Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў
Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
— Але ж гэта і праўда проста! — усклікнула Агіка сваім танюсенькім, як званочак, галаском.— Па-мойму, наш цяперашні разак малы, і таму пан маёр не паспявае за намі.
— Брава! — пахвальна сказаў маёр.— У вашай дачкі светлая галава. Усё астатняе цяпер ужо дзіцячыя забаўкі, дарагі Тот.
Тым часам развіднела. Маёр пажадаў усім добрай ночы і пайшоў у свой пакой. Кажуць, стрэлачнікі і пажарнікі могуць спаць, калі захочуць, аднак на гэты раз Тот не змружыў вачэй. Ён падняўся разбіты і пакутаваў увесь ранак. У галаве ў яго смылела, але ён упарта напружваў мазгі, спрабуючы думаць седзячы, стоячы і нават у перакошаным стане, аднак, калі маёр падняўся пасля сну і падступіўся да яго, чакаючы адказу, Тот адно толькі і змог сказаць:
— На жаль, мне да гэтага часу нічога не прыйшло ў галаву, глыбокапаважаны пан маёр.
— He бяда! — падбадзёрыў яго маёр.— Цішэй едзеш — далей будзеш!
Гэта суцяшэнне нейкім чынам супакоіла Тота. Яны селі снедаць (па-старому — абедаць). Марышка напякла булак. Можа, гэты ласунак паспрыяе мысліцельнаму працэсу. У канцы снядання Тот нечакана падняўся і перарывістым голасам прамовіў:
— Пан маёр, здаецца, нешта свеціцца!
— Прыміце мае пажаданні ўдачы! — зарадаваўся маёр.— Што б гэта магло быць?
Лоб у Тота пайшоў зморшчынамі. Ен зноў сеў на месца.
— На жаль, мне прыйшло ў галаву не тое, чаго я чакаў, а зусім іншае.
Маёр не паказаў нецярпення; наадварот, ён зусім з неўласцівай яму пяшчотнасцю абыходзіўся з Тотам. He дазваляў перашкаджаць яму. Загадаў Марышцы зварыць мужу моцнай кавы. Угаворваў Тота выкурыць цыгарэту. Тот выпіў каву, закурыў цыгарэту. Праз чвэрць гадзіны ён зноў загаварыў:
— Вось, вось, вось... Нібыта пачынае вырысоўвацца...
— Я так і ведаў! — усклікнуў маёр і ляпнуў Тота па плячы.
Маёр па-сяброўску паляпаў яго па плячы — такога яшчэ не было. Тот страшэнна збянтэжыўся; з перапалоханым тварам ён паведаміў, што, калі пан маёр ляпнуў яго па плячы, у яго выскачыла з галавы тое, што ён прыдумаў. Але і тут не здарылася нічога страшнага. Маёр цяпер усё дараваў Тоту: ён няньчыўся з ім, як маці з дзіцем. Замест «пан Тот» маёр пачаў зваць яго Тоцікам; але мэты сваёй гэтай тактыкай не дасягнуў, наадварот — чым ласкавей ён з ім абыходзіўся, тым большы жах апаноўваў Тота.
Аднак мазгі яго ўсё ж варочаліся, як паравы рухавік, і вынікі неўзабаве былі.
У чатыры гадзіны дзесяць мінут ён сказаў, што пакуль нічога яму ў галаву не прыходзіць.
У чатыры гадзіны дваццаць мінут усё яшчэ нічога не адбылося.
Праз сем мінут ён падняўся. Яму здаецца, сказаў Тот, ён на правільным шляху, але, улічваючы мінулае, ён не хоча абганяць падзеі.
Без чвэрткі пяць заявіў:
— Гатова!
Твар яго палымнеў, вочы гарэлі.
— Глыбокапаважаны пан маёр! — абвясціў ён у пяць мінут на шостую.— Мне прыйшла ў галаву смелая думка. Калі наш разак малы, значыцца, трэба зрабіць новы, большы!
Зняможаны, ён абсунуўся ў крэсла.
Маёр Вара самымі пахвальнымі словамі выказаў сваё задавальненне.
Тот са стомленай усмешкай прымаў віншаванні.
Пан маёр пацікавіўся, ці можна ажыццявіць гэтае шматабяцальнае рашэнне.
Ды вельмі лёгка ўсё гэта зрабіць, запэўніў Тот. Калі ён змог змайстраваць малы разак, дык змайструе і болыпы.
Яшчэ пытанне: ці можна будзе закладаць у новую машынку больш лістоў кардону?
Куды больш! Тры, чатыры, а можа, і пяць!
Калі ж, спытаўся маёр, называючы Тота ўжо не «Тоцікам», а «Тотачкам», калі ж можна пачаць яго рабіць?
Ды хоць цяпер. Матэрыял патрэбны ёсць — можна выкарыстаць козлы, што стаяць пад паветкай, ды і розных дошак хапае, ёсць нават сталёвы стрыжань даўжынёй прыкладна на выцягнутую руку, з яго няцяжка вытачыць ручку да новага разака.
— Ну, тады за работу! — загарэўся маёр.— Шкада і мінуты марнаваць, калі можна заняцца разаком!
* * *
Гадзіннікавы механізм у прынцыпе заўсёды правільна адлічвае час. (Калі яго не трасуць і калі не браць у разлік зношвання асобных дэталяў.)
Возьмем, напрыклад, кішэнны гадзіннік вялікіх памераў — у Тота таксама быў такі старадаўні гадзіннік маркі «Анкер», яшчэ з таго часу, як ён служыў на чыгунцы.
Што будзе, калі гэты гадзіннік (так, аднак, каб не пашкодзіць яго) зменшыць напалову? He толькі сам гадзіннік зробіцца ўдвая меншы, але і час, які ён пакажа, таксама будзе ўдвая меншы за сапраўдны.
Гэтак жа ўладкаваны і мазгі ў чалавека: гвалтоўнае ўздзеянне мяняе іх асноўныя функцыі.
У гадзінніка толькі адна функцыя — паказваць час. У чалавечых мазгоў іх куды болей.
Адна з іх — рэгістрацыйная: мазгі прымаюць, сістэматызуюць, раскладваюць па палічках уздзеянні вонкавага асяроддзя. Яны могуць успамінаць, гэта значыць вяртацца ў мінулае, але могуць і зазіраць у будучыню,— гэта калі складаюцца планы. Мазгі аднолькава прыдатныя для канкрэтнага і абстрактнага мыслення, але ім жа ўласціва і вышэйшая нервовая дзейнасць. Яны могуць даваць назвы прадметам — напрыклад, кармушку для птушак назваць кармушкай для птушак. Яны могуць пабудаваць купал над саборам у Фларэнцыі. Яны дадумаліся да таго, што трэба есці не вуголле, а засмажанае на ім мяса, і да шмат-шмат чаго іншага.
Тот не быў здольны на такія глыбокія абагульненні, але затое ў яго дасюль безадмоўна дзейнічалі ўсе мысліцельныя функцыі, якія забяспечвалі чалавечае існаванне. Яны б дзейнічалі і далей, калі б не гвалтоўнае ўмяшанне звонку, якое — сімвалічна, вядома,— напалову зменшыла ўсе яго разумовыя здольнасці.
Ці можна лічыць двухтыднёвую пабыўку маёра Вара гвалтоўным умяшаннем? У выпадку з Лаёшам Тотам безумоўна.
Само тушэнне пажараў — ужо вышэйшая нервовая дзейнасць. А Тот заўсёды ў стане гатоўнасці: варта было яму заўважыць дымок, і мазгі яго імгненна сігналізавалі, што ў садзе ў Кастрынераў паляць леташняе лісце. Гэтаксама яны сігналізавалі б, калі б гэты дым быў вестуном страшнага пажару.
I калі б такое здарылася, яго мазгі імгненна пераключыліся б на яшчэ больш высокую дзейнасць. Тот выскачыў бы з ложка, загадаў бы біць у званы, цягнуць на месца здарэння пажарную помпу і накіраваў бы
шланг у самае пекла вогненнай стыхіі. Праўда, так далёка справа ніколі не заходзіла, але што гэта мяняе? Па сутнасці, чалавек не тое, што ён ёсць, а тое, на што ён здатны.
Акрамя тушэння п&жараў Тот карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і ў другой галіне. Ён разабраў, змазаў і зноў сабраў калодзежную помпу ў прафесара Цыпрыяні. Хісткія ножкі крэслаў ён умацоўваў, забіваючы ўсяго адзін цвік. А калі Тоты падахвоціліся рабіць кардонкі, ён са старога нажа змайстраваў прыстасаванне, якое да гэтага часу дзейнічала безадмоўна. Але цяпер, калі яму трэба было не з нічога зрабіць нешта, а ўсяго толькі з меншага — большае, мазгі яго толькі за кошт велізарнага напружання спарадзілі нарэшце рашэнне, на якое было б здольнае нават дзіця.
Калі страх дзейнічае на клеткі мазгоў як фактар тармажэння, дык у выпадку з Тотам гэта выявілася асабліва прыкметна. Сцвердзіць гэтую ісціну неабходна, каб зразумець наступныя падзеі, бо калі Тот — не так даўно—уздыхнуў: «Баюся, не скончыцца ўсё гэта дабром, Марышка!» — ён нібы прадказаў свой лёс.
А пасля ж таго, як ён змайстраваў новы разак, у іх з маёрам не ўзнікала больш непаразуменняў. На змену вечным сваркам прыйшоў вечны мір. Некалькі дзён госць выглядаў цалкам задаволеным, а Тот — зусім ураўнаважаным. I вось у адзін цудоўны ранак — на восьмы дзень гасцявання маёра і на трэці дзень работы новага разака — без усякай сур’ёзнай прычыны і без аніякіх тлумачэнняў, на світанні, у тры гадзіны шэсць мінут Лаёш Тот, як нядбалы юнак, уцёк з дому.
Марышка і Агіка ў адчаі збіліся з ног, але знайсці яго не маглі. Толькі надвячоркам Тота знайшоў прыхадскі свяшчэннік Томаі: брандмайстар хаваўся ў яго пад ложкам.
Было б несправядліва перакладаць віну за такі не-
абдуманы ўчынак на маёра Вара. Праўда, падзеі папярэднічала некалькі нязначных здарэнняў, якія -— дзеля паўнаты выкладу — варта прыгадаць, аднак усе яны ад першага да апошняга сведчаць супраць Тота.
* * *
Новы разак быў зроблены за паўтара дня напружанай працы.
Ён атрымаўся такі цяжкі, што Тот ледзь не надарваўся, пакуль перацягваў яго з паветкі. На ім, калі б трэба было, мог бы смела памесціцца нават чалавек, а лязо магло б перарэзаць і цяля. Ручка яго, апускаючыся, ляскала, як сякера.
Разак агледзелі. Абышлі яго кругом. Маёр у захапленні паляпваў, пагладжваў, пастукваў па ім. Ён не супакоіўся, пакуль разак не паспрабавалі ў рабоце. Пад нож палажылі тры, чатыры, а пасля і пяць лістоў кардону — і хоць бы што, машына ўзяла! На гэта яны і не спадзяваліся!
Маёр, кінуўшы яшчэ адзін пяшчотны позірк на прыладу, падышоў да Тота.
— He ведаю, як і выказаць вам усю сваю ўдзячнасць, дарагі Тот. Mary толькі сказаць адно: калі дасюль са мной у адным пакоі знаходзіўся лейтэнант Хелебрант, дык як толькі я вярнуся на фронт, яго месца адразу ж зойме ваш дарагі сын, а гэта выгадна, бо школьны будынак, у якім я жыву, ахоўваецца ўзмоцнена. He, не кажыце мне дзякуй. He будзем траціць час на размовы. Паабедаем і — за работу!
Яны селі за стол. Гэта быў самы цудоўны абед у жыцці Марышкі. He толькі таму, што яна нарэшце такі паверыла — яе сыну цяпер нічога не пагражае, але і таму, што маёр ставіўся да Тота ўсё больш і больш добразычліва. Ён увесь час усміхаўся яму. Папрасіў нават, каб Тоту аддалі ўсю курыную печань з супу.
У такія моманты ён хітравата падміргваў Марышцы, як робяць дарослыя, калі дурэюць з дзіцем.
Абед — калісь вячэра — канчаўся. Жанчынам засталося толькі прыбраць са стала, перамыць посуд і прынесці кардонныя загатоўкі. Але маёру нават гэта кароткачасовая перадышка здавалася надта доўгай.
— Ну, мой маленькі Тот, ці не выпіць нам піва? — прапанаваў ён.
Іх адносіны настолькі пацяплелі, што госць называў брандмайстра «маленькім Тотам», хоць апошні нават без пажарнай каскі быў на добрую галаву вышэйшы за яго.
Яны аблюбавалі сабе куточак у садзе рэстаранчыка Клейна. Спачатку выпілі піва. Пасля пілі піва з ромам. А пад канец пілі ўжо адзін ром, без піва.
Маёр рабіўся ўсё больш сардэчны. Ён скінуў з сябе салдацкую стрыманасць і шчыра прызнаўся, што дні, пражытыя ў доме Тотаў,— найлепшыя дні яго жыцця.
Тот ад душы падзякаваў.
Гэтым, растлумачыў маёр, ён у значнай ступені абавязаны кардонкам. Прачнуўшыся, ён ледзьве можа дачакацца вечара, каб нарэшце ўзяцца за работу.