• Газеты, часопісы і г.д.
  • Рэвалюцыя  Віктар Марціновіч

    Рэвалюцыя

    Віктар Марціновіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 300с.
    Мінск 2020
    64.56 МБ
    —Туды. Там сустрэнуць, — сказаў ён і пайшоў назад да свайго Пушкіна.
    I я пабачыў у арцы апранутага ў чорнае мужчыну, які паказаў мне на пад’езд, дзе, расчыніўшы дзверы, стаяў яшчэ адзін:
    — На трэці паверх. Званіць не трэба, дзверы адчыненыя,—сказаў ён і адступіў убок.
    Дом быў збудаваны задоўга да хрушчоўскага загаду аб барацьбе з архітэктурнымі празмернасцямі. За дзвярыма быў шырокі хол, у якім можна был о развярнуць аўтамабіль «Перамога». Падлога была аздобленая шакаладнай савецкай пліткай тых часоў. У гэтай гулкай прасторы ўзнікала
    жаданне ўкленчыць і памаліцца. Я паспеў падумаць, што ўвесь будынак, разам з ільвамі над аркай, належыць аднаму Бацю. Падыходзячы, я ўяўляў бурнае архітэктурнае вар’яцтва ў стылі Фрэнка Геры, які любіў пакінуць фасад і сцены некранутымі, а ўсярэдзіне пусціць якія-небудзь паўпразрыстыя шкляныя хвалі. Хаця чаму, уласна, «у стылі»? Баця мог і самога Геры прывезці ў Маскву, каб ён падумаў над праектам яго дома. Ён, падобна, і Філіпа Брунелескі з магілы мог падняць і прымусіць працаваць на сябе.
    Але ўсё ў пад’ездзе было стандартна. Ад лесвіцы разыходзіліся кватэркі з кнопачкамі званкоў. Патрэбныя дзверы на апошнім, трэцім паверсе былі прыадчыненыя. I ўсё за імі было сціпленька, вельмі сціпленька. Пацёрты кілімок на фарбаваных дошках. Дзверы ў залу з тоўстага некалі моднага «п’янага» шкла. Мода гэтая сышла са звычкай выстаўляць напаказ чэхаславацкія крыштальныя вазы і цяжкія попельніцы, якія лепш падыходзяць для праломвання галоваў. Паварот на кухню, акуратная белая кафля, рукамыйнічак на два краны, якія тырчаць са сцяны. Справа яшчэ адзін пакой з падвязанымі цёмна-зялёнымі парцьерамі і абажурам — відавочна, кабінет. Далей па калідоры невялікая спальня, з якой пыхнула пылам, закінутая з выгляду. I гэта ўсё? А ці туды я трапіў?
    3-за дзвярэй залы пачуўся какетлівы старэчы голас, які, быццам саромеючыся абстаноўкі кватэры, злёгку шамкаў:
    — Я ту-у-ут!
    Я вярнуўся, усведамляючы, што наша з табой кватэрка ў Астанкіне не нашмат горшая за гэтую, у якой жыве валадар першага, другога і трэцяга транспартных кольцаў. Я пабачыў Бацю на канапе побач з акном, што выходзіла на сажалку. Апрануты ён быў у нейкі ці то халат, ці то піжаму і выглядаў бальнічна-маразматычна.
    — Прывітанне, Мішачка, праходзь, — ён паказаў на KaHany побач з сабой і пасунуўся. Гэты звычайны рух даўся паралізаванаму няпроста: давялося падцягнуць цела, падняўшыся на дрыготкіх руках, а потым пацягнуць за сабой бязвольныя ногі, спачатку левуіо, пасля правуіо. I халат
    расхінуўся болып, чым нам абодвум хацелася б, і над высокімі шкарпэткамі мільганула белая старэчая плоць.
    —Ты ўжо даруй, што цябе ніхто не сустрэў, — апраўдваўся Баця. — У мяне тут звычайна Вера Сцяпанаўна ўвіхаецца, мые, гатуе. Яна ўжо сорак гадоў са мной, пакаштаваў бы ты яе расцягаі! Вернасць трэба шанаваць. Яна адышла, але вернецца пазней. Ахоўнікаў я сюды не пускаю. Сабакам наагул у дом нельга, бо на ложак залезуць, — ён задумаўся, відаць, пра часы, калі быў маладзейшы і прысутнасць сабак у ложку яшчэ магла хваляваць.
    Я махнуў рукой, глупства, маўляў. Баця глядзеў на мяне, неяк ціха ўсміхаючыся, і мне падумалася: а што будзе з намі ўсімі, каліўстарога здарыцца другі інсульт? Ці якая-небудзь раптоўная смяротная хвароба? Я ўпершыню бачыў так выразна яго ўзрост і слабасць, і—зараз разумею — паказаў ён іхневыпадкова.
    — Я думаў, вы інакш жывяце, — сказаўя.
    — Гэта як? — спытаў ён.
    — Ну, дом на Рублёўцы. Такі, з контрфорсамі. Каб адразу бачна, што грунтоўны чалавек жыве. А тут — кватэрка трохпакаёвая.
    — Мішачка, а навошта? — развёў рукамі ён. — Ці ведаеш ты, што засталося пасля Сталіна? Два фрэнчы, боты і люлька! Каштоўнасці, нерухомасць — гэта сваякі хапалі. I тое — тыя, каму рукі не паспеў абарваць! Навошта камяні, калі ты валодаеш усімі, у каго яны ёсць? Філіп, дарэчы, казаў, табе грошай бракуе.
    Я сумеўся.
    —Ды не, гэта мы так — адносіны высвятлялі крыху.
    — Ты, дружа, пайшоў бы на двор і з вераб’ямі адносіны павысвятляў! Ці з коткамі! Вырашыў даведацца, у каго чэлес даўжэйшы? Дык даўжыня вашых чэлесаў вызначаецца вось тут, на трэцім паверсе, у звычайнай, як ты выказаўся, кватэрцы, паміж лёгкім сняданкам і дыетычным абедам. Што такое грошы?
    — Ну, наколькі я памятаю мінулую размову, грошы—гэта мера быцця. Вы казалі, што чым больш у нас іх, тым больш мы існуем.
    —А ці ведаеш чаму? Таму што, калі знікае мараль, а з ёй і рэлігія, ад чалавека застаецца толькі вытворчасць жаданняў і здольнасць ім патураць. Па вялікім рахунку, усё жыццё — бясконцы ланцуг жаданняў. Мараль жа нам кажа, што патураць жаданням нельга, а рэлігія дадае, што вельмі моцна хацець чагосьці — грэх. Але, калі мараль і рэлігія адсоўваюцца, жаданні вылазяць на першы план.
    Яго ўвагу адцягнуў чалавек з сабакам на супрацьлеглым беразе сажалкі. Ён спрытна выцягнуў аднекуль з-пад сябе рацыю і злосна раўнуў:
    —Арцём, тут ізноў выйшаў казліна з «Патрыярха» з рызеншнаўцарам, які сера, а ён за ім не прыбірае. Вы адкруціце яйцы ім абодвум, га?
    Сказаўшы гэта, Баця працягнуў з ранейшай інтанацыяй:
    — Мішачка, істотным праектам філасофіі ад антычнасці да дзевятнаццатага стагоддзя былі спробы, заўжды няўдалыя, адшукаць сэнс жыцця. У дваццатым стагоддзі само паняцце «жыццё» перажыло такое размыванне пад уплывам, напрыклад, тэлебачання, што філасофія занялася пошукамі вызначэння самога панятку «жыццё». Калі я думаю пра «жыццё» і пра мажлівы «сэнс», я кажу: і тое, і другое — у жаданнях і патуранні ім. Тваё жыццё набывае сэнс, калі пачынаеш жадаць — калі бачыш гадзіннік па цане кватэры на Астожанцы і пачынаеш пра яго марыць. Калі бачыш па тэлевізары чужую яхту і ўяўляеш сябе на такой жа. Калі сустракаеш якую-небудзь бабу і хочаш на яе ўзлезці. Як там табе Ганна, дарэчы? Да з’яўлення жаданняў у цябе няма не толькі сэнсу, але і жыцця, нішто ўтабе не існуе. Ты проста ясі і спіш. Ты не суб’ект нават. Чым больш заўзята жадаеш, чым больш можаш сабе дазволіць, тым болып цябе і ёсць. «Думаю значыць існую» змянілася на «жадаю значыць існую» ці «купляю значыць існую». Калі чалавек на пытанне «чаго ты хочаш?» шчыра і паныла адказвае «не ведаю», значыць, перад табой тып, які патанае ў хвалях уласнай нікчэмнасці. Без сэнсу жыцця, без жыцця наогул.
    Ён казаў досыць хутка, і адрэагаваць на «як там табе Ганна, дарэчы?» я не паспеў. Ды яму і не патрэбны быў мой адказ.
    — Паўтаруся, нам прапануецца лічыць, што адзіным шляхам задавальнення жаданняў з’яўляюцца грошы. Грошы, грошы — на іх нібыта замыкаецца ўсё. Грошы ператварыліся ў калектыўнае падсвядомае. Яны прымушаюць нас скакаць з валюты ў валюту, мяняць даляры на еўра, еўра на юані, акцыі «Слаўнафты» на акцыі «Газпрама». Бо такім чынам твае грошы, твой скарб, твой унутраны свет, твая псіхічная ўстойлівасць будуць пачувацца лепш. Грошы страцілі рэчыўнасць, зрабіліся электроннымі лічбамі на нейкіх даруй-божа-серверах. I менавіта ў момант страты цвёрдай і звонкай формы яны займелі прыкметы калектыўнай галюцынацыі. Усеагульнай і глыбокай псіхічнай хваробы.
    Я з цікавасцю слухаў. Я думаў, што ён марксіст. А ён, выяўляецца, постмарксіст. Я працягнуў яго думку:
    —Але на гэтую хваробу ў нашым выпадку хварэюць і псіхіятры, і санітары. Ад яе наогул нікуды не падзецца — выпісацца з віртуальнай вар’ятні можна толькі ў сапраўдную.
    — Я з табой не пагаджуся, — ён хітра прыжмурыўся, і мне здалося, што ён зараз згадае пра Ганну, але не. — Ёсць месцы, дзе жаданні задавальняюцца без грошай. Прычым так хутка і эфектыўна, што праблемай робіцца не дасягненне мары, а выдумванне новай. Разам з тым светам, дзе ўсё прадаецца і купляецца, існуе свет, дзе ўсе аддаецца і адымаецца. I гэта — наш свет, Міхаіл. Прычым аддаецца, заўваж, цалкам добраахвотна. Бо, паўтаруся, чалавеку ўласціва падпарадкоўвацца. I гэта адрознівае яго ад жывёлы. Таму калі табе хочацца больш грошай — не праблема, толькі патлумач сам сабе, а заадно і мне, — навошта яны табе.
    Вядома, тлумачыць я не стаў, хоць у мяне заставалася пытанне, чаму тады ўсё-такі пасадзілі за краты акулярыка, калі шайка існуе як бы па-за грашыма. Бо я паспеў адзначыць, што нават згадка пра акулярыка выводзіць Бацю з сябе, a размова на гэтую тэму ператварылася ў табу, зрабілася непажаданай. Да таго ж я магу здагадацца, што ён адказаў бы — што колу сяброў неабходна мець справы з навакольным светам, дзе грошы працягваюць займаць важнае месца. Прасіць грошай было двойчы бессэнсоўна: і таму, што
    яны мне былі не патрэбныя, і таму, што грошы, якія табе сёння далі, а заўтра могуць забраць, не маюць аніякага сэнсу.
    За акном чалавека з сабакам даганялі два іншых, апранутых у чорнае. Сабакавод зрабіў нязграбнае кола вакол сажалкі, забег у прагал паміж будынкамі і знік. Шкада было толькі сабачку, які ўспрыняў усё як гульню і заліваўся радасным брэхам.
    — Я неяк думаў перасяліцца ў вялікі дом, але не на гэтай вашай Рублёўцы, а ў Перадзелкіне, там такія прыгожыя мясціны, — сказаў Баця ўжо з іншай інтанацыяй. — Тры паверхі, здаецца, і паравое ацяпленне зрабілі. Але пажыў месяц і зноў сюды, да сажалкі, вярнуўся. Прывык тут. А там гулка, волка, неспакойна. Дом аддаў некаму... He памятаю каму... Філіпу хіба? He, не Філіпу дакладна... Аддзячыць камусьці хацеў. За нешта.
    Беспаспяхова паспрабаваўшы згадаць, каму адышоў дом, ён сунуў далонь пад валік у канапе і дастаў адтуль канверт. Яго твар змяніўся.
    — Мішачка, у мяне да цябе ёсць адна вельмі сур’ёзная просьба. Ты не мог бы прыняць ад мяне вось гэты канверт? Тут адзін вельмі важны дакумент, які захоўваць у сябе мне не хочацца. Патрымай у сябе месяц-другі, а там, як прыйдзе час, я яго назад папрашу.
    Ён працягнуў мне прастакутнік паперы, звычайны офісны канверт, але на месцы склейкі была старамодная клякса сургучам. Я намагаўся пабачыць якую-небудзь пячатку ці адбітак пярсцёнка, але там быў толькі сургуч. Але ж яго самога, з гэтай унікальнай фактурай, колерам і формай цалкам дастаткова для абароны — гэтую кляксу не падробіш, не прымусіш выгнуцца вось менавіта так, як был о.
    — Міхаіл,—Баця прыбраў працягнутую руку з канвертам і зірнуў мне ў вочы, — вельмі важна, каб ні ты, ні хтосьці іншы гэты канверт не ўскрываў. Разумееш?