Рэвалюцыя
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2020
Я ўважліва зірнуў яму ў вочы. Hi страху, ні сумневу. Я казаў, што трэба зрабіць, і CMC на тэлефоне сведчыла, што выконваць трэба любое даручэнне. Да таго ж ён лічыў мяне прарокам, а сябе маім вучнем. Я праглынуў падрыхтаваныя словы, наколькі кепскі той чал авек, якога трэба забіць. Мне думалася, што ў Сашы пасля майго даручэння выцягнецца твар, ён скажа, што ні ў якім разе не будзе выконваць такое заданне, ірване дзверы, каб выйсці, і можа нават выскачыць з машыны, а мне давядзецца яго наганяць. Але не, ён сціпла чакаў на далейшыя загады. Я сапраўды недаацэньваўволю да падпарадкавання. Заставалісядэталі.
— Пісталет Макарава страляе кепска. Кулі ляцяць у розныя бакі. Прыцэльная далечыня паводле дакументаў — 50 метраў. Але і з дваццаці можаш не пацэліць. Але ў тваім выпадку адлегласць — менш за метр, таму павінен трапіць. Разлік тут на раптоўнасць, бо твая цэль не будзе чакаць стрэлу. Могуць спрацаваць у апошні момант нейкія звярыныя інстынкты, ён можа нахіліцца ўніз і схапіць за ствол —
тады намагайся стрэліць хоць куды ў яго бок, праз далоні, як заўгодна. Так, каб яго паралізавала ад болевага шоку і была магчымасць працягнуць місію. Пасля першага стрэлу ў галаву часам чалавек яшчэ працягвае рухацца, нейкія цэнтры ў мозгу могуць падаваць імпульсы, ён можа нават захаваць магчымасць да барацьбы, таму пажадана, каб стрэлаў было адразу два. Глушыльніка на макараве не будзе, бахне вельмі гучна, будзь да гэтага гатовы. I яшчэ: курок там у яго тугаваты, — мне здавалася, я ведаю ўсё пра гэты макараў, я памятаю колер рукаяткі, памятаю пяціканцовую зорку, знак Сатаны, на ёй, памятаю пах стрэляных гільзаў, памятаю, як б’е па вушах першы стрэл. — Спачатку ён ідзе з цяжкасцю, а потым рэзка спрацоўвае спускавы механізм. Руку можа тузануць, таму бяры крыху ніжэй. Кіроўца, як ты разумееш, наш чалавек, пры ім можна рабіць усё, што заўгодна, — у гэтым я не быў так упэўнены, але часу на тое, каб скарыстацца яго пільнасцю, у Баці пасля гэтага залпу «Аўроры» будзе няшмат. — Пасля гэтага патэлефануеш мне і скажаш: «Справа зробленая». Калі нешта пойдзе не так — ну падумай тады, што мне сказаць. Я баюся, зрэшты, што, калі нешта пойдзе не так, ты наўрад ці захаваеш здольнасць гаварыць, бо чалавек, да якога я цябе пасылаю, прафесійны забойца, — я вырашыўяго напалохаць не для таго, каб ён выканаў даручэнне, у гэтым сумневу не было, а для таго, каб выканаў акуратна. — Патэлефанаваўшы, зачыніш акно і загадаеш кіроўцу ехаць. Ён павязе цябе да рэстарана. Там ты мне, магчыма, спатрэбішся зноў з зараджаным пісталетам, таму далёка яго не хавай, засунь ва ўнутраную кішэню пінжака. Пытанні?
Саша паціснуў плячыма, быццам вырашаў нескладаную задачку на логіку, таму варта прадугледзець усе опцыі. I ён праявіўпільнасць, спытаўшы голасам выдатніка:
—А раптам спыніць міліцыя па дарозе?
— Саша, міліцыя ў Маскве такія машыны не спыняе, — запэўніў я, — Ведай, пасля стрэлу можа пырснуць крывёй на твар і на рукі. Вось тут вільготныя сурвэткі. Чупрыга... Ну, значыць... Так, хай застаецца ў машыне, мы з ім пасля
разбяромся. Галоўнае — адразу тэлефануй і імчы да Цвярскога.
—Усё зразумела, — Саша шырока і добразычліва заўсміхаўся, быццам я інструктаваў яго перад спаборніцтвамі па скачкахуваду.—He пераймайцеся, МіхаілАляксеевіч, явас не падвяду.
Я паляпаў яго па плячы задубелай далонню — падобна, я хваляваўся мацней за яго — і ўсміхнуўся ў адказ, але ў маёй усмешцы была толькі міміка. Хлопец ішоў па смерць — сваю ці чужую, забіць ці памерці. Было няўцям, як пры гэтым можна ўсміхацца. Мне хацелася хапаць паветра вуснамі, бо паветра ў гэты дзень у Маскве бракавала. Ён з удзячнасцю кіўнуў у адказ на маё «Ну, наперад!», выскачыў з машыны і рушыў да будынка. Я звярнуўувагу на яго лапаткі, што распіралі пінжак, нібы крылы, якія маглі б вырасці, але не без майго ўплыву схаваліся пад скуру. Адзначыў і камічныя худыя, нібы ў коніка, плечы ды тонкую шыю — такі вось выканаўца заходзіў у будынак на Марасейцы. Але ўсё было разлічана пахвілінах, і адсюль вельмі блізка ехаць да Салянкі, таму Саша мусіць даць рады і паспець да 15:35, калі на ўсе сродкі сувязі пантэона, уключна з Чупрыгавым, прыйдзе паведамленне, што Чупрыгі болей няма.
Мне трэба было сыходзіць і чакаць. Вільнуўшы ў адзін з завулкаў, я павярнуў яшчэ раз і хуткім крокам накіраваўся да Цвярскога бульвара, да якога можна было дабрацца пешкі за гэтую гадзіну, што заставалася да агульнага збору.
Вось Саша ідзе з Чупрыгам уніз — якія паміж намі цікавыя манекены з абыякавымі тварамі ў вітрынах! — і яны сядаюць у аўтамабіль, каб рушыць да Хітроўкі. А я заходжу ў кавярню, падобную да пячоры, што вядзе ў цёмную падваротню, каб замовіць эспрэса і шклянку вады. Вось яны едуць па Салянцы, і Чупрыга спрабуе жартаваць з Сашы, a ён глядзіць на падлогу проста перад сабой, як на маіх лекцыях, з засяроджанасцю будысцкага манаха. Магчыма, ён ледзь прыкметна ўсміхаецца, думаючы, як неўзабаве пацешыць свайго настаўніка. Вось яны паварочваюць да той самай аркі. А смак у маёй кавы акурат такі, як я люблю, і эспрэса быццам павольна спаўзае ў нутро, да самага
сэрца, вымушаючы яго мітусліва скакаць па ўсёй грудзіне. Чупрыга, крывячыся, тлумачыць Сашу, як правільна трымаць пісталет, імаверна, прыгаворваючы «ну ты дэбіл!», «ты чо, тупы?», хоць і бяскрыўдна, бо для яго гэта амаль кампліменты. Вось ён вучыць сумяшчаць прыцэльную планку з мушкай, паказвае, дзе засцерагальнік і як ён працуе. Вось ён расслаблена адкідваецца на скураное сядзенне, з асалодай назіраючы, як правільна Саша трымае зброю і цэліцца па салоне. А я выходжу прэч з кавярні і зліваюся з людской плынню, ды нехта крычыць мне нешта дзіўнае пра «залп» — «залпаці» або неяк так. Ах, тут усё зразумела, гэта я, задумаўшыся, не заплаціў і выйшаў. Але залп ужо сапраўды мусіў прагучаць—два гучныя стрэлы, што б’юць па вушах. I кіроўца, напэўна, здрыгануўся, хоць я папярэдзіў яго, каб не здзіўляўся, бо ўсё ўзгоднена, а ён, трымаючы мне дзверы, усім сваім выглядам паказваў, што прасіць не здзіўляцца ў яго — усё адно што прасіць не здзіўляцца попельніцу, трансмісію ці стырно. Саша павінен тэлефанаваць ужо. Што там адбываецца? Чаму ён маўчыць?
Я зноў адчуў, што не магу дыхаць, што мне бракуе паветра. Але цяпер гэта тлумачылася лёгка: я зразумеў, што амаль бягу па Срэценскім бульвары. Трэба супакоіцца. I я спыніўся і доўга дыхаў як мага глыбей, як мусіў бы дыхаць Саша, перш чым націснуць на курок. Чаму ён не тэлефануе? Было 15:15, і ўсё ўжо мусіла адбыцца. Яшчэ крыху—і Чупрыга даведаецца, што яго зліваюць, прачытаўшы CMC. Трэба неяк дзейнічаць, і я прыхіліўся да сцяны, запэцкаўшы пінжак, у якім зрабіл ася занадта горача, і думаў, што і як зараз можна зрабіць. Патэлефанаваць Сашу? Калі ён нежывы, Чупрыга пачне высвятляць, хто яго даслаў, а без Пеці Вікенцьевіча пра гэта не так проста даведацца — мой жа званок на тэлефон у мёртвай руцэ раскрые ўсё імгненна. Як я ўсё растлумачу? Ну, добра. Можна, пакуль не позна, у «Шарамеццева», на бліжэйшы рэйс, бо ўжо не адсочваюць, і таму я мог бы збегчы з краіны.
Але тут, у гэтым віры думак, у якіх не было аніякай паслядоўнасці, узнавілася галоўная нота, за якую я так трымаўся апошнія дні, нота, якая страціла сваю прывабную
крыштальнасць, але тады—усё дзеля яе і ўсё для яе... У віры думак згадалася тваё, Воля, імя. I ўзнікла думка, што нават калі збег абставінаў будзе такім, што мяне заб’юць, то — у імя цябе. А так не страшна, так, значыць, трэба, так я згодны. I я вырашыў патэлефанаваць Чупрыгу, але тут жа зразумеў, што не ведаю ягонага нумара. I я ў гарачцы, адчуваючы, як зямля сыходзіць з-пад ног, адчуваючы, што ўжо ўсё скончылася і надзеі няма, набраў нумар Сяргея. Ён доўга не адказваў, а калі адказаў, зрабіў выгляд, што не пазнаў мой голас. Калі я спытаў нумар Чупрыгі, ён ускрыкнуў «Бля!» і кінуў слухаўку. А з тралейбуса, у чорным пінжаку на два гузікі і шэрай кашулі, на мяне выступіў Чупрыга. Я адхіснуўся і, ударыўшыся спінай аб слуп, невыразна ўскрыкнуў, адчуваючы, што губляю здольнасць крычаць, і праз гэта зрабілася жудасна. I мужык з тралейбуса быў, вядома, не Чупрыга, а нейкі былы спартсмен, які, пракладваючы дарогу цяжкім пузам, змерыў мяне позіркам і адразу пра мяне забыўся, заўважыўшы нейкага знаёмага з бутэлькай «Арсенальнага». Тэлефон у маёй руцэ дагадліва мяўкнуў, і на маніторчыку засвяцілася фатальнае «Чупрыга далей не едзе»—прысуд планам, бласлаўлёным тваім імем.
Апусціўшы вочы, я зноў заўважыў выратавальныя расколіны на асфальце і пайшоў па іх. Яны выводзілі мяне пад колы машын, якія паспявалі затармазіць з невыносным віскам, сутыкалі мяне з мінакамі, але ўсё-ткі паволі выводзілі мяне да Цвярскога бульвару. I калі заставалася толькі павярнуць і абысці апошні будынак, калі на гадзінніку было 15:40, тэлефон зазваніў і нібы сам заскочыў на маё плячо, пад правае вуха, і ў ім было чуваць жыццярадасны голас Сашы.
— Га?—не расчуў я.
— Справа зробленая! — крыкнуў ён узрадавана і паўтарыў: — Справа зробленая!
—Так доўга?—здзівіўся я.
— Я папрасіў кіроўцу ў краму заехаць. Набыў пакеты, скотч, падрыхтаваў усё, каб пасля не важдацца. Ну, і, — Саша сапраўды быў нейкім дэманам, які не проста мае вытрымку ў сітуацыі, калі б я стагнаў ад жаху, а не мае патрэбы
ў вытрымцы наагул. Ён жыў паводле законаў, дзе вытрымкі не існавала, вось гэтак жа, напэўна, і здавалі сваіх бацькоў-кулакоў піянеры-героі. — Ну, і ён, кхм-кхм, падцякаць пачаў, а ў вас у салоне пакрыццё рэдкага адцення, вы ж ведаеце. Таму я вырашыў зрабіць вам прыемна, падклаў тут цэлафан, заматаў рану, каб кроў не цякла. Яго трэба будзе проста вынесці акуратна. Таму я і не пазваніў адразу, каб тэлефон не запэцкаць.
— Саша, справа зробленая? — спытаў зноў я. Нешта здарылася з маёй здольнасцю разумець.
—Так, так, Міхаіл Аляксеевіч. Зробленая, яшчэ як зробленая! Там толькі не макараў быў а стэчкін, а з чаго вы ўзялі, што макараў будзе? — і сапраўды, з чаго я ўзяў? — Ну ці іншы нейкі пісталет, са ствалом такім падоўжаным. Ну і вось, язяго...
— Саша, я ўсё зразумеў, давай не па тэлефоне, — спрацавалі рэшткі асцярожнасці. — Давай на месцы, згодна з планам.
—Так-так! Пад’язджаем!