Рэвалюцыя
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2020
Глава шаснаццатая, у якой я перамагаю, але перастаю разумець — каго
Наколькі ж соладка спалася ў маёй спальні з альковам, калі я быў звычайным вінцікам у механізме! Як пяшчотна і летуценна мне засыналася! I як лёгка было прачынацца, ведаючы, што калі няма новага CMC, ад мяне і не трэба нічога! Такая гаючая пустэча ў галаве! Ці не праз яе ўтвараецца тая самая воля да падпарадкавання, пра якую кажа Баця? Ці не таму жонка падпарадкоўваецца мужу, а муж — ейнаму абцасу? Ці не таму чалавек уладкоўваецца на працу ў офіс, каб менеджар піў замест яго антыдэпрэсанты? Сапраўдная свабода — гэта падпарадкаванне, гэта калі маеш дазвол выконваць чужыя загады. Бо існая свабода—гэта свабода ад сябе. Ад сумневаў. Ад ваганняў. Ад бяссоння. Свабода каралёў — гэта свабода ад загадаў кагосьці іншага, але не ад сябе ды ўласных страхаў. Болып жорсткагадыктатара, чымунутры нас, не існуе.
Але, запланаваўшы рэвалюцыю, я пачаў мацней стамляцца, часцей варочацца ўначы, блукаць па пустых пакоях і, згадваючы архітэктурныя тэрміны, глядзець у вокны і гартаць альбом «Маскоўскі канструктывізм» — абы збегчы ад унутранага дэспата з мярзотным характарам, які дасылае на свой нумар CMC з дзіўнымі даручэннямі, што супярэчаць самі сабе. Зразумеўшы, як шмат існасцяў унутры нас, я піў гарбату з уласным «яно» і перашэптваўся са сваім «звыш-я», пераконваючы яго не злаваць праз усё тое, што я задумаў. Зрэшты, гэтаўсё было дзеля той, каго я кахаў.
Уначы, напярэдадні паўстання, я і вока не злажыў — мяне адольвалі сумневы, мозг дэманстраваў, як проста ўсё можа выйсці з-пад кантролю. Адно тэлефанаванне. Адзін недакладны стрэл. I самае жахлівае — нічога не залежала ад мяне, бо ўсё было ўскладзена на плечы выканаўцаў, якія могуць і забыцца, і памыліцца, і схібіць. А яшчэ я ведаў зашмат... Ад Ганны я даведаўся, дзе знаходзяцца і за што адказваюць найбольш уплывовыя асобы арганізацыі. I я згадваў Бацю, які спіць у вазку, уяўляў Чупрыгу ў спартовай зале і саму Ганну, якая папраўляе плед на нагах Баці, ужо ведаючы пра мае планы. Мне было неспакойна і роспачна.
Я прахапіўся раніцай пасля шкляной бессані, агаломшаны цішынёй, і пачаў апранацца — старанна зашпільваючы кожны гузік, намагаючыся выпрастаць кожную складку на кашулі. Я палохаўся любога гуку. Навату момант, калі аб ракавіну грукаў кубак, з якога я толькі што піў.
Мой строй пасаваў і забойцы імператара, і таму, хто гатовы заняць ягоны пасад. У пінжаку быў патрапаны канверт ад Баці. I я нават думаў, ці не ўскрыць яго зараз. Бо можна ж не вяртаць. I пагадзіўся сам з сабой, што, раз Баця так дбаў пра мяне і нагэтулькі многаму навучыў, я выканаю яго апошнюю просьбу і вярну некранутым ліст з размазаным сургучам.
Ігнаруючы ліфт, я каменнымі крокамі сышоў па сходах, назіраючы, як паступова набліжаюцца дрэвы, паркоўка, зямля і рака. 3 рэчаіснасці нібы знялі абалонку, і яна лепей трапляла ў вочы, закранаючы асноўныя органы пачуццяў: сонца свяціла так нясцерпна, быццам наблізілася да зямлі, а зеляніна зіхацела смарагдам, пераконваючы забыць пра трывогі, легчы на лавачку і слухаць спевы птушак, якія так па-маскоўску сакавіта расцягваюць свае пошчакі. Зрэшты, гэтае нервовае збочванне паступова мінала — зашмат адрэналіну было ў крыві.
Стрэл «Аўроры» быў прызначаны на 15:00, але найперш маю «Аўрору» патрабавалася зарадзіць і праінструктаваць матросаў. Гэтую далікатную місію я меў намер даверыць самому сабе, але зразумеў, што магу не даць рады. Таму, не доўга думаючы, абраў у якасці выканаўцы Сашу, таго сама-
га дэманічна спраўнага Сашу, нядаўна далучанага да кола ўсёдазволенасці. Самая галоўная думка, перанятая ад Баці, што чымменейчасунаразвагі прадаручэнне,тым большая верагоднасць, што яно будзе выкананае. I чым далікатнейшае даручэнне, тым меней мусіць быць часу на ваганні.
Маё ландо спынілася каля Сашы Чубакова ў 14:45, і я, апусціўшы шкло, запрасіў яго ўсярэдзіну. Кіроўца, дарэчы, і не падумаў выходзіць — «гаспадар» жа на месцы. Саша з празмерна захопленым, як у рэкламе, тварам сеў насупраць. Я глядзеў на яго вачыма прадзюсара, які толькі што адшукаў у падваротні рэпера з падлеткавым голасам, узважваючы, ці атрымаецца з яго хаця б Цімаці, альбо варта ў дадзеным выпадку планаваць яму кар’еру Сасо Паўліяшвілі. Прынамсі, неяк так усё выглядала для самога Сашы. Насамрэч я думаў, што перада мной — трапяткі мятлік, сціснуты ў маіх далонях, малады чалавек з яшчэ не сапсаванай душой, якому трэба даручыць такое. Найбольш складаным было проста пачаць размову.
I я пачаў, як Баця, з е2-е4: з расповеду прытчы, максімальна далёкай ад асноўнай тэмы. Зрэшты, апавядальнік з мяне такі сабе, і аповед атрымаўся адпаведны:
— Зазвычай уладу ўяўляюць як піраміду, вяршыню якой займае кіраўнік, а ніжэй за яго — падначаленыя. Мяркуецца, кіраўнік транслюе ўніз нейкі загад, і ён выконваецца тымі падначаленымі. Але, — я зрабіў паўзу: здаецца, чым дурнейшае ўсё, што кажаш, тым больш эфектнымі мусяць быць паўзы, — на мой погляд, традыцыйную піраміду ўлады трэба перакруціць вакол ейнай восі так, каб вяршыня, разам з самім кіраўніком, была ўнізе. Тады кіраўнік, працягваючы дыктаваць сваю волю, будзе рабіць гэта ўжо не ўніз, а наверх. Разумееш, для чаго так? — я нахіліўся да яго і падсумаваў голасам Дыяклетыяна, які збіраецца вырошчваць капусту. — Бо тады на яго ціснуць усе, хто падпарадкоўваецца. I ён адчувае на сваіх плячах цяжар усёй сістэмы. Звычайны чалавек робіць тое, што лічыць патрэбным, несучы адказнасць толькі за сябе. А чалавек улады выконвае загад, а нясе адказнасць за гэта той, хто стаіць вышэй. Тобок кіраўнік адказвае за ўвесь ланцуг, за ўсе індывідуаль-
ныя памылкі і пралікі. Заўсе чалавечыя глупствы. Разумееш? — хацелася дадаць «якая афігенная адказнасць», але я вырашыў адцяпер размаўляць вельмі правільнай літаратурнай мовай, быць з усімі ветлівым і халодным звышчалавекам. — Калі нашы кіраўнікі скардзяцца, як ім цяжка і складана, якую ношу яны нясуць — мы смяёмся. Бо ведаем маргінальны складнік іх працы: суцэльная ўсёдазволенасць, жанчыны, маёмасць. Ну, ты ведаеш. Але, пакуль не ўзлятаеш туды, — пераймаючы Бацю, я паказаў на неба, — ты не можаш зразумець простую ісціну: шлях да ўлады ёсць лесвіцай, якая вядзе не наверх, аўніз. Ці гатовы ты, мой сябра, да такога пакручастага і несалодкага лёсу?
— Гатовы! — усклікнуў Саша, і яго шчокі паружавелі. Ён яшчэ і ледзь не ўскінуў руку ў піянерскім вітанні. Падобна, працэдура далучэння яго да кола сяброў была менш урачыстая, чым у мяне, і ён успрымаў нашу размову як працяг цырымоніі. I лічыў мяне, а не Бацю кіраўніком усёй нашай шарашкі. Ну, яно так і лепей.
— Ну, тады ў мяне ёсць для цябе, Саша, першая вельмі сур’ёзная задача.
Ён заківаўгалавой, паказваючы, што дасць рады.
— Ці страляўты калі-небудзь з агнястрэльнай зброі?
Яго ані кроплі не здзівіла маё пытанне. Ён абсалютна не жахнуўся, як зрабіў бы на ягоным месцы я. Цікава, колькі яму гадоў? 3 выгляду васямнаццаць — узрост, калі на Каўказе каштуюць кроў.
—Так, адзінраз. На зборах у школе. Усіх хлапцоў адвезлі на палігон, выдалі па дзевяць патронаў для «Калашнікава». Трэба было пацэліць у роставую мішэнь са ста метраў. Я трапіў двойчы.
Ён ганарыўся тым, што ўмее страляць.
— Выдатна, Саша. Слухай сюды. Зараз ты вылезеш з машыны і пойдзеш у гэты будынак, — я паказаў на зашклёны фасад, уваход быў праз дарогу ад машыны. — Ты ўздымешся на трэці паверх і пойдзеш направа. Праз камутатар спытаеш Чупрыгу. Запомні гэтае імя. Скажаш Чупрыгу выйсці да цябе.
Саша кіўнуў. Ягоны тэлефон піскнуў і ён, адкрыўшы паведамленне, прачытаў і паказаў яго мне — які паслухмяны! — «Прымі Міхаіла». На гадзінніку тэлефона было 14:55. Сяргей паведамляў Сашу, што мая просьба з’яўляецца і просьбай пантэона. Я мог загадваць яму афіцыйна.
— З’явіцца мажны мужчына. Скажаш ісці за табой. Спусцішсяўніз. Сядзеш у гэтую машыну. Мяне не будзе, а шафёр папярэджаны і ведае, куды адвезці і што рабіць. Сядзеш на маё месца. Ён павінен сесці побач, вось тут, злева, зразумеў? He насупраць, як сядзіш зараз ты, а побач з табой, бо тут браня, будзе... Ну, падрабязнасці не патрэбныя. Такім чынам, ты сядзеш тут, а Чупрыга побач.
Ён запамінаў, дробны, худзенькі, як дзіўнаЧупрыгу будзе падпарадкоўвацца гэтаму дзецюку. Як бы ён не западозрыў што-небудзь.
— Саша, — сказаў я з іншай, бацькоўскай, інтанацыяй. — He трэба так разгублена сядзець. Сядзь роўна. Распраў плечы. Ты зразумей, Саша, паведамленне, якое вось-вось атрымае Чупрыга, дае табе над ім суцэльны кантроль. Таму трымайся спакойна і ўладна, і гэты бык зробіць усё, што ты скажаш. He саромейся і не губляйся — а іначай усё сапсуеш, зразумеў?
Саша сеў роўна, але ўсё адно выцягваў шыю, слухаючы мяне.
—Аўтамабіль павязе вас адсюль даХітроўкі. Калі выедзе на Салянку, падрыхтуйся, значыць вы ўжо блізка. Адтуль ён паверне на Падкалакольнік, там вы трапіце на скрыжаванне. Справа будзе трохпавярховы дом з аркай, ты зразумееш, што вы ўжо ў ёй, калі аўтамабіль пачне поўзаць тудысюды, выварочваючы колы, — тут база амаль 6 метраў, а арка ўпрытык па шырыні. Аўтамабіль заедзе туды і спыніцца на нежылым двары, і ўваход у яго будзе перакрыты задняй часткай аўтамабіля, выпадковы мінак туды ўжо не трапіць. Дзверы пад’езда будуць прыціснутыя таксама, хоць у тым пад’ездзе нават бамжоў няма, я правяраў. Калі аўтамабіль спыніцца, апусціш шкло каля Чупрыгі. Саша, вельмі важна, каб ты адкрыў акно на максімум, інакш можа здарыцца бяда, ты зразумеў? Пасля павернешся да Чупрыгі (не размаў-
ляй з ім да гэтага) і папросіш у яго пісталет. Чупрыга дастане з кішэні васьмізарадны макараў. Вазьмі яго ў правую руку, павярні яго ручкай уверх і паглядзі, ці ёсць у ім абойма. Калі абоймы няма, папрасі ўставіць і спытай, як здымаць з засцерагальніка.
Саша паматаў галавой, бо не паспяваў сачыць за думкай, і я сказаў прасцей:
— Саша, трэба папрасіць у Чупрыгі пісталет і спытаць, як падрыхтаваць яго да стральбы, зразумеў?
— Зразумеў, — бязгучна сказаў ён.
— Калі патрон будзе ў патронніку, а засцерагальнік зняты — выцягнеш руку перад сабой і зробіш выгляд, быццам прыцэльваешся. Вось так, — я паказаў. Няўжо гэтае птушаня не гуляла ў шутары і не ведае, як абыходзіцца з пісталетам? — паводзіш ствалом па салоне, трымаючы мушку. Пасля гэтага рэзка павернеш ствол да акна, і на лініі агню будзе галава Чупрыгі. Бачыш, як тут паднятыя спінкі сядзенняў? Амаль 90 градусаў, адмыслова, каб ён не адкінуўся назад, не сышоў куды-небудзь. I тады ты стрэліш яму ў скронь.