Рэвалюцыя
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2020
Трэцюю спробу я абдумаў усебакова. Я разумеў, што наблізіўся да небяспечных межаў, калі рызыкую быць пакараным. У рэшце рэшт, нават калі табе паведамляюць, што ўцякаць не мае сэнсу, а ўсё адно намагаешся збегчы, аднойчы надыходзіць момант, калі захочацца падкрэсліць тую бессэнсоўнасць адрываннем ног. Заставалася 36 гадзін ад часу, падоранага нам на развітанне. Але на гэты раз я прыняў рашэнне не браць цябе з сабой. Імаверна, менавіта ў тым, што мы спрабавалі ўцячы разам, і хаваўся нейкі неспасцігальны дэфект планавання, што дазваляў яго лёгка раскусіць.
Можа, ты памятаеш, як я папярэдзіў, што паеду з Масквы — мо заўтра, а мо праз тыдзень? Гэта на выпадак, калі яны кантралявалі якую-небудзь з тваіх сябровак, з якой ты падрабязна ўсім дзялілася. Я сказаў, што як паеду, дам табе знак, як мяне адшукаць, — штосьці зразумелае выключна нам дваім. Ты кіўнула, але слухала не дужа ўважліва, бо займалася разгадкай таямніцы: чаму верхні слой латэ-макіята трымаецца на паверхні, як ні перамешвай, а ніжні, пад кававай праслойкай, знікае і з’яўляеццатолькі праз некалькі хвілін.
Я распавяду табе, што рабіў пасля. Ты яшчэ разглядала, як зіхацяць дыяменты цукру ў пене макіята, а я ўскочыў у тралейбус і з усімі магчымымі мерамі перасцярогі рушыў да аэрапорта. Тэлефонам я ў тыя дні не карыстаўся, кіроў-
цу адпусціў яшчэ ранкам, а «жучкоў» пасля нашай гульні не мусіла заставацца ні ў цябе, ні ў мяне. Я рабіў стаўку на імклівасць дзеянняў — магчыма, калі ўцякаць хутка, яны папросту не паспеюць. Нават сама мэта маёй паездкі, не агучаная ні табе і нікому, існавала толькі ў маёй галаве. I вось я прадзіраўся да «Шарамеццева», пазбягаючы месцаў з камерамі назірання, адмовіўшыся нават ад таксоўкі, бо і выпадковы бамбіла мог быць іх чалавекам. Таму — маршруткамі, сярод студэнтаў і мамаў з дзеткамі, між гарэлым пахам бензіну і рускім шансонам. Каб аніводная мая перасадка не дазваляла сцяміць, куды я накіроўваюся. Дабраўшыся да «Шарамеццева», я забягу ў залу рэгістрацыі на рэйсы, неадкладна куплю білет на бліжэйшы вылет і неўзабаве буду ўжо ў паветры. Ці здолееце вы нагнаць мяне так хутка? Ну, паспрабуйце! А за межамі краіны я адшукаю спосаб бяспечна выцягнуць да сябе Волю. Баця так хоча, каб мы рассталіся? Дык, калі ласка, вось мы расстаёмся, я некуды тэрміновалячу, адзін, без яе!
Калі дабраўся да «Шарамеццева», я забег у залу рэгістрацыі — але не, так нельга, не варта прыцягваць увагу, і я перайшоў на хуткі нервовы крок, як ходзіць тры чвэрці дарослага насельніцтва Масквы. Сутаргавая паходка неўротыкаў, робатаў, якія адказваюць за жыццядзейнасць мегаполіса. Два мянты, нудзячыся, сканавалі позіркамі ўсіх, хто ўваходзіць у аэрапорт. Чамусьці, мінаючы іх, я падумаў, што зараз мяне спыняць, бо ў кожнага мянта і ў кожнага чалавека ў форме, ад пажарніка і да вагонаважатага, маецца мой фотаздымак, і ўсе яны аб’яднаныя мэтай не выпусціць мяне, зламаць, вымусіць адмовіцца ад цябе. Але гэтыя двое прыкмецілі сям’ю таджыкаў у натоўпе — навошта ім я, калі побач людзі яўна без рэгістрацыі, жывыя грошы, пагатоў такія даступныя, калі за некалькі крокаў ад неба можна ўзяць за каўнер і папрасіць прад’явіць «дакуменцікі», забраўшы апошнюю даніну гэтаму самаму лепшаму і самаму жахліваму гораду на зямлі.
Я ішоў па гулкай залі паветранага вакзала. Аэрапорт — дужа зямное слова, якое азначае штодзённыя пералёты, будзёныя і нерамантычныя. А паветраны вакзал усё яшчэ
захоўвае нейкі цуд, быццам чароўны паравоз, разганяючыся, плаўна адрываецца ад рэек і з натужным свістам нясе цябе ад зямлі, пакідаючы ўнізе дрэвы, азёры, лецішчы... Я пакутаваў ад сполахаў дэжавю, замяшаных на страху, — цікава, чым займаўся за мяжою чалавек, які памёр у суседнім пакоі? Мо ён намагаўся ўцячы, як і я, але атрымаў кулю дзе-небудзь у Дэлі ад залётнага апостала Паўла, а пасля быў з клопатам сустрэты брацтвам, якое дбайна праводзіла яго ў лепшы свет? Мяне не пакідала пачуццё, што нават між беленькімі цацачнымі домікамі з рудой дахоўкай я ўсё адно напаткаю Бацю, Чупрыгу альбо кулю. Я глядзеў на алтар з раскладам палётаў, і мяне цікавілі толькі рэйсы, дзе смарагдам пераліваўся надпіс «check in» — «пасадка». Бліжэйшым, праз 40 хвілін, быў рэйс у Берн, куды пасадка завяршалася праз 10 хвілін, але я не меў іпвейцарскай візы, а з шэнгенскай туды не пускаюць. Можна было б, вядома, прыляцеўшы туды, змяніць борт, але Берн — занадта маленькі вузел, а я дужа прыкметная блыха, каб хавацца там, заблытваючы сляды. А вось наступны рэйс на Франкфурт мяне задавальняў: два тэрміналы, між якімі ходзіць цягнік, мільёны прозвішчаў, сотні рэйсаў — паспрабуйце вылічыць! Пераночыўшы там, я б выправіўся ў якую Мексіку, дзе ўладкаваўся б ва ўніверсітэт: семіётыкі зараз запатрабаваныя, мая англійская не ў самым горшым стане, а рэпутацыя нашага МЯЎ такая, што прарэктару можна прасіць пра пасаду дэкана нават у Бостане. Усё выдатна складваецца! За велізарнымі вокнамі аэрапорта, якія прапускаюць у памяшканне значна болып неба, чым любы зямны вакзал, гневам нябесным на мае ўцёкі збіралася навальніца. Хмара займала траціну небасхілу, і як бы не адмянілі мой рэйс праз яе.
Я рушыў да стойкі рэгістрацыі нямецкай кампаніі, што абслугоўвае рэйс на Франкфурт, і — не, не, няма багажу, ці можна купіць квіток? — карткай ці гатоўкай, усё ціп-топ, вось пашпарт. А хмара ў небе расла і расла, у памяшканні рабілася цёмна, і падавалася, што дождж будзе ліць папросту са столі. Бо гэта ж паветраны вакзал, і падчас туману ён мусіць запаўняцца ліпкай прахалоднай вільгаццю,
а калі ідзе снег, стойкі рэгістрацыі мусяць абрастаць ледзяшамі. Хлапчук у форменнай чырвонай камізэльцы пстрыкаў па клавішах, уводзячы маё імя, і націснуў на return, каб увесці нанава, і твар у яго зрабіўся такі, быццам сапраўды са столі абрынуўся дождж, ён не мог паверыць вачам. Я чакаў суму і ўжо дастаў грашовы скрутачак, а ён усё ўводзіў мае дадзеныя зноўі зноў. I я спытаў:
— Штосьці не так... Роберт? — прачытаўя імя з залацістага бэйджыка. Якая файная карпаратыўная традыцыя — упрыгожваць грудзі чалавека шыльдачкай! Шыльда на дзвярах кабінета, шыльда на супрацоўніку, вось «Роберт», a вось «Асістэнт». А ці не паскардзіцца мне галоўнаму? Час жа ідзе.
А Роберт тым часам, танцуючы пальцамі па клавіятуры, пачаў час ад часу пазіраць на мяне, нібы правароніў самога Усаму бін Ладэна. I яшчэ раз увёў імя-прозвішча і — зірнуў; прыклаў пашпарт да сканера і — глянуў; нецярплівае стуканне клавішамі, клікі мышкай і — пагляд на мяне. Нарэшце, паціснуўшы плячыма, пакорліва, як гэта робіць карпаратыўны воін, што выконвае загад, якім бы дурным яго ні лічыў, працягнуў мне пашпарт і не сказаў, а прачытаў з экрана:
—А навошта вам у Франкфурт, Міхаіл Аляксеевіч?
I дэманстратыўна адвярнуўся, чакаючы наступнага кліента, паказваючы, што размова завершаная, што я магу ісці назад у Маскву, што ў неба ён мяне не пусціць, што мексіканскія зікураты як-небудзь пражывуць без семіятычнай дэканструкцыі.
Я, калі рассеялася навальнічнае зацямненне перад вачыма, яшчэ спрабаваўштосьці... Яшчэ прамармытаў:
—Што гэта значыць, Роберт?
А ён, задаволены маёй траваеднай рэакцыяй, паўтарыў ужо болып упэўнена:
— Навошта вам ляцець у Франкфурт, — і зірнуўшы на экран: — Міхаіл Аляксеевіч?
Я выцягнуў шыю і кінуў позірк пад стойку, дзе была ягоная шпаргалка, экран камп’ютара, і пабачыўпад фірмовым лагатыпам яго кампаніі інструкцыю — спачатку па-ангель-
ску «bearer of such passport», «should be replied», a далей ужо прачытаны ім тэкст: «Навошта вам ляцець у (name of the city \ flight), Міхаіл Аляксеевіч?».
— Наступны, — прапаноўваў ён мажной даме, якая стаяла за мной, і на яго твары, парослым залацістым пухам, была нейкая хітрынка. Ён не адчуваў жаху здзейсненага, думаў, што бярэ ўдзел у нейкім розыгрышы, у нейкай карпаратыўнай праверцы, і вось даў рады, зрабіў усё паводле інструкцыі. А дама, атрымаўшы ад яго санкцыю выціскаць мяне ад стойкі, папросту напаўзала на мяне разам з усімі сваімі торбамі, парфумай, вуснамі і грудзьмі, таму трэбы было сыходзіць. Хоць слова «пантэон» і не прагучала, але я ўжо зразумеў, што тое ж будзе і ў астатніх кампаніях уключна з «Аэрафлотам», і ў мяне не атрымаецца адляцець ні сёння, ні заўтра—ніколі, не атрымаўшы дазвол Баці.
Калі я выйшаў з будынка пад пахмурае неба, мне насустрач выступіў апрануты ў чорнае хлопец спартовага целаскладу і з тварам забойцы, на якім як бы не існавала расліннасці альбо яна была вытручаная нейкім выпраменьваннем ці хіміяй. Палохалі нават не столькі яго вочы, у якіх булькатала такое The Prodigy, што я міжволі ўскінуў рукі дагары, а падбароддзе і вострыя звярыныя вушы. Без сумневу ўзброены, ён наблізіўся да мяне і схапіў за руку крыху вышэй за локаць, і я, узмоклы, з уздыбленай на спіне поўсцю, ускрыкнуў, але не пагрозліва, а жаласна:
— Рукі! Рукі! Я сам пайду! Куды скажаце! — і пасля, ужо абсалютна лішняе, спалоханае: — Я ўсё зразумеў, не меў рацыі! Усё зразумеў!
I ён канваіраваў мяне, знаходзячыся на паўкрока злева і ззаду ад пляча, нібы бог смерці альбо сама смерць, да эстакады, дзе была забароненая паркоўка, таму стаялі толькі таксоўкі, міліцэйскія машыны і «хуткая дапамога». I я вырашыў, што правільна я не сядаў да таксістаў, бо сярод іх шмат Бацевых людзей, і мы паедзем з адным з іх. Але хлопец павёў мяне наўпрост да «хуткай» і адчыніў яе дзверы. Усярэдзіне сапраўды была карэта хуткай дапамогі — са скураной канапай, лаканічным бела-залацістым інтэр’ерам, плазменным тэлевізарам і стэрэасістэмай, з якой гучала
фартэпіянная саната Даменіка Скарлаці. На раскошнай італьянскай канапе, апрануты пад Дракулу, у жалобным чорным касцюме з белай кашуляй з каўняром-стойкай, напаўляжаў Баця. Я з палёгкай уздыхнуў, пабачыўшы яго, бо чамусьці падумалася, што мяне вядуць забіваць без усялякіх размоваў. Хлапец запіхнуў мяне ў машыну, паставіў на калені перад Бацем, а сам побач сеў на кукішкі, па-турэмнаму.
Баця грэбліва скрывіўся і вачыма загадаў яму сыходзіць, прашыпеўшы «садзюга». Зараз, згадваючы гэта, я перакананы, што ўсё было разыграна па нотах, і фокус з маім кленчаннем прыдумаў сам стары, каб напалохаць мяне і паказаць іншы бок пантэона, у параўнанні з якім нават Чупрыга — Дзед Мароз з рэкламы «Кока-колы». Хлопец адразу выскачыў з «хуткай», а стары паказаў мне на зэдлік па правую руку ад сябе і зрабіў выбачальны жэст — маўляў, то апрычнік перастараўся. Я адмахнуўся, маўляў дробязі — але ногі калаціліся так, што туфлі падскоквалі на падлозе. Застануся жывы. Пакінуць жыць.