Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў
Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
— Тады ўсё ў парадку,— супакоіўся маёр.
Далей госць заявіў, што нізавошта на свеце не пагодзіцца дакучаць гаспадарам і калі заўважыць, што замінае камусьці, ён адразу ж паедзе... Маёр настойліва прасіў лічыць, быццам яго зусім няма,— пры гэтым ён чамусьці некалькі разоў азіраўся; потым зноў павярнуўся да Тота:
— Вы бачаце што-небудзь незвычайнае ззаду ў мяне?
— Абсалютна нічога, глыбокапаважаны пан маёр.
— Чаго ж вы ўвесь час туды пазіраеце?
— Я гляджу выключна на глыбокапаважанага пана маёра.
— Бачыце, шаноўныя Тоты,— растлумачыў маёр,— досыць таго, што, як ні паварочвайся, пэўная частка свету заўсёды аказваецца ў нас за спіною. Дык наво-
шта ж падвойваць бяду тым, каб увесь час глядзець назад?
Настала паўза. Тотамі апанавала збянтэжанасць. Яны не зразумелі добра, чым выклікана незадаволенасць маёра, бачылі толькі, што ён усё не-не ды азірнецца назад, а быў жа якраз полудзень і на вуліцы ні душы. «I чаго гэта?» — думала Марышка. Самым запаветным яе жаданнем было, каб дарагі госць адчуваў сябе як мага лепей, бо любы крыўдны ці, скажам, прыкры ўспамін праз некалькі тыдняў, чаго добрага, можа каштаваць жыцця яе сыну... Усведамленне гэтага ўзмацняла яе трывогу: яна баялася, каб пылінка, што трапіла ў вока маёру, не прымусіла б плакаць яе сына... He і не! Гэтага яна не магла дапусціць!
— Ты ўжо не забывайся, калі ласка, куды глядзіш, родны мой Лаёш,— мякка сказала яна.
— А куды я гляджу? — агрызнуўся Тот.
— Калі ласка, глядзіце туды, куды вам хочацца,— стрымана прамовіў маёр.— У мяне зусім няма ні прэтэнзій, ні якіх-небудзь асаблівых жаданняў.
Гэтымі словамі ён хацеў супакоіць Тотаў, але гаспадары зусім не супакоіліся. Бо калі не ведаеш прычыны хваробы, цяжка знайсці ад яе лекі. Тот спачатку апусціў вочы долу, потым падняў позірк у неба, пасля паспрабаваў змяніць паставу, але ўсе яго намаганні выглядалі толькі паўмерамі. Цяпер ужо маёр не толькі паварочваў галаву, але і сам круціўся направа-налева, таму ўсе прадметы па чарзе аказваліся ў яго за спіной.
Калі розум пакідае дарослых, іншым разам становішча ратуюць дзеці. Так было і на гэты раз.
— Вось што! — жыццярадасна ўсклікнула Агіка.— Калі тата крышачку насуне каску на лоб, дык вочы схаваюцца, і тады будзе ўсё роўна, куды ён глядзіць.
— Яшчэ што! — абурана буркнуў Тот.
— Ты ўсё-такі падумай пра гэта, родны мой Лаёш,— сказала Марышка.
Самым важным і прыкметным атрыбутам формы вясковых пажарнікаў была каска; спераду яе ўпрыгожваў круглы жэтон, на якім было выгравіравана: «Вясковы пажарнік». Брыль пад жэтонам прызначаўся для аховы вачэй пажарніка ад вогненных іскраў. Адпаведна службоваму прадпісанню Паўночнавенгерскай сельскай пажарнай аховы, вертыкальная вось цела пажарніка і гарызантальная вось каскі павінны знаходзіцца пад вуглом 90 градусаў. Вядома, Лаёш Тот быў не з тых людзей, якія ў такія адказныя моманты жыцця думаюць аб параграфах; проста ён баяўся выглядаць смешным, гэта значыць у глыбіні душы імкнуўся захаваць свой прэстыж.
У Матрасентане Тот карыстаўся ўсеагульнай павагай. Раней, да таго часу, пакуль яго не выбралі сельскім пажарнікам, ва ўсім наваколлі вёску іначай не называлі, як «асяродак пажараў». А яго ж папярэднік, вёрткі, неўтаймоўны, ахоплены прагай дзейнасці чалавечак, дзень пры дні бегаў, турбаваўся, аддаваў мудрагелістыя загады, штрафаваў прахожых, калі тыя часам кідалі непатушаную цыгарэту,— ну, а чаго ж урэшце дамогся? Пажар успыхваў за пажарам.
Лаёш Тот не рабіў нічога такога. Мяркуючы па ўсім, у прыроджанага пажарніка ўжо ў самім яго абліччы хаваецца нешта такое, што папярэджвае ўзнікненне пажару. Штодзень абыходзіў ён вёску ў сваёй імпазантнай форме, якая цудоўна аблягала яго постаць, усчынаў гаворку з прахожымі, зазіраў да знаёмых, і хоць ні разу нават заўвагі не зрабіў аб парушэнні супрацьпажарных правілаў, аднак варта было дзе-небудзь паявіцца непатушанаму акурку, як два-тры чалавекі навыперадкі кідаліся яго тушыць. I за ўвесь час яго чатырнаццацігадовай службы не было ніводнага пажару.
Аднак Тотаў уплыў не абмяжоўваўся пажарнымі клопатамі. На вяселлях яму адводзілі самае ганаровае
месца. У спрэчках за спадчыну вырашальнае слова было за ім, у яго ж прасілі парады, калі хто хацеў ставіць печ. I нават калі хто-небудзь паміраў, фельчара, каб агледзець нябожчыка, запрашалі толькі пасля таго, як Тот вымаўляў сваю сентэнцыю:
— Адмучыўся, бедалага.
А між тым і ў мулярстве, і ў юрыдычных пытаннях, і ў медыцыне ён разбіраўся не болей за каго іншага. Ён заўсёды гаварыў тое, што на яго месцы сказаў бы кожны, хіба што на хвіліну раней. А паколькі ніхто не ведаў, што сказанае Тотам рана ці позна і самім прыйшло б у галаву, брандмайстар заслужыў у вёсцы славу чалавека адметнага розуму. Усё, што ён рабіў, ён рабіў правільна. Нават калі ён адкідаў убок камень, той абавязкова спыняўся ў патрэбным месцы, адзіна магчымым і канчатковым, дзе б ні было гэтае месца. Бо аўтарытэт — гэта як пячатка: яна не мае нічога агульнага з тым дакументам, які сведчыць, але тым не менш апошні толькі дзякуючы пячатцы набывае сваю сілу.
Так што на месцы Тота кожны двойчы падумаў бы, перш чым сярод белага дня прайсці па ажыўленай магістралі Матрасентаны ў насунутай на лоб па самыя бровы касцы.
А ён тым не менш падпарадкаваўся ўмольнаму пагляду Марышкі, быццам яго прасілі вочы ягонага любімага сына. Ён насунуў каску на лоб.
— Ну, вось,— буркнуў ён.— Што вам яшчэ трэба?
— Нічога,— адказала жонка.— Ты цудоўны чалавек, родны мой Лаёш.
— Вам нават да твару,— дадала Агіка.— Ды вы проста папрыгажэлі, татачка!
— Лепшага рашэння нельга і ўявіць,— зазначыў маёр.
Тот з пахмурным выглядам выслухаў гэтыя прызнанні яго заслуг, і настрой у яго не зрабіўся лепшы, нават калі, акружыўшы маёра, яны рушылі па шашы
дахаты. А калі б не была яго каска насунута на бровы, ён са спакойным сумленнем мог бы сцвярджаць, што гэта было сапраўды трыумфальнае шэсце па Матрасентане. Там, дзе яны праходзілі, насцеж расчыняліся вокны, прыўзнімаліся фіранкі, і за імі мільгалі цені. Саба выцягнулі ў двор свайго спаралізаванага дзеда, а Гізі Гезане (жанчына з той самай рэпутацыяй) паспешліва пачала зрываць з вяроўкі, на якой была развешана бялізна, прадметы туалегу, што не выстаўляюцца напаказ, гэта, аднак, не перашкодзіла ёй, хаваючыся за прасцінамі, бессаромна разглядаць госця Тотаў. Калёсы, якія трапляліся Тотам на дарозе, прыпыняліся, дзеці кідалі гульню і, разявіўшы раты, глядзелі ўслед працэсіі.
Сам маёр не звярнуў аніякай увагі на цікавасць да ягонай асобы. Яго займалі з’явы зусім іншага роду. Так, напрыклад, ён падазрона зазіраў у сцёкавую канаву перад кожным домам. Ад яго не схаваўся абрывак вяроўчыны, што змяіўся па бетоне і знікаў у зарасніках пустазелля ля ўзбочыны. Маёр баязліва абышоў яго і крыкнуў Тотам:
— Асцярожна! He наступіце на яе!
Пазней, калі ім насустрач прамаршыраваў атрад бойскаўтаў і іхні камандзір нечакана свіснуў у свісток, маёр імгненна схаваўся за дрэва, што стаяла ля дарогі.
— Як асмельваюцца свістаць гэтыя смаркачы? — абураўся ён.
Неўзабаве, калі яны зноў крануліся ісці, маёр заўважыў:
— Увесь час забываюся, што я дома.
Яшчэ ў самым пачатку, толькі прыехаўшы, маёр выглядаў стомленым. А доўгі марш і звязаныя з ім страх і перажыванні дарэшты знясілілі яго. Калі дабраліся да дома Тотаў, госць ледзьве трымаўся на нагах. Ён і вокам не кінуў на славутыя Марышчыны вяргіні, на дзівосны краявід, што адкрываўся з ашклёнай веран-
ды, і нават не звярнуў увагі на моцны сасновы водар, якім быў напоўнены ўвесь дом. Пакорліва дазволіў ён гаспадару і гаспадыні распрануць сябе, надзець піжаму і пакласці ў ложак. I ледзьве паспеў легчы, як праваліўся ў глыбокі сон, ад якога абудзіўся ажно пасля захаду сонца.
Калі вочы яго ўжо заплюшчваліся, госць, змагаючыся са сном, паспеў папярэдзіць Марышку:
— Мілая Марышка, калі раптам зазірне пераапранутая ў папа старая і захоча памяняць сотавы мёд на соль, будзьце ласкавы, застрэльце яе.
— Усё будзе ў поўным парадку, глыбокапаважаны пан маёр,— запэўніла яго гаспадыня.
Пасля яна на пальчьіках прабралася на веранду і затуманенымі ад слёз вачамі ўздыхнула:
— Бедны, дарагі наш маёр!
— Колькі ён, відаць, папакутаваў,— далучылася Агіка.
Яна таксама глытала слёзы. Адзін толькі Тот стаяў змрочны і абыякавы.
Нейкае невыказнае, трывожнае пачуццё не давала яму спакою.
— Хацелася б толькі ведаць, чым гэта я не дагадзіў яму,— прабурчаў ён.
— He накліч бяды, родны мой Лаёш,— сказала жонка.
— Я ўжо і так зірнуць нікуды не асмельваюся, каб не выводзіць яго з цярпення,— сказаў Тот.
— Вось убачыш, ён абавязкова палюбіць цябе! — падбадзёрыла яго Марышка.— Хай толькі спачатку адаспіцца як след! Хоць трошачку прыйдзе да памяці!.. Цябе ж усе, усе любяць!
Тот толькі ківаў галавой, як чалавек, што не вельмі спадзяецца на лепшае. I быццам рэхам яго сумненняў, насупраць цераз вуліцу, у садзе Цыпрыяні, тужліва завыла прафесарава аўчарка.
РАЗДЗЕЛ ДРУ ГІ
Маёр Вара спаў да самага вечара.
У Марышкі і Агікі клопату было па горла. Пакуль яны смажылі, парылі, мылі і прасавалі, гаспадар дома прымаў наведвальнікаў. Многім з тых, хто празяваў урачыстую працэсію, хацелася хоць адным вокам зірнуць на маёра. Тот на дыбачках падводзіў ахвотнікаў да зачыненых дзвярэй і, прачыняючы іх, шэптам казаў:
— Глядзіце на здароўе!
Ён не падганяў цікаўных. Кожны вельмі ўважліва разглядаў соннага госця: паненка Бакаш — настаўніца, пан прыхадскі свяшчэннік Томаі, Шандар Шошкуці — механік і многія іншыя. Апошні прыйшоў Лёрынцке — сусед-чыгуначнік, які лічыўся прыяцелем Лаёша яшчэ з таго часу, калі Тот працаваў на чыгунцы, а на самай справе люта яму зайздросціў.
Гэтую зайздрасць падвойвала тая акалічнасць, што ў выніку няўдалага манеўравання цягнікоў уся верхняя частка тулава Лёрынцке (акрамя левай рукі) была ўзята ў гіпс, ад чаго скура ў яго заўсёды свярбела. А сверб — кепскі дарадчык. Яшчэ апоўдні, калі маёр толькі прыбыў, Лёрынцке звярнуў на сябе ўсеагульную ўвагу тым, што дэманстратыўна пазачыняў аканіцы свайго дома. Але цяпер і ён прыпёрся, ды яшчэ захапіў з сабою пляшку кіслага віна, відаць, спадзеючыся, калі маёр ужо ўстаў, пачаставаць яго, падпаіць, пасябраваць, а можа, і перавабіць да сябе. Але і Лёрынцке не прайшоў далей, чым да парога. Там ён мог стаяць і колькі душа просіць любавацца госцем, хоць з адведзенага месца яму адкрываўся для агляду толькі голы ступак правай маёравай нагі. Лёрынцке зрабіў выгляд, што і ад гэтай магчымасці ён у поўным захапленні.