Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў
Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
каштуюць! Асабліва з таго часу, як хлопчыка нашага стала не пазнаць.
— Што вы гэтым хочаце сказаць?
— За апошні час сына быццам падмянілі. Ніякай гульнёй яго не разварушыш, смеху ад яго не пачуеш, нейкі ён запалоханы стаў, спіць дрэнна, а есць яшчэ горай.
— I ў гэтым, па-вашаму, таксама вінаватая Мама?
— Жонка лічыць, што ў ёй самы корань зла. Бачыце, дактары гавораць, нервы ў нашага сына слабыя. Два гады назад ён з-за дрэнных адзнак ледзь не парашыў сябе. I гэта падумаць, у чатырнаццаць гадоў. Праўда, выпіў ён дзесяць таблетак аспірыну, і яго адразу вырвала, але мы ўсё роўна паказалі яго псіхіятру. У бальніцы нам строга наказалі ні ў якім разе не сварыцца на яго, а толькі хваліць ды падахвочваць, таму што хлопчыку патрэбны станоўчыя эмоцыі,— так сказаў доктар. 3 таго часу мы, вядома, яго песцім, але хто ведае, як усё складзецца, калі хлопчык апынецца з вока на вока з Мамай у чатырох сценах? Шчыра кажучы, пан рэжысёр, становішча цяпер горшага не бывае, кватэра для нас — пытанне жыцця, але дзіця — яно за само жыццё даражэйшае.
— А што, калі ў нейкі момант вы станеце перад выбарам: або кватэра, або дзіця?
— Пра гэта я не думаў.
— Кіньце вы, дзе там не думалі! Ды калі разабрацца, мы з вамі толькі пра гэта і гаворым ад пачатку.
— Ну, не ведаю... Паверце, пан рэжысёр, я — чалавек ціхі, спакойны, памяркоўны, хіба што бутэльку піва дазволю сабе выпіць, не больш, і не было яшчэ выпадку, каб я на некага руку падняў. Але роднае дзіця — справа іншая. Калі хто наша дзіця зачэпіць, тут ад мяне спуску не чакай.
— А як вы гэта сабе ўяўляеце?
— А так, што і перад забойствам не спынюся, калі хто дзіця маё пакрыўдзіць.
— Вы ж самі сказалі, што ў жыцці пальцам нікога не кранулі.
— А як давядуць да крайнасці? Прыстукну старую чым папала.
— Спадзяёмся, што да гэтага не дойдзе, дарагі Нуофер.
— Дай жа бог. Можа, яшчэ што папытацца хочаце?
— He, у мяне няма болей пытанняў.
— Тады я з вашага дазволу пабягу, a то магазіны зачыняцца. Шакаладу трэба купіць.
— Каму гэта?
— Маме. На што не пойдзеш дзеля роднага дзіцяці. Са скуры вылузваешся.
— Ну што ж, усяго вам добрага, дарагі Нуофер.
Я. Надзь як скрозь зямлю праваліўся. Апошняя бачыла яго Ірэна Пфаф, аднак і ёй было вядома толькі, што Я. Надзь на тры дні кладзецца ў клініку на абследаванне. Ірэна сама даставіла пісьменніка ў клініку на сваёй машыне. Ёй здалося дзіўным, што акрамя піжамы і тапачак Я. Надзь узяў з сабой кнігі і часопісы па медыцыне. Ну, а калі прайшло два тыдні, а пра пісьменніка ўсё не было ні слыху ні дыху, тут і іншыя западозрылі нядобрае.
На другі тыдзень пасля таго, як Я. Надзь лёг у клініку, Ірэна Пфаф, прыхапіўшы смажаную курыцу і талерку бульбяной салаты пад маянэзам, выправілася ў наведвальніцкі дзень адведаць пісьменніка, аднак дарогу ёй заступіла доктар Фройнц, якая заявіла, што Я. Надзь наведнікаў не прымае, але ўзялася перадаць хвораму курыцу і бульбяную салату.
Як вядома, на тэлестудыі сакрэтаў не бывае. Таму ў чарговы прыёмны дзень у паліклініку прыйшла Аранка Ючык з цэлай бляхай яблычнага пірагу свай-
го вырабу. Аранцы ўдалося дайсці не далей як да стала дзяжурнай сястры, якая ўзяць перадачу згадзілася, але да пісьменніка Аранку не дапусціла.
Зразумела, на тэлестудыі стала вядома і пра гэты няўдалы візіт. Як звычайна, чутку прыправілі і немалой порцыяй домыслу. Да Арана Корама яна дайшла ўжо ў такім выглядзе: рэжысёр, маўляў, сваім фільмам даканаў Я. Надзя і цяпер той дажывае ў клініцы астатнія дні. Тут Аран падхапіўся і, узброіўшыся магнітафонам, трыма літровымі бутлямі вінаграднага віна і такою самаю колькасцю содавай, пастукаў у дзверы ўрачэбнага кабінета. Да яго з’яўлення паставіліся вельмі холадна.
■— Дарэмна вы прыйшлі. Я. Надзь не прымае наведнікаў.
— Я хачу гэта пачуць ад яго самога.
— Сядайце,— счакаўшы, сказала Сільвія.— Я звару кавы, і мы з вамі пагаворым пра сёе-тое.
Рэжысёр і ўрач сядзелі адно супраць аднаго, сёрбалі каву і абменьваліся непрыязнымі позіркамі. Доктар Фройнд першая перайшла ў наступ. Яна запатрабавала, каб рэжысёр вызваліў Я. Надзя ад удзелу ў фільме, таму што звязаныя са здымкамі хваляванні падрываюць яго здароўе. Да гэтага злашчаснага фільма пісьменнік зусім не думаў пра смерць, хоць у яго ўзросце гэта крыху незвычайна. Але цяпер Я. Надзь упаў у другую крайнасць: ён не можа думаць ні пра што больш, акрамя як пра смерць, што яго чакае, і стварылася такая парадаксальная сітуацыя, калі смерць стала для чалавека мэтай жыцця. У пацыента падскочыў ціск — часткова на нервовай глебе, часткова з прычыны арганічных змяненняў. Ціск, праўда, за мінулыя тыдні ўдалося панізіць да нармальнага, але за гэты час выявілася парушэнне кровазвароту. Гаворачы прафесійнай мовай, у трэцім і чацвёртым грудных адвядзеннях зарэгістраваны мінімальны пад’ём
сегмента S — Т, што на мове недасведчаных азначае: кардыяграма Я. Надзя дае падставу для песімістычных прагнозаў. Калі ўказаныя адхіленні не ўдасца ліквідаваць, то прыйдзецца лічыцца з магчымасцю інфаркту.
— Пацыент пра гэта, зразумела, не ведае. Спадзяюся, можна разлічваць на ваша далікацтва?
— Будзьце спакойныя. Распіць па шкляначцы фрочу — вось і ўсё, што мне ад яго трэба.
Сільвія не ўхваліла гэтага намеру. Пісьменніку цяпер шкодзіць усё, што можа нагадаць яму пра фільм. Ён, праўда, лёг у клініку толькі на абследаванне, але потым, паддаўшыся ўгаворам урача, згадзіўся застацца на даўжэйшы тэрмін, таму што ў гэтых сценах ён адчувае сябе ў бяспецы. Сваіх ранейшых знаёмых, хто наводзіць Я. Надзя на думку пра смерць, ён пазбягае. Выходзіць, і наведнікаў ён не прымае выключна з пачуцця самаабароны.
— Кардыяграма ў яго цяпер нармальная?
— Пра нармальную пакуль яшчэ гаварыць рана.
— Тады скажыце Я. Надзю, што я хачу яго бачыць,— папрасіў Аран.
— Нічога ў вас не выйдзе.
— А вы намякніце яму, што ў мяне з сабою тры бутэлькі віна і столькі сама содавай.
— Вы думаеце, што дзеля гэтага ён адмовіцца ад свайго душэўнага спакою?
— Я яго ведаю даўжэй, чым вы.
Доктар, пакрыўджаная, пайшла, а вярнулася яшчэ болей пакрыўджаная. Пісьменнік прасіў перадаць, што рады пабачыцца з Корамам.
Я. Надзь ляжаў адзін у чатырохмеснай палаце, з усіх бакоў забарыкадаваны грудамі кніг. Адзін стос ён змахнуў на падлогу, каб вызваліць госцю крэела.
— Я гляджу, ты і магнітафон прыхапіў.
— Ты не супраць, калі я яго ўключу?
— Вядома не! Толькі на пачатак давай кульнём па шкляначцы.
МАГНІТАФОННАЯ СТУЖКА '
— Пачну з таго, стары, што я не забыўся пра свае абавязкі.
— He падумай, быццам я прыйшоў напамінаць табе пра гэта.
— Я проста канстатую факт. Чым глыбей я ўваходжу ў сваю ролю, тым ясней акрэсліваюцца перада мною яе контуры.
— Тады поўны парадак. A то мне здалося, што ты ад мяне ўцёк у бальніцу.
— Якраз наадварот: я знаходжуся тут дзеля цябе. Для дасягнення нашай мэты няма лепшага рабочага месца, чым бальніца. Мне так добра тут, што я адгэтуль больш ні нагой.
— He пазнаю цябе, Я. Надзь! Ты збіраешся жыць у бальніцы?
— He жыць, а развітацца з жыццём.
— Няма чаго спяшацца, Я. Надзь. Я чуў, ціск у цябе знізіўся.
— Ціск мне збілі, затое матор забарахліў, дзякуй богу. Толькі глядзі не прагаварыся пры доктары, таму што Сільвія забылася, як яна ў першы мой візіт сюды навучыла мяне расшыфроўваць кардыяграмы. Дарэчы, зірні сам, вось мая апошняя кардыяграма. Добра відаць пад’ём сегмента S — Т у трэцім і чацвёртым адвядзеннях, што на агульнадаступнай мове называецца: першы званок. 3 усіх разлікаў выходзіць, мне засталося цягнуць два — тры тыдні, не болей. Гэта я на тое, каб ты ведаў, колькі часу мы маем.
1 Гэты дыялог — крыху падкараціўшы пры мантажы — выкарысталі потым у адным з апошніх эпізодаў фільма як гукавы фон да сцэны пахавання Я. Надзя.
— Я рады быў бы, каб ты выздаравеў, Я. Надзь. I так ужо па ўсёй студыі раззванілі, што я ўганяю цябе ў магілу.
— Брахня! Перадай даражэнькім калегам, што я лепш буду адлежвацца ў бальніцы, абы не бачыць іх абрыдлых мордаў. Нарэшце-такі мне трапілася праца па душы, дык якога чорта, спытацца, я забыўся на гэтай распраклятай студыі? Марнець на другіх ролях, разменьваць талент на буфетныя досціпы? Які выбар мяне чакае там? Ажаніцца з Ірэнай? Або другі раз з Аранкай? Дабівацца ласкі Уларыка? Досыць, наеўся па горла! Скажы ім, што я рушыў да сапраўдных вышынь. Я скінуў з сябе ўсё гэтае шалупінне, як разношаныя пантофлі, каб нарэшце зажыць выключна для творчасці. Тут у мяне ёсць абсалютна ўсё неабходнае для плённай працы; дах над галавой, яда, віно, што я люблю, з содавай, ну і клапатлівая лекарка, у якой, калі ты паспеў заўважыць, грудзі якраз як у Мэрылін Манро.
— Загадаеш разумець так, што доктарка закахалася ў цябе па вушы?
— Сфармулюем інакш: яна не адмаўляе мне ў той долі спагады, якая распальвае мой творчы імпэт.
— Прашу цябе, пастарайся на гэты раз абысціся без звычайных тваіх любоўных драм. Доктарка ніяк не хацела ўпускаць мяне да цябе.
— Нічога, стары, дай толькі час, і гэтая стане як шаўковая. Калі не будзе выйсця — я ажанюся з ёю.
— Можа, ты і праўду кажаш: у цябе тут сапраўды ёсць усё, што трэба.
— Ага, усё, што трэба для тэарэтычнай падрыхтоўкі, у мяне ёсць. Затое ўзніклі сякія-такія практычныя цяжкасці, з якімі я адзін не спраўлюся. Ты возьмешся дапамагчы мне?
— А што менавіта ад мяне патрабуецца?
— Азірніся навокал; гэтая бальніца стане нашым
здымачным павільёнам. Чым не ідэальная студыя — раскошная, светлая! Але бяда ў тым, што рэанімацыйная палата знаходзіцца ўнізе, на першым паверсе. Я спецыяльна спусціўся, прыкінуў, што да чаго: безнадзейная справа, з камерай там не павярнуцца, усё застаўлена прыладамі рознымі, апаратурай, хворыя ляжаць пры сконе, стогны, хрыпы. Там здымаць мы проста не зможам.
— Тады дзе?
— Тут, у маёй палаце. Трэба толькі дамовіцца, каб яе абсталявалі пад гэтакае імправізаванае рэанімацыйнае аддзяленне. Усяго і спатрэбіцца што адзін-два прыборы.
— Запісана. Што яшчэ?
— Трэба тэлефонны апарат.
— Няхай твая доктарка распарадзіцца, калі і праўда без памяці ад цябе.
— Ды якраз у тым і бяда, што Сільвія раўнівая і хоча зусім ізаляваць мяне ад свету. Дык ты запішы, калі ласка, усе мае даручэнні. Па-першае, забяры ў Ірэны маю пішучую машынку, а ў Аранкі — мой пераносны тэлефонны апарат. Потым ты вымі машынку з футарала, схавай туды тэлефонны апарат і пакінь унізе ў вартаўніка на маё імя. Пішучая машынка ні ў кога не выкліча падазрэнняў. А я ў выпадку чаго змагу з табой звязацца.