Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў  Іштван Эркень

Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў

Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
44.69 МБ
— Спадзяюся, заўтра прадоўжым?
— Абавязкова прадоўжым,— запэўніла Марышка.
— Прыемных сноў! — развітаўся госць.
— Добрай ночы! — адказала Марышка, крыху запнуўшыся, быццам згубіла язык ва ўласным роце.
Госць пайшоў у свой пакой, а яны засталіся на сваіх месцах, бо іншае што не прыйшло ім у галаву. Ім наогул нічога болып не прыходзіла ў галаву. Тот паволі апусціў галаву на грудзі, але вочы ён забыўся заплюшчыць — так і глядзеў перад сабой пустым, ашклянелым паглядам, як глядзіць вараная рыба з міскі з юшкай. Потым прываліўся да стала і захроп.
Марышка і Агіка ледзь паднялі яго з крэсла. Грамознае цела гайдалася між імі ўзад-уперад, а потым раптам абрынулася на ложак, як паваленая калона.
Узыходзіла сонца.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Быў у Тотаў свята беражоны альбом у чырвонай вокладцы, куды ўдзячныя кватаранты запісвалі свае водгукі. Вось асобныя з іх:
«Бяссонніца і адсутнасць апетыту, што мучылі мяне пасля смерці дарагога майго мужа, быццам па знаку чараўніка зніклі дзякуючы цудоўнаму горнаму паветру.
Удава Морваі Густаўне».
«Гэты дом — астравок цішыні, дзе толькі і можа адпачыць чалавек, які не выносіць шуму.
Аладар Філатары, літаўрыст опернага аркестра».
«У той час як нацыя вядзе барацьбу не на жыццё, а на смерць супраць чырвонай бальшавіцкай небяспекі, тутэйшая непараўнаная ежа на чыстым масле дала мне новыя сілы для гэтай барацьбы.
Феранц Касані,
Compagnie Internationale de Wagons bits, праваднік вагона». «Roslein, Roslein, Roslein fein, Roslein auf der Heide! 1
Карай Г. Хамерман, гарадскія бойні».
Знясілены пасля бяссоннай начы Тот ахвотна праспаў бы ўвесь дзень. Але ж жыццё не можа спыніцца ад капрызу аднаго маёра. Ісёння, як звычайна, Тоту трэба было падаць рапарт аб стане пажарнай аховы, нанасіць вады з артэзіянскага калодзежа, абысці з канца ў канец даручаны яму ўчастак, пабяліць тэнісны корт у прафесара Цыпрыяні і гэтак далей і да таго
1 Ружачка, ружачка, ружа-краса, Ружачка на лузе!
(Перайначаная цытата
з верша Ё. В. Гётэ.)
падобнае. Агіка прынесла малака, схадзіла ў краму, накарміла курэй. Марышку ж, акрамя абслугоўвання дарагога госця, чакала мыццё бялізны ў прафесара і ненашараваная падлога ў яго прападобнасці пана Томаі,— такія толькі самыя важныя са штодзённьіх клопатаў гэтай сям’і.
У дадатак да ўсяго з прыбыццём маёра Вара ўвесь дзённы распарадак Тотаў пайшоў дагары нагамі. Паколькі госць прачнуўся толькі пасля поўдня, у абед яны снедалі. Цяперашні абед раней называўся вячэрай, а цяперашняя вячэра наогул ніяк не называлася, таму што раней гэтай парою яны ўсе спалі як пшаніцу прадаўшы.
I вось, тым першым ранкам, паспаўшы ўсяго гадзінкі паўтары, пасля доўгіх крыкаў і штурханіны, Тот расплюшчыў вочы і, усё яшчэ будучы ў прыгнечаным настроі, утаропіўся кудысьці, разбіты душой і целам. Прыгадаўшы падзеі мінулага дня і ўявіўшы дні наступныя, ён незадаволена буркнуў:
— Баюся, не скончыцца ўсё гэта дабром, Марышка!
Жонка падала яму кубачак сырадою і, каб суцешыць, тыцнула ў рукі запаветны альбом у чырвонай вокладцы. Яна нагадала Тоту, у якім цяжкім нервовым стане прыехалі ў Матрасентану Карай Г. Хамерман, удава Морваі і іншыя кватаранты, але тут, пад уплывам дабратворнага асяроддзя, як бачыш сталі на ногі. He кажучы ўжо пра Фрыдзеша Кошта, пажылога мастака, які цэлы год рэстаўраваў фрэскі на купале базілікі, і пры гэтым ірэальныя маштабы купала і фрэсак да такой ступені задурылі яму галаву, што рэстаўратар зусім страціў рэальнае адчуванне раўнавагі. Калі ён прыехаў да Тотаў, яму здавалася, што падлога ў яго пад нагамі горбіцца, і мастак мог хадзіць па пакоі, толькі трымаючыся за вяроўку, прывязаную да клямкі. Але гаючае горнае паветра і тут зрабіла сваю добрую справу!
Вось што напісаў мастак у альбоме:
«У добрым самаадчуванні, без вяроўкі, пакідаю я гэты чароўны куточак».
— Успомні, у якім цяжкім стане прыехаў да нас мастак,— даказвала Марышка.— А ён жа прыбыў у Матрасентану ўсяго толькі з купала святой базілікі, a наш маёр — проста з фронту. He трэба падаць духам, хай не адразу, памалу, але і маёр пойдзе на папраўку...
Лаёш Тот не надта каб у гэта верыў.
— Добра, добра...— зноў буркнуў ён.— Але што гэта будзе, калі нам ночы навылёт давядзецца складаць гэтыя кардонкі?! Без сну ж не пражывеш, Марышка!
Тот правільна прадбачыў, што ім давядзецца ночы навылёт складаць кардонкі, ён толькі не ўлічыў аднаго: здольнасці чалавечай патуры прыстасоўвацца. Вядома, ідэальна, калі чалавек спіць восем гадзін запар, але нават калі ён прыхваткамі дрэмле па чвэртцы гадзіны, па дзесяць хвілін, і гэта можа служыць такім самым адпачынкам для арганізма. Аказалася, што можна падрамаць у крамніка, пакуль ён адважвае соду, на клумбе славутых цюльпанаў у прафесара Цыпрыяні, калі іх паліваеш, чакаючы, пакуль не астыне гарачы суп, пакуль не закіпіць кава, і нават пад сталом прыкархнуць на паўгадзінкі, калі туды раптам што-небудзь закоціцца. А яшчэ пазней высветлілася, што і пры складанні кардонак зусім не абавязкова высільвацца.
Справа ў тым, што госць, на вялікую радасць Тотаў, з другой жа начы цалкам прысвяціў сябе разаку. А паколькі на кожным лісце кардону трэба было рабіць па восем надрэзаў, маёр хутка адстаў ад тых, хто складаў загатоўкі: іх жа было трое супраць аднаго. Ён працаваў без аддыхі, але ўсе яго намаганні былі марныя, Тоты пакрысе прылаўчыліся рабіць кароткія перадышкі.
Спачатку яны нейкі час давалі адпачынак рукам. Пасля дазволілі сабе заплюшчваць вочы і глыбока ды-
хаць носам, што таксама аказалася не самай горшай формай адпачынку. Маёр, захоплены работай, нічога не бачыў і не чуў, і Тоты зусім асмялелі. Пад канец яны расклалі ў садзе шэзлонг пад туямі і, спрытна змяняючы адно аднаго, адпачывалі там.
— Пардон, прашу прабачэння,— казаў хто-небудзь з іх, быццам меў на ўвазе нешта зусім іншае, і драмаў чвэртку гадзіны ў халадку.
А маёр Вара між тым працаваў, як машына: закладаў кардонныя лісты пад нож, падымаў руку, рэзаў, закладаў новыя лісты, зноў рэзаў... Ён нават не заўважыў, як на трэці дзень Тоты знікалі ўжо на пару,— вярнуўшыся ж, яны гуляючы наганялі ўпушчанае. Аднак нейкае цьмянае падазрэнне, пэўна, усё ж мільгала ў яго, таму што аднойчы, калі ўсе трое сядзелі ля стала і Тот на хвіліну аддаўся марам, маёр раптам перапыніў работу.
— Што здарылася? — спытаўся ён.
— Ды нічога не здарылася,— адказаў Тот.
— Тады ў што вы так угледзеліся?
— Матылёк нейкі заляцеў.
— Які яшчэ матылёк?
— На крылцах дзве жоўценькія крапінкі і тры чырвоненькія,— паведаміў Тот.
— Дык вось чым вы займаецеся, паважаны Тот!
— Ды я толькі разок на яго зірнуў,— сказаў Тот.
— Толькі зірнуў! — раздражнёна паўтарыў маёр.— А самі нябось падумалі: добра б яго злавіць ды прыстукнуць.
— Чаму вы зрабілі ласку падумаць гэтак, глыбокапаважаны пан маёр? — здзівіўся Тот.
— Так гэта ці не так? — дапытваўся маёр.
— Здаецца, у мяне прамільгнула такая думка,— прызнаўся Тот.
— Так я і ведаў! — усклікнуў маёр.
Ён падхапіўся і захадзіў сюды-туды па пакоі, кідаю-
чы пранізлівыя пагляды на Тота, які міжволі зажмурыўся і ўгнуў галаву, хоць і не ведаў добра, што ж ён такое зрабіў. Аднак госць неўзабаве ўсё ім растлумачыў.
— Вось што, Тоты,— пачаў ён, стрымліваючы незадаволенасць.— Я надзвычай удзячны вам за гасціннасць, але так далей быць не можа. Калі вы ў час работы думаеце пра нешта іншае, дык усё, што мы тут робім,— марная трата сілы.
Запанавала цішыня. Тот ужо зразумеў, што сам, сваімі ж словамі падкінуў паленца ў вогнішча, і толькі не ведаў, як выправіць памылку.
— Я цалкам і поўнасцю прызнаю, што вы маеце рацыю, глыбокапаважаны пан маёр,— лісліва заўважыў ён,— але ж, мне здаецца, нельга думцы забараніць прыйсці чалавеку ў галаву.
— Ну як жа нельга! — усклікнуў маёр.— У сабакі, напрыклад, чатыры лапы, але ж ён не разбягаецца праз гэта адначасова ў чатыры бакі. Ці, можа, вам калі-небудзь трапляўся сабака, які бегаў на ўсе чатыры бакі?
Тот пасля кароткага роздуму пагадзіўся, што такога сабакі бачыць яму не даводзілася.
— Мой малодшы брат і яго сям’я і так пакрыўдзіліся, што я не ў іх праводжу свой адпачынак. Калі вы хочаце, каб я застаўся тут, пастарайцеся, каб такія выпадкі не паўтараліся.
Тот заявіў, што гатовы на любыя ахвяры, але яму не зусім зразумела, што ён павінен рабіць.
— Здаецца, мы не разумеем адзін аднаго,— злосна заўважыў маёр.— Прывяду наступны прыклад. Звернемся да працэсу харчавання. Вы ж таксама звычайна прымаеце ежу, ці не так?
— Ем, вядома,— пагадзіўся Тот.
— Ну дык з чаго складаецца гэты працэс? Адкусванне, перажоўванне ежы, выдзяленне сліны, глытанне. Адзіны непадзельны працэс, які нічым не парушаец-
ца. Каб вам лепш зразумець, прывяду яшчэ адзін прыклад. Вы ведаеце «Гімн», дарагі Тот?
Тот сказаў, што ведае.
— Вы маглі б сказаць мне першы радок?
— «Божа, аберагай венграў»,— сказаў Тот.
— Правільна,— кіўнуў маёр.— Ну, прыйшло вам пры гэтым што-небудзь у галаву?
Тот адказаў, што нічога не прыйшло.
— Вось да гэтага я і хацеў вас падвесці,— сказаў маёр.—Спадзяюся, цяпер вы зразумелі, што я хачу сказаць?
Тот заявіў, што вельмі многае праяснілася ўжо, аднак паасобныя дэталі ўсё яшчэ застаюцца быццам у цяні.
— Хай будзе святло! — сказаў маёр.
На гэты раз прыкладам паслужыў уласны маёраў батальён. Маёр заўважыў, што часовая бяздзейнасць больш небяспечная, чым суцэльнае марнаванне часу; той, хто зусім нічога не робіць, прынамсі, мае час на тое, каб давесці да ладу свае думкі, калі ж чалавек папераменна то штосьці робіць, то нічога не робіць, дык у час вымушаных перапынкаў ён становіцца лялькай уласных думак. Тое ж самае здарылася з Тотам і матыльком у жоўтую і чырвоную крапінкі.
— Вам зразумелы ход маіх думак? — пацікавіўся маёр.
Агіка сказала, што зразумелы. Тот сказаў: амаль. Марышка не сказала нічога, толькі ўздыхнула: ах, Дзьюла, Дзьюла!
— Тады я спрашчу пытанне,— прадоўжыў маёр Вара з сапраўды бясконцым цярпеннем.— Вы, дарагі Тот, можаце і не ўнікаць ва ўсе гэтыя тэарэтычныя выкладкі. Ваш клопат толькі не экстрапаліраваць пустотаў думкі, што ўтвараюцца пры складванні кардонак. Я думаю, што гэта не так і цяжка. Можа, у вас ужо ёсць якія-небудзь прапановы, дарагі Тот?
Настала кароткая паўза. Тот прыгнечана глядзеў перад сабою. Марышка адвярнулася, каб схаваць слёзы на вачах, паніка ахапіла Тотаў, акрамя самага маладога члена сям’і.