Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў  Іштван Эркень

Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў

Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
44.69 МБ
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Іштван
Эркень
СЯМ'Я ТОТАЎ
ВЫСТАЎКА РУЖАЎ
АПОВЕСЦІ
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1985
Н (Венг) Э 78
Пераклад зроблены з выдання:
Эркень Н. Йзбранное (Пер, с венгерск.).— М.: Худож. лнт., 1981,—351 с.
Пераклалі Мікола Гіль і Ліна Каўрус
4703000000—155 17Ц_ЙЧ М 302(05)—85
©Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1985.
СЯМ’Я ТОТАЎ
Калі змяя (рэдкі выпадак) праглыне сама сябе, ці астанецца пасля яе пустэча? I ці ёсць сіла, якая б змагла вымусіць чалавека праглынуць сваю чалавечую сутнасць, да апошняй макавінкі? Ёсць ці няма? Ёсць? Хітрае пытанне!
Ліст з фронту
«Дарагія мае бацька, маці і Агіка! Учора я даведаўся, што наш горача любімы камандзір, пан маёр Вара, едзе на радзіму на двухтыднёвы адпачынак у сувязі з пагаршэннем здароўя. Я адразу ж паспяшаўся да яго і паспрабаваў угаварыць, каб ён адмовіўся ад шумнай, пыльнай кватэры малодшага брата і выкарыстаў гасціннасць маіх ласкавых бацькоў, але ён адмовіўся ад запрашэння, спаслаўшыся на тое, што са сваімі сапсаванымі нервамі не хоча нікому рабіць турботы. I праўда, праз вялікія непрыемнасці, якія прычыняюць партызаны, наш горача любімы камандзір пан маёр пакутуе ад цяжкай бяссонніцы і да таго ж вельмі чуйны да пахаў. Адных пахаў ён проста трываць не можа, іншыя ж, напрыклад, хвойны водар, яго супакойваюць. На шчасце, я ўспомніў, што кватэра яго сваякоў побач з заводам, на якім перапрацоўваюць розную здыхляціну. Я зноў пабег да пана маёра і апісаў яму наш дамок у Матрасентане, заліты сонцам сад, від на Бабонь, пяшчотны сасновы водар, які напаўняе ўсю даліну, і — уявіце сабе! — пан маёр прыняў запрашэнне. Ен выедзе, калі партызаны да таго часу пакінуць нас у спа-
«Мастацкая літаратура», 1982.
коі, на пачатку наступнага тыдня. Можаце ўявіць, што гэта азначае для мяне! Эшалон з адпускнікамі адыходзіць з Курска, і пан маёр абяцаў, што мне дазволяць правесці яго з батальённай машынай. Божа, гэта ж я змагу памыцца ў лазні!»
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Матрасентана — гэта маленькая вёсачка ў гарах. Каналізацыі там няма. Каб падвесці ваду да прыбіральні, трэба спецыяльна бурыць свідравіну і ставіць помпу. Гэта мог дазволіць сабе толькі прафесар Цыпрыяні, адзіны ў вёсцы ўладальнік вілы. Астатнім жа пра гэта і думаць не даводзілася.
У тым ліку Тотам. У Тотаў, як і ў іншых сціплых жыхароў вёскі, на гэтыя патрэбы была адна звычайная будка.
На шашы перад домам Тотаў стаяла, распаўсюджваючы смурод, асенізатарская бочка, ад якой рабрысты шланг таўшчынёй з руку цягнуўся цераз дашчаныя веснічкі па кустах вяргіняў, паўз сцяну дома, проста да запаветнай будкі, што прытаілася ў густой засені.
— Ну, дык што — пампаваць ці не пампаваць? — пытаўся ў Лаёша Тота гаспадар асенізатарскай бочкі.
— У залежнасці ад таго, пахне тут ці не пахне; але ж сам я так прывык да гэтых пахаў, што галоўнае слова ваша, пан доктар,— адказваў Тот.
Гаспадар бочкі заплюшчыў вочы і некалькі разоў глыбока ўцягнуў паветра. Пасля ён сказаў:
— Я буду шчыры. Вось у гэты момант пах з вашай прыбіральні, пан Тот, крыху разкаваты, але не сказаць каб непрыемны.
— Калі ёсць пах, тады давайце пампаваць,— сказаў Тот.— Бо гаворка ж ідзе пра жыццё нашага Дзьюлы, шаноўны пане доктар.
Гаспадар бочкі меў тытул доктара юрыдычных на-
вук, але чыстка прыбіральняў давала яму даход удвая большы, чым адвакацтва. Доктар задуменна нюхаў паветра.
— Нялёгка быць разумным, дарагі пан брандмайстар. Дапусцім, я пачну пампаваць. Як будзе праходзіць працэс? Маса ўскалыхнецца, і дарэмна буду я даставаць змесціва з ямы, я толькі пагоршу становішча, замест таго каб выправіць яго. А цяпер, пакуль маса знаходзіцца ў стане спакою, падсохлы верхні пласт у значнай ступені перашкаджае распаўсюджванню пахаў.
— Дык што ж тады рабіць, паважаны пан доктар?
— Мне думаецца, з дзвюх бед трэба выбіраць меншую. Узнікае пытанне, у якой ступені чуйны да пахаў гэты маёр. Што паведамляе ваш дарагі сынок?
— Дзьюла піша толькі, што чуйны.
— Тады якія ў вас падставы думаць, што гэты пах будзе нерваваць маёра?
— Быў выпадак, калі адзін наш кватарант скардзіўся на пах,— прызнаўся заклапочаны Тот.— А ён жа быў зусім не маёр, а ўсяго толькі праваднік спальнага вагона.
— Дарагі пане брандмайстар! — пасля нядоўгага роздуму вымавіў гаспадар помпы.— Скажу вам шчыра. Я і без таго не прывык уводзіць у зман сваіх старых кліентаў, тым больш у такой далікатнай і важнай справе. Становішча такое, што з моманту пампавання і да поўнага знікнення паху — калі ўвогуле бываюць прыбіральні зусім без паху — неабходна, як мінімум, чатыры-пяць тыдняў. Ці маеце вы такі час да прыезду госця?
— Ён прыедзе з самым першым эшалонам адпускнікоў.
— Тады лепей нічога не чапаць.
— Вельмі ўдзячны вам за разумную кансультацыю,— сказаў Тот.— Дазвольце спытацца, колькі я вам павінен?
— Плата бярэцца выключна за карыстанне помпай,— адказаў гаспадар асенізатарскай бочкі.— Кансультацыі я даю бясплатна.
* * *
3 Матрасентаны на Эгер першы аўтобус адыходзіць у 5.30 раніцы. (Ёсць і яшчэ два рэйсы: у 13.20 і ў 18 гадзін.) Тотава жонка выправілася ў горад дзённым аўтобусам і адразу ж падалася да кінатэатра «Апалон».
У фае было пуста, толькі ля касы сядзеў нейкі лысаваты мужчына, не інакш — пан Асадзі, новы гаспадар.
— Дазвольце пацікавіцца, ці не вы будзеце пан Асадзі?
— Але, гэта я. 3 кім маю гонар?
— Раней, яшчэ пры пану Бергеру, я прыслужвала тут.
— Гаварыце цішэй,— папрасіў новы гаспадар кінатэатра, бо ў зале ішоў сеанс, а дзверы з прычыны дзённай спякоты былі расчынены насцеж.— Напэўна, вы Тотне? Ці вы Марышка?
— Прозвішча маё Тотне, а завуць мяне Марышка.
— Дык, значыцца, вас успаміналі пад двума імёнамі,— шэптам сказаў новы гдспадар.^ Усе вас вельмі хвалілі.
— Вельмі прыемна чуць гэта, пан Асадзі. Дванаццаць гадоў я хадзіла да паноў Бергераў. Пані ела кашэрную страву, а гаспадар прызнаваў толькі французскую кухню; і я не толькі гатавала, але і прыбірала.
— I вы хацелі б вярнуцца на ранейшае месца? — пацікавіўся новы гаспадар.— Гэта было б дарэчы, бо цяперашняя прыбіральшчыца баіцца цемнаты.
— Пакуль што не,— сказала Марышка.— Я цяпер бяруся толькі памыць што-небудзь, да таго ж мы чакаем у госці камандзіра нашага сына. Якраз у сувязі з гэтым
у мяне ёсць просьба да пана Асадзі. Пазычце нам, калі ласка, на два тыдні дэзадаратара.
— А што гэта такое? Якая-небудзь паравая машына?
— He, што вы! Раней, яшчэ пры пану Бергеру, мы карысталіся ім, каб асвяжыць залу пасля сеанса.
— Штосьці накшталт курыльніцы? — дапытваўся новы гаспадар.
— Хутчэй нешта накшталт веласіпеднай помпы,— шэптам растлумачыла Марышка.— Але на тыя два тыдні, пакуль у нас будзе госць, гэта пытанне жыцця і смерці: усё апырскаць хвойнай эсенцыяй.
— Дык бярыце,— велікадушна прашаптаў новьі гаспадар.— Хоць я нават не ведаю, ці цэлы ён.
— Раней, яшчэ пры пану Бергеру, ён заўсёды вісеў на вінтавой лесвіцы, што вядзе ў кінабудку.
— Пашукайце там самі, галубка,— сказаў новы гаспадар.— Толькі асцярожна, a то лесвіца рыпіць.
Марышка на пальчыках паднялася па вінтавой лесвіцы. Дэзадаратар вісеў на старым месцы, на тым самым цвіку, які тырчаў у сцяне яшчэ і пры пану Бергеру.
* * *
Адной з галоўных крыніц даходаў для жыхароў Матрасентаны была магчымасць здаваць пакоі. На жаль, служба пансіянатаў ІБУСа спасылаючыся на кепскую пітную ваду і адсутнасць каналізацыі, аднесла вёску да разраду С/2, гэта значыць, ці не да самай апошняй катэгорыі; і таму ў Матрасентану прыязджалі адпачываць звычайна безграшовыя чыноўнікі ды скупаватыя пенсіянеры. Прыезд маёра, нават на ваенны час, быў падзеяй надзвычайнай важнасці.
1 ІБУС — акцыянернае таварыства замежнага турызму і перавозак.
Ішло ўжо трэцяе ваеннае лета, і ў армію быў прызваны не толькі Тотаў сын, колішні настаўнік,— прыкладна ў шасцідзесяці працэнтах сем’яў хто-небудзь з блізкіх быў на фронце. Прыезд маёра абуджаў ва ўсіх невытлумачальную надзею, быццам адна ўжо прысутнасць госця ў вёсцы азначала нейкую абарону-засцярогу для ўсіх сыноў-салдат.
Але Агіка пра гэта не здагадвалася. Яна нават добра не ведала, што азначае слова «маёр». Самым высокім вайсковым чынам на ўсім белым свеце быў для яе брандмайстар Матрасентаны. Акрамя ўсяго іншага, яна была ў тым чуллівым узросце (ёй мінула шаснаццаць), калі дзяўчына нічога так не баіцца, як паставіць сябе ў смешнае становішча.
— He злуйцеся,— казала яна маці.— Але гэтага вы не можаце ад мяне вымагаць, мама.
Жыхары вёскі, каб лепш абслужыць прыезджых гасцей, часта выручалі адзін аднаго. Тотава жонка, у якой і без таго турбот было па завязку, усё пазапісвала на паперку, што ў каго павінна пазычыць Агіка (капу з кітайскім узорам — у Кастрынераў, форму на пудынг — у прыхадскога свяшчэнніка Томаі, жэлацін, каб зварыць студзень,— у кухаркі прафесара Цыпрыяні і гэтак далей і да таго падобнае). Але ж каб дзяўчына такога пяшчотнага ўзросту гойсала па вёсцы з недарэчнай лялечнай каляскай, выпрошваючы кучу бязглуздых рэчаў?! Такога не павінна патрабаваць ад дачкі ніводная матка!
У гэты момант і заспеў іх Тот.
Ён нават не спахмурнеў, толькі зірнуў на дачку.
— Пра што гэта вы гамоніце, дачка? — мякка спытаўся ён.
Агіка пачырванела. Там, дзе паяўляўся бацька,— зграбны, волатаўскага складу мужчына, у зіхатлівай пажарнай касцы, са спакойным, цярплівым паглядам,— усе праблемы рабіліся дробязнымі.
— Hi пра што, тата,— адказала Агіка.— Я іду памагаць маме.
Яна падхапіла ручку лялечнай каляскі і выправілася ў дарогу — не марудзячы, але і без асаблівага энтузіязму. Але ж што з гэтага выйшла?
Дзед і баба Кастрынеры, калі яна пятае праз дзесятае пераказала ім матчыну просьбу, страшэнна перапалохаліся.
— А што ж гэта за госць, для якога вам спатрэбілася капа?
— Нейкі салдат,— сказала Агіка і нават трошачку ступіла назад, паказваючы тым самым, што хто-хто, a яна да гэтага салдата не мае ніякага дачынення.
— Што за салдат?
— Нейкі маёр.
— А як трапіў да вас гэты маёр?
— Ён камандзір нашага Дзьюлы.
— Божа літасцівы! — здзівілася старая Кастрынерыха, у якой не толькі сын, але і пляменнік былі на ўсходнім фронце.— Ану, расказвай усё па парадку...
Агіка выправілася з дому ранічкаю, а толькі пасля абеду вярнулася назад. За гэты час каляска напоўнілася пазычанымі рэчамі, а сама Агіка стала цэнтрам усеагульнай увагі і зайздрасці. Яе зноў і зноў прымушалі пераказваць дзівосную гісторыю. Узрушаныя жыхары вёсачкі ад цікаўнасці гатовы былі разарваць Агіку на кавалачкі, частавалі яе самымі прысмакамі і прымалі ўрачыста, і ў выніку ўсяго гэтага Маёр, якога яна напачатку проста баялася, з кожнай гадзінай рабіўся істотаю ўсё больш прывабнай і ўсё больш станавіўся падобны на яе бацьку. Такі ж высокі і паважны. I плаўныя, мерныя рухі цюцелька ў цюцельку як у бацькі. А ўжо ж такі смелы! I такі шчодры! Нават прывычкі не мае насіць кашалёк. Папяровыя грошы параспіхваны ў яго па ўсіх кішэнях, проста так, скамечаныя ў жмут; калі трэба расплачвацца, ён, дай веры, раскідае паперкі