Сям’я Тотаў; Выстаўка ружаў
Іштван Эркень
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 199с.
Мінск 1985
— Дамовіліся, тэлефон я табе дастаўлю, і ты калі што якое адразу паведаміш мне. Вось толькі прабрацца да цябе не так проста. Дк я зразумеў, твая Мэрылін Манро зайздросціць, што ў кіно здымаешся ты, а не яна.
— Ану, пакліч яе сюды, я ўстаўлю ёй мазгі.
— Можа, спачатку па шкляначцы для храбрасці?
— Давай.
— Будзь здароў, стары.
— Будзь здароў.
ДРУГАЯ МАГНІТНАЯ СТУЖКА
— Вы дазволіце, Сільвія, запісаць нашу гутарку на стужку?
— Калі ласка, у мяне ніякіх сакрэтаў няма. Дык чаго вы ад мяне хочаце?
— Перш за ўсё мы хочам заручыцца вашай згодай. Ведаеце, гэты малады чалавек з тэлебачання здымае фільм пра мяне.
— Я ў курсе справы. Аднак тэма гэтая ў цяперашні момант неактуальная, таму што, хочапе вы ці не хочаце, а я вас вылечу, Я. Надзь.
— Рана ці позна гэтая тэма стане актуальнай.
— Няма чаго так далёка заглядваць. I дарэчы, бальніца — гэта вам не тэатр.
— Але і мы не прадстаўленне разыгрываем, а ствараем дакументальны фільм на чыста навуковай аснове. I фільм наш закліканы служыць той самай справе, што і ваша клініка, а менавіта: прагрэсу навукі.
— He пярэчу, такая фармулёўка куды больш мілагучная. I ўсё ж ёсць розніца: мы, урачы, стараемся аддаліць смерць, вы ж, наколькі мне вядома, імкняцеся яе зафіксаваць. He разумею, чаму вам спатрэбілася выбраць якраз гэтую тэму.
— Таму, што для смерці не існуе стэрэатыпаў, Сільвія. Нам вядома толькі, што рана ці позна яна чакае нас, але думаем мы пра смерць, як пра скачок усляпую, у цемру. Дапамажыце ж нам развеяць гэту цемру нашага няведання. Пакажам тэлегледачам, што смерць — справа звычайная, а значыць, яна можа быць асэнсавана намі і адлюстравана, можа быць названа сваім імем.
— У чым жа тады мая задача?
— Бачыце, для фільма вельмі патрэбна прыгожая жанчына. Ваша прыгажосць — гэта аплатка, у якой мы прымусім гледачоў праглынуць ?амае горкае лякарства.
— Дарэмна вы сыплеце кампліменты. Я перш за ўсё ўрач.
— Болып нам і не трэба. У вас будзе роля доктара Сільвіі Фройнд, якая да апошняй хвіліны застанецца каля пасцелі хворага.
— Адразу папярэджваю: я не дапушчу ніякага ўмяшання ў мае службовыя абавязкі.
— Гарантую, што вы бесперашкодна зможаце выконваць свой абавязак. На такіх умовах вы згодныя?
— Я павінна папытацца дазволу ў прафесара.
— Тэлестудыя звернецца да прафесара з афіцыйнай просьбай. Занатуй сабе, Аран.
— Усё будзе ўладжана.
— Вы цудоўная жанчына, Сільвія. Сапраўднай асалодай будзе працаваць разам з вамі. Дзякуй, стары, цяпер можна выключыць магнітафон.
Калі Уларык згледзеў рэжысёра, твар яго расплыўся ад усмешкі.
— Глянь, каго я бачу! Спадзяюся, ты з’явіўся далажыць, што фільм гатовы. Начальству не церпіцца, мяне з усіх бакоў падганяюць.
— Канца пакуль не відаць.
Уларык спахмурнеў.
— Так не пойдзе. Пара, брат, закругляцца.
— Тады дапамажы мне.
— Што я павінен зрабіць?
Напэўна, на Уларыка сапраўды моцна населі, таму што ён з ходу паабяцаў усё ўладкаваць. I з прафесарам гэта ён звяжацца. I заручыцца яго згодай на здымку фільма. I даможацца, каб палату Я. Надзя пераабсталявалі пад рэанімацыйную. I нават пастараецца раздабыць самую новую медыцынскую апаратуру, абы толькі фільм нарэшце быў гатовы.
— Яшчэ што-небудзь ад мяне трэба?
— Зусім дробязь. Сёння ў другой палове дня ад-
крываецца міжнародная выстаўка ружаў. Пашлі туды каго-небудзь з аператараў. Няхай здымуць матэрыял прыблізна хвілін на пяць, а пасля я папрашу ўключыць гэты матэрыял у праграму вячэрніх навін. Пра дзень перадачы паведамлю загадзя.
— Згода! Ты дазволіш прагледзець зняты метраж?
— He раней чым ён будзе гатовы.
— Ну, і калі гэта, як ты разлічваеш?
— Бачыш, слова «калі» не фігуруе ў маіх разліках.
— Добра вам, творчым работнікам, а я абавязаны далажыць кіраўніцтву!
— Можаш далажыць, што ў Я. Надзя зафіксавана каранарная недастатковасць.
— Хай сабе, гэта ўжо нешта.
Паважаны пан прафесар!
Спадзеючыся на Вашу нязменную прыхільнасць да мастацтва, зноў асмельваюся прасіць у Вас падтрымкі.
Калі я апошні раз наведваў нашу хворую, мне здалося, што жыццёвыя сілы яе згасаюць. Калі мае меркаванні правільныя, гэта значыць, што я павінен быць гатовы да здымкі фінальнай сцэны.
I тут ужо я мушу прасіць Вашага ласкавага садзейнічання.
Заўважыўшы, якую цікавасць выяўляе Міка да выстаўкі ружаў, у якой ёй ужо не суджана ўдзельнічаць, я дамогся, каб наш карэспандэнт падрыхтаваў тэлерэпартаж пра выстаўку. Думаю, што гэтай перадачай мы маглі б даць ёй перад смерцю апошнюю радасць.
He мне меркаваць, як менавіта працякае хвароба ў гэтым выпадку, і ўсё ж мне ўяўляецца, што рана ці позна надыдзе такі крытычны момант, калі Вы як доктар зможаце вызначыць, колькі часу хворай яшчэ ўдасца пратрьімацца. Для мяне было б ідэальна, каб развязка адбылася паміж паловаю восьмай і васьмю гадзінамі, гэта значыць у час вячэрняй перадачы навін.
Праграма гэтай перадачы складаецца ў той самы дзень, пад вечар, і каб рэпартаж пра выстаўку ружаў трапіў у праграму, я павінен ведаць пра магчымую смерць нашай хворай сама пазней да шасці гадзін вечара. Пасля шасці ў праграму ўстаўляюцца толькі паведамленні пра міжнародныя падзеі выключнай важнасці.
Таму вельмі прашу Вас, пан прафесар, як толькі гэты пералом у ходзе хваробы Міка стане відавочным, паведаміць мне не пазней чым у шэсць гадзін па дадатковым 6-76.
Зрабіць гэту ласку я прашу Вас не толькі дзеля поспеху нашага фільма: як мне здаецца, лепей і нельга абставіць адыход Міка з жыцця.
У чаканні Вашага званка
застаюся з павагаю
Аран Корам.
Паважаны пан рэжысёр!
Ваша абуральнае пасланне я парваў на шматкі. Я не пацярплю ў даверанай мне ўстанове спроб такога сур’ёзнага парушэння ўрачэбнай этыкі, нават калі спробам гэтым нададзена форма просьбы.
Вас не апраўдвае і той факт, што ў медыцыне вы — прафан! Вы павінны ведаць, што дадзеная мною клятва абавязвае мяне лячыць людзей, гэта значыць, імкнуцца прадоўжыць іх жыццё. Таму я не маю права падганяць смерць пад Вашы рэжысёрскія задумкі або прымяркоўваць яе да часу перадачы апошніх паведамленняў.
Будзем лічыць, што просьбы Вашай не было.
Аднак, на жаль, Вы правільна заўважылі, што стан няшчаснай Міка стаў крытычны. Баюся, што даўжэй чым да заўтрашняга дня ёй не пражыць. На гэты факт, як сапраўдны прыхільнік Вашай творчай задумы, я і хацеў бы звярнуць Вашу ўвагу. Будзьце напагатове,
калі хочаце ўвекавечыць зыход гэтай чалавечай драмы. Родныя і блізкія хворай папярэджаны мною своечасова.
3 прывітаннем
д-р Цісаі, прафесар-тэрапеўт.
ПЕРШАЯ ПАЛОВА ДНЯ
— Што гэта вы надумалі да мяне зазірнуць, маладыя людзі?
— Ды вось, вырашылі адведаць вас.
— Ці не пан прафесар вас падаслаў?
— Што вы! Мы выязджалі па справе і апынуліся недалёка ад вашага дома.
— А я была падумала...
— Не-не, мы, можна сказаць, зайшлі сюды выпадкова.
— Калі пабудзеце крыху, то і з панам прафесарам сустрэнецеся. Ён цяпер кожны дзень да нас наведваецца.
У хворай нават голас стаў нейкі бляклы. Твар — скура ды косці — гатовая пасмяротная маска. I ўсё ж настрой у яе быў меней прыгнечаны, чым мінулы раз.
— Як вы маецеся?
— Есці я нічога не ем, і ўсё мяне на сон хіліць. Знебылася я.
— А баліць вам, як тады?
— Ды не, лякарства мне цяпер даюць мацнейшае, чую толькі, як з сярэдзіны распірае, але боль, здаецца, адпусціў. А можа, таму мне палягчэла, што ў доме ў нас пайшло на лепшае.
— 3 якога гэта часу?
— Вось ужо некалькі дзён проста неба і зямля. А як ужо я скардзілася, помніце?
— Скажыце, а што менавіта змянілася?
— Шмат што. Ну скажам, раней Мама амаль не глядзела мяне, а цяпер кожную раніцу мяне мые, поіць чаем, ліманадам, лякарствы дае, корміць. Восем гадоў назад, калі ў яе ўтварылася катаракта, я яе суцяшала: «Не бядуй, Мама, я стану тваімі вачамі». I вы толькі падумайце: цяпер яна мае словы ўспомніла. Гэтымі днямі і кажа мне: «Ты — мае вочы, ну а я твае ногі. Толькі скажы, што табе падаць». Хто гэта падумаў бы? Ну, а галоўнае, яна да Нуофераў чапляцца перастала.
— I даўно гэта перамянілася, ці таксама ў апошнія дні?
— У апошні тыдзень, і цяпер гэта вельмі нават дарэчьі. Праўда, і Нуоферы ёй наравяць. Шандар сметанковым шакаладам закормлівае, а жонка яго спецыяльна, каб Маме дагадзіць, фасолевы суп варыць і тушаную капусту з вэнджанай грудзінкай гатуе. Раз я чула, як Мама ёй дзякавала: «Дзякуй, што ўважылі, золатка». Такіх душэўных слоў я ад яе зроду не чула.
— Спадзяюся, цяпер вы спакойныя?
— Ага, якраз у пару радасць падаспела, можа, і ў апошнюю хвіліну. Я і сама чую, што канец мой блізка, але не баюся ні крышачкі.
— Вы гэта сур’ёзна?
— Перад смерцю якія тут жарты.
— Як жа можна не баяцца смерці? Вы можаце не адказваць на маё пытанне, калі не хочаце.
— Ды што ўжо там, магу і адказаць. Калі папраўдзе, болей чым смерць мяне палохае другое: як падумаеш, што цябе ў труну запратораць, а яшчэ і векам прычыняць, во што блага.
— А чаму гэтая думка так прыгнятае вас?
— He магу я адна! Усё жыццё пражыла на людзях. Удзень на рабоце круцішся, і навокал усе знаёмыя, усе цябе ведаюць; вечарам — маці апобач, а то і суседзі. Мабыць, кожнаму прыемна, калі жывая душа побач. А як труну заб’юць, тут ужо ўсяму канец.
— Выходзіць, найбольшая для вас страта ў жыцці, што побач з вамі нікога не будзе?
— Гэта якраз я і хацела сказаць.
— Значыць, без людзей вам наогул не хацелася б жыць на свеце?
— Нізашто не хацелася б. Праўда, не скажу, каб я ад людзей многа радасці бачыла. Шэсць гадоў пражыла з мужам, кепска ці добра, а ўсё не адна была. У пяцьдзесят шостым годзе ён у вулічныя перастрэлкі ўвязаўся, дамоў прыходзіў з аўтаматам, а пасля ўцёк за мяжу. Праз «Свабодную Еўропу» перадаў, што перабраўся, маўляў, у Амерыку, і болей пра яго ні слыху ні дыху. Потым звалілася на нас гэтая бяда з Мамінаіі слепатой; хочаш не хочаш, прыйшлося змірыцца таксама, як змірылася я і з тым, што Нуоферы ў нас пасяліліся. А каб як змяніць сваё жыццё, зрабіць як хочацца, я ніколі не ўмела, адно тое і ведала, што мірылася з усім. Так і цяпер: ад канца свайго нікуды не дзенешся, выходзіць, трэба прыняць яго. Гэта ўвесь адказ на ваша пытанне.
— Якое пытанне?
— Вы ж пыталіся, ці страшна паміраць. He, не страшна. Як падумаеш, якая я цяпер стала хворая, ужо не бачыш вялікай розніцы...