• Газеты, часопісы і г.д.
  • Рэвалюцыя  Віктар Марціновіч

    Рэвалюцыя

    Віктар Марціновіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 300с.
    Мінск 2020
    64.56 МБ
    I ты, рагочучы, сагнулася да зямлі, што і так хадзіла пада мной ходырам, і казала: «Вось тачку дык тачку я заарканіла! Шанцуе пачаткоўцам, так? Як у казіно! Яшчэ і з асабістым кіроўцам! Ха-ха-ха!» Мінулым вечарам ты не заўважыла гэтую машыну, і я думаю, што ты ледзянееш цяпер, калі бачыш сітуацыю па-новаму. Я кіўнуў кіроўцу і зрабіў жэст далонню, маўляў, валі прэч, ты не патрэбны. Забраў цябе і пацягнуў за руку назад да шашлычнай, пакуль ты смяялася да ікаўкі, запытвала, Bentley гэта ці Rolls Royce, і прасілася назад, гаворачы праз смех: «Ну, чаго ты? Чаго? Нармальна зараз паедзем жа! Гэта ён на ногі мае так павёўся? На туфлі без абцасаў?» У кавярні я выпіў чарку гарэлкі, і ты перастала весяліцца, калі пабачыла мой твар. А яшчэ пабачыла, што кіроўца дасюль стаіць выпрастаўшыся ля машыны, і гэта сапраўды, як ні зірні, пераставала быць смешным і рабілася страшным. Здаецца, ты спытала: «Чаго гэта ён?» А я схлусіў, што ў салоне машыны чакае адзін мой стары знаёмы, з якім не надта хочацца бачыцца, таму трэба тэрмінова звальваць. Ты асцярожна пацікавілася пра нейкія мае «ранейшыя» варункі (можа, ты думала, што ўніверсітэцкі прафесар — гэта хтосьці накшталт гангстара?), і мы вырашылі, што аўтаспыну сёння нам не трэба, мы абавязкова
    прыдумаем, як зваліць з горада, заўтра (заставалася яшчэ пяць дзён з пакінутага на развітанне часу).
    Назаўтра мы паехалі адседжвацца на лецішчы. Сярод знаёмых — ужо без усякага тэлефона, ужывую і шэптам — быў праведзены кастынг фазендаў. Перавага аддавалася тым, што найдалей ад Масквы, і такім, куды не заявяцца сваякі сяброў (усё ж пік сезону). Разлік быў просты: залегчы на дно якога-небудзь кааператыва. Каб з пакрыўленай яшчэ за Саветамі агароджай, каб абвесткі аб продажы расады, каб у будцы вартаўніка быў кіёск з півам, чыпсамі і прэзерватывамі. Прабыць на лецішчы тыдзень, а мо і месяц, каб пасля акуратна, лясамі — на Яраслаўль, Карэлію ці нават Валдай. Абы не ў Маскву.
    Самыя прывабныя л ецішчы былі ў прафесуры — а як жа, аказваецца, багата сяброў з жаданнем дапамагчы беднаму небараку без лецішча, толькі што прызначанаму прарэктарам, які ўсёй сваёй кар’ерай абяцае хуткі рост! Апоўдні я ўжо меў дамоўленасць з прыстойнай нізенькай прафесаркай, якая распавядала пра «во-о-ось такі-і-ія труска-а-аўкі», даючы ключы і схему праезду. Але штосьці напалохала мяне, мо залішняя гатоўнасць? Я адшукаў на перапынку студэнта Сашу Чудакова, ці як яго там, і ён выпрастаўся, нібы той кіроўца ля дзвярэй машыны. Я спытаў напаўголаса, даючы зразумець, што размова таемная, ці ёсць у яго лецішча і ці можа ён дапамагчы. I лецішча было, і бацькі на тры тыдні з’ехалі ў Балгарыю, і завезці ён зможа, і працаваць там садоўнікам таксама, і нават кукарэкаць на світанку, калі папрашу. Я ўзяў ключы, запісаў адрас і, перастрахоўваючыся, сказаў, што ён малайчына, што, калі нешта-нейкае, ніякіх просьбаў ад мяне ён не чуў, што, калі знянацку прыляцяць бацькі, хай патэлефануе на лецішча (А ці ёсць там тэлефон? Ёсць? Выдатна!), каб мы, то-бок я, звалілі адтуль своечасова, што чысціню і парадак я гарантую. I што, гэта... дзякуй, Саша, я гэта ацаніў і не забуду.
    А далей з мабільніка батарэйку — хоп! (хацеў разбіць, ды пашкадаваў), сам тэлефон у адным пакоі, а акумулятар у іншым. Хай праслухоўваюць. I акуратна, на тралейбусе — у кватэру на Астанкіна, без тэлефанаванняў. Ты спала, была
    палова на чацвёртую. Апрануў цябе хуценька. I тэлефончык зноў у кватэры, і батарэю з яго — чык! Хай слухаюць! I пайшлі дварамі, і я падоўгу цябе абдымаў, а ты казала, што я нейкі надзвычай ласкавы, а я з-за плячэй тваіх — зіркзірк! Ці няма падазроных мінакоў? А пасля на монарэйсе пару станцый. Ехаў, слухаў твае акварэльныя развагі пра жыццё і рэагаваў рэхам: ты цэлую фразу скажаш, а я апошняе слова падхопліваю і павольна цягну, і ўсе словы былі — «неба», «ліецца», «прыгожыя, так, прыгожыя», «стрыжы, напэўна», «зіхацяць». I табе падавалася, што я з табой размаўляю, а я ўсё туды-сюды вачыма: а хто гэта? вось гэты, што зайшоў? ды не, я б заўважыў такога, калі б ён ішоў за намі, не было сачэння ж! не было! мы адарваліся!
    А пасля — зноў тралейбусік ды трамвайчык. I выходзілі— як надарыцца. Адтуль — на электрычку. Але не на вакзал, a да трэцяй станцыі. Паспрабуйце адсачыць! Мільгала старым кінематографам сонца праз дрэвы, а я ўсё вывучаў выпадковых спадарожнікаў і бачыў, што ўсе яны як адзін — шпіёны з іртутнымі вачыма, быццам ідуць па следзе, быццам не-не ды ўчэпяцца ікламі ў горла і ўспоруць жывот заднімі лапамі. Такія твары ва ўсіх — гэта гістарычна неяк так склалася ці што? У кожным трэцім — мент? У кожным другім — нейкі прыватны дэтэктыў? Ды і нават ува мне таксама.
    Ты спачатку гартала газету з анекдотамі і вельмі смяялася (я зазвычай у такіх газетах смяюся інакш: мне забаўна, як з такога можна смяяцца) і зачытвала, а мне было складана рагатаць, калі навокал сядзяць такія ўважлівыя людзі. Але твары змяняліся, адны ртутныя вочы змянялі наступныя — бязгучны допыт, зладжаны маім уяўленнем. I мне ўсё думалася: ну, і як вы зараз нас вылічыце, калі без тэлефонаў? Калі паедзеце сюды, ландо папросту загразне падарозе!
    А ты, паклаўшы галаву мне на плячо, заснула, нібы зморанае спёкай дзіця, і сярод дзясяткаў страшных і напалоханых твараў я бачыў адзін — спакойны і прыгожы — чалавечы твар, якім любаваўся ў адлюстраванні шкла. Ён быў побач з тварам напалоханага, парослага шчаціннем
    чалавека з запалёнымі вачыма, якімі ён рыскаў ва ўсе бакі. Якая ж ты прыгожая, Воля! Якой жа прыгожай ты была — ці ёсць — я не ведаю, які час ужыць, калі ты засталася згадкай з мінулага... Але я і да сёння бачу цябе так — быццам адлюстраванай у шкле, хоць за шклом іншыя твары, болып блізкія да маёй рэальнасці. I вось я бачу тваё выцягнутае падбароддзе з маленькай ямінкай, тваю шыю, твае роўныя доўгія шчокі, спакойныя бровы, і не ведаю, ці магу прамовіць сёння, што ты «прыгожая», а не «была прыгожая». Для мяне — калісьці, для кагосьці — зараз. Я ведаю, я веру, што прыгажосць — вынік гульні ўспрымання, што твая прыгажосць жыла толькі ўва мне і для мяне аднога. Я перакананы, што ніхто іншы цябе такой не пабачыць, нават калі ты дазваляеш камусьці называць цябе прыгожай.
    Так мы дабраліся да пазначанага ў паперчыне паўстанка «45-ы кіламетр». Ёсць штосьці ў слове «паўстанак» ад стэпу, і я чакаў поля, парослага кавылём, а тут быў хвойнік і платформа, праз якую прабіваліся дробныя елачкі. Мы пайшлі наўпрост, як патлумачыў Саша, і ўперліся ў металічную сетку. I трэба было альбо званком выклікаць вартаўніка, альбо лезці ў прагал каля слупа. Мы, натуральна, палезлі і выпацкаліся як след. Доўга шукалі дом 43 на вуліцы Сонечнай, ал е не далі рады, і давялося запытваць дарогу. Нам паказалі на крэпенькі, як сам Саша, домік з модным у Падмаскоўі 80-х «прыбалтыйскім» дызайнам. Ідучы да яго Садовай, Чарэшневай, Сонечнай, мы штосьці прыгадвалі і фантазіравалі. Плот вакол лецішча Сашы быў важкі, цагляны, з блакітнай брамкай. На ёй вісела нейкая абвестка, і ты падбегла да яе першай, ускрыкнуўшы: «О, як прыкольна!» Я набліжаўся, прадчуваючы нядобрае. Ты чытала ўслых: «Меркурый, Апалон, Пасейдон, Зеўс, Гера, Артэміда, Дыяніс». I было штосьці, безумоўна, што іх аб’ядноўвала, штосьці сучаснае, штосьці, што мела дачыненне да нашай вандроўкі. I наблізіўшыся, я пабачыў разгортку старонак, выдраных з Куна: фігуркі, адна пад адной, напаўаголеныя, стройныя, у розных позах, з дзідамі і мячамі, з дарункамі і трызубцам. Наверсе было напісана буйна «пантэон», а крыху ніжэй дроб-
    нымі літарамі «антычных багоў (паводле Т. С. Традзьякова)». Вітаем, Міхаіл, мы вас чакалі...
    Цябе здзівіла мая напалоханасць, мая раптоўная ідэя вяртацца ў Маскву... Але з’ехаць мы не маглі, бо апошняя электрычка ад нас збегла, і заставалася толькі адмыкаць брамку, сарваўшы пантэон, і гатаваць нейкую вячэру. А я стаяў, чакаючы пачуць гук машыны, хрып рацыі альбо нейкі намёк на тое, як яны нас вылічылі. Зрэшты, я трымаў сябеўруках, бо тутэйшая «садовая», «сонечная», «чарэшневая» атмасфера да гэтага заахвочвала.
    Можа, ты памятаеш, як мы бавілі рэшту вечара і амаль усю ноч? Я прыдумаў цікавую гульню: разбіваць прадметы, якія былі ў нас з сабой. Табе вельмі спадабалася, і ты яе горача падтрымала. Я адшукаў камень і, седзячы на бетонных прыступках, распляскваў ім усё, што выцягвалі я з штаноў і курткі, а ты з сумачкі. I хоць нас дапякалі камары, мы са шчырай цікаўнасцю глядзелі, з чаго зробленая кожная дробязь, якую мы цягаем з сабой. Капейчына? Ха! За ка! пей! чы! най! Манеты распляскваліся неахвотна, даводзілася ставіць на рабрыну, некаторыя я прасіў цябе распільваць лобзікам (ты яго называла «абрэзам»), Ты спачатку здзівілася: маўляў, навошта. Але я так скрывіўся, што ты сама зразумела: калі робіш штосьці бязглуздае, самае прыкольнае менавіта ў тым, каб не задаваць сабе аніякіх пытанняў! Мы раструшчылі бірульку сігналізацыі ад «разенбаўма», якую я працягваў насіць на звязцы ключоў, і мікрасхемы ўсярэдзіне мне абсалютна не спадабаліся, таму я стукаў па іх каменем, ажно пакуль не ператварыўу пластмасавую муку. Я павыразаў і расплюшчыў усе металічныя ўстаўкі майго гаманца, а пасля гэтага ўзяўся за тваю сумачку. I калі ты запратэставала супраць экзекуцыі нейкай рэчы, я прапанаваў рабіць гэта па чарзе: спачатку штосьці дарагое мне, а потым табе. Я ўскрываў, надразаў, раскурочваў і нават свідраваў. I ты ўжо разумела правілы гульні: што суцэльная паверхня — «добра», а як нейкая поласць — усё, дзе мой хворы на манію пераследу мозг мог западозрыць мікрасхему, — «дрэнна». I ты, падыгрываючы, ускрыквала «дрэнна!», калі знаходзіла пад успоратай падшэўкай сваёй
    курткі металічныя заклёпкі, не бачныя звонку, а я разбіваў іх у спадзеве знішчыць «жучкі». Гэта ўсё нагадвала развіццёвую гульню ў вар’ятні — але ж наколькі мы былі блізкія тады! Як хутка ты адчула мяне! Па-свойму, але адчула!
    На досвітку, калі ўся вопратка была вытрушчаная, усе металічныя прадметы, уключна з ключамі ад кватэраў (апроч ключа Сашы, бо яны не маглі паспець схаваць туды «жучок»), расплясканыя, распілаваныя і закапаныя, мы вярталіся ў Маскву, і ты шкадавала, што нашыя ўцёкі былі такія нядоўгія. Перш чым сесці ў электрычку, я склаў аркуш з пантэонам у самалёцік і запусціў яго. Набраўшы вышыню, ён праляцеў ад сілы два метры, торкнуўся аб паветра і пікіраваўу дзікую маліну.