• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў  Іштван Эркень

    Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў

    Іштван Эркень

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 199с.
    Мінск 1985
    44.69 МБ
    — Якая чароўная маленькая ножка ў пана маёра! — заўважыў ён.
    — Зусім нармальная нага,— запярэчыў яму Тот, западозрыўшы няшчырасць.
    — Я і не казаў, што ненармальная,— прашаптаў завідушчы сусед.
    — Ты быццам зганіў яе.
    — I не думаў ганіць,— запратэставаў сусед, які, відаць, і тут не мог саўладаць са сваім кепскім характарам.— Я проста крыху здзівіўся, што ў такога чалавека, як маёр, і раптам такая нага.
    — Якая «такая»?
    — Я нічога не сказаў,— схлусіў чыгуначнік.— Зусім нармальная і здаровая нага.
    — Ты давай не мудры,— асадзіў яго Тот, зачыняючы дзверы.— Ва ўсіх маёраў такія ногі.
    Але стрэмка ўсё-такі засталася. Тот вярнуўся назад, прачыніў дзверы і пачаў разглядаць маёраў ступак, які быццам і не быў часткай чалавечага цела... Тады чыйго ж? Можа, яшчаркі, ці іншай халаднакроўнай істоты, ці такога стварэння, якога ён яшчэ зроду не бачыў... Тот хуценька зачыніў дзверы, сеў у шэзлонг, і тут, на шчасце, яго змарыў сон.
    Да таго часу, як маёр прачнуўся, Марышка вымыла, высушыла і адпрасавала яго мундзір, да бляску начысціла гузікі і ўсялякія знакі адрознення. Агіка ж мяккай анучкай начысціла маёравы боты, навяла бляск сваім гарачым дыханнем і слінай, як маці, што прыхарошвае толькі што народжанае жарабятка. Яна не пашкадавала часу і сілы, і стаптаныя, патрэсканыя боты аж заблішчалі, калі маёр выйшаў у іх на веранду.
    Выгляд у госця быў пахмурны.
    — На свіную кілбасу трэба пракручваць мяса? — спытаўся ён.
    — Трэба,— адказаў Тот.
    — Сасніў сон, быццам мяне выкралі партызаны і парашылі скруціць на фарш. Дасюль чую, як хрумсцеў у іх на зубах.
    — О божа! — жахнулася Марышка.— Што ж яны, выходзіць, спачатку асмеліліся абсмаліць глыбокапаважанага пана маёра?
    — Гэта было самае непрыемнае,— пацвердзіў маёр.— He лічачы вышэй згаданага факта, спаў я досыць добра.
    Гэта было і відаць. He толькі мундзір на ім зрабіўся болып імпазантны, але і сам носьбіт яго выдаваў куды больш спакойным. 3 маёравага пагляду знік выраз зацкаванасці, голас гучаў бадзёра, па-начальніцку. Ён з апетытам з’еў гуляш, кураня, выпіў кампот. А пасля багатай вячэры настрой яго зрабіўся настолькі добры, што ён выказаў жаданне агледзець ваколіцы.
    Як радаваліся Тоты, калі госць захапляўся, гледзячы на парослы лесам Бабонь і маляўнічую барталапошскую даліну! Нічога не схавалася ад яго пільнай увагі. Маёр адзначыў чысціню ў кватэры, пахваліў дагледжаны сад і быццам напоены сасновым водарам дом.
    Пад канец ён і зусім расчуліўся.
    — Дарагія Тоты,— сказаў маёр, калі яны вярнуліся на веранду,— я вельмі рады, што прыняў запрашэнне і прыехаў да вас. Пасля дзевяцімесячнага знаходжання на фронце ў вечным брудзе я адчуваю сябе цяпер так, быццам зноў нарадзіўся на свет.
    Ён падняў свой келіх і асушыў за здароўе адарванага ад роднай хаты Дзьюлы Тота. Цяпер надышла чарга расчуліцца Тотам.
    — Мы таксама шчаслівыя,— дрыготкім голасам пачала Марышка,— што вы зрабілі ласку прыняць наша, запрашэнне. А нам і ў сне не магло прысніцца, што ў нашага сына такі камандзір — ну проста залаты чалавек.
    — Пра яго вам абсалютна не трэба непакоіцца,— заявіў маёр,— Абяцаю вам, што, як толькі надыдуць халады, я прыкамандзірую яго да сябе. Там, пры штабе батальёна, які добра ацяпляецца, яму не толькі не
    страшны мароз, але і само жыццё яго будзе ў бяспецы.
    Маёр прыязна кіўнуў і падаўся ў свой пакой.
    Тоты не маглі вымавіць слова. Шматтыднёвыя хваляванні, непамерная стома, клопат аб тым, як найлепей прыняць дарагога госця, і вечная трывога за Дзьюлу нарэшце такі далі свой плён.
    — Вось бачыш, родны мой Лаёш,— уздыхнула Марышка,— ласка і дабрата робяць цуды.
    Пакрысе цямнела. Марышка прыхінулася да мужа і прыгарнула да сябе Агіку. Так яны прабылі некалькі шчаслівых хвілін. Над іх галовамі ззяла зорная жнівеньская ноч; Бабонь, быццам на ўсю сілу сваіх зялёных лёгкіх, дыхаў вечаровым халадком; у пакоі чуліся мерныя і спакойныя маёравы крокі. Тоты радаваліся, што маёр тут, побач, што ён двойчы падкладваў сабе фаршыраванага кураняці, што ён з асалодаю ўдыхае тонкі сасновы водар... Дзьюла, Дзьюла, каб толькі табе ўсё гэта пайшло на карысць! Каб толькі цёпла палілі ў штабе батальёна! Каб толькі не прабраліся туды партызаны! Дзьюла, Дзьюла, каб толькі не здарылася з табой бяды! Дзьюла, Дзьюла, каб толькі ты не замёрз!
    Можа, чвэрць гадзіны сядзелі яны на свежым паветры, у нямой цішыні, бо думалі, што госць лёг спаць. Яны стаміліся ад турбот і хваляванняў доўгага дня; Марышка ўжо сабралася была ісці слаць пасцель, ды Тоту заманулася пакурыць.
    Ён схадзіў у пакой па цыгарэтку і закурыў, з асалодаю ўдыхаючы тытунёвы дым. Яму прыносілі задавальненне гэтыя маленькія радасці жыцця: вечаровы халадок, зручнае крэсла, блізкасць родных, духмяна-даўкі смак цыгарэтнага дыму. У моманты, калі такія прыемныя адчуванні збіраюцца адно да аднаго, Тот любіў пацягнуцца і пакрактаць. У такіх выпадках ён найчасцей прыгадваў сваю маці.
    Вось і цяпер ён з асалодаю пахрустаў суставамі і прастагнаў:
    — Охо-хо-хо, мамачка ты мая родненькая, і навошта ты, бедная, мяне пакінула!
    У наступныя два тыдні ён больш ні разу не пацягнуўся з асалодаю і не застагнаў, таму што ў тое ж імгненне расчыніліся дзверы і на парозе ўзнік маёр.
    — Што здарылася? — спалохана спытаўся ён.— Параніла каго?
    — Нічога не здарылася,— крыху збянтэжыўшыся, супакоіў яго Тот.
    — Мне пачулася, быццам нехта стагнаў.
    — Гэта я стагнаў,— прызнаўся Тот.
    — I быццам нехта клікаў сваю маці...
    — Гэта таксама быў я,— сказаў Тот.
    Ён растлумачыў, збянтэжана ўсміхаючыся, што гэта ў яго такая звычка пацягвацца. I калі пацягваецца, ён стогне. Але зусім без аніякае прычыны. Стогне ад цудоўнага самаадчування.
    — Чаму я вельмі рады,— адчаканіў маёр.
    Ён змераў Тота паглядам і зноў знік за дзвярамі. Тоты засталіся адны. Ад нечаканасці яны не ведалі, што рабіць, але ўсё роўна нічога не паспелі б зрабіць, таму што ў дзвярах зноў паказаўся маёр. Ён двойчы абышоў вакол Тота, пасля спытаўся:
    — Ну, што новага?
    — Роўным чынам нічога, глыбокапаважаны пан маёр.
    — Вы ўсё яшчэ цудоўна сябе адчуваеце?
    — У мяне няма прычын скардзіцца на што-небудзь,— сказаў Тот.
    — А чаму вы сябе так цудоўна адчуваеце?
    — Чаму? — задумаўся Тот.— Ды проста так.
    Маёр уважліва агледзеў Тота з галавы да ног, ад чаго той надзвычай збянтэжыўся і адважваўся рабіць толькі неглыбокія зацяжкі, пакуль госць зноў не пайшоў у свой пакой. Аднак неўзабаве ён зноў выйшаў і зноў стаў разглядаць Тота.
    — Што-небудзь здарылася?
    — He, нічога не здарылася.
    — Але ж у вас не гарыць цыгарэта.
    — I праўда,— прызнаўся Тот.— Я яе патушыў.
    — Дык што, уласна кажучы, вы робіце тут, на верандзе?
    — Проста дыхаю паветрам.
    — I нічога больш?
    — Ды амаль нічога,— прызнаўся пасля кароткага роздуму Тот.
    Ці задаволіла госця такое тлумачэнне, так і не ўдалося высветліць. Але цяпер маёр ужо шпарчэй хадзіў сюды-туды па пакоі і куды хутчэй вярнуўся на веранду, чым тыя разы.
    — Паслухайце, Тот,— звярнуўся ён да гаспадара, які спалохана здрыгануўся.— Ці не маеце жадання згуляць партыю ў шахматы?
    — Вельмі шкадую, пан маёр, але я не ўмею.
    — Дык мо перакінемся ў «лорум»?
    — I ў картах я не кумекаю,— засаромеўся Тот.
    — Тады згуляем у даміно.
    Тот ужо ледзьве асмельваўся дыхаць.
    — Бяда ў тым,— нарэшце адважыўся ён,— што я наогул не разбіраюся ні ў якіх гульнях.
    Маёр з амаль непрыхаваным асуджэннем пайшоў у свой пакой. Нават крокаў яго больш не было чуваць. Ніводнага гуку не далятала з пакоя, і гэта надзвычай прыгнятала Тотаў. Яны сядзелі не варухнуўшыся, быццам іх зачаравала цішыня, што запанавала ў доме, і баяліся нават глядзець адно на аднаго.
    На гэты раз дзверы расчыніліся не хутка. Тот паспрабаваў быў адсунуцца разам з крэслам назад, бо госць падышоў упрытык і ўтаропіўся ў яго пранізлівым паглядам, але не змог.
    — Дарагі Тот,— пачаў маёр.— Спадзяюся, я не замінаю вам?
    — Аніколькі,— адказаў Тот.
    — Тады пагаворым шчыра. Ці няма ў вас адчування, што вам нечага не хапае?
    Тот задумаўся.
    — Хіба што мой вішнёвы муштук недзе прапаў, але я выражу сабе новы.
    — Я меў на ўвазе не ў матэрыяльным сэнсе. Я намякаў на згубныя вынікі бяздзейнасці.
    Тот разгубіўся. Ён запытальна паглядзеў на жонку, а тая, у сваю чаргу, няўцямна зірнула на яго, быццам чакаючы тлумачэння.
    — Я бачу, вы не разумееце,— зрабіў вывад маёр Вара.— Справа вось у чым, Тоты. У цёмным пакоі самы ціхі гук здаецца ў шмат разоў гучнейшы. Так і бяздзейнасць — яна ўплывае на ўвесь арганізм, як цемра на органы слыху. Яна ўзмацняе ўнутраныя шумы, выклікае міражы ў вачах і трэск у мазгах. Калі маім салдатам няма чаго рабіць, я заўсёды прымушаю іх зразаць і зноў ушываць гузікі ў штанах. Гэта іх выдатна супакойвае. Спадзяюся, вы разумеце, што я хачу сказаць?
    Тоты зноў пераглянуліся, яшчэ больш бездапаможна, чым раней.
    Крыху павагаўшыся, Марышка асмелілася:
    — Калі ў глыбокапаважанага пана маёра адарваліся гузікі, дык я з радасцю іх ушыю.
    — Вы зусім няправільна ўспрынялі мае словы,— незадаволена адмахнуўся маёр.— Скажыце мне, прынамсі, ці не знойдзецца ў доме добра зблытанай вяроўкі.
    — Ды напэўна знойдзецца,— узрадавалася Марышка.— А навошта яна спатрэбілася глыбокапаважанаму пану маёру?
    — Каб яе разблытаць! — раздражнёна растлумачыў госць.— Я не магу, як вы, сядзець без работы.
    — Дык чаго ж вы не зрабілі ласкі сказаць пра гэта раней? — звонка ўсклікнула Агіка, якая — ужо не nep-
    шы раз — лепш ацэньвала сітуацыю, чым дарослыя.— Мы з мамай ніколі не сядзім склаўшы рукі.
    — А чым жа вы займаецеся?
    — Вечерамі, калі іншага клопату няма, мы звычайна складваем кардонкі.
    Вочы ў маёра бліснулі.
    — Кардонкі? — паўтарыў ён. Пасля ўсклікнуў: — Страшэнна цікава! А што за кардонкі?
    У сувязі з абставінамі ваеннага часу вытворчасць фабрыкі перавязачных сродкаў «Санітас» у Эгеры павялічылася ў шмат разоў. Пры гэтым на фабрыцы працаваў толькі адзін аўтамат, які выпускаў упаковачныя кардонкі, і горы марлі, бінту і ваты не было ў што ўпакоўваць. I тады нямала бяднейшых людзей — нават паўяўрэяў — атрымалі лёгкую надомную працу.
    Тоты бралі з фабрыкі лісты кардону, Марышка па зацверджаным трафарэце разразала іх, а Агіка складвала з іх скрыначкі. Гаспадар дома ў гэты час звычайна проста сядзеў, курыў і з пяшчотнай усмешкай пазіраў на іх. Калі было ўжо позна, ён нават падрэмваў, і тады Марышка старалася не шумець станком-разаком. Станок атрымаў сваю назву дзякуючы таму, што пераплётчыкі аналагічным чынам абразаюць краі аркушаў; увогуле ж разак змайстраваў сам Тот з некалькіх дошак і сашмараванага кухоннага нажа, каб Марышцы зручней было выразаць загатоўкі з кардону.