Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў
Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
* л *
Пытанне, якое пацягнула за сабой столькі ўскладненняў, гучала зусім бяскрыўдна. У тую ноч яны ўжо досыць доўга займаліся кардонкамі, калі маёр, выпусціўшы ручку разака, азірнуўся і са сваёй звычайнай далікатнасцю пацікавіўся:
— Ці не хочаце прылегчы адпачыць? Колькі на вашым, дарагі Тот?
За час, прабыты маёрам Варам у Матрасентане, неаднойчы здаралася, што ён не вельмі добра разбіраў Тотаву гаворку. Але, прынамсі, да гэтага часу тое, што маёру не ўдавалася пачуць, было сапраўды невыразна вымаўлена. I вось вам найлепшы доказ таго, наколькі пагоршала сітуацыя: на гэты раз Тотаў адказ нават і аддалена не нагадваў таго, што пачуў госць.
Бо Тот выцягнуў свой старадаўні гадзіннік і сказаў:
— Глыбокапаважаны пан маёр, цяпер без чвэрткі гадзіна.
Маёр прыставіў далонь да вуха:
— Вы зноў мармычаце так, што ні слова не разбярэш.
Тот гучна паўтарыў прыведзеную вышэй фразу. Аднак гадзіннік ледзь не вываліўся ў яго з рук, калі ён убачыў, як змяніўся маёраў твар. Тот збялеў, рэзка акрэсліліся зморшчыны, а вочы звузіліся. Пазней, калі
справа дайшла да тлумачэння, аказалася, што ён наступным чынам успрыняў Тотавы словы:
— Пасаліце вушы сваёй бабулі!
Пэўна ж, пачуўшы такую знявагу, маёр не мог саўладаць з сабой. Ён з усяе сілы грымнуў кулаком па стале і абрынуўся на Тота:
— Я не дазволю! Хай вам будзе вядома, што мая бабуля, уроджаная Шкульцэты — пятае дзіця ў сям’і вясковага кушнера, але дырэктар боршадзіванкаўскай школы палічыў за гонар для сябе ў дзень, калі ёй споўнілася пяцьдзесят, пакланіцца да зямлі і пацалаваць яе руку!
Маёр рэзка павярнуўся. Кінуўся ў свой пакой. Ляпнуў дзвярамі. Тоты сядзелі ні жывыя ні мёртвыя, бо гукі, што даляталі да іх, сведчылі, што госць сцягвае з шафы свой чамадан, адчыняе шуфляды і пакуе рэчы.
— Ад’язджае! — жахнулася Марышка.— Што тьі зноў нарабіў, Лаёш?
Абедзве жанчыны са страхам глядзелі на Тота, які як сядзеў, так і застаўся сядзець, бяздумна ўтаропіўшыся кудысьці перад сабою.
* * *
Іншы чалавек, падагнаны дакорлівымі позіркамі, сам бы здагадаўся, што яму рабіць. Калі хто каго пакрыўдзіў без прычыны, у такіх выпадках належыць прасіць прабачэння.
Аднак Тот усё сядзеў з каменным, нерухомым тварам, на якім нават здалёк лёгка чыталася, што ён і не думае нікога перапрошваць. Ва ўсім, што здарылася, ён вінаваціў аднаго маёра і быў здзіўлены, што жонка і дачка ў чаканні глядзяць на яго.
— Чаго вы на мяне вылупіліся? — здзіўлена спытаўся ён.
Агіка ўстрымалася ад тлумачэнняў. Марышка таксама, толькі цяжка ўздыхнула:
— Ох, Лаёш, родны мой Лаёш...
— Няма чаго ўздыхаць! — асадзіў ён яе.— Я сказаў: без чвэрткі гадзіна! Так гэта было ці не?
Тот пераводзіў позірк з жонкі на дачку, спадзеючыся, што яны пацвердзяць яго словы, таму што раней заўсёды менавіта так і было, нават у тых выпадках (выключных выпадках), калі ён не меў рацыі. Аднак цяпер (калі была яго праўда) гэтага не здарылася.
Уперпіыню нічога ён не пачуў.
Марышка моўчкі глядзела проста перад сабой поўнымі слёз вачамі.
Агіка таксама маўчала. Потым сумна паківала га лавою.
Тут Марышка ўздыхнула і таксама паківала галавою.
Тот зазлаваў.
— Вы што, гаварыць развучыліся? — спытаўся ён.— Чаго вы ківаеце галовамі?
Агіка адвярнулася, быццам у яе не хапіла духу загаварыць.
Марышка, высмаркаўшыся ў ражок фартуха, сказала толькі:
— Мы вельмі просім цябе, родны, дарагі мой Лаёш, наступны раз будзь асцеражнейшы.
— I праўда,— асмялела Агіка.— He трэба так — кідацца словамі.
— Я не кідаўся словамі,— Тот са злосцю стукнуў па стале,— а назваў дакладны час.
Марышка вымушана была пагадзіцца.
Агіка таксама не брала пад сумненне сам факт. Яна дадала толькі, што без прычыны ж не крыўдзяцца. He выключана, што тата так вымавіў свае словы, што яны, можа, сталі падобнымі на нешта іншае.
Напэўна, сказала Марышка, так яно і было. Калі ўжо пан маёр так пакрыўдзіўся, у яго несумненна былі на тое падставы.
Тот усё яшчэ не быў упэўнены, што яго словы былі падобныя на нешта іншае, але калі нават і так, у іх не было нічога крыўднага для госця.
Марышка і тут з ім пагадзілася: яе муж зроду нікога не пакрыўдзіў.
Агіка таксама гэта прызнала. Хоць, хай яна і не паўторыць спрэчнай фразы, ёй падалося, быццам тата ўспомніў чыесьці вушы.
Марышка слова «вушы» нібы не чула, але ў той жа час не магла паклясціся, што гэтае слова не было вымаўлена.
Тот сцвярджаў, што ўсё гэта адна фантазія. Навошта б яму спатрэбілася ўспаміііаць чыесьці вушы, калі ў яго пытаюцца, колькі часу?
Марышка зноў пагадзілася з ім.
Агіка задумалася. Спачатку яна таксама гатова была пагадзіцца, што, відаць, бацька кажа праўду, але потым ёй усё больш і болып пачало здавацца, быццам слова «вушы» было вымаўлена ў сувязі з бабуляй пана маёра.
Тады задумалася Марышка. А падумаўшы, заявіла, што бязмежна верыць свайму мужу, але ўсё ж у гэтым выпадку не адважваецца сказаць ні «ага», ні «не».
Цяпер ужо і сам Тот не быў да канца ўпэўнены ў сваёй невінаватасці. Аднак калі і можна яшчэ сабе ўявіць, што слова «вушы» сарвалася ў яго з языка, дык ужо не было рашуча ніякіх падстаў успамінаць пры гэтым маёраву бабулю.
Агіка папрасіла прабачэння, што ёй даводзіцца варушыць старое, але і раней здаралася, што тата без жаднай прычыны гаварыў досыць дзіўныя рэчы.
Марышка пры гэтым пакруціла галавой — ды так няпэўна, што гэта можна было зразумець і як адмаўленне і як пацвярджэнне.
Тот выказаў жаданне даведацца, на што намякае дачка.
Агіка не надта і хацела расказваць, але пасля доўгіх упрошванняў яна прьізналася, што, напрыклад, у сераду на мінулым тыдні перад рэстаранчыкам Клейна тата замест таго каб прывітацца з панам прыхадскім свяшчэннікам Томаі, абазваў яго «старой рэдзькай».
Марышка тут жа заўважыла, што яе пры гэтым не было і наогул яна не можа паверыць такому пра свайго мужа, але адно несумненна, што свяшчэннік вось ужо некалькі дзён досыць холадна адказвае на яе «дабрыдзень».
Тот вельмі здзівіўся. Ён зусім не памятаў ніякай рэдзькі, болын таго, быў цвёрда ўпэўнены, што прывітаў свяшчэнніка звычайным: «Няхай уславіцца!» — але зямля пачала ўжо ўцякаць у яго з-пад ног.
Пад канец выказалася і Марышка. Ёй надзвычай цяжка ўспамінаць гэта, але, як яна сказала, у такі адказны момант яна не мае права маўчаць: гаворка ж ідзе пра жыццё іхняга Дзьюлы. Менавіта таму яна лічыць сваім абавязкам прыпомніць мужу падзеі, якія папярэднічалі ягонаму выхаду на пенсію.
Пры слове «пенсія» Тот зрабіўся чырвоны, як перац.
Яно і зразумела. Калі чалавека, які дзевяць гадоў бездакорна служыў манеўровым дыспетчарам на чыгуначнай станцыі Фельшапішкольц, у адзін цудоўны дзень ні за што ні пра што раптам выпраўляюць на пенсію, ён стараецца забыцца на такі ганебны факт. Марышка, аднак, лічыла, што менавіта ў інтарэсах Тота лепш было б нарэшце зірнуць праўдзе ў вочы.
Тот заявіў, што яму было б таксама цікава даведацца, пра што ідзе гаворка.
Марышка сказала, што можа задаволіць ягоную
цікаўнасць, яна толькі настойвае, каб Агіка заткнула вушы.
Агіка заціснула далонькамі вушы, і Марышка расказала, што калі італьянскі кароль Віктар-Эмануіл, будучы госцем рэгента, выпраўляўся на асенняе паляванне ў лясы Паўночнай Венгрыі і калі на аздобленай сцягамі і кветкамі фельшапішкольцкай станцыі ўвесь станцыйны персанал стаяў па камандзе «смірна» — вось тады, у той самы момант, калі спецыяльны поезд пралятаў міма станцыі, адзін з дыспетчараў, раней ні ў чым благім не прыкмечаны, раптам павярнуўся спіною да цягніка, спусціў штаны і паказаў знакамітым панам... невымоўную частку цела. Усё так і бьіло, сказала Марышка і расплакалася.
Лаёш Тот ускіпеў.
— Тут няма ні слова праўды! — абурыўся ён.— Хто наплёў табе такой лухты?
Яна раней таксама сумнявалася, усхліпвала Марышка, сумнявалася да той самай пары, пакуль адна білецёрка па імю Шынгерне, яшчэ ў кіно паноў Бергераў, не паклялася ёй, што на ўласныя вушы чула гэтую гісторыю ад сведак, слову якіх можна верыць.
Тот канчаткова заняпаў духам. Пачутая навіна была занадта жахлівай, каб не зламаць яго самалюбства; прайшло некалькі мінут, перш чым Марышка і Агіка змаглі вывесці яго са здранцвення. Тады абедзве пачалі ўпрошваць яго пайсці і папрасіць у маёра прабачэння. Яны ўзялі яго пад рукі. Клапатліва падвялі да дзвярэй і нават памаглі пераступіць парог...
Праз некалькі гадзін, а дакладней у тры гадзіны шэсць мінут раніцы, Тот уцёк з дому. Відаць, між яго ўцёкамі і вышэйзгаданым эпізодам няма і не можа быць прычыннай сувязі. Дарослы чалавек не пакідае свайго дома і сям’і толькі таму, што хтосьці не разабраў ягоных слоў. Гэта неверагодна і таму, што маёр з уласцівай яму велікадушнасцю тут жа дараваў Тоту.
Нават больш таго, калі яны выйшлі з пакоя, ён асабліва падкрэсліў:
— Прашу вас, не папракайце яго. Усе мы людзі... Ці не праўда, дарагі Тот?
Тот прамармытаў нешта невыразнае. Стан яго нельга было назваць добрым, але, заняўшы сваё месца за сталом, ён хутка ўзяў сябе ў рукі. У рабоце, нават калі яна аднастайная і стамляе, заўсёды знаходзіцца нешта суцяшальнае. У дадатак да ўсяго маёр не толькі не злаваўся, але відавочна быў у выдатным настроі. Ён піў з асалодаю свежае паветра, бадзёры водар начы і так здолеў захапіць усіх гаворкай, што ніхто нават не заўважыў, як праляцеў час. 3 радасцю даведаліся яны, што ў дарагога госця не толькі палепшыліся самаадчуванне і апетыт, але і сны яго цяпер не такія страшныя, як да прыезду сюды. Апошні раз, напрыклад, маёру прыснілася, быццам ён — пакецік з казытлівым парашком і яго засунулі за каўнер нейкай прыгожай дзяўчыне; маёр з усімі падрабязнасцямі апісаў, як ён забіраўся ўсё глыбей і глыбей у адзенне дзяўчыны і як смяялася ад казытлівых дотыкаў прыснёная ім прыгажуня. Усіх гэтая гісторыя ўдосталь пацешыла, і нават Тот шырока ўсміхаўся. Ніхто і не падазраваў, якія планы ён выношвае, гэтаксама як нікому і ў галаву не магло прыйсці, што неўзабаве пасля высвятлення першага прьікрага непаразумення ён паднясе ім другі, яшчэ больш непрыемны сюрпрыз.
А здарылася так, што пры ўсеагульным прыўзнятым, лагодным настроі — і задоўга да світання, а значыцца, і не надта позна — Лаёш Тот пазяхнуў, ды яшчэ самым недарэчным чынам, проста ў твар маёру, пазяхнуў так шырока, быццам маёр быў урачом, якому Тот дэманстраваў свае ахопленыя запаленнем міндаліны.