азірнуўся, апараны кіпнем, і пабачыў перад сабой птушаня. Высокі юнак, хударлявы, у белай кашулі. 3 вельмі шырокім для такой тонкай шыі каўняром. Нагадвае вараняня. Недзе я яго раней бачыў. Відаць, адзін з палутара соцень маіх боўдзілаў-студэнтаў. Сцяміўшы, што чарнявы хлопчык наўрад ці будзе адчытваць мяне, я кіўнуў:
— Ну так, я! — і пацягнуў крэсла далей.
— He трэба гэта рабіць! — перасцярог ён, і я азірнуўся на яго ўжо з абурэннем. Хто ты такі, каб загадваць? Адлічу! Ул ады хопіць! Адпраўлю ў «акадэмію фізвыхавання»!
А студэнт пачаў так разл ютавана вырываць крэсл а з маіх рук, што я саступіў яму. Чорт з табой, я пасяджу на падваконні, а цябе запомню, прыгажун! Але ён і не падумаў вяртаць крэсла назад. Ён узгрувасціў яго на спіну і, нібы в’етнамец з клятчастай торбай на Савелаўскім рынку (ці памятае нехта такі?), хуценька пайшоў да майго кабінета. Занёс крэсла, паставіў да стала, і, адсунуўшы яго для мяне, сказаў:
— Вось, сядайце, спадар дэкан! — я ашалеў. — Вам бы яшчэ жалюзі, каб не было так гола ў кабінеце! Хочаце? Я Mary намуціць. У мяне старэйшы брат займаецца. Бясплатна. Мы палічым за гонар!
Я падышоў да стала, акуратна сеў на край і пацікавіўся:
— Ты хто?
— Я — Саша! Саша Чубакоў. Я іду, бачу, дэкан сам мэблю носіць! Непарадак! Вам калі штось паднесці трэба, клічце мяне! Я заўжды! Я буду рады!
—Добра, Саша, — я ацаніў яго вяртлявасць і з ветлівай усмешкай выціснуў з кабінета. — Добра, Саша, я ўлічу. Дзякуй.
— Звяртайцеся ў любы час, спадар дэкан! — паспеў укруціць ён, перш чым дзверы за ім зачыніліся.
Ачмурэць можна. Я пахадзіў па кабінеце, сеў на крэсла. Да мяне забег Андрэйка, той самы Андрэйка, які быў маім алібі на мінулую ноч.
— Стары! Ну ты даў! — закрычаў ён. — I хто з нас пасля гэтага «феномен»? Ты як гэта? Дэкан у... Колькі табе там? — ён паспрабаваў адгадаць і пераблытаў у большы бок. — Чаго глядзіш так закахана? Хадзем прастаўляцца!
I быў «Барт», і была тэкіла, і яшчэ тэкіла, і зноў. Я ледзь адпіваў, аАндрэйка піўшот за шотам, прыгаворваючы: «Ты што такі пануры, спадар дэкан?», а я казаў: «Прыціскае да зямлі пачуццё адказнасці!» Ён планаваў, як мы рэфармуем факультэт, пісаў на сурвэтцы праскрыпцыйны спіс тых, Karo варта звольніць у першую чаргу. Дагледжаная дзяўчына
без трэцяга зуба падтрымлівала святочны настрой. Я не адфіксаваў момант, калі яна пачала выпіваць за наш кошт.
Зрэдчасу я меланхалічна нешта запытваў у бармена, напрыклад, а ці можна закусваць агавай тэкілу. Ён казаў што ядомымі з’яўляюцца толькі суквецці і корань і што корань народная медыцына выкарыстоўвае, каб лекаваць пранцы, а вось сцябліна горкая і няўежная. А тэкілу робяць з соку.
Праз тры тосты за мой талент выбівацца ў людзі я ўдакладніў у бармена пытанне ўжывання агавы разам са смятанай. Ён, прымружыўшы вока, адказаў, што нават з ёй сцябліны есці немагчыма. I калі Андрэйка караскаўся на барную стойку з патрабаваннем уключыць песню «Белыя ружы» ў караоке, якога ў бары папросту не было праз інтэлектуальны цэнз, я зрабіў апошнюю спробу і спытаў, ці можна есці агаву са смятанай у невялікіх колькасцях, калі ты моцна п’яны. I зноўку адказ быў адмоўны, але аргументаў я не пачуў, бо шчаслівы за мяне Андрэйка ўжо выконваў песню «Белыя ружы» гурта «Ласкавы май» без караоке. Дзяўчына без зуба пляскала ў ладкі і смяялася.
Завершылася ўсё прадказальна: я, дапамагаючы сабе рукамі і нават нагамі, запіхваў Андрэйку ў таксоўку, а ён чапляўся за мяне і клікаў да сябе глядзець акварыум. Перш чым захлопнуць за ім дзверы, я ўдакладніў:
—А ты развёў бы спірт вадой з акварыума?
— He,—цвёрда сказаў ён.
—А за сто баксаў?
— He, — паўтарыў ён.
—А за пасаду дэкана?
— He! — ускрыкнуў ён і дадаў, што ніколі не стане мяне падседжваць.
—А за Нобелеўскую прэмію?
Андрэйка зрабіў старажытнарускі непрыстойны жэст рукой, выклікаўшы немалы фурор перад студэнтамі, якія выходзілі з корпуса. Ён заўтра будзе чытаць ім лекцыі.
— Чаму? — здзівіўся я.
— Бо ў мяне ў акварыуме нейкі белы чарвяк завёўся, усю ваду загадзіў. Я яго вытручваю, а ён зноў праз тры дні на
сценках. He хачу, каб тое ж у маіх глуздах было! У мяне сваіх тараканаў хапае, зладзяць там Кулікоўскую бітву, а мне пакутуй пасля.
Я развітаўся з ім сардэчна, як пісьменнік развітваўся б з персанажам сваёй кнігі, калі б надарылася сустрэцца ў рэальнасці. Андрэй зрабіўся маім «персанажам», я яго «дадумаў», каб хлусіць табе. Але, як выявілася, непраўдзіва. Выдуманы Андрэй не рабіў бы тое, што я яму прыпісваў, але з маёй падачы для цябе ён назаўжды зрабіўся пажыральнікам агавы. Толькі ад’ехала ягоная таксоўка, побач са мной спынілася наступная. Дзверцы расчыніліся, і са скураных глыбіняў мне махнуў рукой ашчэраны прыгажун з тварам забойцы.
—Добры вечар, Міхаіл Аляксеевіч! — крыкнуў Чупрыга.
Я не хацеў нікуды з ім ехаць. He хацеў яго бачыць. Я ненавідзеў яго ірацыянальнай нянавісцю разумнай і слабай істоты, якую пераследуе неразумная, але большая паводле памераў.
—Давай лезь у машыну, разумнік!
I я зразумеў, што калі не залезу, ён занясе мяне, узяўшы за шкірку, як гэта рабілі са мной раней. Занясе, нягледзячы на толькі што падараваны мне прэстыжны пост, на мой уласны кабінет, на тое, што знайшоўся студэнт, які пагадзіўся цягаць за мяне мэблю. I я пакорліва скокнуў у прасякнутыя танным адэкалонам нетры і зачыніў дзверцы. Мы паехалі наперад, а ён, ашчэраны (мяркуючы па ўсім, ён лічыўгэта абаяльным), сказаў:
— Як хутка ў нас усё, скажы, га? Колькі ты гадоў да гэтага калупаў пароду без варушняку ў кар’еры? Год? Два?
Я кіўнуў, схаваўшы вочы, і выціснуў:
—Дзякуй.
—Дык чо «дзякуй»? Гэта не мне «дзякуй»! Гэта сам ведаеш каму «дзякуй»! Зараз пакалякаем. Браток, адвязі ты нас у «Курылы»!
Я напружыўся, а ён заўсміхаўся нават шырэй, чым дазваляла сківіца, да поўнага яе вывіху, што частакол зубоў ледзь не вываліўся ў салон.
— Ды не сцы! — ляпнуў ён мяне па плячы лапай. — Твая дома сядзіць! Яна сёння выходная!
— Так праінфармаваны пра ейны графік? — я ўскінуў брыво.
— О, так! Пра-ін-фарма-ванны-я капец як! Можаш не сумнявацца! Веды — сіла, тупняк — магіла!
Я мог бы запярэчыць, што веды—гэтаінфармацыя, якая прайшла сістэматызацыю. А на яе мозг Чупрыгі не здатны. Хіба засвойваць інфармацыю як такую: дадзеныя сачэння, матэрыялы праслухоўвання. Але мае веды (менавіта што не інфармацыя, а глыбіннае разуменне нораваў і звычак гарылаў) падказвалі мне, што рэакцыя на такое назіранне, прамоўленае ўголас, можа быць крыўднай і хутчэй за ўсё балючай для мяне. Мы ехалі ў цішыні — відаць, ён меў інструкцыю не пачынаць размовуўтаксоўцы.
Я сузіраў вечаровую Маскву, у якой захоўвалася дзённая мітусня, але з нейкім новым сэнсам. Увечары падаецца, што людзі бегаюць туды-сюды ў пошуках чагосьці вечнага і добрага: любові, гармоніі, цеплыні... Чупрыга вычышчаў ключом бруд з-пад пазногцяў, рабіў з яго бобачкі і каштаваў. Я быў павярнуўся да яго, каб неяк падкалоць, але заўважыў кабуру, а потым і рукаятку пісталета. He, жартаваць з яго не хацелася. Hi па-сяброўску, ні грэбліва.